Серада, 09 Верасень 2020 09:31

2020 г. — 115 гадоў з часу пабудовы Свята-Лукаўскай царквы ў г. п. Дамачава (Брэсцкі р-н; 1905), помніка архітэктуры неарускага стылю

Мястэчка Дамачава Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер г. п. Дамачава Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) на пачатку ХХ ст. было цэнтрам воласці, тут пражывалі каля 1200 чалавек, працавалі народнае вучылішча (63 вучні), лячэбніца, паштовае аддзяленне, паліцэйскі ўчастак.

 

На скрыжаванні галоўных вуліц у 1788 г. была пабудавана драўляная ўніяцкая царква. Пасля ліквідацыі уніі (1839) царква стала праваслаўнай ва Уладаўскім благачынні. Царкоўнай зямлі было 49 дзесяцін 189 сажняў. З 1959 г. служыў свяшчэннік Аляксандр Дружылоўскі. 25 чэрвеня 1863 г. польскія паўстанцы напалі на Дамачава, заняліся рабаўніцтвам і пошукам палітычных праціўнікаў. Айцец Аляксандр, пачуўшы стрэлы, схаваўся з сям’ёй у агародзе, але паўстанцы яго знайшлі, здзекваліся і так моцна пабілі, што ён месяц праляжаў у ложку.

У 1891 г. прыхаджане набылі 12-пудовы звон. На мяжы ХIХ і ХХ стст. прыход налічваў 1815 прыхаджан у Дамачава і вёсках Дубіца, Навасёлкі, Падлужжа. У Навасёлках дзейнічала царкоўна-прыходская школа, у якой навучаліся 20 хлопчыкаў і 5 дзяўчынак.

На месцы старой царквы ў 1905 г. быў пабудаваны новы храм, які асвечаны ў імя святога апостала Лукі. На пачатку ХХ ст. быў папулярны стыль мадэрн, адным з напрамкаў якога з’яўляўся неарускі стыль, заснаваны на авангарднай інтэрпрэтацыі, стылізацыі, асацыятыўнасці формаў старажытнарускага дойлідства. Архітэктар нам невядомы, але знешне падобныя праваслаўныя храмы ёсць у польскіх мястэчках Нарві (пабудаваны ў 1885 г.) і Лосінцэ (пабудаваны ў 1887 г.).

Будынак храма выкананы з дрэва па кананічнай чатырохчастковай планіровачнай схеме, якая атрымала надзвычай дынамічную, буйнамаштабную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Трохзрубавая пабудова: да асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму прыбудаваны з усходу пяцігранная апсіда, з захаду — прамавугольная ў плане трапезная і званіца. Храм унікальны па структуры і маштабе, змяшчае да 500 чалавек і з’яўляецца адным з самых вялікіх драўляных храмаў Беларусі.

Цыклапічная па вышыні трох’ярусная шатровая званіца (васьмярык на чацвярыку) узносіцца над простым, але высокім і шырокім прамавугольным у плане зрубам бабінца і ўражвае сваёй амаль гатычнай накіраванасцю ў вышыню. Яе верхнія грані дэкарыраваны балюстрадай і разнымі паўкалонкамі.

Кубападобны аб’ём малельнай залы завершаны аграмадным васьмігранным светлавым барабанам. Шацёр, як і на званіцы, вянчае цыбульчатая галоўка. Дынаміку архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняюць больш нізкая пяцігранная апсіда і высокі шасціслуповы ганак, завершаны трохвугольным франтонам «мадэрновай» трактоўкі.

Сцены царквы гарызантальна ашаляваны. Суровая плоскаснасць ашаляваных фасадаў змягчаецца высока ўзнятымі прамавугольнымі вокнамі ў разных ліштвах, ажурнай балюстрадкай званіцы. Галоўны ўваход вылучаны высокім шчыпцом на шасці тонкіх слупах. У час Вялікай Айчыннай вайны ў сцены і слупы-калоны трапілі кулі і асколкі снарадаў, адзін з перабітых разных слупоў давялося замяніць.

У інтэр’еры царквы грані раскрытага ў залу барабана і сцены дэкарыраваны паліхромным роспісам. Ветразі барабана падтрымліваюць чатыры спараныя калоны. Апсіда абмежавана разным трох’ярусным іканастасам. Захаваліся творы беларускага іканапісу ХVIII ст.: «Хрыстос у сілах», «Евангеліст Лука», «Евангеліст Марк», «Святая велікамучаніца Варвара». Да больш позняга перыяду адносяцца абразы: «Прападобны Афанасій Брэсцкі», «Васіль Вялікі, Іван Златавуст і Іаан Багаслоў» і інш. У інтэр’еры да 1996 г. былі дзве люстры (перароблены пад электралямпачкі), а на званіцы і цяпер ёсць звон, узятыя з разбуранай мясцовай лютэранскай кірхі, пабудаванай галендрамі Няйдорфскай калоніі.

У савецкі багаборчы час Дамачаўскі храм не быў зачынены, дзейнічаў і выконваў сваю высокую місію служэння Богу. У 2000 г. храм асвечаны архіерэйскім чынам. У 2011 г. быў праведзены рамонт некаторых элементаў храма. На Брэсцкай фабрыцы сувеніраў вопытныя майстры вытачылі для галоўнага ўваходу новыя калоны, даўжыня якіх 3,5 м, а дыяметр 0,26 м. Сярод мецэнатаў рамонтных работ была прадпрымальнік Наталля Ільніцкая з Брэста.

Пры Свята-Лукаўскім храме Брэсцкага раённага благачыння дзейнічаюць праваслаўнае сястрынства (сёстры наведваюць састарэлых і інвалідаў Дамачаўскага дома-інтэрната, пацыентаў сацыяльных ложкаў у мясцовай бальніцы), Нядзельная школа, прыходская бібліятэка. Да прыходу адносяцца вёскі Багданы, Барысы, Дубіца, Ліпінкі, Падлужжа, Шыкілі.

Да 1987 г. тут служыў протаіерэй Яўген Бажоўскі (1915–1990; пахаваны каля храма), у 1987–1992 гг. — свяшчэннік Мікалай Кудласевіч, у 1992–2014 гг. — протаіерэй Пётр Буда. Настаяцель з 2014 г. — іерэй Дзімітрый Каратай. Бацюшка шмат сіл аддаў рамонту будынка храма: былі заменены вокны, падлога, рэканструявана сістэма ацяплення, добраўпарадкавана тэрыторыя. У 2016 г. адрэстаўрыраваны купалы.

Дзень памяці святога апостала і евангеліста Лукі адзначаецца 31 кастрычніка. У гэты дзень у Дамачаўскім храме адбываецца прастольнае свята, на якое збіраецца вялікая колькасць вернікаў. Праводзяцца святочныя богаслужэнні і хрэсны ход, адчуваецца асаблівы малітоўны настрой і благадаць.

Дамачаўская царква — помнік архітэктуры неарускага (псеўдарускага) стылю, занесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, цікавы турыстычны аб’ект, які прываблівае гасцей Брэстчыны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Домачевская церковь святого Луки // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 334.
  2. Царква ў імя святога апостала Лукі : [г. п. Дамачава] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. Даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 138.
  3. Свята-Лукаўская царква : [г. п. Дамачава] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 68.
  4. Кулагін, А. М. Свята-Лукаўская царква ў в. Дамачава / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 524.
  5. Чернявская, Т. И. Церковь святого Луки : [г. п. Домачево] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 134.
  6. Святалуцкая царква : [г. п. Дамачава] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 100.
  7. Дамачава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 107–108.
  8. Дамачава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 26.
  9. Коноплястая, Н. ...Не зарастет тропинка в храм! : [о престольном празднике в церкви св. Луки в г. п. Домачево] / Наталья Коноплястая // Заря над Бугом. Брест, 2016. 3 ноября (№ 44). С. 7 : фот.
  10. Пашкевич, А. 110 лет — с именем святого Луки : [о праздновании 110-летия церкви св. Луки в г. п. Домачево] / Алеся Пашкевич // Заря над Бугом. Брест, 2015. 12 ноября (№ 46). С. 7 : фот.
  11. Ролич, О. Лукинская церковь в Домачево / Ольга Ролич // Заря. 2015. 12 ноября. С. 17 : фот.
  12. Пашкевич, А. Справило Домачево именины свои / Алеся Пашкевич // Заря над Бугом. Брест, 2015. 5 ноября (№ 45). С. 4 : фот.
  13. Медведев, С. Душа и совесть всего прихода : [о Лукинском храме г. п. Домачево и его настоятеле иерее Димитрии Каратае] / Степан Медведев // Заря над Бугом. Брест, 2015. 22 октября (№ 43). С. 4 : фот.
  14. Петрова, А. Домачевские именины : [110 лет Свято-Лукинской церкви и День г. п. Домачево] / Александра Петрова // Астрамечаўскі рукапіс. Брэст, 2015. № 4. С. 85–88 : фот.
  15. Левчук, Г.Шесть храмов Брестского районного благочиния / подготовил к печати Геннадий Левчук // Астрамечаўскі рукапіс. Брэст, 2013. № 3. С. 94–96 : фот.
  16. Щеглов, Г. Мученики и мучители : страдания православного духовенства в дни польского восстания, 1863–1864 гг. / Гордей Щеглов, иерей // Беларуская думка. 2013. № 5. С. 72–78.
  17. Щеглов, Г. Страдания православного духовенства в дни польского восстания, 1863–1864 гг. / иерей Гордей Щеглов // Хронос : церковно-исторический альманах. Минск, 2013. № 1. С. 33–48.
  18. Ролич, О. Свой век украсил он молитвой : [история100-летней церкви св. Луки в г. п. Домачево] / Ольга Ролич // Заря. 2005. 12 ноября. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 918 разоў