Серада, 09 Верасень 2020 09:58

10 верасня 2020 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Віктара Фёдаравіча Малажавага (1955), мастака, разьбяра па дрэве

Віктар Фёдаравіч Малажавы нарадзіўся 10 верасня 1955 г. у г. Камянцы Брэсцкай вобласці. Яшчэ вучнем пачатковай школы ён намаляваў Камянецкую вежу, работа атрымала першую прэмію на Усесаюзнай выстаўцы дзіцячага малюнка ў Маскве. Для хлопчыка гэта была першая буйная ўзнагарода за ўменне адлюстраваць мастацкімі сродкамі сваю любоў да малой радзімы і якая вызначыла яго далейшы лёс.

 

Пачатковую мастацкую падрыхтоўку Віктар атрымаў у майстэрні камянецкага мастака Фёдара Іванавіча Дарашэвіча (1905–1986), які быў яго хрышчоным бацькам, дапамагаў яму ў падрыхтоўцы да будучай прафесіі. Затым вучыўся ў студыі жывапісу Белсаўпрофа ў А. М. Міхайлоўскага, па дызайну — у студыі Ю. М. Галкіна пры Мінскім НДІ ЭВМ.

У 1973 г. Віктар Малажавы быў прызваны ў Савецкую армію, дзе шмат часу займаўся мастацка-афарміцельскай дзейнасцю. У часы службы стварыў праект і выканаў афармленне музея пагранвойск у Кіеве (1974).

Віктар Малажавы вучыўся па спецыяльнасці «мастак-дэкаратар» у Бабруйскім мастацкім вучылішчы, на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута. Працаваў намеснікам дырэктара Кобрынскага мастацка-тэхнічнага вучылішча. Стварыў праект і афармленне музея мастацкага вучылішча ў Кобрыне (1983), некалькіх школьных музеяў у Кобрынскім і Маларыцкім раёнах.

Мастак працуе ў галіне прыкладнога мастацтва. У выстаўках пачаў удзельнічаць з 1972 г. Маляваў і гумарыстычныя малюнкі, якія змяшчаліся на старонках рэспубліканскіх газет «Знамя юности», «На страже Октября», «Советский пограничник» (1979–1982), раённай газеты «Навіны Камянеччыны».

Асноўнай яго творчай дзейнасцю з’яўляецца разьба па дрэве. Яшчэ ў канцы
1980-х – пачатку 1990-х пачаў працаваць на аздабленні храмаў, якія тады вярталі вернікам і вельмі востра стаяла пытанне іх аднаўлення. У свой час майстар атрымаў блаславенне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта. На працягу многіх гадоў вырабляе рознае царкоўнае ўбранне і мэблю, выразае рамы для акладаў ікон. Нават па некалькіх захаваных элементах рэстаўрыруе царскія вароты для цэркваў.

Больш за ўсё Віктару Фёдаравічу падабаецца ствараць іканастасы. Першы іканастас майстар выканаў для царквы ў в. Бортнікі Магілёўскай вобласці, пасля былі іншыя: у Пашуках, Расне, Індычах, Камянюках Камянецкага раёна, Хмелеве Жабінкаўскага раёна, у жаночым манастыры на Магілёўшчыне, у в. Любонічы ля Бабруйска, Прыбарава ля Брэста і інш. Больш за 60 іканастасаў выразаў майстар.

Для храма г. Новазыбкаў Бранскай вобласці (Расія) стварыў самы вялікі са сваіх іканастасаў — 6,5 м па крыжы і 12 м у шырыню. За гэтую працу Патрыярх Маскоўскі і Усяе Русі Алексій II уручыў у Жыровічах Віктару Малажаваму грамату. Адной з лепшых работ Віктар Малажавы лічыць ківот для іконы Маці Божай Жыровіцкай, выразаны ў стылі барока, пазалочаны, а месцамі пакрыты плацінай.

За многія гады дзейнасці ў мастацтве Віктар Фёдаравіч набыў значны вопыт, прыдбаў сапраўднае майстэрства. Ніводны сюжэт у яго работах ніколі не паўтараецца, кожны элемент прадуманы, мае асабістае значэнне. Беручыся за новую працу, майстар заўсёды адчувае хваляванне, хутчэй нават прадчуванне нечага таямнічага і светлага. Пэўна таму яго творы выклікаюць такое шчырае замілаванне.

За свае творчыя работы Віктар Малажавы мае каля 100 ганаровых грамат, дыпломаў, 2 урадавыя ўзнагароды, асабістую падзяку старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі СССР Ю. Андропава за ўдзел у стварэнні музея КДБ у Кіеве, 7 залатых і 3 сярэбраныя медалі ВДНГ БССР і СССР, Дыплом І ступені ЮНЕСКА.

Справу В. Ф. Малажавага па адраджэнні колішняй велічы дамоў Божых працягвае яго сын Андрэй. З роднага Камянца Андрэй Фёдаравіч перабраўся ў аг. Жыровічы Слонімскага раёна, працуе разьбяром, набыў вядомасць, у нечым нават перасягнуў бацьку. Стварыў пры манастыры арцель, дзе вырабляюцца іканастасы для храмаў Беларусі, Расіі і краін далёкага замежжа.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Малажавы Віктар Фёдаравіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 511.
  2. Совпель, А. Дембельский альбом Виктора Моложавого / Анна Совпель // Навіны Камянеччыны. 2018. 26 мая (№ 21). С. 7.
  3. Скроцкая, К. Іканастас для храма ў Белавежскім : [пра разьбяроў па дрэве бацьку і сына Малажавых] / Кацярына Скроцкая // Навіны Камянеччыны. 2014. 27 верасня. С. 6.
  4. Нарэйка, Н. У імя Божае : [пра мастака, разьбяра В. Малажавага] / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2010. 27 лістапада. С. 4.
  5. Корбут, В. Шэдэўры нараджаюцца ў Жыровічах : разьбяр Андрэй Малажавы працягвае мастацкую традыцыю ХVII ст., ствараючы іканастасы для цэркваў / Віктар Корбут // Голас Радзімы. 2009. 16 ліпеня (№ 26).
  6. Корбут, В. Разьбяр з божай ласкі : іканастасы работы майстра [Андрэя Малажавага] з Жыровічаў упрыгожваюць храмы не толькі ў Беларусі, але і за мяжой / Віктар Корбут // Народная газета. 2009. 19 мая. С. ІІІ (дадатак: Моя Беларусь).
  7. Пятручык, Т. Вiнаградная лаза Вiктара Малажавага / Тамара Пятручык // Народная трыбуна. 2005. 10 верасня (№ 36).
  8. Пятручык, Т. Вінаградная лаза Віктара Малажавага / Тамара Пятручык // Культура. 2005. 3–9 верасня (№ 36). С. 24.
  9. Пятручык, Т. Творца : [пра майстра разьбы па дрэве В. Малажавага] / Тамара Пятручык // Навіны Камянеччыны. 2005. 3 верасня. С. 5.
  10. Майстар i яго работы : [пра мастака і разьбяра В. Малажавага// Навiны Камянеччыны. 2001. 3 лютага.
  11. Трибулева, Е. Воплощенное в дерево Слово : [о резчике по дереву, художнике В. Моложавом из г. Каменца] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2001. 2 февраля. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 782 разоў