Паводле архіўных дакументаў, 2-класнае мужчынскае вучылішча са жніўня 1910 г. размяшчалася ў асобным каменным флігелі, які быў перададзены Міністэрству народнай асветы пасля закрыцця віннага склада. З гэтага часу пачынаецца гісторыя агульнаадукацыйнай установы.
У 1911 г. адкрываецца другое 2-класнае мужчынскае вучылішча ў асобным каменным флігелі, пабудаваным у 1897 г. за кошт казны. У першым вучылішчы займаліся 99 хлопчыкаў, у другім — 85. Нягледзячы на назву ўстаноў, меліся ў іх і жаночыя змены, дзе вучыліся 42 дзяўчынкі. Навучаліся пераважна дзеці гараджан і сялян з найбліжэйшых вёсак. Установы давалі толькі пачатковую адукацыю. На працягу двух гадоў дзеці асвойвалі чытанне, пісьмо, лічэнне і асновы Закона Божага. Акрамя гэтага, выкладалася яшчэ і гімнастыка.
З пачаткам Першай сусветнай вайны заняткі ў вучылішчах спыніліся, а будынкі перадалі пад гаспадарчыя патрэбы. Летам 1915 г. Кобрын занялі германскія войскі. У лістападзе 1915 г. па ініцыятыве мясцовых памешчыкаў у доме прыходскога святара Хаткоўскага адкрылася польская школа, у якой навучалася 60 дзяцей. У 1917 г. школу ператварылі ў грамадскую гімназію, апякунскі савет установы дазволіў прымаць дзяцей з сем’яў рознага веравызнання.
У 1919 г. з прыходам польскага войска грамадскую гімназію ператварылі ў польскую сярэднюю школу з платным навучаннем. У 1923 г. ажыццёўлена поўная нацыяналізацыя школы. У 1924 г. было завершана будаўніцтва другога паверха школы, пачатае на грошы польскай пісьменніцы Марыі Радзевіч (1863–1944), якая большую частку жыцця правяла ў маёнтку Грушава Кобрынскага павета. Першы выпуск школы адбыўся ў 1925–1926 гг., атэстат сталасці атрымалі 23 выпускнікі.
У 1927 г. установе прысвоена новая назва: «Дзяржаўная гімназія імя М. Радзевіч». Гімназісты атрымлівалі трывалыя веды, былі створаны ўсе ўмовы для развіцця рознабаковых інтарэсаў вучняў і падрыхтоўкі ў ВНУ. Спецыяльныя курсы рыхтавалі настаўнікаў пачатковай школы з мясцовага пісьменнага насельніцтва. Пры гімназіі імя М. Радзевічпрацаваўагульнаадукацыйны ліцэй, у якім навучанне доўжылася два гады. Вучоба ў ліцэі, як і ў гімназіі, была платнай, выпускнік ліцэя атрымліваў сярэднюю адукацыю.
З устанаўленнем савецкай улады ў 1939 г. гімназію ўзначаліў таварыш Зубаў. 20 жніўня 1940 г. у будынку гімназіі адкрылася бясплатная сярэдняя школа, у якую прынялі 120 вучняў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў будынку школы размяшчалася нямецкая адміністрацыя — гебітскамісарыят. Пасля вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 г. у будынку часова размясцілі шпіталь для савецкіх салдат. У маі 1945 г. у двары школы адбылося ўзнагароджанне салдат у сувязі з Перамогай.
Пасля вызвалення горада заняткі школьнікаў пачаліся ў будынку па вул. Першамайскай, былі арганізаваны 15 класаў з першага па дзявяты. Пасля ўрокаў вучні прыходзілі ў шпіталь, каб дапамагчы раненым: прыбіралі, мылі посуд, пісалі лісты, выступалі з канцэртамі. Толькі восенню 1945 г. стары будынак школы ізноў прыняў дзяцей — з кастрычніка пачаўся першы пасляваенны навучальны год. Дырэктарам школы быў прызначаны Васілій Пятровіч Кандраценка. На той час гэта была адзіная сярэдняя школа ў Кобрыне.
Школьная адукацыя развівалася ва ўмовах савецкай сістэмы рэформаў, мела некаторыя асаблівасці.Так, пры школе быў арганізаваны спецыяльны курс «Аўтасправа», засвоіўшы які, навучэнцы атрымлівалі правы вадзіцеля і нават размеркаванне на працу. У 1956–1967 гг. дырэктарам школы быў Уладзімір Ігнацьевіч Панасюк, у 1967–1982 гг. — Віктар Сцяпанавіч Качан, у 1982–1995 гг. — Ніна Васільеўна Амельянюк.
Сёння ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе № 1 каля 400 вучняў. Для паўнавартаснай вучобы ў іх ёсць кабінеты з сучасным абсталяваннем, падручнікі і дапаможнікі. У 2008 г. быў праведзены капітальны рамонт асноўнага будынка і пабудавана новая спартыўная зала.
У школе з 2010 г. функцыянуе музейная экспазіцыя «Гісторыя школы даўжынёю ў стагоддзе», якая з’яўляецца цэнтрам даследчай, творчай дзейнасці навучэнцаў. На імпрэзу 100-гадовага юбілею школы з’ехаліся выпускнікі не толькі з усёй Беларусі, але і з Польшчы. Убачыць «сваю гімназію» выявілі жаданне некалькі палякаў, якія вучыліся ў ёй да Другой сусветнай вайны.
Сярод выпускнікоў школы самыя розныя людзі, многія з іх добра вядомыя як на Кобрыншчыне, так і далёка за яе межамі. Гэта Г. Г. Амельянюк, кандыдат біялагічных навук, доктар юрыдычных навук; С. І. Гапасюк, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Крымскай абсерваторыі; П. А. Міхайлаў, беларускі мовазнавец, педагог, спецыяліст у галіне дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, анамастыкі, этналінгвістыкі, навуковай тэрміналогіі; А. М. Мартынаў, краязнавец, гісторык, ганаровы грамадзянін г. Кобрына, і інш.Многія з выпускнікоў дасягнулі поспехаў на вытворчасці, у навуцы, сталі пісьменнікамі, журналістамі, ваеннымі.
110-гадовы шлях школы № 1 г. Кобрына — адлюстраванне гісторыі нашага горада. За гады існавання навучальнай установы неаднаразова змяняўся яе статус, аднак ніколі не змянялася яе асноўнае прызначэнне — выхоўваць, вучыць, даваць пуцёўку ў жыццё сваім выпускнікам.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай
раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва. Будынак СШ № 1 // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 30–31 : фат.
- Мокроус, Р. Н. Будущее начинается сегодня : [СОШ № 1 г. Кобрина — старейшее в городе учреждение образования] / Р. Н. Мокроус // Кобрин-информ. 2018. 31 мая (№ 22). С. 4.
- Пальто, К. История в образах : [в СШ № 1 г. Кобрина работает клуб по интересам «Импульс»] / Ксения Пальто // Кобрынскі веснік. 2018. 5 мая. С. 8.
- Кузина, С. Становление советского школьного образования на Кобринщине / Светлана Кузина // Кобрин-информ. 2017. 28 декабря. С. 6.
- Ліхван, Г. Захавальнікі гісторыі ― школьны музей : [музей СШ № 1 г. Кобрына захоўвае інфармацыю пра дзейнасць школы ў розныя перыяды нашай гісторыі] / Ганна Ліхван // Кобрынскі веснік. 2017. 15 сакавіка. С. 5.
- Бялоў, Д. Энтузіяст, спартсмен, настаўнік : [аб А. Калтунчыку, настаўніку фізічнай культуры СШ № 1 г. Кобрына] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2016. 21 мая. С. 1–2.
- Мельнік, Р. Не страчваюць сувязі са школай : [адміністрацыя і пед. калектыў СШ № 1 г. Кобрына удастоены дыплома II ступені ў абл. конкурсе-аглядзе на лепшую ўстанову адукацыі па рабоце з ветэранамі] / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. 2013. 2 сакавіка. С. 2.
- Хурсін, А. «Школа майго жыцця» / Аляксандр Хурсін // Кобрынскi веснiк. 2011. 16 ліпеня. C. 10.
- Белов, Д. Школа № 1: история, судьбы, перспективы / Дмитрий Белов, Раиса Мокроус // Кобрынскi веснiк. 2010. 30 кастрычніка. C. 4.
- Бялоў, Д. У паход — за ведамі : [школьная лінейка ў СШ № 1 г. Кобрына] / Дзмітрый Бялоў, Аляксей Максімчык // Кобрынскi веснiк. 2010. 4 верасня. С. 1.
- Веремеенко, С. Учитель не звание, учитель — призвание : [об учителе белорусского языка и литературы СШ № 1 г. Кобрина В. В. Ионовой] / Светлана Веремеенко // Кобрин-информ. 2010. 30 сентября. C. 6.
- Волков, С. С юбилеем, школа! : [СШ № 1 г. Кобрина отметила 100 лет] / Сергей Волков // Заря. 2010. 4 ноября. C. 4.
- Савчук, М. Для нас всегда открыта в школе дверь... : [СШ № 1 г. Кобрина — 100 лет] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2010. 4 ноября (№ 44). C. 1–2.
- Сарычев, В. Школа моей мамы: [СШ № 1 г. Кобрина отпраздновала 100-летие] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2010. 10 ноября. C. I–II. (Вечёрочка).
- Школе № 1 — 100 лет // Кобрынскi веснiк. 2010. 7 жніўня. C. 2.
- Школе № 1 — 100 лет // Кобрин-информ. 2010. 5 августа. С. 2
- Бялоў, Д. Насустрач жыццю / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскi веснiк. 2009. 3 чэрвеня. C. 1.
- Васюк, Н. Язык талантливых мастеров : [В. В. Ионова — учитель белорусского языка и литературы СШ № 1 г. Кобрина] / Наталья Васюк // Кобрин-информ. 2009. 1 октября. C. 2.
- Мельнiк, Р. Спартзала — прыемны сюрпрыз : [у СШ № 1 г. Кобрына адчыніліся дзверы новай сучаснай спартыўнай залы] / Раман Мельнік // Кобрынскi веснiк. 2008. 11 кастрычніка. C. 3.
- Олейник, Е. Самая «первая» / Евгений Олейник // Кобрынскi веснiк. 2008. 9 ліпеня. C. 6.
- Патоня, В. Настаўнік, які любіць падарожжы: [пра настаўніка фізкультуры СШ № 1 г. Кобрына А. Парфенюка] / Вікторыя Патоня // Кобрынскi веснiк. 2007. 10 кастрычніка. C. 4.
- Савчук, М. 50 лет спустя : [встреча выпускников 1956 г. в СШ № 1] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2007. 21 сентября. С. 2.
- Шевченко, А. Учитель как подарок судьбы : [об учителе начальных классов СШ № 1 г. Кобрина, ветеране труда Н. А. Новицкой]/ Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2007. 24 мая. C. 2.
- Час пазнанняў і адкрыццяў : [гісторыя школы і Кобрыншчыны ў кнізе «Памяць. Кобрынскі раён» — такая сустрэча адбылася ў СШ № 1] // Кобрынскі веснік. 2003. 26 красавіка. С. 2.
- Мартынов, А. М. Биография юбиляра : [из истории школьного дела г. Кобрина] / А. М. Мартынов // Кобрынскі веснік. 1995. 9 снежня. С. 2.
- Ляшук, В. Місіянерка з Грушава : [аб ролі Марыі Радзевіч у літаратурным і палітычным жыцці Палесся] / В. Ляшук // Народная трыбуна. 1995. 5 жніўня.
- Акімава, В. Яе прызванне : [аб настаўніцы СШ № 1 г. Кобрына М. А. Астратавай] / В. Акімава // Камуністычная праца. 1973. 8 сакавіка.
- Куксёнак, Р. І атэстат, і правы шафёра : [з экзаменаў у школе № 1 г. Кобрына] / Р. Куксёнак // Настаўніцкая газета. 1971. 5 чэрвеня.