Серада, 21 Кастрычнік 2020 10:13

12 верасня 2020 г. — 290 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Міхала Сапегі (1730–1793), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ

Аляксандр Міхал Сапега нарадзіўся 12 верасня 1730 г. у г. Высокае Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Старэйшы сын ваяводы Казіміра Лявона Сапегі, унук Міхаіла Казіміра, які падчас Паўночнай вайны быў саюзнікам Карла XII, але затым перайшоў на бок Пятра I і караля Аўгуста II.

 

Брэст, зруйнаваны і абрабаваны шведамі, пачаў падымацца толькі ў сярэдзіне XVIII ст., калі на чале ваяводства стаў Казімір Лявон з роду Сапегаў герба «Ліс». Пры ім у горадзе з’явіліся першыя суконныя мануфактуры і першыя брукаваныя вуліцы, а насельніцтва горада за 20 гадоў вырасла з 3,5 да 10 тыс. чалавек.

Аляксандр Міхал Сапега вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартове Люблінскага ваяводства. Пасля смерці бацькі перайшоў пад апеку свайго дзядзькі, біскупа Юзафа Станіслава Сапегі. Аляксандру Міхалу належылі Высокае, Друя, Зэльва, Стары і Новы Быхаў і іншыя мястэчкі.

З юнацтва князь Аляксандр Міхал Сапега знаходзіўся ў віры палітычных падзей Рэчы Паспалітай. У 1746 г. шаснаццацігадовы князь быў абраны паслом на сейм. У 1747 г. быў прызначаны вялікім абозным літоўскім. У 1750 г. атрымаў чын генерал-маёра літоўскіх войскаў. У 1754 г. быў прызначаны ваяводам полацкім. Пасля смерці сваіх дзядзькоў Юзэфа Станіслава ў 1754 г. i Міхала Антонія ў 1760 г. стаў дзейнічаць самастойна. У 1762 г. быў прызначаны польным гетманам літоўскім.

У канцы 1756 г. ажаніўся на Магдалене Агнешцы Любамірскай (1739–1780), з якой меў дзяцей: Казіміра, Ганну, Караліну, Марыяну, Эмілію, Францішка. Найболей заўважны след у гісторыі пакінуў князь Францішак Аляксандравіч Сапега (1772–1829), дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, генерал артылерыі літоўскай, кавалер ордэнаў Белага Арла і Святога Станіслава.

У 1750-я гг. Аляксандр Міхал Сапега стаў гаспадаром Ружан (цяпер у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці), дзе аднаўляўся, а фактычна нанова будаваўся шыкоўны палац. Дабудаваць палац узяўся вядомы нямецкі архітэктар Ян Самуэль Бекер. Быў створаны палацавы комплекс з некалькіх карпусоў з паркам, садамі, аранжарэяй, узведзены тэатр, карцінная галерэя. Ружанскі палац стаў адным з цэнтраў палітычнага і культурнага жыцця Рэчы Паспалітай.

У 17631764 гг. польны гетман літоўскі Аляксандр Міхал Сапега знаходзіўся на баку караля Станіслава Радзівіла і выступаў супраць кандыдатуры Станіслава Панятоўскага на польскі трон.

Падчас Барскай канфедэрацыі польны гетман літоўскі Аляксандр Міхал Сапега таемна падтрымліваў канфедэратаў, частка літоўскіх харугваў перайшлі на бок канфедэратаў. Але неўзабаве сітуацыя змянілася. Канфедэраты пацярпелі паражэнне. У 1771 г. Аляксандр Міхал быў выкліканы ў Варшаву, дзе абвясціў Станіславу Панятоўскаму аб лаяльнасці літоўскіх войскаў.

У 1775 г. пры садзейнічанні рускага пасла Ота Магнуса фон Штакельберга атрымаў тытул вялікага канцлера літоўскага. У 1791 г. выступаў супраць прыняцця новай Канстытуцыі, матывуючы гэта тым, што яна не адмяняе вольнасцей, фактычна вядзе краіну да згубы. У 1792 г. Аляксандр Міхал Сапега падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю і быў абраны маршалкам канфедэратаў у Вялікім Княстве Літоўскім.

Па ініцыятыве канцлера ВКЛ Аляксандра Сапегі ў Высокім у 1785 г. быў пабудаваны манастыр каталіцкага ордэна баніфратраў, галоўная задача якога была  клопат за хворых. Над праектам манастыра ў стылі барока працаваў Ян Самуэль Бекер. У комплекс пабудоў першапачаткова ўваходзілі: сам манастыр, шпіталь, касцёл, службовыя і гаспадарчыя пабудовы. Браты ордэна развівалі самыя сучасныя метады лячэння, чым садзейнічалі агульнаму развіццю медыцыны.

Манастыр баніфратраў дзейнічаў да 1840 г., пры ім была арганізавана аптэка і бальніца для сялян на 20 ложкаў. На франтоне малога касцёла Святога Яна быў надпіс на польскай мове: «Для выратавання блізкіх хрысціянскі доўг выканаў Аляксандр князь Сапега — канцлер Вялікага Княства Літоўскага года 1785». Касцёл і шпіталь да нашых дзён не захаваліся, цяпер з былога комплексу можна ўбачыць толькі жылы будынак, які выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах.

Аляксандр Міхал Сапега ўзнагароджаны ордэнамі Белага Арла (1753), Святога Станіслава (1765), Святога Аляксандра Неўскага (1776). Па словах сучасніка, ён быў самым памяркоўным з усіх тагачасных дзяржаўных дзеячаў. Ад прыроды мяккі і міралюбівы, у палітыцы заўсёды схіляўся да меней рашучых сродкаў, у жыцці аддаваў перавагу музыцы, літаратуры і жывапісу, збіраў кнігі і рукапісы.

Апошні канцлер ВКЛ Аляксандр Міхал Сапега памёр 28 мая 1793 г. у Варшаве.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Сапегі / А. П. Грыцкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 167–171.
  2. Сапегі / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 545–550.
  3. Сапегі / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 223–228.
  4. Каламайская-Саід, M. Другая Ружанская бібліятэка : [пра лёс бібліятэкі, якую сабраў Аляксандр Міхал Сапега] / М. Каламайская-Саід // Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання. Брэст, 2013. С. 416.
  5. Высокое. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2012. – 144 с. : фот.
  6. Орлова, И. ...А руки делают : [о восстановительных работах в здании бывшего монастыря католического ордена бонифратров конца XVIII в. в гВысокое Каменецкого района] / Ирина Орлова ; фото Валерия Короля // Заря. 2017. 15 июня. С. 8.
  7. Бровач, О. В Брестской области выставили на аукцион бывший монастырь ХVIII века : [в Высоком Каменецкого района] / Оксана Бровач // Комсомольская правда в Белоруссии. 2015. 11 декабря. С. 6.
  8. Трибулева, Е. По следам исчезнувших монахов : [обывшем монастыре бонифратров в Высоком Каменецкого района] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2015. 9 декабря. С. 9.
  9. Павловский, Б. Создатель «литвинского Версаля» : [биография Александра Михаила Сапеги (17301793), владельца Ружанского дворца] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2015. 27 марта. С. 10.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1085 разоў Апошняя змена Серада, 21 Кастрычнік 2020 10:29