З першага дня Вялікай Айчыннай вайны камсамолец Іван Чуклай уключыўся ў патрыятычную работу, прыйшоў у абкам камсамола. Адным з першых запісаўся ў знішчальны (партызанскі) атрад, які 26 чэрвеня 1941 г. быў сфарміраваны загадчыкам аддзела Пінскага абкама КПБ(б) В. З. Каржом. 28 чэрвеня ўдзельнічаў у першым баі атрада на шашы Пінск – Лагішын, куды прарвалася група гітлераўскіх разведчыкаў на трох танкетках. Калі гранатай была падарвана галаўная танкетка ворага, Іван кінуўся да яе, знішчыў экіпаж і захапіў рацыю, кулямёт і дакументы.
Пры абароне Пінска 4 ліпеня ля в. Галева партызаны атрада В. З. Каржа (псеўданім «Камароў») падрыхтавалі засаду. 60 партызан былі ўзброены ручным кулямётам, вінтоўкамі і гранатамі. У час бою з кавалерыйскім эскадронам варожай разведкі знішчылі 17 вершнікаў і дзве танкеткі, але некалькі партызан загінулі. Іван Чуклай вынес з поля бою цяжка параненага камандзіра аддзялення Сяргея Гаўрылавіча Карнілава (былы ваенны лётчык, загадчык ваеннага аддзела Пінскага гаркама партыі; параненага хавалі і лячылі жыхары Галева, але 12 ліпеня акупанты яго схапілі, павезлі ў Пінск і далейшы лёс невядомы).
Івана Чуклая абралі камсоргам партызанскага атрада Камарова, з ліпеня 1941 г. — членам Пінскага падпольнага абкама ЛКСМБ, сакратаром якога быў Э. Б. Нордман. Камсорг прымаў удзел у падрыве бронецягніка і эшалонаў праціўніка, іншых дыверсіях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. Гераічна паводзіў сябе ў час рэйду атрада па Любанскім, Старадарожскім, Слуцкім і Старобінскім раёнах.
Напярэдадні лістапада 1941 г. атрад Камарова аб’яднаўся са Старобінскім атрадам. Вясной 1942 г. у атрадзе было 200 чалавек. У жніўні 1942 г. партызаны ўзялі ў ціскі нямецкі гарнізон у мястэчку Пагост Старобінскага раёна. Вораг засеў у цагляным доме і адтуль вёў кулямётны агонь. Групе Івана Чуклая было загадана знішчыць агнявыя кропкі праціўніка. Адзін з гітлераўцаў кінуў пад ногі Чуклаю гранату, але той паспеў схапіць яе на ляту і закінуць назад у хату. Варожы кулямёт змоўк, вораг быў знішчаны.
Вяртаючыся з баявога задання, разам з групай партызан Іван Чуклай трапіў у акружэнне ля в. Мецявічы (цяпер Салігорскага раёна). Загінуў 3 верасня 1942 г., прыкрываючы цяжкапараненага камісара атрада Мікіту Іванавіча Бандараўца (1904–1942). Пасля вайны Іван Чуклай перапахаваны ў брацкай магіле воінаў, маракоў і партызан у Пінскім гарадскім парку.
Імя Івана Чуклая было прысвоена новаму партызанскаму атраду, створанаму ў верасні 1943 г. Камандзір П. Р. Катовіч, камісар І. У. Доваль, начальнікі штаба Ф. Д. Грынь, І. А. Очкусь. У маі 1944 г. атрад імя І. І. Чуклая Пінскага партызанскага злучэння ўдзельнічаў у абароне в. Ленін (цяпер Жыткавіцкага раёна). 8 ліпеня атрад у колькасці 123 партызан злучыўся з Чырвонай арміяй.
Пасля вайны Іван Чуклай пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Яго імем названы вуліцы ў Пінску (былая Вадаправодная), Салігорску, Бешанковічах. 12 ліпеня 1984 г. у Пінску на вул. Леніна, дзе ў доме № 39 была школа, у якой вучыўся герой, устаноўлены помнік І. І. Чуклаю (архітэктар А. А. Васкалей, скульптар В. У. Палейчук).
На месцы першага бою партызан ля в. Пасенічы Аснежыцкага сельсавета Пінскага раёна ў 1986 г. устаноўлены помнік. На месцы бою партызан ля в. Галева Аснежыцкага сельсавета ў 1960 г. паставілі абеліск. 22 чэрвеня 2002 г. у Пінску адкрыты мемарыяльны комплекс «Партызанам Палесся».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Чуклай Иван Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 461.
- Чуклай Іван Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 171.
- Чуклай Іван Іванавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 629.
- Чуклай Иван Иванович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 673.
- Загінулі як героі : з успамінаў генерал-маёра Э. Б. Нордмана, былога памочніка камісара партызапнскага атрада В. З. Каржа // Памяць. Салігорскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 157–158.
- Атрад імя Івана Чуклая : з успамінаў Э. Б. Нордмана // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 277–279.
- Атрад насіў імя Івана Чуклая // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 287–288.
- Партызанскі атрад імя І. І. Чуклая // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945. Мінск, 1990. С. 469–470.
- Габрусь, Т. В. Памятник Чуклаю Ивану Ивановичу : [г. Пинск] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 327.
- Дулебо, А. И. Место первого боя пинского партизанского отряда : [д. Посеничи] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 347.
- Дулебо, А. И. Место боя партизан : [д. Галево] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 330.
- Дулебо, А. И. Место создания партизанского отряда В. З. Коржа : [г. Пинск] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 322–323.
- Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан... : [история партизанского отряда В. З. Коржа, 1941–1944 гг.] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с. : ил.
- Ильенков, В. Таким он парнем был : [к 100-летию со дня рождения И. И. Чуклая] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2020. 4 снежня. С. 4.
- Ерошенко, П. Комсомольцы шли в бой : [о героизме комсомольцев Беларуси в годы Великой Отечественной войны; упоминается Иван Чуклай] / Павел Ерошенко // 7 дней. 2018. 25 октября (№ 43). С. 8.
- Яфімовіч, У. Увекавечаны назаўсёды : [пра Івана Іванавіча Чуклая] / У. Яфімовіч // Зара. Бешанковічы, 1999. 7 снежня. С. 3.
- Квир, А. Герою-партизану : [открыт памятник Ивану Чуклаю] / Анатолий Квир // Полесская правда. Пинск, 1984. 14 июля. С. 3.