Панядзелак, 21 Снежань 2020 10:09

13 кастрычніка 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Васільевіча Седляра (1920–2008), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Міхаіл Васільевіч Сядляр нарадзіўся 13 кастрычніка 1920 г. у вёсцы Рамель Пінскага павета (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Яго бацька, Васіль Дзмітрыевіч, у 1941 г. быў адным з арганізатараў першага калгаса. У час Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл быў членам падпольнай арганізацыі. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі (8 ліпеня 1944 г.) выконваў даручэнні Давыд-Гарадоцкага райваенкамата.

 

У кастрычніку 1944 г. Міхаіл Сядляр быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны на вучобу ў Маскоўскі аўтаполк, а вясной 1945 г. у якасці шафёра накіраваны на 3-і Беларускі фронт, які знаходзіўся ў Прыбалтыцы. У складзе 222-й Чырвонасцяжнай аўтабрыгады ўдзельнічаў у вайне з Японіяй (1945), на грузавіку вазіў розныя грузы.

Пасля дэмабілізацыі (1948) Міхаіл Сядляр вярнуўся на радзіму, працаваў шафёрам у калгасе «Запаветы Леніна». Ажаніўся, пабудаваў дом. Вёска паступова адраджалася пасля вайны. Прайшла калектывізацыя. За калгасам было замацавана 719 га зямлі, у т. л. лугоў 200 га, пашы 120 га. Палі калгаса былі нізкія, залішняя колькасць вільгаці адмоўна адбілася на ўраджаі.

Старшынёй праўлення калгаса «Запаветы Леніна» быў Іван Сямёнавіч Гваздзюкевіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, парада 7 лістапада 1941 г. на Краснай плошчы ў Маскве. Аўтарытэтны кіраўнік сельскай гаспадаркі. Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1958), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), медалямі.

Адна з паляводчых брыгад у калгасе лічылася адстаючай, таму праўленне вырашыла памяняць брыгадзіра. У 1957 г. гэту пасаду прапанавалі шафёру Міхаілу Седляру, які вылучаўся працавітасцю, сур’ёзнасцю, меў аўтарытэт сярод аднавяскоўцаў, нядаўна быў прыняты ў члены КПСС. Ворнай зямлі ў брыгадзе было 180 га. Неўзабаве меліяратары адваявалі ў балот вялікія ўчасткі, перадалі калгасу. Брыгада Міхаіла Седляра прыняла 100 га меліяраванай зямлі.

Калгаснікі рыхтавалі кампост, садзілі бульбу, сеялі збожжавыя культуры і буракі, нарыхтоўвалі сена. Зжаты хлеб вязалі ў снапы, якія потым скірдавалі, падвозілі да малацілкі, якую выдзяляла МТС. Бульбы здолелі сабраць амаль па 300 ц/га, цукровых буракоў па 315 ц/га, збожжавых па 36 ц на круг. Прыбытак накіроўвалі на наладжванне сацыяльнай інфраструктуры вёскі, у 1962 г. пабудавалі двухпавярховы Палац культуры — першы ў раёне.

За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак збожжавых і кармавых культур М. Ф. Седляру Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 чэрвеня 1966 г. прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

У 1969–1980 гг. М. Ф. Сядляр — намеснік старшыні калгаса. У 1970 г. скончыў завочна Пружанскі саўгас-тэхнікум па спецыяльнасці «агранамія».

Міхаіл Васільевіч вёў вялікую грамадскую работу. У 1967 г. яго абралі сакратаром партарганізацыі калгаса. Дэлегат ІІІ з’езда калгаснікаў БССР (1969). Тройчы быў удзельнікам ВДНГ у Маскве. Выбіраўся дэпутатам Столінскага раённага Савета дэпутатаў працоўных (1975). Дэлегат ХХІІІ (1966) і ХХVІ (1981) з’ездаў КПСС. У 1980–1989 гг. — старшыня прафкама калгаса.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За отвагу», «За боевые заслуги», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне
1941–1945 гг.», «За победу над Японией», «За доблестный труд. В ознаменование
100-летия со дня рождения В. И. Лен
ина» (1970).

М. Ф. Сядляр памёр 4 лютага 2008 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Седляр Михаил Васильевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 196.
  2. Седляр Михаил Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 338.
  3. Сядляр Міхаіл Васільевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 466.
  4. Седляр Михаил Васильевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 562.
  5. Сядляр Міхаіл Васільевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 587.
  6. Сядляр Міхаіл Васільевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 160.
  7. Прыгодзіч, З. К. Шчаслівая ніва : [пра Героя Сацыялістычнай Працы М. В. Седляра з калгаса «Запаветы Леніна» Столінскага раёна] / З. К. Прыгодзіч // Жменя зярнят : нарысы / З. К. Прыгодзіч. Мінск, 1979. С. 6–20.
  8. Марейко, В. День-деньской / В. Марейко // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 299–305.
  9. Жаўнерык, К. Шлях у героі : [біяграфія М. В. Седляра, Героя Сацыялістычнай Працы] / Крысціна Жаўнерык // Навіны Палесся. Столін, 2016. 29 ліпеня. С. 7.
  10. [Седляр Михаил Васильевич : некролог] // Навіны Палесся. Столін, 2008. 5 лютага. С. 5.
  11. Кукевич, А. Звезда земная : [о Герое Социалистического Труда М. В. Седляре из д. Ремель Столинского района] / А. Кукевич // Белорусская нива. 1996. 29 февраля.
  12. Яскович, В. Бегом «от болезней» : [Герой Социалистического Труда М. В. Седляр дружит с физкультурой] / В. Яскович // Заря. 1982. 23 октября.
  13. Прыгодзіч, З. Шчаслівае поле : [пра Героя Сацыялістычнай Працы М. В. Седляра з калгаса «Запаветы Леніна» Столінскага раёна] / З. Прыгодзіч // Звязда. 1967. 12 снежня.
  14. Кучук, М. Всегда в поиске : [о М. Ф. Седляре из колхоза «Заветы Ленина» Столинского района] / М. Кучук // Заря. 1966. 17 марта.
Чытаць 809 разоў