Пятніца, 22 Студзень 2021 08:44

24 студзеня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Міхайлавіча Хоміча (1951), доктара юрыдычных навук, прафесара, заслужанага юрыста Беларусі (2011)

Уладзімір Міхайлавіч Хоміч нарадзіўся 24 студзеня 1951 г. у вёсцы Кунахавічы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў з адзнакай юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1973).

 

Асноўная частка працоўнай і навуковай дзейнасці Уладзіміра Хоміча звязана з юрыдычным факультэтам БДУ. Пачынаючы з 1975 г. працаваў выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры крымінальнага права. Пасля абароны дысертацыі атрымаў вучоную ступень кандыдата юрыдычных навук (1977). З 1990 па 2001 г. адначасова працаваў намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта БДУ па навуковай рабоце.

У 1997 г. У. М. Хоміч абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені доктара юрыдычных навук па тэме «Тэарэтычныя праблемы крымінальнай адказнасці (канцэпцыя і юрыдычная мадэль інстытута крымінальнай адказнасці)». З 1998 г. — доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры крымінальнага права, з 2000 г. — прафесар па юрыдычных навуках. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны 6 кандыдатаў юрыдычных навук. Узначальваў Вучоны савет па абароне дысертацый па юрыдычных навуках пры БДУ.

З 1 лютага 2001 г. У. М. Хоміч прызначаны на пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

З 2006 па 2017 г. узначальваў Дзяржаўную ўстанову «Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь». З 4 студзеня 2017 г. прызначаны на пасаду загадчыка інфармацыйна-метадычнага кабінета аддзела арганізацыйна-фінансавага забеспячэння і кантролю правядзення крыміналагічных экспертыз дадзенага цэнтра.

У 1993 г. У. М. Хоміч удзельнічаў у міжнародным калоквіуме па праблемах гуманізацыі і ўніфікацыі крымінальных санкцый у дачыненні непаўналетніх у еўрапейскіх краінах (Германія). Неаднаразова праходзіў стажыроўку ў Германіі ў Інстытуце замежнага і міжнароднага крымінальнага права імя М. Планка (1994, 1997, 2000, 2003). У снежні 2000 г. вывучаў у ЗША пенітэнцыярную сістэму.

Уладзімір Міхайлавіч — прыхільнік ліберальна-гуманістычнага накіравання ў крымінальнай палітыцы, унёс вялікі ўклад у айчынную юрыдычную навуку і практыку. Вучоны вядомы за межамі Беларусі як спецыяліст у галіне крымінальнага і крымінальна-выканаўчага права. З’яўляецца членам навукова-кансультацыйных саветаў пры Канстытуцыйным Судзе, Вярхоўным Судзе і Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, членам Міжнароднага Санкт-Пецярбургскага крыміналагічнага клуба.

Аўтар больш за 300 навуковых публікацый па праблемах крымінальнага права, з іх 7 манаграфій. Член рэдкалегій перыядычных выданняў Беларусі: «Право.by», «Законнасць і правапарадак», «Судовы веснік» і інш., а таксама міжнароднага навуковага часопіса «Power. Man. Law».

Калегі і студэнты адзначаюць, што Уладзімір Міхайлавіч — гэта спакойны, ураўнаважаны, інтэлігентны чалавек. Яго мэтанакіраванасць, прынцыповасць і ўменне адстойваць свой пункт гледжання дазволілі яму атрымаць высокі аўтарытэт у свеце юрыспрудэнцыі. У той жа час добразычлівасць, чуласць, тактычнасць, сціпласць Уладзіміра Міхайлавіча захапляюць яго суразмоўцаў.

За заслугі ў развіцці юрыдычнай навукі і асабісты ўклад у рэфармаванне прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь У. М. Хоміч мае ўзнагароды: медалі «За працоўныя заслугі» (2016), «20 гадоў СНД» (2012);Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001); Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2012); званне «Ганаровы член грамадскага аб’яднання „Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў“» (2020). Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 117 ад 17 сакавіка 2011 г. У. М. Хомічу прысвоена званне «Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы У. М. Хоміча

  1. Уголовно-исполнительное право : учеб. пособие для студентов учреждений высш. образования по специальности «Правоведение» / В. М. Хомич, В. Е. Бурый, В. И. Степаненко. – Минск : Международный университет «МИТСО», 2018. – 459 с. : табл.
  2. Криминологическое прогнозирование поведения осужденных, досрочно освобождаемых из мест лишения свободы : (научно-методические рекомендации по прогнозированию пенитенциарного рецидива преступлений) / В. М. Хомич, В. Е. Бурый. – Минск : БГУФК, 2014. – 107 с. : табл.
  3. Тенденции, причины и меры противодействия наркотизации населения Республики Беларусь : социально-правовое исследование / В. М. Хомич, О. В. Русецкий. – Минск : БГУФК, 2014. – 46 с. : ил.
  4. Организация работы органов прокуратуры по проведению проверок законности привлечения физических и юридических лиц к административной ответственности : методические рекомендации / В. М. Хомич, П. А. Гладкий. – Минск, 2011. – 31 с.
  5. Преступность, связанная с наркотиками : (результаты комплексного анализа) / В. М. Хомич, А. В. Солтанович, О. В. Русецкий. – Минск : БГУФК, 2010. – 76 с. : ил., табл.
  6. Оперативный эксперимент как способ выявления взяточничества / В. М. Хомич, И. И. Бранчель. – Минск : БГУФК, 2010. – 210 с.
  7. Уголовное право. Общая часть : учеб. для вузов / Н. А. Бабий, А. В. Барков, И. О. Грунтов и др. ; под ред. В. М. Хомича. – Минск : Тесей, 2002. – 496 с.
  8. Формы реализации уголовной ответственности / В. М. Хомич. – Минск : Белгосуниверситет, 1998. – 131 с.
  9. Теоретические проблемы уголовной ответственности : (Концепция и правовая модель института уголовной ответственности) : диссертация ... доктора юридических наук : 12.00.08 / Хомич Владимир Михайлович. – Минск, 1997. – 255 с.
  10. Уголовная ответственность за угон транспортных средств / В. М. Хомич. – Минск : Издательство БГУ, 1982. – 94 с.
  11. Уголовная ответственность за угон транспортных средств и других самоходных машин : автореферат диссертации ... кандидата юридических наук : 12.00.08 / Хомич Владимир Михайлович. – Минск, 1977. – 20 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. М. Хоміча

  1. Хоміч Уладзімір Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 46.
  2. Хомич Владимир Михайлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 444.
  3. Хомич Владимир Михайлович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 438.
  4. Хоміч Уладзімір Міхайлавіч // Юрыдычны факультэт : гісторыя, сучаснасць, імёны / Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Мінск, 2015. С. 233.
  5. Хоміч Уладзімір Міхайлавіч // Прафесары і дактары навук Беларускага дзяржаўнага універсітэта, 1921–2001 : 80 год. Мінск, 2001. С. 294.
  6. Хомич, В. М. «Дознание с приманкой», или Контролируемое «стимулирование» : [об оперативном эксперименте] / В. М. Хомич ; беседовал Л. Юнчик // Рэспублiка. 2011. 16 сакавiка. С. 21.
  7. Хомич, В. М. Каваллерийским наскоком коррупцию не победить / В. М. Хомич ; беседовал Н. Козлович // Советская Белоруссия. 2008. 24 июля. С. I–II (приложение: Союз. Беларусь – Россия).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 808 разоў