Аўторак, 22 Студзень 2013 14:46

30 кастрычніка 2012 г. – 80 гадоў з дня нараджэння Васілія Мікалаевіча Сабалеўскага (1932–2000), мастака

Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч беларускі жывапісец, нарадзіўся 30 кастрычнiка 1932 года ў вёсцы Ліпна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці, ў сялянскай сям`і.

{gcontent}Вучыўся ў Мікалаеўскай пачатковай, затым – у Камянецкай сярэдняй школе. Скончыў Ленінградскае мастацка-графічнае педагагічнае вучылішча ў 1954 годзе. Вучыўся ў Г. Арлоўскага, А. Мардвiнава. Дыпломная работа – карціна «Першая баразна». Працаваў настаўнікам малявання ў Ерцаўскай сярэдняй школе Архангельскай вобласці. З 1955 года працаваў мастаком мастацкай майстэрні ў Камянцы. З 1957 года жыў у Брэсце, працаваў ў афiцэрскiм клубе, кiнатэатры “Беларусь”, мастацка-вытворчай майстэрні, мастацкiм камбiнаце “Мастацтва”.

З 1957 года ўдзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках, міжнародных жывапісных пленэрах. З 1964 года член Беларускага Саюза мастакоў. З 1964 па 1995 год займаў пасаду старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза мастакоў БССР.

Работы Васіля Мікалаевіча выкананы алеем, пастэллю, акварэллю, у тэхніцы маркетры (iнкрустацыя па дрэве). У станкавым жывапісе мастак працаваў у жанрах пейзажа і нацюрморта. Асноўныя яго творы: палотны «Зямля» (1960), «Аэрадром у гарах» (1964), «Кастрычнік. Гадавіна», «Бэзавая квецень» (1969), «Ля абрыву», «Апошняе лісце» (1982), «Асеннія далі», «Восень. Возера Меднае» (1977), «Май. Рака Лясная», «Ветраны дзень», «Восень» (1984), «Апошні снег» (1985). У 1989–1993 гадах ён напісаў многа пейзажаў у Польшчы, Венгрыі, Германіі.

Творам мастака ўласцівы ўраўнаважанасць кампазіцыі, трактоўка формы шырокімі мазкамі, эмацыянальнасць у перадачы колеравага багацця прыроды. Сельскiя ваколiцы, рачулкi, храмы, пералескi i палi роднага краю атрымлiвалi пад яго пендлзем непаўторна добры каларыт, пагружалi гледача ў цiшыню шматмернага свету. Працягваючы традыцыi рускiх жывапiсцаў Саўрасава, Куiнджы, Грабара, Васiль Сабалеўскi тонка i дакладна ствараў пейзажы настрою. У нацюрмортах кветкi дыхаюць iснасцю прыроды i ранiшняй свежасцю Божага промыслу.

Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч памёр 11 студзеня 2000 года.

Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, у мастацкіх галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Германіі, Венгрыі і іншых краiн. 30 кастрычнiка 2003 года ў Мастацкiм музеi – фiлiяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея была адкрыта выстава твораў В. М. Сабалеўскага, быў праведзены вечар памяцi мастака.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф, Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бiблiёграф I кат.

{/gcontent}

  1. Васіль Сабалеўскі // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўтар-складальнiк М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 100–101.

  2. Василий Соболевский // Художники Брестчины : альбом-каталог / автор-составитель М. Коньков. Минск : А. Климов, 2002. С. 108–109.

  3. Василий Соболевский //Художники Брестчины : альбом-каталог / Белорусский Союз художников ; авторы-составители: Б. Крепак, А. Грищук, М. Коньков. Мiнск : Хелмон, 1997. С. 86–87.

  4. Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч // Беларускi саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнiк / аутары-складальнiкi Б. А. Крэпак i iнш. Мiнск, 1998. С. 473.

  5. Соболевский Василий Николаевич // Художники Советской Белоруссии / редколлегия: В. И. Версоцкий [и др.]. Минск : Беларусь, 1976. С. 324.

  6. Сабалеўскі Васіль // Мусевiч, Г. Слоўнік Камянеччыны : [рукапіс] / Георгій Мусевіч. Камянец, 2010. С. 80.

  7. Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч // Памяць : Камянецкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэд.-склад.: Г. П. Парафянюк, Р. Я. Смірнова. Мiнск : Ураджай, 1997. С. 511.

  8. Сабалеўскі Васіль Мікалаевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мiнск, 1985. Т. 4. С. 593.

  9. Валасюк, Л. Асеннiя далi Васiлiя Сабалеўскага : [да 80-годдзя з дня нараджэння мастака] / Леанiд Валасюк // Народная трыбуна. 2012. 26 кастр. С. 12.

  10. Капачова, А. “Каб надзеi, як птушкi луналi ў душы...” : [пра выставу жывапiсу В. Сабалеўскага ў Мастацкiм музеi] / Алена Капачова // Народная трыбуна. 2003. 8 лiстап.

  11. Александров, Н. Распахнутая перспектива полотен Василия Соболевского : [о выставке живописи в Художественном музее] / Николай Александров // Брестский курьер. 2003. 30 окт. – 5 нояб. (№ 44.). С. 24.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2415 разоў Апошняя змена Аўторак, 31 Сакавік 2020 09:40