Аўторак, 26 Студзень 2021 15:18

19 кастрычніка 2021 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Сяргея Рыгоравіча Анісава (1906–1987), дзеяча рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыста

Сяргей Рыгоравіч Анісаў нарадзіўся 19 кастрычніка 1906 г. у вёсцы Тур’я Краснапольскай воласці Магілёўскай губерні (цяпер Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. З 1918 г. у камсамоле на Краснапольшчыне, адзін з арганізатараў «кружка інтэрнацыяналістаў». У гэты час піша свае першыя заметкі ў газету «Набат молодёжи» — орган Гомельскага губкама камсамола.

 

У 1926 г. уступіў у КП(б)Б. У 1927–1932 гг. на камсамольскай рабоце ў Прапойску (Слаўгарад), Клімавічах, Магілёве, Мазыры; намеснік рэдактара газет «Чырвоная змена», «Рабочий».

У маі 1932 г. Сяргей Анісаў быў накіраваны ў Заходнюю Беларусь на падпольную работу. Меў канспіратыўнае прозвішча «Мікалай Казлоўскі», партыйны псеўданім «Пеця». У 1932–1934 гг. — член сакратарыята ЦК КСМЗБ, рэдактар нелегальных камсамольскіх выданняў: газет «Малады камуніст», «Paborowiec» («Прызыўнік»), часопісаў «Маладая гвардыя», «Камсамолец». Удзельнічаў у падрыхтоўцы і кіраўніцтве забастоўкай рабочых лясных промыслаў і сезоннікаў-возчыкаў у Белавежскай і Ружанскай пушчах (кастрычнік 1932 – люты 1933 г.), беластоцкіх тэкстыльшчакаў (1933). Са снежня 1934 да жніўня 1935 г. — сакратар ЦК КСМЗБ.

У жніўні 1935 г. Сяргей Анісаў абраны сакратаром Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ. Брэсцкая акруговая арганізацыя КПЗБ была створана ў канцы снежня 1923 г. Акругкам у розныя гады ўзначальвалі людзі, моцныя духам, многія з якіх увайшлі ў гісторыю роднага краю, другія засталіся невядомымі. Частыя арышты падпольшчыкаў не давалі магчымасці даводзіць задуманую справу да канца. Былі часы, калі сакратары змяняліся па 4–5 разоў на год, ішлі на доўгія гады ў турмы, другія, каб пазбегнуць арышту, пераводзіліся ў іншыя акругі.

У Брэсце Сяргей Анісаў сачыніў песню «Не хочу, не могу, не желаю». У песні было дзевяць куплетаў, яна стала заклікам да народа: «Не хочу, не могу, не желаю, / Чтобы кровь мою пили паны, / Чтобы горькую жизнь проклиная, / Люди чахли, как я без поры». Змест быў тыповы для многіх песень пратэсту ў Заходняй Беларусі, вялікае месца ў тэксце займала трагічная тэма, але прызыў да рэвалюцыйных дзеянняў не атрымаў развіцця.

У кастрычніку 1935 г. Сяргей Анісаў быў арыштаваны дэфензівай, асуджаны да турэмнага зняволення, утрымліваўся ў Беластоцкай турме. У верасні 1939 г., калі немцы акупіравалі Беласток, вязні турмы збеглі. Але немцы неўзабаве схапілі Сяргея Анісава, адправілі ў лагер ваеннапалонных. Вызвалены з канцлагера савецкімі войскамі ў 1945 г.

Пасля вайны Сяргей Анісаў працаваў у беларускім друку. Загадчык аддзела ў рэдакцыі газеты «Советский крестьянин». 10 лютага 1950 г. быў арыштаваны ў ліку беларускай інтэлігенцыі. Як сацыяльна небяспечны элемент «асобай нарадай» прыгавораны да пяці гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў тэрмін у лагеры № 6 пад Варкутой. Рэабілітаваны 6 верасня 1954 г.

Сяргей Рыгоравіч вярнуўся ў Мінск, працаваў над гісторыяй рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Аўтар кніг: «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Крутымі шляхамі» (1960), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975); шэрага артыкулаў у «Беларускай савецкай энцыклапедыі».

С. Р. Анісаў памёр 7 сакавіка 1987 г. у Мінску. Яго ўспаміны аб камсамоле ў Заходняй Беларусі знаходзяцца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці (фонд 286).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы С. Р. Анісава

  1. У змаганні гартаваліся : аб рэвалюцыйнай барацьбе моладзі Заходняй Беларусі : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Сяргей Рыгоравіч Анісаў. – Мінск : Беларусь, 1975. – 127 с. : іл.
  2. Очерки истории Ленинского комсомола Белоруссии / А. Е. Журов, С. Г. Анисов, Г. П. Антипов. – Минск : Беларусь, 1975. – 534 с., [32] л. ил.
  3. Палымянае юнацтва / Сяргей Рыгорвіч Анісаў. – Мінск : Беларусь, 1969. – 72 с. – (Па законах сумлення і гонару).
  4. Крутымі шляхамі : запіскі былога камсамольскага работніка-падпольшчыка / Сяргей Рыгоравіч Анісаў. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1960. – 184 с.
  5. За волю і шчасце народа : запіскі падпольшчыка / Сяргей Анісаў. – Мінск : Дзярж. выд-ва БССР, 1959. – 162 с.
  6. З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі / Сяргей Анісаў. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1958. – 65 с.
  7. «Партыйнік» : [газета] / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 285.
  8. Цэнтральны камітэт КСМЗБ / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 150.
  9. «Чырвоны сцяг» : [газета] / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 253.
  10. «Штандар вальносці» : [газета] / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 359.
  11. «Млот» : [газета] / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 278.
  12. Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 356–358.
  13. Ідаль Эдуард Антонавіч / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 45.
  14. Лябецкая Алена Канстанцінаўна / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 469.
  15. «Маладая гвардыя» : [часопіс] / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 559.
  16. Малец Іван Васілевіч / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 581.
  17. Дворнікаў Мікалай Мікалаевіч / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 176–177.
  18. Багданчук Сяргей Яфімавіч / С. Р. Анісаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 61.

 

Аб жыцці і дзейнасці С. Р. Анісава

  1. Анісаў Сяргей Рыгоравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 371.
  2. Анисов Сергей Григорьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2006. Т. 2. С. 110.
  3. Анісаў Сяргей Рыгоравіч // Памяць. Краснапольскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2001. С. 123–126.
  4. Анісаў Сяргей Рыгоравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 122.
  5. Анисов Сергей Григорьевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 25.
  6. Анісаў Сяргей Рыгоравіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 30.
  7. Анісаў Сяргей Рыгоравіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1969. Т. 1. С. 345–346.
  8. Брестский окружком КПЗБ // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 139.
  9. За сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 244.
  10. Ласкович, В. П. Подвиг Коммунистической партии Западной Белоруссии (КПЗБ) 1919–1939 гг. : исторический очерк / В. П. Ласкович, В. В. Ласкович (Желанова). – Брест : Брестская типография, 2002. – 401 с.
  11. Коммунисты в авангарде борьбы за социальное и национальное освобождение трудящихся (1921–1939 гг.) / [Б. И. Камейша] // Очерки истории Брестской областной партийной организации. Минск, 1989. С. 46–68.
  12. Мухаринская, Л. Нарочанская «Марсельеза» : [о песне Сергея Анисова «Не хочу, не могу, не желаю» (1935)] / Л. Мухаринская // Советская музыка. 1965. № 2.
    С. 86–90 : ноты, фот.
Чытаць 1062 разоў