Аўторак, 09 Люты 2021 15:14

2021 г. — 195 гадоў з дня нараджэння Андрэя Міхайлавіча Кульчыцкага (1826–1888), дзеяча Рускай Праваслаўнай Царквы, епіскапа Туркестанскага, Кастрамскога і Галіцкага

АндрэйМіхайлавіч Кульчыцкі нарадзіўся ў 1826 г. у вёсцы Камень-Шляхецкі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Акцябр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і святара. Атрымаў імя Андрэй у гонар святога апостала Андрэя Першазванага.

 

Андрэй Кульчыцкі навучаўся ў Літоўскай духоўнай семінарыі (1841–1847). 26 верасня 1847 г. пасвячоны ў свяшчэнніка Петрапаўлаўскай царквы ў Кобрыне. Назначаны настаўнікам гарадскіх вучылішч. Драўляная Петрапаўлаўская царква, вядомая як «Сувораўская», патрабавала рамонту, на маладога свяшчэнніка ляглі клопаты па зборы сродкаў.

Толькі пяць гадоў працягвалася служэнне айца Андрэя ў Кобрыне, пасля чаго ўвесь ход яго жыцця крута змяніўся.У 1852 г. ён аўдавеў (магчыма, жонка памерла пры родах). Па правілах таго часу, удовін святар для таго, каб працягваць сваё служэнне, павінен быў прыняць манаскі пострыг. 8 лістапада 1852 г. свяшчэннік Андрэй Кульчыцкі прыняў манаства і атрымаў манаскае імя Аляксандр.

У 1853 г. айцец Аляксандр (Кульчыцкі) для працягу духоўнай адукацыі паступіў у Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. Вучоба ў акадэміі — адной з лепшых вышэйшых навучальных устаноў у тагачаснай Расіі — адкрывала перад маладым іераманахам бліскучыя перспектывы. 14 мая 1857 г. скончыў курс акадэміі са ступенню кандыдата багаслоўя.

У лістападзе 1857 г. А. М. Кульчыцкі быў залічаны ў Пекінскую духоўную місію выкладчыкам славянскай мовы. Місія з’яўлялася культурным цэнтрам па вывучэнні гісторыі і культуры Кітая, у перыяд з 1852 па 1866 г. у Расіі выйшлі чатыры тамы «Трудов членов Духовной миссии в Китае». А. М. Кульчыцкі выкладаў у Албазінскім вучылішчы, якое было створана кітайскім урадам для вывучэння еўрапейскіх моў. Схіліў у хрысціянства да 78 чалавек. Падчас сямігадовага знаходжання ў Кітаі вывучаў традыцыі і побыт гэтай краіны. Адным са значных яго жыццёвых дасягненняў з’яўляецца складанне руска-кітайскага слоўніка.

У 1864 г. А. М. Кульчыцкі звольнены з місіі, атрымаў водпуск з пенсіёнам. Пасля вяртання ў Беларусь працаваў інспектарам Полацкай духоўнай семінарыі (1866). 20 красавіка 1869 г. Аляксандр (Кульчыцкі) узведзены ў сан архімандрыта.

У 1871 г. некалькі месяцаў служыў у Санкт-Пецярбургу — «череда священнослужения и проповеди». З лістапада 1871 г. — настаяцель Мікалаеўскай царквы пасольства Расіі ў Рыме. Пяць гадоў паміж Расіяй і Папскай дзяржавай не было зносін, цяпер жыццё праваслаўнай царквы ў Ватыкане пачало наладжвацца. Для новага настаяцеля Мікалаеўскага храма гэта быў няпросты час, па сутнасці архімандрыт Аляксандр (Кульчыцкі) выконваў дыпламатычныя функцыі ў Ватыкане.

У 1878 г. у саборы Аляксандра-Неўскай лаўры Аляксандр (Кульчыцкі) пасвячоны ў епіскапа Туркестанскага. У Туркестане ён наладжваў зносіны з мясцовым насельніцтвам, бо Расія падначаліла гэтыя сярэднеазіяцкія тэрыторыі зусім нядаўна. Быў абаронцам праваслаўнай веры і рускага насельніцтва. У 1881 г. заснаваў пры возеры Ісык-Куль Свята-Троіцкі мужчынскі манастыр, які ўладкоўваўся з вялікай цяжкасцю, насельнікі там не затрымліваліся.

28 сакавіка 1882 г. царкоўны асветнік А. М. Кульчыцкі ўзнагароджаны ордэнам святой Ганны I ступені. З сакавіка 1883 г. — епіскап Кастрамскі і Галіцкі. Аўтар прац па гісторыі царквы, геаграфічных нататкаў і інш.

А. М. Кульчыцкі памёр 16 снежня 1888 г., пахаваны ў Кастрамскім Іпацьеўскім манастыры, у царкве праведнага Лазара.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы А. М. Кульчыцкага

  1. Брак у китайцев / Александр (Кульчицкий), иеромонах // Китайский благовестник. 1907. № 7–10 ; 1908. № 16/17, 23–26, 29–32 ; 1909. № 2–6. (Отдельный оттиск. Пекин, 1908).
  2. Религиозно-нравственное состояние инородцев Туркестанского края и необходимость учреждения для них Православной Миссии / Александр (Кульчицкий), епископ // Православный благовестник. 1893. № 20. (Отдельный оттиск. Москва, 1893).
  3. Несколько слов, поучений и речей /Александр (Кульчицкий), епископ. – Санкт-Петербург : [б. и.], 1887. – II, 201 с.
  4. Внутреннее состояние униатской церкви в конце XVIII века / Александр (Кульчицкий). – Санкт-Петербург : [б. и.], 1858.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. М. Кульчыцкага

  1. Черепица, Н. В. Кульчицкий Андрей Михайлович / Н. В. Черепица // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 515.
  2. Чарапіца, В. М. Кульчыцкі Андрэй / В. М. Чарапіца // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 171.
  3. Чарапіца, В. Кульчыцкі Андрэй (у манастве Аляксандр) / Валерый Чарапіца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 303.
  4. Александр (Кульчицкий) // Русский биографический словарь : в 25 т. Санкт-Петербург ; Москва. 1896. Т. 1.
  5. Мароз, В. В. XV стагоддзе. Кобрын / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 44–48.
  6. Александр. Преосвященный Александр Кульчицкий, православный миссионер (18261888) : жизнеописание / митрополит Астанайский и Казахстанский АлександрМосква : [б. и.], 2012. 304 с.
  7. Кульчыцкі Андрэй Міхайлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 85–86. (Імёны на карце Кобрыншчыны).
  8. 195 гадоў з дня нараджэння А. М. Кульчыцкага (1826) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 18.
  9. Глазов, В. Преосвященный Александр Кульчицкий с православной миссией в Пекине, Риме и Туркестане / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 10 июня (№ 20). С. 20.
  10. Комаров Н. Свято-Троицкий миссионерский монастырь при озере Иссык-Куль в Туркестане / Н. Комаров // Православный благовестник. 1894. № 4, № 6, № 8. (Отдельный оттиск. Москва, 1894).
  11. Кончина и погребение в Бозе почившего Преосвященнейшего Епископа Александра // Костромские епархиальные ведомости. 1889. № 1.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 700 разоў