Аўторак, 16 Люты 2021 10:26

7 лютага 2021 г. — 475 гадоў з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага (1546 – пасля 1616 ці 1619), грамадскага дзеяча ВКЛ, пісьменніка-мемуарыста

Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) нарадзіўся 7 лютага 1546 г. у мястэчку Ляхавічы Навагрудскага ваяводства (цяпер г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці). Бацька, Міхаіл Васільевіч Еўлашоўскі, са старажытнага збяднелага шляхецкага роду. Сваю першую адукацыю Фёдар Еўлашоўскі атрымаў дома, астатнія веды набыў шляхам самаадукацыі ў час службы пры двары магнатаў.

 

Фёдар Міхайлавіч меў радавітае паходжанне, але поспехаў у жыцці дабіўся дзякуючы свайму ўласнаму розуму і працавітасці. Быў самавукам, не вучыўся ў навучальных установах, але набыў добрыя веды па матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі. У 1579 г. Навагрудская шляхта абірае яго паслом на Варшаўскі вольны сейм. Разам з Навагрудскім паслом А. Трызнам Фёдару Еўлашоўскаму было даручана прыняць удзел у распрацоўцы тэксту закона «Трыбунал Вялікага Княства Літоўскага».

У 1592 г. Фёдар Еўлашоўскі разам з чатырма іншымі кандыдатамі прэтэндуе на месца падсудка (адваката) у навагрудскім земскім судзе. З усіх кандыдатаў кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт ІІІ асабіста зацвердзіў на гэту пасаду Фёдара Міхайлавіча.

У гісторыю Беларусі Фёдар Еўлашоўскі ўвайшоў як чалавек, які першым напісаў успаміны пра сваё жыццё. Самым раннім помнікам мемуарнага жанру ў беларускай літаратуры з’яўляюцца яго нататкі «Мемуары падсудка Навагрудскага». Свае ўспаміны Фёдар Міхайлавіч пачаў пісаць у 1603 г., абарваў у пачатку 1604-га. На гэты час яму споўнілася 57 гадоў. Пісаў на старабеларускай мове з моцным уплывам польскай мовы.

Ф. М. Еўлашоўскі пражыў цікавае і змястоўнае жыццё. Ён пабачыў многіх людзей, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны. Маршалак вялікі і ваявода трокскі Мікалай Крыштоф Радзівіл, маршалак земскі і гетман ліфляндскі Ян Геранім Хадкевіч, ваявода Кіеўскі і маршалак зямлі валынскай Канстанцін Астрожскі. Быў вядомы Фёдар Еўлашоўскі і пры каралеўскіх дварах Жыгімонта ІІ Аўгуста, Стэфана Баторыя, Жыгімонта ІІІ Вазы.

Успаміны Фёдара Еўлашоўскага — гэта ўражанні аб грамадскіх і палітычных падзеях, якія былі ім запісаны. Створана цэлая галерэя літаратурных партрэтаў прадстаўнікоў дробнай і сярэдняй шляхты Вялікага Княства Літоўскага другой паловы ХVI – пачатку ХVII ст. У сваіх мемуарах ён раскрыў псіхалогію, норавы, забабоны і звычаі дробнай службовай шляхты, змясціў характарыстыкі многіх вядомых асоб ВКЛ.

Адзін з першых даследчыкаў тэксту дыярыушу Ф. М. Еўлашоўскага Аляксандр Фаміч Коршунаў пісаў: «Успаміны — своеасаблівы гісторыка-мемуарны зборнік цікавых, месцамі сюжэтна разгорнутых бытавых навел, у цэнтры якіх жывы чалавек з уласцівымі яму рысамі характару і псіхалогіяй. Перад чытачом паўстае выразны вобраз самога аўтара — узорнага шляхціца, цудоўнага сем’яніна, пяшчотнага сына, які паважае бацькоў, любіць сваіх дзяцей, перажывае за іх лёс, не шкадуе часу, энергіі і сродкаў, каб лепш уладкаваць іх дабрабыт, хоць гэта і перашкодзіла здзейсніць яго юнацкую мару — наведаць іншыя краіны, папоўніць там свае веды, авалодаць рознымі рамёствамі».

Дакладная дата смерці Ф. М. Еўлашоўскага невядома. Доўгі час годам смерці лічылі 1604 г., калі пісьменнік зрабіў свой апошні запіс ва ўспамінах. Але паводле архіўных звестак ён жыў яшчэ ў 1616 г., па іншых — у першай палове 1619 г.

Рукапіс дыярыушу зберагаецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (Польшча), фотакопія — у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. У 1860 г. мемуары Ф. М. Еўлашоўскага былі апублікаваны ў Варшаве ў перакладзе на польскую мову. У 1886 і 1896 гг. успаміны былі надрукаваны са значнымі папраўкамі ў часопісе «Киевская старина» ўкраінскім гісторыкам У. Б. Антановічам. У Беларусі дзейнасць мемуарыста даследавалі А. Ф. Коршунаў, У. М. Свяжынскі і іншыя гісторыкі, літаратуразнаўцы, мовазнаўцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

Працы Ф. М. Еўлашоўскага

  1. Успаміны / Фёдар Еўлашоўскі // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVІІ ст. Мінск, 2005. С. 31–123.
  2. Дыяруш / Фёдар Еўлашоўскі ; рэдпадрыхтоўка С. Л. Гараніна // Анталогія даўняй беларускай літаратуры, ХІ – першая палова ХVІІІ ст. Мінск, 2003. С. 482–499.
  3. Успаміны / Фёдар Еўлашоўскі ; каментарый А. Ф. Коршунава // Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі ХVІІ ст. / уклад. А. Ф. Коршунава ; рэд. В. В. Барысенка. Мінск, 1983. С. 31–64.
  4. [Урыўкі з дзённіка] / Фёдар Еўлашэўскі // Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мінск, 1959. С. 223–237.

 

Аб жыцці і дзейнасці Ф. М. Еўлашоўскага

  1. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 3. С. 397.
  2. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 595.
  3. Евлашовский Фёдор Михайлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 362–363.
  4. Евлашовский Фёдор Михайлович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 483.
  5. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / Уладзімір Свяжынскі // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 619–620.
  6. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / А. Ф. Коршунаў // Асветнікі зямлі Беларускай, Х – пачатак ХХ ст. : эніцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001.
    С. 159–160.
  7. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч / Уладзімір Свяжынскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 357.
  8. Еўлашоўскі Фёдар / А. Ф. Коршунаў // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 432–433.
  9. Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) Фёдар Міхайлавіч / У. М. Свяжынскі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск,1985. Т. 2. С. 419.
  10. Евлашовский Фёдор // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 214.
  11. Еўлашоўскі Фёдар // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 219–220.
  12. Фёдар Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэдактар і ўкладальнік Анатоль Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 361–362.
  13. Свяжынскі, У. М. «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага / Уладзімір Мітрафанавіч Свяжынскі. – Мінск : Навука і тэхніка, 1990. – 123 с.
  14. Рублевская, Л. Летописец золотого века. Фёдор Евлашовский (1546 – после 1616) : [эссе] / Л. Рублевская // Рыцари и дамы Беларуси : исторические очерки / Людмила Рублевская. Минск, 2013. С. 70–76.
  15. Кавалёў, С. Мемуарная літаратура эпохі рэнесансу : [творчасць Ф. Еўлашоўскага] / Сяргей Кавалёў // Літаратура Беларусі позняга Рэнесансу : жанры, творы, асобы / Сяргей Кавалёў. Мінск, 2005. С. 131–159.
  16. Свяжынскі, У. Фёдар Еўлашоўскі / Уладзімір Свяжынскі // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік. Мінск, 2000. Вып. 1. С. 78–87.
  17. Свежинский, В. М. Из истории белорусско-польских языковых контактов древней поры : (на материале «Дневника» Ф. М. Евлашовского) : автореферат диссертации ... кандидата филологических наук : 10.02.02 / Владимир Митрофанович Свежинский. – Минск, 1978. – 23 с.
  18. 7 лютага — 475 гадоў з дня нараджэння Ф. М. Еўлашоўскага (1546, г. Ляхавічы – пасля 1616 ці 1619), грамадскага дзеяча, пісьменніка-мемуарыста / складальнікі: В. Я. Асаёнак, Г. В. Брага, Н. А. Шашэнька ; рэдактар К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2020. № 10.
    С. 27–28 (дадатак: Даты беларускага календара).
  19. Круков, И. Н. Первый мемуарист / И. Н. Круков // Брестчина : легенды, события, люди / И. Н. Круков. Минск, 2005. С. 60.
  20. Дзівосныя прыгоды Ляхавіцкага шляхціца // Легенды і паданні Ляхавіцкага краю. Баранавічы, 2004. С. 34–39.
  21. Таранеўскі, В. У. Штрыхі да «Успамінаў» Ф. Еўлашоўскага і «Реестра списань...» Ф. Кміты-Чарнабыльскага / В. У. Таранеўскі // Ученые записки УО «ВГУ им. П. М. Машерова» : сборник научных статей. Витебск, 2007. Т. 6. С. 177–190.
  22. Гарэцкі, М. І. Запіскі Фёдара Еўлашэўскага / М. І. Гарэцкі // Гісторыя беларускай літаратуры / М. І. Гарэцкі. Мінск, 1992. С. 134–138.
  23. Свяжынскі, У. Першы беларускі мемуарыст / Уладзімір Свяжынскі // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 82–84.
  24. Ахрыменка, П. П. Фёдар Еўлашэўскі (1546–1604) і яго «Дзённік» / П. П. Ахрыменка, М. Р. Ларчанка // Старажытная беларуская літаратура / П. П. Ахрыменка, М. Р. Ларчанка. Мінск, 1968. С. 111–112.
  25. Рублевская, Л. Сто одна плеть и корд в сердце / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. 2018. 4 октября. С. 9.
  26. Міраў, Д. Два імя — дзве эпохі / Дзмітрый Міраў // Ляхавіцкі веснік. 2012. 10 лістапада. С. 4.
  27. Саверчанка, І. Фёдар Еўлашоўскі — класік мемуарыстыкі / Іван Саверчанка // Літаратура і мастацтва. 2006. 23 чэрвеня (№ 25). С. 14.
  28. Свяжынскі, У. Дыяруш і Еўлашоўскі / Уладзімір Свяжынскі // Краязнаўчая газета. 2006. Сакавік (№ 12). С. 4.
  29. Бельмач, С. Наш зямляк Фёдар Еўлашоўскі / С. Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2006. 11 лютага. С. 3.
  30. Курков, И. Эпоха первых мемуаров : [к 460-летию со дня рождения белорусского исторического деятеля и мемуариста Фёдора Евлашовского] / Илья Курков // Обозреватель. 2006. 3 февраля (№ 5). С. 27.
  31. Канстанцінаў, А. Першы мемуарыст : Фёдар Еўлашоўскі (1546–1616) / Аляксей Канстанцінаў // Заря. 2005. 29 марта. С. 3.
  32. Яновіч, М. Фёдар Еўлашоўскі : першы беларускі мемуарыст / М. Яновіч // Народная воля. 2001. 20 лютага.
  33. Цвыд, А. Летописец из Ляховичей : [Ф. Евлашовский ] / А. Цвыд // Заря. 1985. 4 жніўня.
  34. Коршунаў, А. Ф. Новыя даныя аб Фёдары Еўлашоўскім / А. Ф. Коршунаў // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1983. № 1. С. 110–118.
  35. Свяжынскі, У. Арыгінал [«Дзённіка» Еўлашоўскага] знойдзены [у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве] / У. Свяжынскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975. № 4. С. 48–49.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1135 разоў