Чацвер, 25 Люты 2021 10:48

11 лютага 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Станіслававіча Юрэні (1946–2010), гаспадарчага дзеяча, кандыдата сельскагаспадарчых навук

Аляксандр Станіслававіч Юрэня нарадзіўся 11 лютага 1946 г. у вёсцы Колбавічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1952 г. пайшоў у мясцовую пачатковую школу, у 19561962 гг. вучыўся ў Падгорненскай сярэдняй школе.

 

Аляксандр, які нарадзіўся і вырас у беднай сялянскай сям’і, ні пра што не марыў так моцна, як пра лепшую долю для сельскіх жыхароў. Бываючы часам з бацькам у Баранавічах, ён адчуваў горыч за сябе і сваіх аднагодкаў, пазбаўленых, як яму тады здавалася, гарадскіх выгод: чыстых вуліц, прыгожых вітрын у крамах і інш. Ужо ў 6–7-м класах хлопчык вырашыў прысвяціць сваё жыццё павышэнню ўзроўню дабрабыту вяскоўцаў.

Працоўны шлях Аляксандр Юрэня пачаў з сямнаццаці гадоў рабочым на Кобрынскім інструментальным заводзе. У 1963–1969 гг. працаваў электрыкам на кампрэсарнай станцыі, інструктарам-заатэхнікам на райплемстанцыі. Адначасова вучыўся ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце на завочным аддзяленні. Пасля заканчэння інстытута назначаны галоўным заатэхнікам калгаса «Савецкая Беларусь» Кобрынскага раёна. Адслужыў у Савецкай арміі (1970–1971). У 1975 г. скончыў курсы кіруючых кадраў у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. З 1979 па 2000 г. — дырэктар племзавода «Дружба» Кобрынскага раёна.

Адчуваючы патрабаванні часу, Аляксандр Станіслававіч не абмяжоўваўся атрыманымі ў інстытуце ведамі. Працуючы па 12–14 гадзін у суткі, ён працягваў вучобу, самаўдасканаленне. У 1994 г. абараніў дысертацыю «Совершенствование и использование шаролезской породы скота в Республике Беларусь» і атрымаў ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. Непасрэдная цесная сувязь з навукай дазволіла кіраўніку больш глыбока бачыць перспектыву і, галоўнае, знайсці тыя канкрэтныя крыніцы, дзякуючы якім гаспадарка з году ў год набірала моц, а жыццё вяскоўцаў станавілася багацейшым і прыгажэйшым.

Дырэктар кобрынскага племзавода неаднаразова бываў у Германіі, Францыі, Чэхіі, сустракаўся з прадстаўнікамі розных аграфірмаў, пераймаў вопыт, які потым укараняў у сваёй гаспадарцы. Высокапародзістая жывёла, якая вырошчвалася на фермах племзавода «Дружба», атрымала прапіску ў многіх калгасах і саўгасах Брэстчыны, яе ахвотна набывалі ў Чэхіі, Германіі, Польшчы, Латвіі, Францыі, Італіі.

Зразумела, што для кіраўніка прадпрыемства галоўным клопатам з’яўлялася гаспадарчая дзейнасць, вытворчасць малака і мяса, раслінаводчай прадукцыі. Але і пытанні сацыяльна-культурнай значнасці Аляксандр Станіслававіч трымаў пад пастаянным кантролем. Ён клапаціўся аб тым, каб зрабіць добраўпарадкаваным жыццё сялян, каб зберагчы прыгажосць прыроды гэтага краю, дапоўніць яе ўласнымі намаганнямі. Так, ля в. Лука выкапалі штучнае возера (у наваколлі не было нават маленькай рэчкі), якое сілкуецца з сямі крыніц, таму вада тут чыстая і празрыстая, а побач добраўпарадкавана зона адпачынку. Непазнавальна змянілася і цэнтральная сядзіба гаспадаркі: заасфальтаваны вуліцы, з’явіліся гандлёвы цэнтр, школа, Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўвання, Свята-Лукінская царква (будавалася ў 1999–2007 гг.). Па ініцыятыве Аляксандра Станіслававіча ля помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны вяскоўцам у гонар 30-годдзя племзавода была пасаджана алея (1999).

А. С. Юрэня быў вопытным кіраўніком, уважлівым да людзей. За дваццацігадовую дырэктарскую практыку ён не змяніў ні аднаго з кіраўнікоў службаў і падраздзяленняў, шматлікім даў пуцёўку ў вялікае жыццё. УАляксандра Станіслававіча атрымалася ўвасобіць сваю мару дзяцінства: зрабіць жыццё ў вёсцы бліжэй да гарадскога.

З 2000 г. А. С. Юрэня — у апараце ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Кобрынскага райвыканкама, з сакавіка 2002 па 2004 г. — начальнік упраўлення, з 2004 па люты 2007 г. — намеснік начальніка сельгасупраўлення райвыканкама.

З’яўляючыся старшым навуковым супрацоўнікам Беларускага навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі, Аляксандр Станіслававіч да апошняга дня працягваў кансультаваць па пытаннях росту прадукцыйнасці жывёлагадоўлі, укаранення новых тэхналогій і перадавога вопыту ў сельскагаспадарчую вытворчасць. За бездакорную працу А. С. Юрэня ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1986), залатым медалём ВДНГ СССР (1986), лістом падзякі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, шматлікімі граматамі.

16 студзеня 2010 г. жыццё Аляксандра Станіслававіча Юрэні абарвалася. Кабрынчане заўсёды будуць памятаць яго як высокакваліфікаванага спецыяліста, які ўнёс значны ўклад у развіццё краю. Вучаніца Лукскай сярэдняй школы Вікторыя Давідовіч падрыхтавала даследчыцкую працу аб жыцці і дзейнасці А. С. Юрэні, за якую атрымала дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу «Постаці слаўныя краю майго» (2019).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ардэнаносцы. Юрэня Аляксандр Станіслававіч // Па працы пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 85 : фат. (Імёны на карце Кобрыншчыны).
  2. Юрэня Аляксандр Станіслававіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 170–171 : фат. (Імёны на карце Кобрыншчыны).
  3. 75 гадоў з дня нараджэння А. С. Юрэні (1946) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 26.
  4. Юреня, А. С. Совершенствование и использование шаролезской породы скота в Республике Беларусь : автореферат диссератации ... кандидата сельскохозяйственных наук : 06.02.01 / Юреня Александр Станиславович. – Жодино, 1994. – 22 с.
  5. Часовитина, Н. Объединенные «Дружбой» : [племзавод Кобринского района/ Наталья Часовитина // Сельская газета. 2019. 26 января. С. 28–29.
  6. Юреня Александр Станиславович : [некролог] // Кобрынскі веснік. 2010. 20 студзеня. С. 2.
  7. Юреня, А. Александр Юреня: «Наши планы строились не на пустом месте» / Александр Юреня // Белорусская нива. 2003. 27 февраля.
  8. Тоболич, А. В «Дружбе» живут и работают дружно / А. Тоболич // Заря. 2000. 18 ноября. С. 1–2.
  9. Сацук, А. За вопытам — у «Дружбу» / А. Сацук // Кобрынскі веснік. 2000. 27 мая. С. 1.
  10. Сацук, А. Тут зноў курлычуць жураўлі : [па ініцыятыве А. С. Юрэні ля в. Лука на тэрыторыі племзавода створана штучнае возера] / А. Сацук // Кобрынскі веснік. 1999. 11 верасня.
  11. Племзаводу«Дружба» — 30 гадоў // Кобрынскі веснік. 1999. 5 мая. С. 3.
  12. Юрэня Аляксандр Станіслававіч : [пра кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь А. С. Юрэню, яго прадвыбарчую праграму] // Кобрынскі веснік. 1995. 6 мая. С. 2.
  13. Аляксандраў, А. Верныя слову / А. Аляксандраў // Кобрынскі веснік. 1991. 12 лістапада. С. 2.
Чытаць 913 разоў