Уладзіміра Вараксіна накіравалі на працу ў Беларусь. Жыў у Мінску, працаваў у праектным інстытуце «Белдзяржпраект». Член Саюза архітэктараў СССР з 1935 г. Творчасць У. М. Вараксіна звязана з развіццём неакласічнай тэндэнцыі ў даваеннай архітэктуры Беларусі. Разам з Аляксандрам Пятровічам Воінавым зрабіў праект будынка для ЦК КПБ — аднаго са значных збудаванняў беларускай савецкай архітэктуры. Упершыню ў рэспубліцы былі выкарыстаны жалезабетонныя пліты для перакрыццяў. Будынак узводзіўся ў
1939–1941 гг., але да пачатку Вялікай Айчыннай вайны не быў закончаны, завершана будаўніцтва ў 1947 г.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Вараксін працаваў у Ніжнім Тагіле, а потым у Омску. Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся ў Мінск. Спраектаваў будынкі Белкамунбанка (1949), жылыя дамы па вул. Карла Маркса (1950), Маскоўскай (1949), Захарава, Кашавога (1955) у Мінску, Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (1954), тыпавыя праекты будынкаў раённых камітэтаў КПБ для Гомельскай, Віцебскай і Мінскай абласцей (1952), кінатэатра імя М. І. Калініна (1950) у Гомелі, будынка абкома КПБ (1952) у Гродне і інш.
Шмат гадоў Уладзімір Мікалаевіч прысвяціў выкладчыцкай працы і выхаванню новага пакалення беларускіх архітэктараў. З 1952 г. — выкладчык, у 1954–1971 гг. — дацэнт кафедры архітэтуры архітэктурнага аддзялення будаўнічага факультэта Беларускага політэхнічнага інстытута. Загадчыкам кафедры быў А. П. Воінаў. Кафедра паслужыла асновай для стварэння іншых кафедр архітэктурнага факультэта, а таксама шэрага ВНУ і навукова-даследчыцкіх арганізацый рэспублікі.
У 1971–1975 гг. У. М. Вараксін — загадчык кафедры архітэктурнага праектавання Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Інстытут быў створаны ў 1966 г., у новую ВНУ запрашаліся выкладчыкі з усяго Савецкага Саюза. Тут рыхтавалі інжынераў гарадскога, прамыслова-грамадзянскага і сельскагаспадарчага будаўніцтва, інжынераў-тэхнолагаў, архітэктараў. Рэктарам быў кандыдат архітэктурных навук Ігар Дзмітрыевіч Белагорцаў (1911–1999). У інстытуце нарадзілася адметная школа брэсцкіх архітэктараў. У 1970-я гг. штогадовы выпуск архітэктараў складаў 75 чалавек.
Уладзімір Мікалаевіч узнагароджаны Ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1941, 1951, 1961), медалямі. У 1961 г. яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны будаўнік Беларускай ССР».
Сын, Мікалай Уладзіміравіч Вараксін (1933), кандыдат гістарычных навук (1967), даследуе гісторыю фарміравання беларускіх гарадоў у ХІХ–ХХ стст. У 1971–1972 гг. — дацэнт кафедры гісторыі КПСС і навуковага камунізму Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Аўтар артыкулаў пра гарады Іванава і Івацэвічы ў «Своде памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область» (1990).
У. М. Вараксін памёр 2 студзеня 1980 г., пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Мінску. Асабісты архіў архітэктара захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве навукова-тэхнічнай дакументацыі (фонд 170).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Вараксін Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 509.
- Вараксін Уладзімір Мікалаевіч / В. Д. Бажэнава // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 210.
- Вараксин Владимир Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т. Минск, 2006. Т. 2. С. 589.
- Вараксін Уладзімір Мікалаевіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 579.
- Вараксин Владимир Николаевич // Архитекторы Советской Белоруссии : биографический справочник. Минск, 1991. С. 22.
- Вараксін Уладзімір Мікалаевіч / І. Б. Элентух // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 573.
- Вараксин Владимир Николаевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 101.
- Вараксін Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 114.
- Вараксин Владимир Николаевич // Большая советская энциклопедия : [в 30 т.]. Москва, 1971. Т. 4. С. 296.
- Магіла Вараксіна Уладзіміра Мікалаевіча : [Чыжоўскія могілкі] // Збор помнікаў гісторыі і культуры, Мінск. Мінск, 1988. С. 310.
- Архитектура во имя жизни : сборник биографических очерков и документов известных деятелей белорусской архитектуры / [сост. Г. И. Шостак]. – Минск : БГУ, 2007. – 151 с. : ил.
- Шамрук, А. С.Архитектура Беларуси XX – начала XXI в. : эволюция стилей и художественных концепций / А. С. Шамрук. – Минск : Белорусская наука, 2007. – 334 с.
- Воинов, А. А. История архитектуры Белоруссии. В 2 т. Т. 2 : (Советский период) / А. А. Воинов. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Вышэйшая школа, 1987. – 293 с. : ил.
- Основы проектирования жилых зданий / И. Д. Белогорцев, В. Н. Вараксин и др. – Минск : РИО БПИ, 1960. – 195 c., [2] л. черт. : ил.
- Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі будынак / А. А. Воінаў // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 479–480.
- Кудрицкий, В. Н. Наша история : 40-летию Брестского государственного технического университета посвящается (1966–2006 гг.) / [В. Н. Кудрицкий]. – Брест : БрГТУ, 2006. – 239 с. : ил.