У г. Драгічыне Пінскай (з 1954 г. Брэсцкай) вобласці 22 лютага 1946 г. пад кіраўніцтвам удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, гвардыі старшага лейтэнанта Наталлі Сямёнаўны Сапіцкай быў створаны раённы камітэт «Асаавіяхім». Матэрыяльную базу камітэта складалі некалькі матацыклаў «Иж-49» і дзве вінтоўкі МК, месціўся камітэт у невялікім пакоі райвыканкама. На навучанне ваджэнню грузавога аўтамабіля ездзілі ў Пінск і Брэст.
Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) было заснавана ў 1951 г. у выніку зліцця таварыстваў ДТСАРМ, ДТСАВ і ДТСФЛОТ. Прапагандавала ваенныя веды, рыхтавала моладзь да вайсковай службы, развівала ваенна-тэхнічныя віды спорту.
У Драгічыне паступова ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база. Атрымалі фінскі домік у гарадскім парку, дзе абсталявалі два вучэбныя класы. Паявіліся свае грузавыя аўтамабілі, запрацаваў стралковы цір. 6 мая 1961 г. пры райкаме ДТСААФ адкрыўся спартыўна-тэхнічны клуб, які ўзначаліў Мікалай Фёдаравіч Косяк. У 1961–2003 гг. клубам кіраваў Павел Іванавіч Мартынчук. Да заняткаў прыступіла першая група будучых вадзіцеляў. У лютым 1963 г. за актыўную работу і высокія паказчыкі ў абаронча-масавай і спартыўнай рабоце на рэспубліканскую «Дошку Пашаны» была занесена старшыня Драгічынскага райкама ДТСААФ Н. С. Сапіцкая.
У 1966 г. клуб атрымаў статус юрыдычнай асобы і права самастойна выдаваць пасведчанні аб заканчэнні вадзіцельскіх курсаў. Клубу выдзелілі зямельны ўчастак па вул. В. Харужай, 67, куды перанеслі фінскі домік, пабудавалі стралковы цір, гаражы, вучэбныя класы, пляцоўкі для ваджэння.
Членства ў ДТСААФ было масавым. На 1966 г. у Драгічынскай арганізацыі састаяла 90 % дарослага насельніцтва калгасаў раёна. У дзесяці населеных пунктах былі адкрыты філіялы клуба. У вёсках Дзеткавічы, Імянін, Брашэвічы, Зарэчка, Крэмна, Радастава, Хомск, г. п. Антопаль былі арганізаваны курсы матацыклістаў. У сярэднім за год у раёне рыхтавалі 500 вадзіцеляў і матацыклістаў. На змену «Иж» паступова прыйшлі спартыўныя матацыклы. У 1978 г. клуб атрымаў першы легкавы аўтамабіль «Москвич», у 1986 г. — «Жигули».
Драгічынскі раён стаў месцам правядзення мотакросаў з удзелам каманд з Беларусі, Расіі, Украіны, рэспублік Прыбалтыкі. У 1964 г. дасаафаўцы Драгічына першымі ў вобласці пачалі праводзіць мотапрабегі па месцах баявой славы. Тады ветэраны вайны і моладзь на 40 матацыклах праехалі па месцах подзвігу партызан і воінаў Драгічынскага раёна. У аглядзе, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна (1970), раённая арганізацыя заняла першае месца сярод сельскіх абаронных арганізацый Савецкага Саюза. За актыўны ўдзел у абаронча-масавай рабоце і дасягнутыя ў гэтым поспехі была ўзнагароджана пераходным Чырвоным сцягам абласнога камітэта ДТСААФ (1974).
У 1980 г. Драгічынская арганізацыя за перамогу ва Усесаюзным аглядзе-конкурсе раённых і гарадскіх арганізацый абароннага таварыства ўзнагароджана Ганаровым знакам ДТСААФ СССР. Узнагароду кіраўнік арганізацыі П. І. Мартынчук атрымаў з рук старшыні ЦК ДТСААФ СССР, маршала авіяцыі, тройчы Героя Савецкага Саюза А. І. Пакрышкіна. Работнікі абароннага таварыства Драгічыншчыны неаднойчы адзначаліся на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
У 1966–1991 гг. выпускалася латарэя ДТСААФ СССР. Выручаныя сродкі ішлі на капітальнае будаўніцтва аб’ектаў таварыства: аўташколы, спарткомплексы, гоначныя трасы і інш. Напрыклад, пабудаваны Івацэвіцкая аўташкола і Брэсцкая радыётэхнічная школа. За час правядзення латарэі жыхарамі Драгічынскага раёна было выйграна 13 аўтамабіляў.
У кастрычніку 1991 г. ДТСААФ БССР было пераўтворана са структурнага падраздзялення ДТСААФ СССР у грамадскае аб’яднанне «Беларускае абароннае спартыўна-тэхнічнае таварыства». У жніўні 2003 г. БелАСТТ пераўтворана ў рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту Рэспублікі Беларусь».
За гады дзейнасці раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ прайшлі падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павысілі сваю кваліфікацыю каля 27 тыс. вадзіцеляў розных катэгорый. І цяпер РАС паспяхова выконвае задачы па патрыятычным выхаванні моладзі і падрыхтоўцы грамадзян да ваеннай службы і працоўнай дзейнасці. Арганізацыя аб’ядноўвае 28 пярвічных аргструктур, а гэта амаль 2 тыс. членаў. Узначальвае РАС Уладзімір Рыгоравіч Грыцук, які ў красавіку 2020 г. за шматгадовую працу і актыўную грамадзянскую пазіцыю ўзнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.
Для падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі вадзіцеляў ёсць 4 вучэбныя класы (з іх 2 ў Антопалі і Белаазёрску), абсталяваныя камп’ютарамі і іншым неабходным начыннем, 7 аўтамабіляў, уласны аўтадром, які ў 2008 г. быў прызнаны лепшым ў Беларусі. Сярод лепшых педагогаў Генадзь Міхайлавіч Мацук, Дзмітрый Яўгенавіч Шаламіцкі, Сцяпан Віктаравіч Рапінчук. Майстар вытворчага навучання Алег Міхайлавіч Шусцік у 2019 г. стаў спецыялістам года ДТСААФ, у 2020 г. — лепшым выкладчыкам Брэсцкай вобласці. Больш за 40 гадоў у арганізацыі адпрацаваў Павел Паўлавіч Шпак.
На базе раённага ДТСААФ 30 дзяцей і падлеткаў займаюцца ў дзвюх штатных секцыях: па стралковым спорце (трэнер Вячаслаў Яўгенавіч Аканечнікаў) і картынгу (трэнер П. П. Шпак). Для трэніровак і спаборніцтваў маецца 6 картаў і 12 пнеўматычных вінтовак, абсталяваны клас для заняткаў у секцыях. Рэгулярна праводзяцца спаборніцтвы па кулявой стральбе, кожны год адбываецца турнір памяці воіна-інтэрнацыяналіста Яўгена Васільевіча Сушко (1964–1983). Па выніках спартыўнай работы Драгічынскі калектыў ДТСААФ займае трэцяе месца ў вобласці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Добровольное общество содействия армии, авиации и флоту Республики Беларусь / П. А. Лебедев // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 394.
- Беларускае абарончае спартыўна-тэхнічнае таварыства / Г. К. Кісялёў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 393.
- ДТСААФ СССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 297–298.
- Лопатюк, И. От мотоцикла Иж до «Фольксвагена» и «Рено» : [к 75-летию Дрогичинской РОС ДОСААФ] / Игорь Лопатюк // Белорусская военная газета. 2021. 25 февраля. С. 7.
- Рассафонов, А. Назван «Человеком года» ДОСААФ : [Олег Шустик из Дрогичина победил на республиканских соревнованиях и стал лучшим мастером по вождению] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2020. 7 сакавіка. С. 3.
- Грицук, В. Соревнования в честь дня памяти воинов-интернационалистов / Владимир Грицук // Драгічынскі веснік. 2020. 19 лютага. С. 5.
- Мечная, Н. Показал класс : [лучшим инструктором по вождению на Республиканском конкурсе профмастерства стал Олег Шустик, работающий в ДОСААФ г. Дрогичина] / Н. Мечная // Заря. 2018. 26 сентября. С. 11.
- Глинник, А. Лучший мастер Республики : [инструктор по вождению Дрогичинского ДОСААФ О. М. Шустик представлял Брестский регион на республиканских соревнованиях и получил диплом I степени, золотую медаль и плазменную панель в подарок] / Анна Глинник // Драгічынскі веснік. 2018. 22 верасня. С. 1, 14.
- Рассафонов, А. Соревновались юные стрелки : [первенство Дрогичинской РОС ДОСААФ по стрельбе из пневматической винтовки памяти Е. В. Сушко] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2018. 24 лютага. С. 10.
- Рассафонов, А. Приехал, увидел, победил... : [мастер по вождению в Дрогичинской РОС ДОСААФ Олег Шустик — первый на областных состязаниях] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2017. 2 верасня. С. 2.
- Рассафонов, А. Школа патриотов и кузница профессионалов : [90 лет исполнилось старейшей патриотической организации — ДОСААФ] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2017. 25 лютага. С. 13.
- Грицук, В. Г. ДОСААФ: преумножая традиции [беседа с председателем РОС ДОСААФ] / Владимир Григорьевич Грицук ; [беседовал] Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2016. 25 мая. С. 2.
- Наумовец, А. Очередной успех мастера : [Олег Шустик — призёр областного конкурса профмастерства] / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2015. 2 верасня. С. 2.
- Мартынчук, П. Лучшие в Советском Союзе : [об истории районной структуры ДОСААФ] / Павел Мартынчук // Драгічынскі веснік. 2014. 2 ліпеня. С. 5–6.
- Наумовец, А.Небо их зовет! : [об участии В. Г. Грицука в праздновании 80-летия Минского аэроклуба ДОСААФ им. С. И. Грицевца] / Алексей Наумовец // Драгічынскі веснік. 2014. 2 ліпеня. С. 5.
- Грицук, В. Здесь учатся водители и воспитываются патриоты : 50 лет организации ДОСААФ / Владимир Грицук // Драгічынскі веснік. 2011. 21 чэрвеня. С. 9.
- Мартынчук, П. У. Працягваючы традыцыі старэйшых пакаленняў : [да 70-годдзя абароннага спартыўна-тэхнічнага таварыства] / П. У. Мартчынчук // Драгічынскі веснік. 1997. 26 лютага.
- Мартынчук, П. Быць патрыётам Радзімы : [аб ХV справаздачна-выбарчай канферэнцыі раённай арганізацыі ДТСААФ] / П. Мартчынчук // Запаветы Леніна. Драгічын, 1987. 21 лістапада.
- Мартынчук, П. Улічваць патрабаванні часу : [да справаздач і выбараў у арганізацыях ДТСААФ] / П. Мартынчук // Запаветы Леніна. Драгічын, 1987. 3 верасня.
- Семин, Н. Опора на актив : [о работе Дрогичинской районной организации ДОСААФ] / Н. Семин // Заря. 1975. 18 сентября.