Серада, 10 Сакавік 2021 10:31

2021 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Васілія Аляксеевіча Пятрова (1906–1967), удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну

Васілій Аляксеевіч Пятроў нарадзіўся ў 1906 г. у Маскве ў сям’і рабочага. З 1924 г. на камсамольскай, гаспадарчай і савецкай рабоце. У 1926 г. прыняты ў ВКП(б). У 1941 г. прызваны ў Чырвоную армію.

 

У партызанах з чэрвеня 1942 г. Камісар атрада, які з акружэнцаў і мясцовых жыхароў арганізаваў Сяргей Георгіевіч Жунін (1906–1977). Атрад «Сяргея» (з вясны 1942 г. — 36-ы атрад) потым вырас да буйнога партызанскага фарміравання.

За лета 1942 г. партызаны атрада № 36 пусцілі пад адхон 13 эшалонаў, знішчылі 24 бронемашыны, 3 чыгуначныя масты, 11 паліцэйскіх участкаў. 28 жніўня 1942 г. разграмілі варожы гарнізон на чыгуначнай станцыі Слаўнае на лініі Мінск – Орша, у выніку аперацыі рух на гэтай лініі быў спынены больш чым на суткі.

У кастрычніку 1942 г. сфарміравана 8-я Круглянская партызанская брыгада, у якую былі ўключаны 6 атрадаў. Камандзірам брыгады быў С. Г. Жунін. Са снежня 1942 г. па ліпень 1944 г. В. А. Пятроў — камісар 8-й партызанскай брыгады. Брыгада расла і мацнела, у 1943 г. у брыгадзе налічвалася 1700 байцоў. Са снежня 1943 па ліпень 1944 г. начальнікам штаба брыгады быў Канстанцін Іванавіч Мацеж.

Па распараджэнні Беларускага штаба партызанскага руху брыгада ў снежні 1943 г. адправілася ў цяжкі рэйд. За два месяцы яна прайшла з Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці ў Ганцавіцкі раён. У студзені 1944 г. прасунулася ў Косаўскі раён, дзе ўвайшла ў Брэсцкае партызанскае злучэнне.

Вясной і летам 1944 г. 8-я партызанская брыгада дзейнічала ў Брэсцкай вобласці (Косаўскі, Ганцавіцкі, Целяханскі, Быценскі раёны). За чатыры месяцы партызаны брыгады пусцілі пад адхон 45 эшалонаў праціўніка, знішчылі 64 шашэйныя масты, 160 аўтамашын, 12 гармат.

Васілій Аляксеевіч пастаянна ўдзельнічаў у баявых аперацыях. Браў непасрэдны ўдзел у 32 адкрытых баях і засадах, 15 дыверсіях на чыгунцы. Адначасова з 14 чэрвеня па 11 ліпеня 1944 г. з’яўляся сакратаром Камянецкага падпольнага райкама КП(б)Б.

9–11 ліпеня 8-я брыгада (1146 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй (146-ы полк 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі). За асобыя заслугі ў развіцці партызанскага руху камандзіру брыгады С. Г. Жуніну 15 жніўня 1944 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пра баявы шлях 8-й партызанскай брыгады Сяргей Георгіевіч напісаў кнігу «От Днепра до Буга» (1974).

У 1944–1954 гг. Васілій Аляксеевіч знаходзіўся на партыйнай рабоце ў Брэсцкай вобласці. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, медалямі.

В. А. Пятроў памёр 23 кастрычніка 1967 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Пятроў Васіль Аляксеевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 515.
  2. Петров Василий Алексеевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 489.
  3. Пятроў Васіль Аляксеевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 500.
  4. Пятроў Васіль Аляксеевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 659.
  5. Партызанская брыгада 8-я // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 407–408.
  6. Партизанская бригада 8-я // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 481.
  7. Памятник партизанам : [Телеханы, Ивацевичский район] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 215.
  8. Жунін Сяргей Георгіевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 211.
  9. Жунин, С. Г. От Днепра до Буга : [о боевом пути 8-й партизанской бригады] / Сергей Георгиевич Жунин ; [лит. запись М. Потёмкина и В. Бурносова]. – Минск : Беларусь, 1974. – 272 с., [8] л. ил. – (Мемуары). – Из содерж.: На брестской земле. С. 232–250.
  10. Жунин, С. Г. Клянемся тебе, страна! / С. Г. Жунин // Вела нас партия. Минск, 1984. С. 339–350.
  11. Склад Камянецкага падпольнага райкома КП(б)Б // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 220.
Чытаць 692 разоў