Серада, 10 Сакавік 2021 10:39

22 чэрвеня 2021 г. — 40 гадоў з дня Міжнароднай сустрэчы прадстаўнікоў грамадскасці ў сувязі з 40-годдзем нападзення фашысцкай Германіі на СССР (г. Брэст; 1981)

Міжнародная сустрэча прадстаўнікоў грамадскасці была арганізавана ў г. Брэсце невыпадкова, гэта была даніна памяці гераічнай абароне Брэсцкай крэпасці, дзе свой першы крок зрабіла Вялікая Айчынная вайна. Дата сустрэчы была прымеркавана да 40-годдзя з дня нападзення фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз.

 

Удзельнікаў міжнароднага форуму 20 чэрвеня 1981 г. урачыста сустракалі ў Брэсцкім аэрапорце старшыня аблвыканкама Канстанцін Вікенцьевіч Мацюшэўскі, ганаровы грамадзянін г. Брэста Мірон Емяльянавіч Крыштафовіч, ветэраны вайны, прадстаўнікі грамадскасці.

У Брэст прыбылі прадстаўнікі нацыянальных арганізацый ветэранаў барацьбы супраць гітлераўскага фашызму, руху Супраціўлення, партызан і падпольшчыкаў, вязняў фашысцкіх канцлагераў з Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Румыніі, Чэхаславакіі, Югаславіі, а таксама краін-удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі — Велікабрытаніі, ЗША, Францыі, барацьбітоў Супраціўлення Бельгіі, Даніі, Італіі, антыфашыстаў ФРГ.

21 чэрвеня замежныя госці зрабілі экскурсію па гораду, а затым прысутнічалі на гутарцы ў аблвыканкаме, дзе даведаліся аб эканамічна-сацыяльным развіцці рэгіёна. Як дарагіх гасцей удзельнікаў міжнароднага форуму сустракалі працаўнікі калгаса «Савецкая Беларусь» Камянецкага раёна. Старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Лявонцьевіч Бядуля расказаў аб дасягненнях беларускай калгаснай вёскі.

У гарадскім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая адбылася сустрэча з брэсцкімі ветэранамі вайны. Сваімі ўспамінамі дзяліліся былы камбат Данііл Рыгоравіч Кастэнка, Герой Савецкага Саюза Мікалай Іванавіч Далжанскі, удзельнік баёў у Іспаніі, член ЦК Кампартыі ЗША Джон Бранд, актыўны ўдзельнік Супраціўлення Торкільд Дзіге з Даніі, Фёдар Пракоф’евіч Акулькін, Васіль Пятровіч Ласковіч. Сярод ветэранаў быў Герой Савецкага Саюза Павел Іванавіч Галоўкін. Пагранічнік 8-й заставы 17-га Брэсцкага пагранічнага атрада першым сустрэў агнём нямецкіх агрэсараў 22 чэрвеня 1941 г., удзельнік гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, ваяваў на розных франтах, вызначыўся пры вызваленні Украіны, Перамогу сустрэў у Празе.

22 чэрвеня адбылося пасяджэнне ўдзельнікаў міжнароднай сустрэчы «Урокі Другой сусветнай вайны і роля міжнароднай грамадскасці ў барацьбе за мір, разрадку і бяспеку народаў». Пасяджэнне адкрыў намеснік старшыні Савецкага камітэта ветэранаў вайны генерал-палкоўнік Мікалай Паўлавіч Дагаеў. Выступілі член-карэспандэнт АН СССР, начальнік Інстытута ваеннай гісторыі генерал-лейтэнант Павел Андрэевіч Жылін, былы член Дзяржаўнай надзвычайнай камісіі па расследаванні фашысцкіх злачынстваў на часова акупіраванай тэрыторыі СССР генерал-палкоўнік медыцынскай службы Яфім Іванавіч Смірноў, удзельнік Нюрнбергскага працэсу палкоўнік юстыцыі Мікалай Міхайлавіч Котляр. Падкрэслівалася авангардная роля СССР у барацьбе за мір і бяспеку народаў, неабходнасць далейшай актывізацыі дзеянняў усіх міралюбівых сіл і рухаў з тым, каб не дапусціць новага пажару на зямлі.

У другой палове дня ўдзельнікі сустрэчы наведалі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», музей абароны. А 19-й гадзіне на плошчы цырыманіялаў пачаўся мітынг працоўных г. Брэста, прымеркаваны да 40-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Выступілі намеснік Старышыні Вярхоўнага Савета БССР, Герой Савецкага Саюза Уладзімір Елісеевіч Лабанюк, намеснік генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі барацьбітоў Супраціўлення (FIR) Зігмунд Бешчанін, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці, падпалкоўнік у адстаўцы Пётр Паўлавіч Кацельнікаў, студэнтка Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна Таццяна Аніскевіч.

Удзельнікі мітынгу прынялі зварот да міжнароднай грамадскасці, у якім гаварылася: «У стен Брестской крепости, где каждая пядь земли пропитана кровью её защитников, мы торжественно заявляем: разгромив фашистских агрессоров, народы навечно заклеймили агрессию как тягчайшее преступление против человечества. Мы призываем международную общественность мобилизовать все силы и возможности на решительную борьбу против подготовки войны, за предотвращение новых опасных витков гонки вооружений».

23 чэрвеня ўдзельнікі міжнароднай сустрэчы пабывалі на экскурсіі ў Белавежскай пушчы, наведалі нядаўна пабудаваны Брэсцкі абласны палац культуры прафсаюзаў, дзе паглядзелі канцэрт народнага ансамбля танца «Брэстаўчанка». Увечары госці Брэста вылецелі самалётам у Маскву.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Навечна ў памяці людской : [пра міжнародную сустрэчу ў Брэсце] // Ленінец. Камянец, 1981. 27 чэрвеня. С. 2.
  2. Миру — мир, народам — безопасность : [о митинге в Брестской крепости] // Знамя юности. 1981. 25 июня. С. 1, 3.
  3. Никто не забыт, ничто не забыто : [о международной встрече в Бресте] // Заря над Бугом. Брест, 1981. 25 июня. С. 4.
  4. Новиков, И. Верные памяти : международная встреча ветеранов в Бресте / И. Новиков, П. Студеникин // Правда. 1981. 24 июня. С. 6.
  5. Миру — мир, народам — безопасность : [о митинге в Брестской крепости] // Советская Белоруссия. 1981. 24 июня. С. 3.
  6. Свету — мір, народам — бяспеку : [пра мітынг у Брэсцкай крэпасці] // Звязда. 1981. 24 чэрвеня. С. 3.
  7. Миру — мир, народам — безопасность : [о митинге в Брестской крепости к
    40-летию начала Великой Отечественной войны] // Заря. 1981. 24 июня. С. 2.
  8. За мир, разрядку и безопасность народов : Международная встреча общественности в Бресте // Советская Белоруссия. 1981. 23 июня. С. 1.
  9. За мир, разрядку и безопасность народов : Международная встреча общественности в Бресте // Знамя юности. 1981. 23 июня. С. 1.
  10. Іваноў, В. Няхай заўсёды будзе мір! : сустрэча ветэранаў вайны ў Расне / В. Іваноў ; фота В. Замулкі // Ленінец. Камянец, 1981. 23 чэрвеня. С. 1.
  11. За мір, разрадку і бяспеку народаў : Міжнародная сустрэча грамадскасці ў Брэсце // Звязда. 1981. 23 чэрвеня. С. 1, 3.
  12. Малашевский, В. За мир, разрядку и безопасность народов : Международная встреча общественности / В. Малашевский // Заря. 1981. 23 июня. С. 1, 3.

Чытаць 740 разоў