Пятніца, 12 Сакавік 2021 16:16

28 сакавіка 2021 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Вінцэся Вашэкі (Вячаслава Васільевіча Вашэйкі; 1966), паэта

Вячаслаў Васільевіч Вашэйка нарадзіўся 28 сакавіка 1966 г. у вёсцы Сенькавічы Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У 1983 г. скончыў СШ № 3 г. Івацэвічы. Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. Служыў у Савецкай арміі, служыць давялося ў Афганістане.

 

 

Пасля дэмабілізацыі Вячаслаў Вашэйка працаваў токарам. Завочна вучыўся на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна і выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школе в. Альба Івацэвіцкага раёна.

 

Па заканчэнні інстытутапрацаваў настаўнікам у СШ № 16 г. Брэста. Быў назначаны дырэктарам беларускага вячэрняга (напачатку нядзельнага) ліцэя пры Брэсцкім філіяле Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра, але ліцэй у 1994 г. быў скасаваны. Шэсць гадоў адслужыў інспектарам на мытні «Заходні Буг». З 2000 г. — на журналісцкай рабоце (працаваў у газеце «Брестский курьер»). Па сямейных абставінах пераехаў у Івацэвічы.

 

Вячаслаў Вашэйка друкаваўся са школьных гадоў. Аднак упершыню сур’ёзна заявіў пра сябе як аўтар афганскіх вершаў. Вайсковая служба ў тым рэгіёне наклала значны адбітак на яго творчасць. Піша на беларускай мове, падпісвае вершы старабеларускім імем Вінцэсь і крыху змененым прозвішчам Вашэка. Быў удзельнікам семінара маладых літаратараў у Іслачы.

 

Вершы Вінцэся Вашэкі публікаваліся ў газетах «Заря», «Чырвоная змена», «Народная трыбуна», «Івацэвіцкі веснік» (раней «Кастрычнік»), часопісах «Маладосць», «Крыніца», у зборніках «Берасцейскія карані», «Паэзія Берасцейшчыны», «Дзядзінец», «Белой Вежи свет», у перакладах на рускую мову ў маскоўскіх выданнях. Паэзія Вінцэся Вашэкі прыцягвае чытача шчырасцю, адкрытасцю, глыбокім сэнсам, які часта трымаецца на асацыяцыях.

 

Выдаў кнігу вершаў «Лампаднае святло» (2000) у серыі «Берасцейскае вогнішча». Рэдактарам быў Алесь Каско, ілюстрацыі зрабіла вядомая брэсцкая мастачка Настасся Фяцісава. Аўтар кранае вечныя тэмы кахання, сяброўства, любові да родных мясцін. Роздум над сэнсам жыцця прысутнічае ў ягоных паэтычных радках, як роднае паветра. Эмацыйна насычаныя, часам падсвечаныя светлым смуткам, ягоныя сціслыя і ёмістыя вершы не пакідаюць чытача абыякавым.

 

У 1990-я гг.Вінцэсь Вашэка актыўна ўдзельнічаў у рабоце літаратурнага аб’яднання «Заранка» пры абласной газеце «Заря». Разам з Сяргеем Храмавым, Ніянай Загарэўскай наведвалі школы і бібліятэкі, дзе выступалі з вершамі, спявалі песні пад гітару, прапагандавалі беларускую мову.

 

Імя Вінцэся Вашэкі стала добра вядома аматарам бардаўскай песні. Ён прымаў удзел у фестывалі аўтарскай песні «Новы горад» у Магілёве, дзе нават выйшаў у фінал. Быў кіраўніком студыі беларускай аўтарскай песні «Вежа», у якую ўвайшлі Алесь Паплаўскі, Сяргей Храмаў, Ніяна Загарэўская, Вольга Сідарук. «Вежа» выступала ў навучальных установах, бібліятэках, на прэзентацыях кніг і тэматычных вечарынах.

 

Вінцэсь Вашэка спрабуе свае сілы і ў мастацкай прозе. У гэтым жанры выступіў у 199г. у газеце «Чырвоная змена». Дэбют аказаўся паспяховым — газета прызнала яго апавяданне «У дзень нараджэння» лепшым апавяданнем года. Паэт друкуецца і цяпер у розных перыядычных выданнях.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

 

Творы В. Вашэкі

 

  1. Лампаднае святло : вершы / Вінцэсь Вашэка ; [мастак Настасся Фяцісава]. – Брэст : Цэнтр «Вежа», 2000. – 62 с. : iл. – (Берасьцейскае вогнiшча).
  2. Берасце ; Вечнасць ; «Мы кахаем адно аднаго» ; «Адзіная. Спакуса. Прага. Наталенне» : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 224–225.
  3. «Снова мне выпадает дорога...»; «Земля ссохлась — до окаменелости...» : [стихи] / Винцесь Вашека // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Минск, 2010. С. 147–148.
  4. Спакой самоты : «Цудоўная пані, як дзіўна...» ; Акраверш ; «Пяшчота возера і парк стары, дзічэлы...» ; «Без курлыкання ляцелі жураўлі...» ; «Час вымяраем праз абдымкі...» ; Успамін ; «Шчымліва рэха дня заціхне...» ; Вечнасць ; Афганістан ; На мяжы ; Душа : Алесю Каско : вершы / Вінцэсь Вашэка // Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны. Брэст, 1999. С. 283–287.
  5. Лампаднае святло: [верш] / Вінцэсь Вашэка // Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1993. С. 148.
  6. Цудоўная пані : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Івацэвіцкі веснік. 2020. 13 мая. С. 6.
  7. Адзіная ; Поўня ; Экспромт : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Івацэвіцкі веснік. 2018. 28 жніўня. С. 5.
  8. Вандроўка : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Івацэвіцкі веснік. 2018. 8 мая. С. 8.
  9. «Даруй, не ведаў, што ёсць...»: [верш] / Вінцэсь Вашэка // Івацэвіцкі веснік. 2018. 10 красавіка. С. 5.
  10. Кітаец : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Заря. 2009. 27 августа. С. 17.
  11. Мяжа ; «Неба зхланае хмарамі...» ; Кітаец : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Наша ніва. 2009. 7 лютага. С. 30.
  12. Лампаднае святло ; Пакаранне : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Заря. 2008. 18 декабря. С. 8.
  13. …І выпаў снег : «Позна ўвечары...» ; «Цудоўная пані. Як дзіўна...» ; «Па аўтавакзале бегае...» ; Неба засцелена хмарамі...» ; Берасце ; Камянецкая вежа ; Пакаянне ; Душа : Алесю Каско ; Пакаранне ; Кітаец ; З М. Звяздзінскага : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Маладосць. 2008. № 11. С. 49–51.
  14. «Цягнік ідзе на Уладаву...» ; «Неба засцелена хмарамі...» ; «Сяброўка мая, і каханка, і жонка...» : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Наша ніва. 2008. № 5.
  15. Барна, У. Анёл слова : [верш] / Уладзімір Барна ; пер. з украінскага ВінцэсьВашэка // Заря. 2008. 15 мая. С. 17.
  16. Берасце : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Брестский курьер. 2008. 7 февраля. С. 32.
  17. Душа : Алесю Каско : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Заря. 2008. 24 января. С. 8.
  18. «Я чакаю цябе. Час ідзе ў задуменні…» ; У вандроўцы : [вершы] / Вінцэсь Вашэка // Заря. 2007. 20 декабря. С. 8.
  19. Камянецкая вежа : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Бібліяпанарама. Брэст, 2003. Вып. 7. С. 15.
  20. «Сябрук...» : памяці В. Сахарчука : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Сельская праўда. Жабінка, 2003. 5 сакавіка. С. 3.
  21. Дзень нараджэння : апавяданне // Вінцэсь Вашэка // Народная трыбуна. 2003. 22 лютага.
  22. Берасце : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Заря. 1997. 13 мая.
  23. Вечнасць : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Царква. 1997. № 1. С. 15.
  24. «Адраджаецца душа...» : Алесю Каско : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Крыніца. 1996. № 7. С. 96.
  25. Мы кахаем адно аднаго : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Народная трыбуна. 1995. 30 снежня.
  26. Лампаднае святло ; Акраверш ; «Праз пачуцьця...» ; Пакаранне : [верш] / Вінцэсь Вашэка // Народная трыбуна. 1994. 23 красавіка.
  27. Дзень нараджэння : апавяданне / Вінцэсь Вашэка // Народная трыбуна. 1993. 31 ліпеня.
  28. У дзень нараджэння : апавяданне / Вінцэсь Вашэйка // Чырвоная змена. 1992.
    17–23 жніўня. С. 9.
  29. «Зноў спякотай апальваюць» ; «Людзі. Слухайце план...» : [вершы] / В. Вашэйка // Заря. 1991. 19 марта.
  30. «Грохочет взрыв, крошащий камни, как таран...» ; «Как здорово сцепились мы, как здорово...» : [стихи] / В. Вашейко // Заря. 1990. 17 июля.
  31. Афганский дневник : [стихи] / В. Вашейко // Заря. 1989. 4 апреля.

 

 

 

Аб жыцці і творчасці В. Вашэкі

 

  1. Вінцэсь Вашэка // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэдактар і ўкладальнік Анатоль Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 275.
  2. Вінцэсь Вашэка // Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 307–308.
  3. Валасюк, Л. Лампаднае святло : [пра паэта В. Вашэку] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 224, 264.
  4. Борсук, Н. М. Канцэпт маці-мадонны ў паэтычным свеце М. Багдановіча і нашых сучаснікаў [В. Вашэкі, А. Дэбіша, В. Дэбіша, В. Вабішчэвіча, В. Барысюка, А. Каско, Н. Мацяш, У. Калесніка, К. Жмінько, І. Лагвіновіча, М. Аляхновіча, С. Амельчука, М. Рудкоўскага, М. Антаноўскага, Р. Бензерука, М. Пракаповіча] // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2005. № 1. С. 4–11.
  5. Каско, А. «Снег пералётны, пыл і смецце...» : Вінцэсю Вашэку : [верш] / Алесь Каско // Трохкроп’е : вершы, пераклады, запісы / Алесь Каско. Брэст, 2001. С. 32.
  6. Мельнікава, З. Айчына — наш агульны абавязак : [агляд сучаснай паэзіі Брэсцкай вобласці, узгадваецца Вінцэсь Вашэка] / Зоя Мельнікава // Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны. Брэст, 1999. С. 3–19.
  7. Каско, А. «Сьнег пералётны, пыл і смецьце» : Вінцэсю Вашэку : [верш] / Алесь Каско // 45 : вершы / Алесь Каско. Брэст, 1996. С. 15.
  8. Аксенiн, С. Беласточчына сустрэла бардаў : [пра ўдзел берасцейцаў Сяргея Храмава і Вінцэся Вашэкі ў VI фестывалi беларускай бардаўскай песнi ў г. Беластоку (Польшча)] / С. Аксенін // ЛіМ. 1999. 12 лiстапада. С. 3.
  9. Микрюков, А. Одна «Вежа» — два лауреата : [о студии белорусской авторской песни «Вежа»] / А. Микрюков // Брестский курьер. 1995. 18 мая. С. 12.
  10. Пракаповіч, М. Вырасла «Вежа» ў Берасці : [пра студыю бардаўскай песні «Вежа»] / Мікола Пракаповіч // Звязда. 1994. 22 чэрвеня. С. 4.
  11. Дэбют бардаў : [пра канцэрт гурта бардаўскай песні «Вежа» ў Брэсцкім тэатры лялек; узгадваецца В. Вашэка] // Народная трыбуна. 1994. 11 чэрвеня.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1355 разоў