Драўляны храм у Рублі спалучае традыцыі ўсходнепалескага дойлідства і рысы стылю барока. Трохзрубны храм глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага ў плане бабінца, 8-граннага выцягнутага па папярочнай восі цэнтральнага і 5-граннага алтарнага (з рызніцай на поўнач) зрубаў. У ХІХ ст. да бабінца і бакоў асноўнага зруба прыбудаваны прамавугольныя ў плане тамбуры, што надало збудаванню крыжовы план.
Завяршэнне цэнтральнага зруба 2-яруснае (васьмярык на чацверыку), бабінца і алтара 1-яруснае васьмерыковае. Кожны верх увенчаны складаным барочным 2-ярусным купалам. Тамбуры накрыты 2-схільнымі, рызніца — 1-схільным дахамі. Сцены вертыкальна ашаляваны (цяпер афарбаваны ў блакітны колер), прамавугольныя вокны аздоблены плоскімі ліштвамі з трохвугольнымі франтончыкамі ў завяршэнні.
У інтэр’еры дамінуе прастора цэнтральнага 3-светлавога аб’ёму, у верхняй частцы бабінца — хоры, якія выходзяць у асноўны аб’ём вялікім праёмам з балюстрадным парапетам. Алтарнае памяшканне аддзяляе ярусны разны іканастас. Захаваліся абразы ХVIII–ХIХ стст.: «Маці Божая Адзігітрыя», абраз-таблетка «Маці Божая Адзігітрыя і святы Мікалай Цудатворац», «Хрышчэнне», «Спас Пантакратар». Маецца Евангелле ў абкладзе 1773 г.
На захад ад царквы размешчана 3-ярусная званіца (верхні ярус васьмерыковы, ніжнія — чацверыковыя), накрытая гранёным купальным дахам.
У прыходзе святога архангела Міхаіла служылі: у 1788–1817 гг. — протаіерэй Грыгорый Раслаўскі, затым Ігнацій Сулкоўскі, Фёдар Смародскі, Стэфан Сулкоўскі. У 1877 г. дзейнічала прыходская школа, у якой навучаліся 30 хлопчыкаў. У 1912 г. навучаліся 112 хлопчыкаў і 4 дзяўчынкі.
У в. Хотамель у невялікай часоўні на могілках расце каменны крыж, да якога ідуць паломнікі. У 1932 г. у прыходзе адбыўся цуд — жанчына, Анастасія Разановіч, якая 13 гадоў не бачыла, пачала бачыць як раней, калі з малітвай прыйшла да каменнага крыжа ў Хотамлі. У сувязі з цудам 21 чэрвеня да каменнага крыжа быў праведзены хрэсны ход, на які сабралася 10 тыс. чалавек. А над крыжом пасля таго пабудавалі невялікую часоўню, у 1974 г. яе перабудавалі з цэглы.
З 1931 па 1945 г. настаяцелем служыў Аляксей Задзяркоўскі. У 1936–1937 гг. быў зроблены рамонт царквы: стары гонтавы дах зняты і пастаўлены новы з ацынкаванай бляхі, зроблены цагляны фундамент. У 1938 г. зроблена новая агароджа вакол царквы. У час Вялікай Айчыннай вайны — у маі – чэрвені 1944 г. — вёска Рубель была спалена фашыстамі, забіты 122 жыхары, толькі царква і адзін дом уцалелі.
У 1946–1962 гг. — настаяцель Аляксандр Ляцко, у 1967–1974 гг. — Фёдар Бразоўскі. У 1981–1994 гг. — Аляксей Міхлюк, пры якім у Рублі пабудавана новая мураваная царква ў імя Нерукатворнага Вобраза Гасподняга, якая асвячона 9 чэрвеня 1993 г. З 1994 г. служыць айцец Пётр Ліпскі. Свята-Міхайлаўская царква — помнік архітэктуры, у якім спалучаюцца традыцыі беларускай палескай школы дойлідства з рысамі стылю барока. Прастольнае свята — 21 лістапада.
Больш за 200 (па іншых звестках — больш за 300) ураджэнцаў в. Рубель сталі святарамі, многія дзяўчаты — матушкамі. У Год малой радзімы (2019) каля 100 святароў, ураджэнцаў Рубля, перадалі ў дар вёсцы бронзавую скульптуру нябеснага пакравіцеля вёскі — архангела Міхаіла. Скульптура ўстаноўлена ля Свята-Міхайлаўскай царквы. Аўтар праекта — скульптар Аляксандр Сяргеевіч Шомаў (Мінск).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Рубельская Міхайлаўская царква / Ю. А. Якімовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 419–420.
- Рубельская Міхайлаўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 285–286.
- Рубельская Михайловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 316.
- Рубельская Свято-Михайловская церковь / Г. А. Лаврецкий // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 518.
- Рубельская Свято-Михайловская церковь // Туристские регионы Беларуси / сост. Л. В. Ловчая. Минск, 2008. С. 94.
- Царква ў імя святога архангела Міхаіла // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 352.
- Рубельская Свято-Михайловская церковь // Туристские регионы Беларуси / сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. Минск, 2007. С. 499.
- Михайловская церковь / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 395.
- Рубельская Міхайлаўская царква / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 516–517.
- Вабищевич, А. Н. Состояние православных приходов на Полесье в середине ХIХ в. (на примере Рубельского прихода Мозырского уезда) / А. Н. Вабищевич // VI Навукова-краязнаўчая канферэнцыя «Пружанскі дыярыуш». Брэст, 2017.
С. 15–21. - Вабищевич, А. Н. Рубельский православный приход на Столинщине (конец XVIII – начало ХХ в.) / А. Н. Вабищевич // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2, Гісторыя. Эканоміка. Права. 2018. № 1. С. 17–27.
- Ломоносова, Д. «В нашей деревне родилось 300 священников» : [о приходе в д. Рубель Столинского района] / Дарья Ломоносова ; фото: Виктор Гилицкий // Комсомольская правда в Белоруссии. 2014. 5–11 июня. С. 18 : фот.