Серада, 07 Красавік 2021 12:06

2021 г. — 95 гадоў з часу стварэння Брэсцкага акруговага камітэта «Сельраб» (1926), рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыі працоўных Заходняй Украіны

Па ініцыятыве Камуністычнай партыі Заходняй Украіны 10 кастрычніка 1926 г. у Львове было створана Украінскае сялянска-рабочае сацыялістычнае аб’яднанне — «Сельраб». З’явілася яно на базе радыкальных сялянскіх арганізацый «Народная воля» і «Сялянскі саюз» («Сельсаюз»). Масавая легальная рэвалюцыйна-дэмакратычная арганізацыя працоўных была створана пры актыўным удзеле савецкіх дыпламатаў і Камінтэрна, яго палітычная платформа была блізкай да платформы КПЗУ.

 

«Сельраб» патрабаваў прадастаўлення зямлі без выкупу, стварэння рабоча-сялянскага ўрада, самавызначэння і аб’яднання ўкраінскіх зямель у рэспубліцы рабочых і сялян і інш. Выдаваў друкаваныя выданні: газеты «Сельроб» (Львоў), «Воля народу», «Наше слово», «Нове життя», часопіс «Вікна». Публікацыі выкрывалі палітыку ўлад Польшчы ў Заходняй Украіне і Заходняй Беларусі, прапагандавалі поспехі СССР, абуджалі класавую свядомасць працоўных, падымалі на барацьбу супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, за ўз’яднанне з СССР.

Лідарамі «Сельраба» былі Кірыл Міхайлавіч Вальніцкі, Кузьма Мікалаевіч Пеляхаты і інш. За ўплыў на «Сельраб» ішла вострая барацьба паміж КПЗУ і ўкраінскімі буржуазна-нацыяналістычнымі партыямі, якіх падтрымліваў дзяржаўны апарат Польшчы. Абвастрэнне ўнутраных рознагалоссяў прывяло ў 1927 г. да расколу на «Сельраб-лявіцу» і «Сельраб-правіцу». У маі 1928 г. была створана аб’яднаная арганізацыя «Сельраб-адзінства» на платформе рэвалюцыйнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы.

У Валынскім ваяводстве «Сельраб-правіца» была самай уплывовай украінскай палітычнай партыяй. Арганізацыя распаўсюджвала свой уплыў таксама на паўднёвую частку Заходняй Беларусі, у т. л. на Брэсцкі павет Палескага ваяводства. «Сельраб» часта выступаў разам з беларускімі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі арганізацыямі — Беларускай сялянска-рабочай грамадой (дзейнічала ў 1925–1927 гг.) і «Змаганнем» (дзейнічала ў 1927–1930 гг.).

Брэсцкі акруговы камітэт «Сельраб» быў створаны ў 1926 г. Кіраўнікамі былі Ігнат Панасюк і І. Кароль. Некаторы час камітэт знаходзіўся на вул. Дамброўскага (цяпер Савецкая), 142. Мясцовыя камітэты існавалі ў Кобрыне, Высокім, Камянцы, Драгічыне, Іванаве. Пярвічныя арганізацыі ствараліся ў многіх вёсках і мястэках. Члены КПЗБ сумесна з членамі «Сельраба» ўзначальвалі масавыя выступленні сялян, антыфашысцкія дэманстрацыі працоўных.

2 кастрычніка 1927 г. у Брэсце-над-Бугам адбыўся мітынг з удзелам 300 прадстаўнікоў «Сельраба». Яны патрабавалі навучання дзяцей на роднай мове і свабоду палітычным зняволеным. Таксама «Сельраб» шмат увагі надаваў арганізацыі Першамайскіх дэманстрацый і мітынгаў.

Леварадыкальны рух на тэрыторыі Польшчы фінансаваўся з СССР. У 1928 г. украінскі «Сельраб» праз савецкае пасольства ў Варшаве атрымаў не меньш за 10 тыс. долараў для падрыхтоўкі да выбараў у сейм.

На парламенцкіх выбарах 1928 г. у Кобрынскім павеце 17 825 чалавек (54,3 %) прагаласавалі за спісак левай украінскай партыі «Сельраб-лявіца», 2769 галасоў (8,4 %) набрала «Сельраб-дзясніца». У Драгічынскім павеце «Сельраб-лявіца» сабрала 11 270 галасоў (49,6 %). У Брэсцкім павеце падтрымка «Сельраба» склала 13 331 голас (30,1 %). На тэрыторыі дзвюх акруг у Палескім ваяводстве адносна добрых вынікаў дасягнулі абедзве часткі «Сельраба», атрымаўшыя разам 3 мандаты.

Па Брэсцкай акрузе ў сейм ад «Сельраб-лявіцы» прайшоў адзін беларус Іван Мікалаевіч Грэцкі (1898–1937), ураджэнец в. Бялавічы Косаўскага павета (цяпер Iвацэвiцкага раёна). У 1924–1927 гг. з’яўляўся сакратаром Косаўскага падпольнага райкама КПЗБ. Быў актывістам Таварыства беларускай школы. У сейме стаў адным з кіраўнікоў фракцыі і нацыянальна-вызваленчай арганізацыі «Змаганне», абраны яе сакратаром. За рэвалюцыйную дзейнасць 30 жніўня 1930 г. арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай у 1932 г. прыехаў у Мінск. У 1937 г. арыштаваны, загінуў у зняволенні. У Івацэвічах яго імем названа вуліца.

Улады Польшчы пастаянна праследавалі арганізацыю. 15 верасня 1932 г. было аб’яўлена аб роспуску «Сельраба», яго актыўныя дзеячы былі арыштаваны.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. «Сельраб» // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 309–310.
  2. Сельраб // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1.
    С. 277–278.
  3. «Сялянскі саюз» ; «Сельроб» // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 237.
  4. «Сельроб» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 326–327.
  5. «Сельсоюз» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 327–328.
  6. Беларуская сялянска-работніцкая грамада / У. А. Палуян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 416.
  7. Беларуская сялянска-рабочая грамада / У. А. Палуян // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 232.
  8. «Змаганне» / І. П. Хаўрутовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 93.
  9. «Змаганне» / І. П. Хаўрутовіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 583.
  10. Грецкий Иван Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 302.
  11. Грэцкі Іван Мікалаевіч / Уладзімір Палуян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 168.
  12. Грэцкі Іван Мікалаевіч / У. А. Палуян // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 64.
  13. Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921–1939 гг.) / [А. Н. Мацко и др.] ; Институт истории партии при ЦК КПБ – филиал Института марксизма-ленинзма при ЦК КПСС. – Минск : Беларусь, 1966. – 403 с., [8] л. ил.
  14. Гецевич, А. Парламентские выборы 1928 года в Западной Беларуси / Андрей Гецевич // Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі. Памяці прафесара Івана Коўкеля : зб. навук. арт. – Гродна, 2017. С. 142–149.
Чытаць 772 разоў