Пасля вызвалення Беларусі ў жніўні 1944 г. абласны савет «Асаавіяхім» аднавіў сваю работу. З 30 жніўня 1944 па снежань 1945 г. яго ўзначальваў капітан Нікіфар Васільевіч Гнацюк, са студзеня 1946 па вераснь 1947 г. — Іван Кузьміч Непабядзімцаў, з кастрычніка 1947 па сакавік 1949 г — Васіль Уладзіміравіч Юскевіч. Адной з важнейшых і першачарговых задач, якія стаялі перад арганізацыяй, было размініраванне тэрыторыі ў вызваленых гарадах і раёнах. Каманды Брэсцкай, Баранавіцкай і Пінскай абласцей, створаныя на добраахвотнай аснове, размініравалі 2948 мінных палёў, сабралі 9,5 млн узрыванебяспечных прадметаў.
Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ) было заснавана 20 жніўня 1951 г. у выніку зліцця таварыстваў ДТСАРМ, ДТСАВ і ДТСФЛОТ, на якія ў 1948 г. рэарганізаваны «Асаавіяхім». Прапагандавала ваенныя веды, рыхтавала моладзь да вайсковай службы, развівала ваенна-тэхнічныя віды спорту.
Пасля скасавання Баранавіцкай і Пінскай абласцей (1954) Брэсцкаму абласному камітэту ДТСААФ былі падначалены Брэсцкі, Баранавіцкі і Пінскі гарадскія камітэты, 22 раённыя камітэты, 6 школ СПА, аўтаклуб, вучэбны цэнтр, стралкова-спартыўны клуб, марскі клуб, 2 выратавальныя станцыі, аўташкола на дзяржразліку.
6 сакавіка 1957 г. у Брэсце адбыўся абласны сход партыйна-дасаафаўскага актыву, прысвечаны пытанням паляпшэння абаронна-масавай работы. З дакладам выступіў першы сакратар абкама КПБ П. М. Машэраў. Па выніках работы 1957 г. Брэсцкая абласная арганізацыя ДТСААФ заняла 1-е месца па рэспубліцы і атрымала пераходны Чырвоны сцяг.
У 1959 г. арганізацыі ДТСААФ вобласці падрыхтавалі 2446 вадзіцеляў, 1594 матацыклісты, 324 трактарысты, 970 радыстаў. Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва за 1969 г. у Беларусі Брэсцкая абласная арганізацыя заняла 1-е месца і ўзнагароджана Ганаровай Ленінскай граматай ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў БССР і Белсаўпрафа.
З 1966 г. выпускалася латарэя ДТСААФ СССР. Выручаныя сродкі ішлі на абаронна-масавую работу, капітальнае будаўніцтва аб’ектаў таварыства: спартыўныя комплексы, аўташколы, гоначныя трасы і інш. Так быў пабудаваны чатырохпавярховы будынак Брэсцкай радыётэхнічнай школы па вул. Генерала Папова, 18. Тут у 1971 г. быў створаны Брэсцкі абласны дом ДТСААФ — метадычны цэнтр патрыятычнай і абаронна-масавай работы арганізацый ДТСААФ вобласці. Адкрыты кабінеты ваенна-патрыятычнай прапаганды і прапаганды ваенна-тэхнічных ведаў. Мелася кіназала на 320 месцаў. Працавалі бібліятэка і фоталабараторыя.
Дом ДТСААФ вёў шырокую ваенна-патрыятычную прапаганду сярод працоўных, у першую чаргу сярод моладзі. Распаўсюджваў ваенна-тэхнічныя веды, арганізоўваў метадычную работу і абагульненне перадавога вопыту. Працавалі ўніверсітэт і лекторый ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі прызыўнога і дапрызыўнога ўзросту. Дом аказваў практычную дапамогу пярвічным арганізацыям ДТСААФ горада ў правядзенні лекцый і дакладаў, тэматычных вечароў і іншых мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнага характару, у падрыхтоўцы моладзі да службы ва Узброеных Сілах СССР.
Брэсцкая абласная арганізацыя ДТСААФ у 1973 і 1975 гг, з 1978 па 1982 г. па выніках сацыялістычнага спаборніцтва сярод арганізацый Беларусі займала першае месца. У 1979 г. узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1985 г. калектывам і актывам дома ДТСААФ было прачытана 586 лекцый, праведзена навукова-практычная канферэнцыя, 38 тэматычных вечароў, 7 агітпрабегаў, 81 урок мужнасці.
Абласная арганізацыя ДТСААФ у 1987 г. налічвала больш за 700 тыс. членаў, аб’ядноўвала 5 гарадскіх і 16 раённых, больш за 2100 пярвічных арганізацый. У яе склад уваходзілі 7 школ, якія рыхтавалі спецыялістаў для арміі і народнай гаспадаркі, спартыўна-стралковы і авіяцыйна-тэхнічны клубы, клубы дэльтапланерны і службовага сабакаводства, 380 стралковых ціраў і інш.
Кіраўнікі Брэсцкай абласной арганізацыі: Дзмітрый Андрэевіч Волкаў (1960–1964), Павел Ціханавіч Еўсін (1964–1973), Уладзімір Пятровіч Надзёжын (1974–1984), Анатоль Афанасьевіч Буранкоў (1984–1995).
У сувязі з распадам Савецкага Саюза ў жыцці і дзейнасці абароннага таварыства адбыліся істотныя змены. 6 кастрычніка 1991 г. было створана Абароннае спартыўна-тэхнічнае таварыства Рэспублікі Беларусь, пазней перайменаванае ў Беларускае абароннае спартыўна-тэхнічнае таварыства. Удалося захаваць матэрыяльна-тэхнічную базу і працягваць рыхтаваць спецыялістаў для Узброеных Сіл. З 1997 г. абароннае таварыства Брэсцкай вобласці пад кіраўніцтвам Аляксандра Пятровіча Запугавічэнкі (1995–2003) займае 1-е месца сярод абласных таварыстваў рэспублікі.
У жніўні 2003 г. таварыству вернута ранейшая назва — ДТСААФ. З лютага 2004 г. Брэсцкую абласную арганізацыйную структуру ўзначальвае Мікалай Мікалаевіч Арсяновіч, выпускнік Ваеннай акадэміі імя М. І. Калініна (1993), узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» (2010), ордэнам Пашаны (2017).
Брэсцкая ААС ДТСААФ захоўвае і прымнажае традыцыі абароннага таварыства, уносіць рэальны ўклад у практычнае выкананне важнейшых дзяржаўназначных задач: патрыятычнае выхаванне моладзі, падрыхтоўку да воінскай службы, падрыхтоўку спецыялістаў для Узброеных Сіл, кадраў масавых тэхнічных прафесій, актыўна далучае моладзь да заняткаў тэхнічнымі, авіяцыйнымі і ваенна-прыкладнымі відамі спорту.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Дом ДОСААФ областной // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 201–202.
- Добровольное общество содействия армии, авиации и флоту Республики Беларусь / П. А. Лебедев // Республика Беларусь : эницклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 394.
- Баларускае абарончае спартыўна-тэхнічнае таварыства / Г. К. Кісялёў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 393.
- Добровольное общество содействия армии, авиации и флоту / В. Н. Савин // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1980. Т. 3. С. 202.
- ДТСААФ СССР // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 297–298.
- Арсенович, Н. Н. ДОСААФ: школа мужества и отваги : [беседа с председателем Брестской областной организационной структуры ДОСААФ] / Николай Николаевич Арсенович ; беседовал Николай Ярмошук // Заря. 2017. 2 марта. С. 6.
- Шиферштейн, Д. Белорусскому ДОСААФ — 90 лет! : [о работе Брестской областной организационной структуры ДОСААФ] / Дмитрий Шиферштейн // Вечерний Брест. 2017. 1 марта. С. 7.
- Арсенович, Н. Н. ДОСААФ: держим марку : [беседа с председателем Брестской областной организационной структуры ДОСААФ] / Николай Николаевич Арсенович ; [беседовал] Евгений Литвинович // Заря. 2013. 12 марта. С. 4.
- Майский, Г. На передовых позициях : [о деятельности областной организационной структуры ДОСААФ] / Г. Майский // Заря. 2009. 24 ноября. С. 4.
- Федоров, В. Награда военного совета : [о награждении Брестской организации ДОСААФ переходящим Красным знаменем Военного совета БВО] / В. Федоров // Заря. 1982. 21 декабря.
- Федоров, В. С позиций возросших требований : с областной конференции ДОСААФ / В. Федоров // Заря. 1980. 8 января.
- Федоров, В. Растить патриотов : с ХI областной конференции ДОСААФ / В. Федоров // Заря. 1976. 7 декабря.
- Курзинер, М. Брестская радиотехническая... : [школа ДОСААФ] / М. Курзинер // Заря. 1976. 5 марта.
- Бурковский, В. Звучат в эфире позывные... : [о радиотехнической школе ДОСААФ г. Бреста] / В. Бурковский // Советский патриот. 1976. 1 февраля.
- Федоров, В. Десятая областная : [конференция ДОСААФ] / В. Федоров // Заря. 1975. 8 января.
- Семчин, Н. Благородное дело : [о работе областной организации ДОСААФ] / Н. Семчин // Заря. 1973. 20 сентября.
- Семчин, Н. Для укрепления базы : [о распространении в области билетов лотереи ДОСААФ] / Н. Семчин // Заря. 1971. 28 сентября.
- Семчин, Н. Победители смотра : [об итогах областного смотра-конкурса оборонно-массовой работы в учебных заведениях] / Н. Семчин // Заря. 1971. 14 сентября.