Панядзелак, 19 Красавік 2021 10:20

2021 г. — 95 гадоў з часу стварэння на Брэстчыне гурткоў Таварыства беларускай школы (1926), культурна-асветніцкай арганізацыі Заходняй Беларусі

Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. амаль 4,5 млн беларусаў, жыхароў Заходняй Беларусі, апынуліся пад уладай Польскай Рэспублікі. Савецкі ўрад прадугледжваў захады для абароны інтарэсаў насельніцтва, якое адышло да Польшчы. Польская Рэспубліка абавязалася даць рускім, украінцам і беларусам усе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё іх культуры, мовы, выканання рэлігійных абрадаў, ствараць для гэтага школы, таварыствы, саюзы. Гэтыя ж правы гарантаваліся палякам на тэрыторыі РСФСР, УССР і БССР. Аднак Польшча не выканала ўзятых абавязацельстваў і праводзіла ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне бязлітасную акупацыйную палітыку.

 

На аснове рашэння Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні ў 1921 г. была створана культурна-асветніцкая арганізацыя «Таварыства беларускай школы», яе статут быў зацверджаны 1 ліпеня 1921 г. Таварыства імкнулася распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Адкрывала і ўтрымлівала народныя школы і дамы, курсы, настаўніцкія семінарыі, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдавала часопісы, падручнікі і іншую літаратуру, займалася канцэртнай дзейнасцю. Выступала супраць паланізацыі, сацыяльнага прыгнёту, праводзіла шырокую дзейнасць па адкрыцці беларускіх школ, павышала агульнаадукацыйны і культурны ўзровень насельніцтва, яго нацыянальную свядомасць.

У першыя гады існавання ТБШ пазбягала палітычных метадаў і сродкаў змагання, было прыхільнае выключна асветніцтву. Наладжвала курсы для настаўнікаў, аказвала матэрыяльную і навучальна-метадычную дапамогу беларускім гімназіям і пачатковым школам.

Пад уплывам і кіраўніцтвам Беларускай сялянска-работніцкай грамады, беларускага клуба «Змаганне» і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ТБШ ператварылася ў масавую арганізацыю. З 1926 г. атрымала магчымасць легальнай працы ў Віленскім, Навагрудскім, Беластоцкім і Палескім ваяводствах.

На Брэстчыне гурткі ТБШ з’явіліся ў 1926 г. Большая іх частка была ў Косаўскім, Баранавіцкім, Пружанскім і Пінскім паветах. На 1929 г. у Палескім ваяводстве было 55 гурткоў ТБШ, якія аб’ядноўвалі 1058 членаў; на 1931 г. — 54 гурткі і 1092 члены. У Брэсцкім павеце быў толькі адзін гурток Таварыства. З яго дапамогай 23 сакавіка 1934 г. у Брэсце-над-Бугам быў праведзены Дзень беларускай школы. ТБШ было самай актыўнай, а фактычна адзінай беларускай культурна-асветніцкай арганізацыяй, якая дзейнічала ў Палескім ваяводстве.

У Косаўскім павеце на 1931 г. было 45 гурткоў і 970 членаў. У студзені 1931 г. гурткі ТБШ у Пружанскім і Косаўскім паветах дзейнічалі даволі актыўна, быў праведзены шэраг культурных і забаўляльных мерапрыемстваў, адначасова праходзілі сходы кіраўніцтва. Самымі актыўнымі былі гурткі ў Квасевічах, Варанілавічах, Блізне, Байках, Калазубах, Шэнях Пружанскага павета. У Шэнях пры гуртку ТБШ мелася бібліятэка ў 315 тамоў (самая вялікая ў Палескім ваяводстве).

Сярод кіраўнікоў ТБШ вядомы Рыгор Раманавіч Шырма (1892–1978), ураджэнец Пружаншчыны, педагог, фалькларыст, музычны дзеяч. З 1927 г. узначальваў Таварыства і заставаўся сакратаром галоўнай управы да забароны арганізацыі. За гэты час ён аб’ехаў усю Заходнюю Беларусь, наладжваў усюды гурткі ТБШ, хоры і школы з беларускай мовай навучання, дапамагаў ставіць спектаклі. У Таварыстве актыўна працаваў Піліп Сямёнавіч Пестрак (1903–1978), ураджэнец Івацэвіччыны, член КПЗБ з 1926 г., пісьменнік. П. С. Пестрак жыў у Косаўскім павеце, з 1926 г. узначальваў падпольны райкам КПЗБ.

Таварыства выкрывала антыбеларускую сутнасць школьнага заканадаўства Польшчы, арганізавала масавую кампанію падачы заяў аб адкрыцці беларускіх школ. Выказвала рашучы пратэст супраць закрыцця беларускіх гімназій і пачатковых школ, выступала за дэмакратызацыю народнай адукацыі. ТБШ пераўтварылася ў моцную культурна-асветніцкую арганізацыю, якая рэальна супрацьдзейнічала планам паланізацыі Заходняй Беларусі.

З 1929 г. польскія ўлады пачалі закрываць беларускія гімназіі ў Радашковічах, Клецку, Навагрудку, шэраг беларускіх пачатковых школ, перашкаджалі дзейнасці ТБШ, забаранялі акруговыя і павятовыя з’езды, управы, гурткі, клубы, бібліятэкі, арыштоўвалі і судзілі кіраўнікоў, актывістаў. У выніку на канец 1930 г. колькасць членаў ТБШ скарацілася ўтрая. У 1930-я гг. пазіцыі ТБШ падарвалі складанасці, цяжкасці ў грамадска-палітычным жыцці ў БССР.

У канцы 1936 г. у Заходняй Беларусі існавалі толькі 8 беларускіх і 14 польска-беларускіх пачатковых школ, адзіная беларуская гімназія ў Вільні. Амаль поўная адсутнасць беларускіх школ выклікала пашырэнне самаадукацыі, хатняга навучання. 2 снежня 1936 г. польскія ўлады забаранілі Таварыства беларускай школы, у студзені 1937 г. адбыўся канчатковы роспуск.

22 сакавіка 1996 г. было створана Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай школы». Арганізацыя аб’ядноўвае грамадзян з мэтай садзейнічання фарміраванню нацыянальнай адукацыйнай сістэмы ўсіх узроўняў, захаванню і развіццю беларускай культуры, традыцый і духоўнасці.

Гісторыю беларускай адукацыі і праблемы нацыянальна-культурнага развіцця ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг. вывучае доктар гістарычных навук, прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Таварыства беларускай школы / А. М. Вабішчэвіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 15. С. 372.
  2. Товарищество белорусской школы // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 232.
  3. Таварыства беларускай школы / Аляксандр Вабішчэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 489–490.
  4. Таварыства беларускай школы / І. П. Хаўрутовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 224.
  5. Товарищество белорусской школы / И. П. Ховрутович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1980. Т. 3. С. 498.
  6. Таварыства беларускай школы / І. П. Хаўрутовіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 192.
  7. Таварыства беларускай школы // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 237.
  8. Школьная справа і развіццё культуры : [Косаўскі павет] // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 93–96.
  9. Банасевіч, М. За родную мову! За беларускую школу! / М. Банасевіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 117–120.
  10. Вабiшчэвiч, А. М. Асвета ў Заходняй Беларусi (1921–1939) : манаграфiя / А. М. Вабiшчэвiч. – Брест : БрДУ, 2004. – 115 с.
  11. Вабiшчэвiч, А. М. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусi: стан, праблемы захавання (1921–1939 гг.) : аўтарэферат дысертацыі ... кандыдата гiстарычных навук : 07.00.02 / Вабiшчэвiч Аляксандр Мiкалаевiч. – Мінск, 1996. – 19 с.
  12. Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917–1945) / пад рэд. Г. Р. Сянькевіч [і інш.]. – Мінск : Народная асвета, 1993. – 495 с.
  13. Вабiшчэвiч, А. М. Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі
    (1921–1939 гг.) / А. М. Вабішчэвіч. – Брэст : БрДУ, 2008. – 319 с.
  14. Смалярчык, А. Таварыства Беларускай Школы ў Палескім ваяводстве ў
    1926–1933 гг. / Анджэй Смалярчык ; пераклад Сяргея Петрыкевіча // Беларускі гістарычны агляд. 2015. Т. 22, сш. 1–2 (42–43). С. 153–178.
  15. Мисиюк, В. Борьба за школу на родном языке в Полесском воеводстве
    (1921–39 гг.) / В. С. Мисиюк // Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблівасці і перспектывы развіцця : зб. навук. прац / Палескі аграрна-экалагічны інстытут. Брэст, 2006. Т. 2. С. 549–553.
  16. Вабішчэвіч, А. Беларускія гімназіі ў культурна-асветніцкім і грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі : (1920–1930 гг.) / Аляксандр Вабішчэвіч // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 2002. № 18. S. 78–89.
  17. Вабішчэвіч, А. Нацыянальная школа: складанасці развіцця (1921–1939 гг.) / Аляксандр Вабішчэвіч // Назаўседы разам : да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Мінск, 1999. C. 60–67.
  18. Луцкевіч, А. Таварыства беларускай школы на лаве падсудных / Антон Луцкевіч ; пераклад Леаніда Лаўрэша // Наша слова. 2020. 13 траўня (№ 20).
  19. Пракаповіч, Н. «Крэсы ўсходнія» як аб’ект паланізацыі : [нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, Таварыства беларускай школы] / Н. Пракаповіч // Раённыя буднi. Пружаны, 2009. 9 верасня. С. 5.
  20. Вабішчэвіч, А. Таварыства беларускай школы (1921–1936 гг.) / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. 1997. № 1. С. 86–92.
  21. Вабішчэвіч, А. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання / Аляксандр Вабішчэвіч // Спадчына. 1996. № 5.
  22. Вабішчэвіч, А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.) / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 2. С. 38–46.
Чытаць 919 разоў