Чацвер, 06 Май 2021 16:59

2021 г. — 25 гадоў з часу заснавання Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Званец» (Драгічынскі р-н; 1996)

Міжнародная арніталагічная экспедыцыя, якая праходзіла ў пачатку 1990-х гг. на Беларускім Палессі, адкрыла існаванне вялізнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, што стала сенсацыяй. Знаходка дапоўніла ўяўленні навукоўцаў пра біялогію гэтага таямнічага віду і вывела нашу краіну ў лідары ў Еўропе па колькасці рэдкай птушкі.

 

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Званец» быў заснаваны ў 1996 г. у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Заказнік быў створаны ў мэтах захавання эталонных участкаў натуральных балотна-лугавых і лясных угоддзяў з багатым раслінным і жывёльным светам, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму тэрыторыі. Менавіта тут захоўваецца папуляцыя вяртлявай чаротаўкі. У 1998 г. была заснавана ключавая арніталагічная тэрыторыя (КАТ) «Званец» (15 тыс. га).

У 2002 г. заказніку прысвоены статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (Рамсарскага ўгоддзя). Улічваючы высокую міжнародную значнасць балотнага масіву «Званец» у захаванні біялагічнай разнастайнасці балотных зямель, новыя дадзеныя аб біялагічнай разнастайнасці, рэальныя экалагічныя пагрозы прыродным супольнасцям заказніка, у 2004 г. было падрыхтавана навуковае і тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне пераўтварэння біялагічнага заказніка «Званец» у аднайменны ландшафтны заказнік. Мэта пераўтварэння заказніка — уключыць у яго межы ўсе нетрансфармаваныя або мала трансфармаваныя балотныя ўчасткі для магчыма больш поўнага захавання ландшафтнай і біялагічнай разнастайнасці балота «Званец».

У адпаведнасці з дзяржаўнай схемай комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 студзеня 2007 г. № 19, заказнік «Званец» класіфікуецца як важная асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя краіны, якая ўваходзіць у склад экалагічнай сеткі, з’яўляючыся часткай аднайменнага ядра нацыянальнага значэння.

Дзейнасць праекта ПРААН/ГЭФ «Стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання сістэмы ахоўных водна-балотных угоддзяў у Беларускім Палессі» спрыяла змене статусу і пашырэнню межаў заказніка «Званец». Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 г. № 130 ён быў ператвораны ў рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Званец». У новых межах заказнік ахоплівае землі Драгічынскага і Кобрынскага раёнаў Брэсцкай вобласці, яго новая плошча складае 16 227 га (90,5 % у Драгічынскім раёне).

Тэрыторыя ўяўляе сабой найбуйнейшае ў Еўропе нізіннае балота мезатрофнага тыпу са шматлікімі адкрытымі мінеральнымі «выспамі», якое размешчана ў практычна безсцёкавым плоскім паніжэнні на водападзеле басейнаў рэк Буга і Прыпяці. Балоты дадзенага тыпу былі шырока распаўсюджаны на Беларускім Палессі, але вялікая іх частка была асушана ў 1960-х гг.

На тэрыторыі заказніка можна ўмоўна вылучыць некалькі прыродна-тэрытарыяльных комплексаў (заходняя, цэнтральная, паўднёвая, усходняя, паўночная часткі). Ва ўсходняй частцы па плошчы пераважаюць мінеральныя «выспы». На гэтым участку натуральная лясная расліннасць прадстаўлена толькі вузкімі стужкамі па схілах выспаў, а самі «выспы» большай часткай выкарыстоўваюцца для вырошчвання розных культур. Да канца 1950-х гг. на «выспах» існавалі хутары, вялася сельскагаспадарчая дзейнасць, было шырока распаўсюджана бортніцтва. Нізінныя балоты паміж «выспамі» пераважна зараслі хмызнякамі.

Паўночная частка заказніка знаходзіцца ў зоне моцнага ўплыву Дняпроўска-Бугскага канала (пабудаваны ў 1775–1783 гг.). Тут найменшы працэнт адкрытых забалочаных прастораў. Тэрыторыя моцна зарасла кустоўем. Большая частка «выспаў» выкарыстоўваецца як сенакосныя ўгоддзі. Тут размяшчаецца і самы буйны «востраў» балота — Званец.

Флора заказніка прадстаўлена 600 відамі сасудзістых раслін. Тут можна знайсці каля 150 відаў травяністых раслін, у т. л. занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Пастаянна жывуць кабаны, лосі, казулі, лісіцы, бабры і інш. Сустракаюцца вялікая белая чапля, чорны бусел, шэры журавель, балотная чарапаха і іншыя рэдкія птушкі і жывёлы.

На тэрыторыі заказніка развіваецца экалагічны турызм. Абсталяваны экалагічныя сцежкі «Таямніцы свету раслін» (працягласць 2 км) і «Птушыныя сакрэты» (працягласць 1 км). Тэрыторыя заказніка карыстаецца вялікай папулярнасцю ў фатографаў-анімалістаў і аматараў назіранняў за птушкамі. У в. Горавіца абсталяваны эколага-асветніцкі цэнтр. Дырэктар заказніка — Віталь Лявонцьевіч Шкапіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Паўлюковіч Святлана Мікалаеўна, бібліёграф І кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Званец / А. І. Лабанок // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 33.
  2. Званец / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 397–398.
  3. Званец // Туристские регионы Беларуси : энциклопедия / сост. Л. В. Ловчая. Минск, 2008. С. 64.
  4. Званец // 50 уникальных заповедных территорий Беларуси / авторы: Н. А. Юргенсон [и др.]. Минск, 2017. С. 146–153.
  5. Зуёнак, С. Вяртлявая чаротаўка на экспарт / Сяргей Зуёнак ; фота аўтара і Zymantas Morkvenas // Родная прырода. 2020. № 10. С. 18–20 : фат.
  6. Мечная, Н. «Бездзежскі фартушок», панты, камышовка и Нотр-Дам... в Закозеле / Наталья Мечная ; фото автора // Заря. 2020. 19 сентября. С. 12–13 : фот.
  7. Мечная, Н. Селфи с камышевкой : [о заказнике «Званец»] / Наталья Мечная // Заря. 2020. 26 августа. С. 17.
  8. Рассафонов, А. Пройди экологический квест на болоте Званец / Андрей Рассафонов ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2020. 29 ліпеня. С. 4–5 : фот.
  9. Рассафонов, А. Наш заповедный зеленый край — Дрогичинщина / Андрей Рассафонов ; фото из архива районной инспекции природных ресурсов и охраны окружающей среды // Драгічынскі веснік. 2020. 3 чэрвеня. С. 3 : фот.
  10. Валах, М. На службе у природы / Марина Валах ; фото Вадима Якубенка // 7 дней. 2020. 4 июня (№ 23). С. 8 : фот.
  11. Рассафонов, А. Прогулка по «архипелагу» Званца / Андрей Рассафонов ; фото автора // Драгічынскі веснік. 2019. 4 верасня. С. 5 : фот.
  12. Рассафонов, А. Из Полесских болот в литовский Жувинтас птенцы вертлявой камышовки переезжают в новый дом / Андрей Рассафонов ; фото автора // Драгічынскі веснік. 2019. 6 ліпеня. С. 14 : фот.
  13. Рассафонов, А. С заботой о пернатых / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2018. 11 ліпеня. С. 7.
  14. Шафран, М. Восстановление болота «Званец» / Марина Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 7 кастрычніка. С. 13.
  15. Шафран, М. Уникальные жемчужины Полесья — Званец и Споровское : [пресс-тур журналистов по республиканским заказникам «Званец» и «Споровский»] / Марина Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 3 чэрвеня. С. 14.
  16. Мороз, М. Д. Видовой состав водных беспозвоночных республиканского ландшафтного заказника «Званец» / М. Д. Мороз, В. М. Байчоров, Ю. Г. Гигигняк // Природные ресурсы. 2017. № 2. С. 51–57.
  17. Козлович, В. Думы о болоте : [о болотах Беларуси, в т. ч. «Званец», «Спорово» в Брестской области] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2016. 17 февраля. С. 3.
  18. Радюк, Е. «Званец» зовет : [о республиканском ландшафтном заказнике «Званец»] / Е. Радюк, Е. Стельмах, В. Демянчик // Родная прырода. 2014. № 5. С. 34.
  19. Подлужный, П. Большой кроншнеп / П. Подлужный // Драгічынскі веснік. 2011. № 5. С. 3.
  20. Котковец, А. Хранители птиц / Алла Котковец // Заря. 2010. № 62. С. 4.
  21. Трофимович, Т. Ф. О проблемах особо охраняемых водно-болотных угодий РБ / Т. Ф. Трофимович // Экология. 2008. № 9.
  22. Званец, Спораўскае і Дзікое — скарб Еўропы // Культура. 2003. № 37. С. 11
  23. Супрун, С. Его зовут «Званец» / С. Супрун // Белорусская нива. 1996. 10 апреля.
  24. Баркоў, І. У біялагічным заказніку / І. Баркоў // Драгічынскі веснік. 1996. №. 43. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 728 разоў