Пятніца, 07 Май 2021 15:35

9 чэрвеня 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Марыі Мікалаеўны Клачковіч (1946), заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна

Марыя Мікалаеўна Клачковіч нарадзілася 9 чэрвеня 1946 г. у вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Педагагічную дзейнасць пачала ў 1965 г. старшай піянерскай важатай у Лясковіцкай васьмігадовай школе Іванаўскага раёна. Праз год паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна на хіміка-біялагічны факультэт.

 

У Бельскай васьмігадовай школе Кобрынскага раёна Марыя Клачковіч рабіла свае першыя крокі ў настаўнiцкай прафесіі — выкладала хімію і біялогію. З 1969 па 1981 г. працавала настаўнікам, дырэктарам гэтай школы, потым метадыстам па прафарыентацыі аддзела народнай адукацыі Кобрынскага райвыканкама.

З 1981 г. пачалася праца М. М. Клачковіч у Кобрынскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 153 тэкстыльшчыкаў: спачатку намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, з лістапада 1983 г. у якасці дырэктара.24 гады яна ўзначальвала навучальную ўстанову, прайшла ўвесь няпросты шлях ад тэхнічнага вучылішча тэкстыльшчыкаў да дзяржаўнага ліцэя сферы абслугоўвання.

У 1988 г. навучальная ўстанова атрымлівае званне «Вучылішча высокай культуры», а праз два гады за высокія паказчыкі ў рабоце калектыў быў узнагароджаны пераходным сцягам Савета Міністраў і Міністэрства народнай адукацыі БССР. Самымі цяжкімі ў развіцці ПТВ № 153 былі 1990-я гг. Падзенне эканамічнага патэнцыялу лёгкай прамысловасці ў краіне, скарачэнне штату рабочых на прадзільна-ткацкай фабрыцы адбіліся і на стане ўстановы. Паступова зніжаючы набор і падрыхтоўку па тэкстыльных спецыяльнасцях, у вучылішчы сталі вучыць моладзь новым прафесіям.

З 1 красавіка 2004 г. Кобрынскае ПТВ № 153 тэкстыльшчыкаў пераўтворана ва ўстанову адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання». З гэтага часу перад установай адкрыліся больш шырокія перспектывы, а вытворча-навучальны працэс выйшаў на новы якасны ўзровень.

Работа на пасадзе дырэктара ліцэя, якой было аддадзена шмат гадоў, стала сэнсам жыцця Марыі Мікалаеўны. З камандай аднадумцаў рабіла ўсё, каб установа была лепшай не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Уся яе працоўная дзейнасць была накіравана на ўдасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу, стварэнне ўмоў для развіцця асобы навучэнцаў, аптымізацыю метадычнай і выхаваўчай дзейнасці калектыва. Была ініцыятарам укаранення ў вучэбна-выхаваўчы працэс сучасных тэхналогій навучання і выхавання, камп’ютарнай тэхнікі. Дарэчы, у дырэктарскім корпусе сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны М. М. Клачковіч на працягу многіх гадоў была адзінай жанчынай.

З пасады дырэктара ліцэя Марыя Мікалаеўна пайшла ў ліпені 2007 г., пакінуўшы пасля сябе цвёрды падмурак. Сённяшняму кіраўніцтву і працоўнаму калектыву застаецца толькі працягваць умацоўваць, удасканальваць і ўтрымліваць яго высокую планку. Яшчэ амаль дзесяць гадоў М. М. Клачковіч працягвала педагагічную дзейнасць, працуючы ў якасці інспектара па кадрах і выкладчыка.

Грамадская дзейнасць заўсёды была неад’емнай часткай жыцця Марыі Мікалаеўны: сакратар камсамольскай арганізацыі калгаса «За Радзіму» Кобрынскага раёна, дэпутат мясцовага Савета народных дэпутатаў, прапагандыст маладзёжнага гуртка камбіната грамадскага харчавання, старшыня прафкама прафсаюзнай арганізацыі аддзела адукацыі. Неаднаразова М. М. Клачковіч з’яўлялася старшынёй ці намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі.

За высокі прафесіяналізм, творчасць і наватарскі падыход у навучанні і выхаванні працоўных кадраў М. М. Клачковіч узнагароджаназначком «Выдатнік прафтэхадукацыі БССР», Ганаровым знакам «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі», Ганаровымі граматамі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокае педагагічнае майстэрства, значны ўклад ва ўдасканаленне навучальна-выхаваўчага працэсу ў 2002 г. ёй прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларуcь». Да 75-годдзя Кобрынскага раёна М. М. Клачковіч удастоена звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» (рашэнне раённага Савета дэпутатаў № 37 ад 13 студзеня 2015 г.).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай

раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага раёна. Клачковіч Марыя Мікалаеўна // Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2018. С. 46–48 : фат.
  2. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Клачковіч Марыя Мікалаеўна // Па працы — пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 109–110 : фат.
  3. Партрэт кіраўніка. Клачковіч Марыя Мікалаеўна — дырэктар ліцэя (1983–2007) // Праз творчасць — да майстэрства : інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне да
    40-годдзя з часу заснавання ўстановы адукацыі «Кобрынскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сферы абслугоўвання» з серыі «Адукацыя на Кобрыншчыне» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. Кобрын, 2021. С. 10–12 : фат.
  4. 60 гадоў з дня нараджэння М. М. Клачковіч (1961) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 17.
  5. Бакун, А. [Марыя Клачковіч] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2020. 18 ліпеня. С. 4.
  6. Савчук, М. Нитка, иголка и вдохновение : [почётный гражданин Кобринского района М. Н. Клочкович, находясь на пенсии, посвятила себя творчеству вышивки картин/ Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2020. 11 июня (№ 24). С. 4.
  7. Бакун, А. Каб зерне ўзышло : [усё жыццё Марыі Клачковіч, ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна, заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, — гэта несупынная самаадданая праца/ Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2018. 28 красавіка. С. 4.
  8. Бакун, А. Калі шчасце — велічыня пастаянная : [актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Кобрыншчыны прымае М. М. Клачковіч, узнагароджаная высокімі тытуламі «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» і «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна»/ Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2017. 6 мая. С. 15.
  9. Клачковіч, М. Найперш патрабуючы з сябе... / [М. М. Клачковіч ; запісаў] Ігар Сідарук // Кобрынскi веснiк. 2015. 15 красавiка. С. 4.
  10. Савчук, М. Директор с неиссякаемой энергией / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2015. 29 января. С. 4.
  11. Сталі грамадзянамі. Ганаровымі : [звання «Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна» ўдастоены Марыя Клачковіч, Уладзімір Кузіч і Іван Мароз// Народная трыбуна. 2015. 23 студзеня. С. 3.
  12. Савчук, М. 25 — возраст расцвета : [Кобринский профессиональный лицей сферы обслуживания отмечает своё 25-летие] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2006. 14 декабря. С. 2.
  13. Дзюрич, Э. «Здравствуйте, Мария Николаевна» / Эмма Дзюрич // Заря. 2002. 17 октября.
  14. Прэм’ер-міністр уручыў дзяржаўныя ўзнагароды : [звання «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» удастоена дырэктар Кобрынскага прафтэхвучылішча № 153 тэкстыльшчыкаў М. М. Клачковіч] // Настаўніцкая газета. 2002. 28 верасня.
  15. Пянко, А. Настаўніцкае шчасце / Аляксей Пянко // Кобрынскі веснік. 2002. 17 жніўня. С. 3.
  16. Віншуем з узнагародай! : [ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» прысвоена Клачковіч Марыі Мікалаеўне — дырэктару Кобрынскага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча № 153 тэкстыльшчыкаў] // Заря. 2002. 8 августа.
  17. Клачковіч, М. М. Формула веры і любві : [дырэктар ПТВ № 153 пра дзейнасць установы] / Марыя Мікалаеўна Клачковіч // Кобрынскі веснік. 2002. 1 студзеня. С. 3.
  18. Клюйко, А. Лідар : партрэт кіраўніка : [пра дырэктара Кобрынскага ПТВ № 153 М. М. Клачковіч] / А. Клюйко // Настаўніцкая газета. 2001. 6 снежня. С. 2.
Чытаць 728 разоў Апошняя змена Чацвер, 13 Ліпень 2023 16:29