Серада, 12 Май 2021 16:20

12 ліпеня 2021 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Фёдаравіча Саевіча (1956), вучонага ў галіне лесазнаўства і аховы прыроды

Канстанцін Фёдаравіч Саевіч нарадзіўся 12 ліпеня 1956 г. у вёсцы Ясень Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Карані роду Саевічаў — белавежскія. Прапрадзед Фёдар служыў лесніком на кардоне ва ўрочышчы Ясень яшчэ ў 1846 г. Тут жа нарадзіўся прадзед Міхаіл, якi некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця аддаў Белавежскай пушчы. Яго сын Канстанцін працаваў дзясятнікам па прыёме нарыхтаванай драўніны.

 

Амаль паўстагоддзя служыў пушчы бацька Канстанціна, Фёдар Канстанцінавіч Саевіч. Шмат гадоў узначальваў Ясеньскае лясніцтва, якое ў Белавежы не раз прызнавалася лепшым. Фёдар Канстанцінавіч, не толькі лесавод, але і пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы. Тэма жывой прыроды — асноўная ў яго творчасці. Маці Канстанціна, Ганна Мікалаеўна, родам з пушчанскай вёскі Дзітаветчына, займалася хатняй гаспадаркай, добра шыла.

Канстанцін Саевіч спачатку вучыўся ў мясцовай школе, скончыўшы тры класы перайшоў у Камянецкую сярэднюю школу. Пасля заканчэння школы паступіў на лесагаспадарчы факультэт Беларускага тэхналагічнага інстытута iмя С. М. Кiрава, які скончыў у 1978 г.

Меў цвёрды намер стаць ляснічым як бацька. Але лёс звёў яго з выбітнымі лесаводамі Леанідам Пятровічам Смаляком і Уладзімірам Сяргеевічам Раманавым. З трэцяга курса Канстанцін Саевіч захапіўся навукай, вывучаў прадукцыйныя працэсы ў лясах. Размеркаваўся ў Негарэльскі вучэбна-вопытны лясгас на пасаду старшага інжынера па вучэбна-доследнай рабоце. Праз тры гады яго прызначылі начальнікам воднабалансавай станцыі Беларускага ўпраўлення па гідраметэаралогіі і кантролі стану прыроднага асяроддзя. За гады працы на станцыі быў назапашаны такі навуковы матэрыял, які дазволіў стаць кандыдатам біялагічных навук (1984).

Пасля абароны дысертацыі па экалагічнай тэматыцы на ступень доктара біялагічных навук (1992) Канстанцін Фёдаравіч назаўжды звязаў сваю навуковую дзейнасць з гэтым кірункам, працуючы ў вядучых вышэйшых навучальных установах краіны. Працаваў у Беларускім дзяржаўным агратэхнічным універсітэце, дзе пад яго кіраўніцтвам і пры яго ўдзеле былі адкрыты тры новыя спецыялізацыі ў галіне рэсурсазберажэння і экалагічнай бяспекі аб’ектаў аграрна-прамысловага комплексу, гуманітарна-экалагічны факультэт, а таксама аграэкалагічны цэнтр і музей прыроды.

Працуючы на пасадзе прарэктара па вучэбнай рабоце МДЭУ імя А. Сахарава К. Ф. Саевіч прыняў удзел у падрыхтоўцы вучэбна-планавай дакументацыі на тры новыя спецыяльнасці. Цяпер Канстанцін Фёдаравіч працуе прафесарам кафедры бяспекі жыццядзейнасці Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Паказальна, што напрацоўкамі вучонага ў сферы экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці зацікавіліся калегі са славацкага сельскагаспадарчага ўніверсітэта і Інстытута лесу, і з тых часоў ён падтрымлівае з імі цесныя сувязі і абраны акадэмікам славацкай Акадэміі аграрных навук.

Акрамя навуковай, выкладчыцкай і грамадскай дзейнасці Канстанцін Фёдаравіч знаходзіць час для свайго захаплення музыкай. Са школьнай лавы захапляўся ігрой на баяне, скончыў музычную школу і пастаянна выступаў на канцэртах мастацкай самадзейнасці, а ў студэнцкія гады на факультэце грамадскіх прафесій атрымаў спецыяльнасць «кіраўнік эстраднага калектыву». Затым і сам пачаў пісаць музыку, дамогся сур’ёзных поспехаў як кампазітар, асноўная тэма творчасці якога — патрыятычныя песні. У выдадзеным да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў зборніку Канстанціна Саевіча «Песня ў сэрцах ветэранаў» такія творы як «Гімн ветэранаў», «Партызанскі вальс», «Сыдзі, братачка, з п’едэстала», «Беларуская страявая».

Аднойчы, пасля атрымання прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за манаграфію аб рацыянальным выкарыстанні лясных рэсурсаў (1990), Канстанцін Фёдаравіч сустрэўся з беларускім кампазітарам, народным артыстам СССР І. М. Лучанком, і той, пазнаёміўшыся з музычнымі творамі вучонага, параіў запісаць яго п’есу «Абуджэнне», якая пасля была агучана камерным ансамблем Дзяржтэлерадыё.

З тых часоў кампазітар Канстанцін Саевіч стаў цесна супрацоўнічаць з акадэмічным ансамблем песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, які ўпершыню выканаў песню «Сыдзі, братачка, з п’едэстала» на канцэрце, прысвечаным 65-гадоваму юбілею Перамогі. Гэтую песню аўтар прысвяціў сваім сваякам, якія змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўшанаваным ім настаўнікам, сярод якіх можна назваць ветэранаў, прафесараў Уладзіміра Сяргеевіча Раманава, Леаніда Пятровіча Смаляка, Віталя Фядосавіча Мядзведзева і інш.

З’яўляючыся старшынёй навукова-метадычнага савета па прапагандзе экалагічных ведаў МООСА РДГА «Веды», Канстанцін Фёдаравіч увасобіў у жыццё новую форму працы з моладдзю. Праходзячы па экалагічнай сцежцы або турыстычным маршруце, маладыя людзі знаёмяцца як з прыгажосцю роднай зямлі, так і з подзвігамі людзей, якія абаранялі яе ў грозныя гады вайны. Студэнты ў перыяд вытворчай практыкі і самі ўдзельнічаюць у працы па праслаўленні подзвігаў землякоў, выступаючы з дакладамі перад насельніцтвам і школьнікамі.

За праслаўленне подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны К. Ф. Саевіч удастоены многіх узнагарод: юбілейны медаль «65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» (2010), юбілейны знак «Беларускі саюз афіцэраў: 20 гадоў» (2012), медаль «За заслугі» II ступені (2014). Узнагароджаны граматай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь за актыўны ўдзел у конкурсе на лепшыя творы літаратуры і мастацтва, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі, высокі прафесіяналізм і мастацкі ўзровень твораў ваенна-патрыятычнай накіраванасці і Ганаровай граматай Беларускай грамадскай арганізацыі мытнікаў за актыўную жыццёвую пазіцыю, патрыятычнае выхаванне маладога пакалення, садзейнічанне сцвярджэнню высокіх маральных і духоўных каштоўнасцей у грамадстве, асабісты ўклад у падрыхтоўку памятнага выдання аб ветэранах мытнай службы.

Варта дадаць, што К. Ф. Саевіч выдатны сем’янін, выхаваў чацвярых дзяцей, якіх лічыць галоўным дасягненнем у сваім жыцці, насычаным і шчаслівым. Брат Фёдар служыць інжынерам па ахове і абароне лесу ў Негарэльскім вучэбна-вопытным лясгасе. Сястра Наталля — дацэнт, выкладае на факультэце прадпрымальніцтва і кіравання БДАТУ.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы К. Ф. Саевіча

  1. Охрана возобновляемых ресурсов в сельском хозяйстве : монография / К. Ф. Саевич, Ю. С. Дубновицкий. – Минск : Веды, 2010. – 160 с.
  2. Раздумья о Беловежской пуще / Ф. К. Саевич. – Минск : БГАТУ, 2011. – 120 с.
  3. Беловежские были / Ф. К. Саевич ; [предисловие: В. Г. Ференц]. – Минск : Веды, 2009. – 139, [1] с.
  4. Беловежские корни / Ф. К. Саевич. – Минск : Веды, 2007. – 82 с., [2] л. ил.
  5. Предохранение диких животных от гибели в период проведения механизированных сельскохозяйственных работ с помощью акустических репеллентов / К. Ф. Саевич, Ю. С. Дубновицкий // Современные технологии и комплексы технических средств в сельскохозяйственном производстве : материалы международной научно-практической конференции, Минск, 25–27 мая 2005 г. Минск, 2005. С. 176–177.
  6. Музей природы Белорусского государственного аграрного технического университета / сост. Саевич К. Ф. – Минск : Ураджай, 1998. – 30 с.
  7. Учебный процесс и правовые аспекты охраны окружающей среды при подготовке агроинженеров / К. Ф. Саевич, А. И. Антоненков, Д. Ф. Кольга // Подготовка специалистов по непрерывной интегрированной и многоуровневой системе профессионального образования : материалы междунар. науч.-практ. конф. Минск, 1996. С. 86–87.
  8. Мониторинг лесных экосистем / К. Ф. Саевич. – Минск : Ураджай, 1992. – 224 с. : черт.
  9. Охрана возобновимых ресурсов / К. Ф. Саевич. – Минск : Ураджай, 1992. – 231 с.
  10. Рациональное использование лесных ресурсов / К. Ф. Саевич. – Минск : Ураджай, 1990. – 232 с. : черт.
  11. Медведев, В. Ф. Опыт мониторинга лесных экосистем / В. Ф. Медведев, К. Ф. Саевич. – Минск : БелНИИНТИ, 1988. – 54 с.
  12. Биологическая продуктивность нижних ярусов растительности основных насаждений в условиях Белорусской ССР : автореферат диссертации ... кандидата биологических наук : (06.03.03) / К. Ф. Саевич. – Минск, 1983. – 16 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці К. Ф. Саевіча

  1. Саевіч Канстанцін Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С.  79–80.
  2. Саевич Константин Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 558.
  3. Дземідовіч, Т. Пушчанскі летапісец : [у мінскім выдавецтве «Каўчэг» пабачыла свет кніга Фёдара Саевіча «Мая малая радзіма — Белавежская пушча»] / Таццяна Дземідовіч // Лiтаратура i мастацтва. 2020. 30 кастрычніка (№ 41). С. 3.
  4. Дземідовіч, Т. У Ясень, да Саевічаў : [пра сям’ю былога ляснічага Белавежскай пушчы Фёдара Саевіча] / Таццяна Дземідовіч // Навіны Камянеччыны. 2017. 3 чэрвеня (№ 22). С. 22.
  5. Пискунов, А. Константина Саевича отличает многогранность таланта / Александр Пискунов // Белорусская лесная газета. 2016. 14 июля (№ 28).
  6. Екель, Л. Кислород вечности : [об уроженцах Беловежской пущи учёном К. Ф. Саевиче и его отце Фёдоре Константиновиче, жизнь которых связана с лесным делом] / Леонид Екель // Советская Белоруссия. 2014. 2 августа. С. 16.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 967 разоў Апошняя змена Серада, 12 Май 2021 16:36