Пасля заканчэння школы ў 1963 г. Валянціна Коўтун працавала старшай піянерважатай у Паршэвіцкай (цяпер Бярозавіцкай) СШ. У 1964 г. паступіла на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Франко. У 1968 г. перавялася на чацвёрты курс філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыла ў 1969 г.
Настаўнічала ў Астравецкім раёне на Гродзеншчыне (1969–1970), працавала літкансультантам «Сельской газеты» (1970–1976), літсупрацоўнікам і рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя» (1976–1982), загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей і юнацтва ў выдавецтве «Юнацтва» (1982–1990). Затым зноў у часопісе «Полымя». У 2006–2007 гг. — рэдактар аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць».
Завочна скончыла аспірантуру пры БДУ. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю «Паэтычная структура беларускай пазаабрадавай песні пра каханне» (1979). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1976 г., Саюза пісьменнікаў Украіны з 1997 г.
Першыя паэтычныя творы В. М. Коўтун надрукавала ў 1966 г. Выдала зборнікі вершаў і паэм «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «На зломе маланкі» (1981), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (1988), «Свяча любові» (2006), «Малітва да Калымы» (2009). За кнігу «Метраном» паэтэса адзначана Літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова (1996). Валянціна Коўтун піша і для дзяцей: «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986).
У кнігах вядзеца шчырая, даверлівая гутарка пра свой час і сваё пакаленне, пра людзей вёскі і пра ўсё, што найбольш хвалюе. Пэўная камернасць, ускладнёная метафарычнасць паэзіі Валянціны Коўтун не пазбаўляюць яе грамадзянскасці, адчування вышыні ідэалаў, заклапочанасці і болю за лёс асобнага чалавека, сваёй Радзімы і нават планеты. Сутнасць яе лірычнай споведзі складаюць маральна-этычныя прынцыпы ўзаемаадносін у грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фальклорных сюжэтах, пераклікаюцца з народнай паэзіяй.
Аўтар шэрага празаічных твораў: раман «Крыж міласэрнасці» (1988), прысвечаны паэтэсе Алаізе Пашкевіч (Цётцы), раман «Пакліканыя» (2007), прысвечаны асветніцы Еўфрасінні Полацкай, шматлікія апавяданні, частка якіх склала зборнік «Калінавая гронка залатая» (1988). Апошнія гады жыцця працавала над раманам «Над садам Іарданскім», які так і не быў завершаны.
В. М. Коўтун выявіла сябе як таленавіты драматург. Былі напісаны п’еса «Вясельны хутар», прысвечаная паэтэсе Я. Янішчыц, драматычная містэрыя «Крыж Ігуменні», драма «Шлях Палачанкі». Стварыла сцэнарыі і лібрэта паводле сваіх раманаў «Крыж міласэрнасці» і «Пакліканыя», а ў 1994 г. па яе, сумесна з Ф. Коневым, сцэнарыі быў пастаўлены фільм «Крыж міласэрнасці».
Творчую, навуковую і рэдакцыйную працу сумяшчала з актыўнай грамадскай работай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай. У 1993–2011 гг. — старшыня фонду. Праявіла сябе як лідар беларускага жаночага руху і яго палымяны публіцыст.
Выступала ў перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях фальклору ў сучаснай паэзіі і іншых актуальных праблемах літаратурнага працэсу. Вядома як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў.
В. М. Коўтун заўчасна памерла 30 красавіка 2011 г. у Пiнску. Пахавана на могілках пас. Калодзішчы Мінскага раёна.
У сакавіку 2021 г. у Пінску аб’явілі рэгіянальны літаратурны конкурс «Прысягаю роднаму краю...», прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння В. Коўтун і В. Локун (1946–2016). 5 красавiка 2021 г. у Пiнскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы прайшоў вечар паэзіі «Абяцай Радзіме слова...», прысвечаны памяцi В. М. Коўтун.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкайабласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
Творы і працы В. М. Коўтун
- Малітва да Калымы. Лісты з «Эльгена» / Леся Беларуска (В. М. Коўтун). – Мінск : Лімарыус, 2009. – 70 с.
- Пакліканыя : раман-жыціе / Валянціна Коўтун. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 245, [2] с.
- Свяча любові : выбраная паэзія / Валянціна Коўтун. – Мінск : Лiмарыус, 2006. – 200 с.
- Цётка. Выбраныя творы / Цётка ; [укладанне і прадмова Валянціны Коўтун]. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2001. – 333 с., [4] л. iл. – (Беларускі кнігазбор).
- Стала песняю ў народзе : асоба i творчасць Цёткi ў кантэксце станаўлення беларускай класiкi / Валянціна Коўтун. – Мінск : Народная асвета, 2000. – 143 с.
- Крыж міласэрнасці : раман : для ст. шк. узросту / Валянціна Коўтун. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. – 493 с. – (Школьная бібліятэка).
- Лісты да цябе ; Суд Алаізы : вершы, паэмы / Валянціна Коўтун. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 174 с.
- Калінавая гронка залатая : апавяданні / Валянціна Коўтун. – Мінск : Юнацтва, 1988. – 198 с.
- Крыніца паэзіі : на шляхах эпізацыі : кніга для настаўніка / Валянціна Коўтун. – Мінск : Народная асвета, 1987. – 205 с.
- Метраном : кніга паэзіі / Валянціна Коўтун. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1985. – 135 с.
- Святло народнага слова : паэтычны лад беларускай народнай песні / Валянціна Коўтун. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 189, [2] с.
- Мы робім казку : вершы / Валянціна Коўтун. – Мінск : Юнацтва, 1983. – 24 с.
- На зломе маланкі : лірыка / Валянціна Коўтун. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1981. – 110 с.
- Каляровыя вёслы / Валянціна Коўтун. – Мінск : Беларусь, 1971. – 39 с. – (Першая кнiга паэта).
- «Я вырасту у дома летней ранью...» ; «Из каких суровых весен...» ; Ясельде ; «Отговорили, отплясали...» : стихотворения / Валентина Ковтун // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины / сост. и пер. с белорус. Валерия Гришковца. Минск : Літаратура і Мастацтва, 2010. С. 73–74.
- Пастскрыптум пасля юбілею : успаміны пра Яўгенію Янішчыц / Валянціна Коўтун // Літаратура і мастацтва. 2008. 19 снежня. С. 4.
- Спасам пакліканыя : кінараман / Валянціна Коўтун // Полымя. 2006. № 7.
С. 3–73 ; № 8. С. 9–84 ; 2007. № 3. С. 6–64. - Берасцейшчына асветніцкая, альбо Месца, дзе вырастаюць крылы / Валянціна Коўтун // Маладосць. 2006. № 11. С. 94–96.
Аб жыцці і творчасці В. М. Коўтун
- Коўтун (сапр. Новік) Валянціна Міхайлаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 467.
- Коўтун (сапр. Новік) Валянціна Міхайлаўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 4. С. 545.
- Коўтун (сапр. Новік) Валянціна Міхайлаўна / М. І. Мішчанчук // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 710–711.
- Коўтун Валянціна Міхайлаўна / Любоў Гарэлік // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 244–245.
- Коўтун Валянціна / Л. М. Гарэлік, В. К. Шынкарэнка // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 3. С. 388–391.
- Валянціна Коўтун // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 297–298.
- Коўтун (сапр. Новік) Валянціна Міхайлаўна / У. В. Гніламёдаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 112–113.
- Валянціна Коўтун (Новік) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. і ўклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 466–469.
- Бут-Гусаім, С. Ф. Антрапанімічная прастора рамана-жыція Валянціны Коўтун «Пакліканыя» / С. Ф. Бут-Гусаім // Беларуская мова ў сакральнай сферы: гісторыя і сучаснасць. Мінск, 2019. С. 81–88.
- Локун, В. Крыж праз усё жыццё : [пра творчасць В. Коўтун] / Валянціна Локун // Кругі жыцця — кругі літаратуры / Валянціна Локун. Мінск, 2002. С. 228–238.
- 6 красавіка — 75 гадоў з дня нараджэння В. М. Коўтун (1946–2011), пісьменніцы, крытыка / склад.: В. Я. Асаёнак, Г. В. Брага ; рэд. К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2021. № 1. С. 14–16 (дадатак: Даты беларускага календара).
- Шчарбакова, Т. У гонар паэтак : [пра вечар памяці В. М. Коўтун у Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы] / Тамара Шчарбакова // Літаратура і мастацтва. 2021. 21 мая (№ 20). С. 2.
- Лёля, С. Не дадзена прадбачыць нам, як слова наша адгукнецца : [пра вечар памяці В. М. Коўтун у Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы] / Святлана Лёля // Полесская правда. Пинск, 2021. 10 апреля. С. 10.
- Кажамяка, С. Красавіцкае прычасце Валянціны Коўтун : досвед музейнай інтэрпрэтацыі жыцця і творчасці / Святлана Кажамяка // Роднае слова. 2021. № 3. С. 18–20.
- Штэйнер, І. Каханне і вера Валянціны Коўтун / Іван Штэйнер // Роднае слова. 2021. № 3. С. 13–14.
- Фіцнер, Т. Лірыка Валянціны Коўтун у кантэксце развіцця айчыннай жаночай традыцыі / Таццяна Фіцнер // Роднае слова. 2021. № 3. С. 9–12.
- Фіцнер, Т. Двугарадныя жаночыя вобразы рамана «Крыж міласэрнасці» Валянціны Коўтун праз прызму «жаночага чытання» / Таццяна Фіцнер // Роднае слова. 2016. № 8. С. 14–17.
- Фіцнер, Т. Жаночыя вобразы рамана «Пакліканыя» Валянціны Коўтун праз прызму «жаночага чытання» / Таццяна Фіцнер // Роднае слова. 2016. № 6. С. 14–19.
- Локун, В. Пакліканая : [аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніцы В. Коўтун] / Валянціна Локун // Полымя. 2016. № 2. С. 147–160.
- Локун, В. Пакліканая : [аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніцы В. Коўтун] / Валянціна Локун // Лiтаратура i мастацтва. 2012. 19 кастрычніка (№ 42). С. 21.
- Нуждзіна, Т. С. Слова-вобраз у паэтычнай мадэлі свету В. Коўтун / Т. С. Нуждзіна // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2012. № 2. С. 62–68.
- Локун, В. Таленавітая і валявая : [памяці В. М. Коўтун] / Валянціна Локун // Літаратура і мастацтва. 2011. 6 мая (№ 18). С. 13.
- Локун, В. Памяти В. М. Ковтун / Валентина Локун // Пінскі веснік. 2011. 6 мая. С. 4.
- Коўтун, В. Наша святая заступніца / Валянціна Коўтун ; гутарыла В. Мікалаева // Літаратура і мастацтва. 2008. 6 чэрвеня. С. 1.
- Локун, В. Пакліканыя і абраныя : [пра творчасць В. Коўтун] / Валянціна Локун // Полымя. 2008. № 2. С. 185–191.
- Дрык, Н. З адкрытым сэрцам : [сустрэча з пісьменніцай В. Коўтун у Брэсце] / Н. Дрык // Народная трыбуна. 2006. 11 лютага.
- Локун, В. Праз церніі да дасканаласці : [пра творчасць В. Коўтун] / Валянціна Локун // Беларуская думка. 2004. № 5. С. 165–171.
- Фіцнер, Т. Шлях да асобы : [творчасць пісьменніц Цёткі і В. Коўтун] / Таццяна Фіцнер // Полымя. 2001. № 7. С. 246–262.
- Лебедзь, Н. «Мiж слоў шукайце зерне» : [пра вечар-партрэт паэтэсы В. Коўтун] / Н. Лебедзь // Пинская неделя. 2001. 11 мая.
- Локун, В. Выпрабаванне вернасцю : да літаратурнага партрэта В. Коўтун / Валянціна Локун // Полымя. 2000. № 8. С. 212–237.
- Шынкарэнка, В. Скрозь хмары прабіцца маланкаю : роздум над творчасцю В. Коўтун / Вольга Шынкарэнка // Полымя. 1998. № 3. С. 289–294.
- Лялько, Х. «Вітаю зноў паэзіі бяссмерце…» : штрыхі да партрэта В. Коўтун / Хрысціна Лялько // Роднае слова. 1996. № 4. С. 32–41.