Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 14:18

2021 г. — 500 гадоў з пачатку дзейнасці каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца на Беларускім Палессі (1521)

Бона Сфорца д’Арагона нарадзілася 2 лютага 1494 г. у Iталіі ў сям’і міланскага герцага. Атрымала бліскучую адукацыю. 18 красавіка 1518 г. яна стала жонкай караля Польшчы і вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Жыгімонта (Сігізмунда) I (1467–1548), што павінна было замацаваць саюз Рыма і Кракава. Бона ўвайшла ў гісторыю як неардынарная і ўладная асоба. Імкнулася павялічыць палітычную ўладу караля і вялікага князя шляхам умацавання яе эканамічнай асновы.

 

У гады праўлення каралевы Боны надыходзіць росквіт многіх беларускіх гарадоў. З яе імем звязаны многія культурныя і тэхнічныя дасягненні ў ВКЛ, цывілізаваныя змены ў пабытовай культуры: машчэнне гарадскіх вуліц і плошчаў, вадаправод i ратушны гадзіннік у Гародні і інш. Пры яе падтрымцы ў Кракаве была выдадзена паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра выгляд, лютасць зубра i паляванне на яго» (1523), першы рэалiстычны лiра-эпiчны твор пра нашу краiну.

Дзейнасць каралевы Боны праходзіла галоўным чынам на тэрыторыі ВКЛ, актыўна пачалася ў 1521 г., калі пасля смерці пінскага князя Фёдара Іванавіча яго велізарныя ўладанні перайшлі ва ўласнасць вялікага князя. Ёй былі перададзены княствы Пінскае, Гарадзецкае (Давыд-Гарадоцкае), Кобрынскае, Клецкае, воласць Рагачоўская і шэраг іншых зямель. Свае ўладанні каралева павялічыла, нейкія маёнткі выкупіла, пастаянна судзілася за землі, выйграла многа працэсаў.

На сваіх землях клапацілася аб культуры земляробства, уводзіла новыя віды і спосабы апрацоўкі зямель. Часта наведвала свае маёнткі, не спадзяючыся на аканомаў, сама ўнікала ў дробныя дэталі і падрабязнасці. На Беларускім Палессі рабіла спробы меліярацыі, пачала аграрную рэформу — валочную памеру. Па яе ініцыятыве будаваліся замкі і касцёлы, лячэбніцы і школы, млыны і грэблі, узнікалі новыя паселішчы. Перспектыўныя мястэчкі атрымлівалі Магдэбургскае права. У практыку ўвайшло правядзенне дзяржаўных інвентарных абследаванняў — так званых рэвізій.

Пінскі замак стаў галоўнай рэзідэнцыяй каралевы Боны. У той час Пінск быў даволі буйным горадам, гандлёва-рамесным цэнтрам Беларускага Палесся, адным з паважаных цэнтраў праваслаўя. Уладальніца жыла ў палацы, які наследавала ад князя Фёдара, і які быў упрыгожаны творамі мастацтва. За 5 км ад Пінска ў Стытычава меўся палац каралевы, па яе загадзе дамы-палацы былі пабудаваны ў Моталі (Іванаўскі раён) і Сяльцы (Бярозаўскі раён).

Каралева знаёмілася з мясцовымі дойлідамі, рамеснікамі, мастакамі, разьбярамі, заказвала ўпрыгожванні для сваіх рэзідэнцый і касцёлаў. Сярод майстроў, якіх падтрымлівала каралева, найбольш вядомы мастак Нявон Навоша, ураджэнец Давыд-Гарадка. У 1525 г. яна пацвердзіла права мастака на два двары (сядзібы) у Серніках (цяпер на Украіне) і адзін у Пінску, з тым, каб ён і яго патомкі служылі каралю сваім мастацтвам.

Уплыў каралевы Боны быў сапраўды дзіўным: дзяржава жыла без хваляванняў і ўзрушэнняў, без уціску і апантанасці рэлігійнага фанатызму, у той час, як на Захадзе палалі кастры інквізіцыі. На Палессі жылі без войнаў і жорсткай рукі ўлад. Каралева Бона, адукаваная і з рэалістычным светапоглядам, мэтанакіравана ўзбагачалася.

Вясной 1548 г. Жыгімонт І Стары памёр, улада перайшла да сына Боны Жыгімонта (Сігізмунда) ІІ Аўгуста (1520–1572), які дабіўся каранавання жонкі Барбары з Радзівілаў. Аднак Барбара ў 1551 г. раптоўна захварэла і памерла. З-за непаразумення з сынам Бона вырашыла пакінуць Польшчу і вярнуцца на радзіму, у Італію. Загады каралевы па маёнтках на Палессі цягнуцца да 1556 г., пасля чаго маёнткі Боны перайшлі да яе сына.

З Польшчы Бона, пераадольваючы супраціўленне караля і дзяржаўных устаноў, вывезла 24 вазы з золатам, срэбрам і іншымі каштоўнасцямі — агромністыя сродкі, якія нагадвалі казну цэлай краіны. У 1556 г. пасялілася ў Неапалі, пазычыла каралю Філіпу ІІ 430 тыс. залатых дукатаў. А праз паўтары гады Бона раптоўна памерла (1557). Паводле распаўсюджанай версіі яна была атручана па загадзе Філіпа ІІ, вядомага сваёй жорсткасцю. Польскія каралі на працягу двух стагоддзяў прад’яўлялі італьянскім манархам патрабаванні аб вяртанні пазыкі, але безвынікова. Багацце, сабранае на Беларусі ў выніку жорсткай феадальнай эксплуатацыі народа, не паслужыла для развіцця нашага краю, а было вывезена ў далёкае замежжа.

На Беларускім Палессі дасюль захаваліся некаторыя аб’екты, звязаныя з імем каралевы Боны. У Пінску ў 1922–1940 гг. была вуліца Каралевы Боны (цяпер Бялова), сёння ёсць рэстаран італьянскай кухні «Бона Сфорца». На Піншчыне ля в. Вылазы поіць вадой крыніца «Калодзеж Боны», захаваўся канал ад Пінска да Стытычава, будаўніцтва якога звязваюць з каралевай. У Маларыцкім і Кобрынскім раёне — канал Бона даўжынёй 34 км. Герб г. Пружаны вельмі падобны на герб Мілана, быў дараваны ў 1589 г. дачкой Боны, Ганнай Ягелонкай (1523–1596). Пры Кобрынскім палацы культуры на пачатку ХХІ ст. дзейнічала творчае аб’яднанне мастакоў «Галерэя BonaSforza».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладз
iмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Бона Сфорца / Міхаіл Спірыдонаў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 211–212.
  2. Бона Сфорца / Міхаіл Спірыдонаў // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 337.
  3. Бона Сфорца / М. Ф. Спірыдонаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1194. Т. 2. С. 55–56.
  4. Бона / М. Ф. Спірыдонаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 368–369.
  5. Бона Сфорца / К. С. Севярын // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 75–77.
  6. Бона Сфорца / Л. Р. Казлоў // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 46–47.
  7. Каралева Бона і Пінск / з даследаванняў А. С. Грушэўскага // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 65–69.
  8. Ландина, Л. В. Бона Сфорца : великая княгиня литовская и королева польская / [Л. В. Ландина].  Минск : Академия управления при Президенте Республики Беларусь, 2020.  32 с.  (Имя в истории Беларуси).
  9. Васіленка, Г. Гістарыяграфія і крыніцы праблемы «Дзейнасць Боны Сфорца на тэрыторыі Беларусі (1518–1555 гг.)» / Ганна Васіленка // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мінск, 2013. Вып. 28. С. 45–51.
  10. Васіленка, Г. Ю. Рэфармаванне сельскагаспадарчых адносін на землях Беларускага Палесся ў першай палове XVI ст. : аўтарэферат дысертацыі ... кандыдата гістарычных навук / Васіленка Ганна Юр’еўна. – Мінск, 2015. – 25 с.
  11. Курков, И. Королева по призванию : [Бона Сфорца] / Илья Курков // Брестчина: легенды, события, люди / Илья Курков. Минск, 2005. С. 47–49.
  12. Аудерская, Г. Королева Бона : дракон в гербе : [пер. с пол.] / Галина Аудерская. – Санкт-Петербург : Северо-Запад, 1994. – 542 с. – (Женская библиотека. Портрет).
  13. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / М. У. Шэлехаў. – Брэст, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: Мастак і каралева. С. 110–128.
  14. Дранько-Майсюк, Л. Кветкавы край Беларусі / Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Кляшчук. – Мінск : Паліграфкамбінат, 2020. – 370, [5] с. : іл. – (Зберагчы роднае). – Са зместу: Давыд Ігаравіч. Бона Сфорца. С. 19–27.
  15. Кириллова, Н. М. Канцелярский лист королевы польской и великой княгини литовской Боны Сфорца в собрании Брестского областного краеведческого музея / Н. М. Кириллова // Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання. Брэст, 2019. С. 5358.
  16. Гусоўскi, М. Песня пра зубра : паэма / Мiкола Гусоўск; пераклад з лацiнскай мовы i прадмова Я. Семяжона. – Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 2007. – 71 с. : iл.
  17. Дранько-Майсюк, Л. Каралева Бона любіла мёд : [верш] / Леанід Дранько-Майсюк // Кніга для спадарыні Эл : проза, вершы, п’еса / Леанід Дранько-Майсюк. Мінск, 2012. С. 108.
  18. Милевская, Н. По следам королевы Боны : [о природном объекте «Колодец королевы Боны Сфорцы» у д. Вылазы Пинского района/ Наталья Милевская // Полесская правда. Пинск, 2020. 11 июля. С. 11.
  19. Ландина, Л. Дочь своей эпохи : Бона Сфорца — королева польская и великая княгиня литовская (1494–1557) / Лариса Ландина // Гаспадыня. 2019. № 12.
    С. 44–45.
  20. Подлужный, П. Из истории осушения болот / Петр Подлужный // Драгічынскі веснік. 2019. 1 чэрвеня. С. 14.
  21. Фридлендер, Н. Бона Сфорца — кто она? : к 500-летию начала правления королевы / Наталья Фридлендер // Кобрин-информ. 2018. 25 октября (№ 43). С. 4.
  22. Шарапаў, У. Рэнесансавая культура ў ВКЛ у першай палове XVI ст. : 7-ы клас / Уладзіслаў Шарапаў // Беларускі гістарычны часопіс. 2017. № 2. С. 47–53.
  23. Новик, Г. Мелиорация начиналась задолго до наших дней : ее на Полесье еще в XVI веке предприняла королева польская Бона Сфорца / подготовила Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2018. 18 жніўня (№ 33). С. 5.
  24. Мяцеліца, К. Італьянская змяя : [Бона Сфорца] / Кірыл Мяцеліца // Маладосць. 2016. № 10. С. 142–143.
  25. Гайдукевич, П. След Боны Сфорцы : [об остатках королевского замка
    XVXVIII вв. в аг. Лысково Пружанского района] / Павел Гайдукевич // Директор. 2015. № 5. С. 6061.
  26. Павловский, Б. «Змея» на троне : [о королеве Боне Сфорце] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2012. 2 марта (№ 18). С. 8.
  27. Масляніцына, I. Каралева Палесся : [Бона Сфорца] / Iрына Масляніцына // Женский журнал. 2011. № 2. С. 58–59.
  28. Рысь, Е. Рачительная хозяйка кобринской экономии : [Бона Сфорца] / Елена Рысь // Кобрин-информ. 2010. 26 августа. С. 6.
  29. Скепян, А. Уладарная Бона / Анастасія Скепян // Мастацтва. 2010. № 1. С. 54–55.
  30. Гулецкий, Д. Веяния с Запада : [биография королевы Боны Сфорцы/ Дмитрий Гулецкий // Советская Белоруссия. 2009. 15 декабря. С. 19.
  31. Пичета, В. Волочная устава королевы Боны и Устава о волоках / Владимир Пичета // Arche. 2009. № 7. С. 1085–1106.
  32. Навумчык, М. Канал Бона : [гісторыя канала ў Маларыцкім раёне] / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2009. 18 красавіка. С. 2.
  33. Дранько-Майсюк, Л. Горад Боны і Давыда : альбомная проза / Леанід Дранько-Майсюк // Дзеяслоў. 2009. № 1. С. 54–58.
  34. Вайткун, А. Каралева Бона: міфы і рэальнасць / Аляксей Вайткун // Народная газета. 2009. 21 студзеня. С. 13.
  35. Гулецкий, Д. Все могут короли : [о женитьбе князя Жигимонта Августа на Барбаре Радзивилл / Д. Гулецкий // Советская Белоруссия. 2008. 23 декабря. С. 17.
  36. Марцiновiч, А. Змяя — як сімвал магутнасці : [дзейнасць каралевы Боны Сфорца] / Алесь Марціновіч // Народная трыбуна. 2005. 24 снежня ; 31 снежня ; 2006. 6 студзеня ; 14 студзеня ; 21 студзеня ; 28 студзеня.
Чытаць 1411 разоў