Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 14:36

30 мая 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Анатоля Міхайлавіча Хвісевіча (1951–2020), мастака манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, афарміцеля інтэр’ераў, жывапісца

Анатоль Міхайлавіч Хвісевіч нарадзіўся 30 мая 1951 г. у вёсцы Стахавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1973 г. скончыў архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута.

 

З 1976 г. Анатоль Хвісевіч працаваў на Брэсцкім мастацкім камбінаце «Мастацтва». Займаўся манументальна-дэкаратыўным (вітраж, мазаіка) мастацтвам, станковым жывапісам. Працаваў у вобласці праектавання і афармлення інтэр’ераў адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў. Удзельнік мастацкіх выставак з 1994 г.

Асноўныя творы А. М. Хвісевіча: роспісы «Кароль і світа» ў інтэрнаце ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, «Бязмежжа» ў атэлье «Алёнка», вітражы ў Доме грамадзянскіх абрадаў (усе ў Брэсце); мазаіка «Раніца» на фасадзе Дома культуры саўгаса «Парахонскі» (Пінскі раён); вітражы ў дамах культуры калгасаў «Рассвет» і «Ліпаўскі»; афармленне інтэр’ераў дамоў культуры гарадоў Жабінка і Івацэвічы, вёскі Лінова (Пружанскі раён); жывапісныя палотны «Сон», «У бары», «Маці», «Двое», «Натхненне», «Партрэт Уладзіміра Высоцкага» і інш.

У 2003–2004 гг. была адноўлена экспазіцыя музея касманаўтыкі ў Тамашоўскай сярэдняй школе Брэсцкага раёна. Рэканструкцыяй музея займалася прадпрыемства «Мастацтва» па праекце А. М. Хвісевіча.

Сумесна з навуковым супрацоўнікам абласнога краязнаўчага музея Тамарай Адамаўнай Слесарук распрацаваў мастацкі праект «Сядзіба Нямцэвічаў у в. Скокі Брэсцкага раёна» (2010). У будынку канца XVІІI ст., помніку архітэктуры пераходнага перыяду ад барока да класіцызму, створаны гісторыка-мемарыяльны музей, дзе наведвальнікі могуць пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі, побытам сям’і Нямцэвічаў, яе знакамітым прадстаўніком, польскім дзяржаўным дзеячам Юльянам Урсын Нямцэвічам.

Творы А. М. Хвісевіча знаходзяцца ў фондзе Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцыях Беларусі, Францыі, Германіі, Польшчы, Італіі. З’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў (1994–2017).

А. М. Хвісевіч памёр 18 сакавіка 2020 г., пахаваны на Паўночных могілках г. Брэста (сектар 11/5, рад 23, месца 9).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.
Анцімонік Кацярына Міхайлаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Анатоль Хвісевіч : [на фота інтэр’ер Музея касманаўтыкі ў Тамашоўцы] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст, 2010. С. 136–137.
  2. Хвісевіч Анатоль Міхайлавіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 488.
  3. Анатолий Хвисевич : [репродукция «Экстрим»] // Художники Брестчины – 2002 : альбом-каталог / авт.-сост. М. Коньков [и др.]. Минск, 2002. С. 130–131.
  4. Анатолий Хвисевич // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 650.
  5. Хвісевіч Анатоль Міхайлавіч : [рэпрадукцыя «Лета»] // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 562.
  6. Анатолий Хвисевич : [репродукция «Факелы и ракеты»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Брест, 1997. С. 100–101.
  7. Зямля пад белымі крыламі : сучаснае мастацтва Брэстчыны. – [Б. м. : б. в., 2010]. – 32 с. : іл.
  8. Гармель, Е. С любовью к женщине... : [о выставке брестских художников в выставочном зале Брестского ООКЦ, упоминается А. Хвисевич] / Елена Гармель // Заря. 2014. 27 февраля. С. 8.
  9. Гапеева, Т. Выставка «Рождественские узоры» от брестских художников : [упоминается А. Хвисевич] / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2013. 10–16 января (№ 2). С. 2.
  10. Курэц, А. Другое нараджэнне музея : [пра адкрыццё пасля рэканструкцыi музея касманаўтыкi ў Тамашоўскай СШ Брэсцкага раёна] / Аляксандр Курэц // Народная трыбуна. 2004. 16 кастрычнiка. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 829 разоў Апошняя змена Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 14:42