Пятніца, 18 Чэрвень 2021 09:14

11 ліпеня 2021 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Янкі Чабора (Іван Сцяпанавіч Патаповіч; 1911–1943), паэта, публіцыста, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі

Іван Сцяпанавіч Патаповіч нарадзіўся 11 ліпеня 1911 г. у вёсцы Рачканы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у вялікай патрыярхальнай сялянскай сям’і. Дзеці змалку прывучаліся да працы, дапамагалі па гаспадарцы.

 

Першапачатковую адукацыю Іван атрымаў у польскай школе ў роднай вёсцы, паступіў ў чацвёрты клас Віленскай беларускай гімназіі. Разам з ім вучыўся Якуб Міско (1911–1981), які стаў журналістам, пісьменнікам, заслужанным дзеячам культуры БССР (1967). Якуб Герасімавіч запомніў Івана як высокага, хударлявага хлопца, з адкрытым тварам, у рагавых акулярах. Ён быў ветлівы, вучыўся старанна. У час вучобы захапіўся беларускай літаратурай, асабліва любіў вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Іван Патаповіч скончыў гімназію ў 1931 г., затым вучыўся ў Віленскім універсітэце. Студэнтам стаў членам КПЗБ, вёў прапагандысцкую работу сярод студэнтаў-беларусаў.

Усе свае паэтычныя і публіцыстычныя творы Іван Патаповіч падпісваў псеўданімам Янка Чабор. Яго першыя вершы («Васілёк», «Мы арлы») былі змешчаны ў 1928 г. у рукапісным часопісе падпольнай ячэйкі Віленскай беларускай гімназіі «Васілёк» (№ 1). Пісаў вершы публіцыстычнага, маральна-выхаваўчага характару. Друкаваўся ў «Беларускай газеце» — легальным неафіцыйным органе КПЗБ.

У 1931 г. Янка Чабор надрукаваў «Адкрыты ліст» з заклікам да заходнебеларускіх пісьменнікаў аб’яднацца ў адзіную пісьменніцкую арганізацыю. Быў адным з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі. Мэтай стварэння стала ідэйнае выхаванне літаратурнай моладзі і барацьба за прынцыпы класавасці і камуністычнай партыйнасці літаратуры. Фронт выкрываў шкоднасць буржуазных тэорый надкласавасці і апалітычнасці мастацтва. Праграма фронту была выкладзена ў «Дэкларацыі паэтаў…», апублікаванай у часопісе «Літаратурная старонка» (1934, № 1). Заклік падпісалі Янка Чабор, Міхась Васілёк, Аляксей Рэдзька, Пятрусь Граніт, Звястун (Піліп Пестрак), Анатоль Іверс.

На з’ездзе пісьменнікаў у Вільні (снежань 1933 г.) Іван Патаповіч быў абраны рэдактарам-выдаўцом літаратурна-мастацкага часопіса «Літаратурная старонка», які стаў друкаваным органам Літаратурнага фронту. У часопісе Янка Чабор змясціў некалькі вершаў («Заклік», «Гэй, арліна мая сіла…»), галоўным пасылам якіх быў заклік да рэвалюцыйнай перабудовы жыцця. Першы нумар часопіса выйшаў з друку 25 студзеня 1934 г. і быў адразу канфіскаваны польскімі ўладамі.

У сакавіку 1934 г. Іван Патаповіч быў арыштаваны польскай паліцыяй за сваю грамадска-палітычную дзейнасць і змешчаны ў Лукішскую турму. Літаратурны фронт распаўся ў выніку арыштаў актыву — паэтаў і празаікаў Васіля Таўлая, Янкі Чабора, Піліпа Пестрака, Алеся Дубровіча, Якуба Міско, выдаўца «Беларускай газеты» А. Карповіча. Больш за два гады доўжылася следства. У сакавіку 1936 г. І. С. Патаповіч быў асуджаны на пяць гадоў турмы.

У верасні 1936 г. І. С. Патаповіч выходзіць з турмы па амністыі і займаецца арганізацыяй кааператываў у вёсках сваёй ваколіцы. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР прымаў удзел ва ўстанаўленні Савецкай улады і ў рабоце першых савецкіх устаноў у родным раёне.

У 1943 г. І. С. Патаповіч памёр. Дакладная дата, месца і абставіны смерці нявысветленыя. Вядома, што ў канцы 1939 г. ён быў выкліканы ў Ляхавічы. Далейшы яго лёс невядомы, ёсць меркаванне, што ён быў арыштаваны органамі НКУС, загінуў у лагеры. Усе родныя Івана Патаповіча былі рэпрэсіраваны як кулакі і адпраўлены ў Сібір, у Краснаярскі край. Пасля вайны сям’я была рэабілітавана і атрымала дазвол вярнуцца на радзіму.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы.
Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

 

Творы Янкі Чабора

1.      Заклік ; «Гэй, арліна мая сіла…» : [вершы] / Янка Чабор // Сцягі і паходні : творы паэтаў з былой Заходняй Беларусі / [склад. і прадм. У. Калесніка]. Мінск, 1965. С. 119–121.

 

Аб жыцці і творчасці Янкі Чабора

  1. Чабор Янка / У. А. Лебедзеў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 201.
  2. Янка Чабор (1911–1941) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд., уклад. А. М. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 367–370.
  3. Чабор Янка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 131.
  4. Чабор Янка / У. А. Лебедзеў // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 243.
  5. Чабор Янка / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 501.
  6. Міско, Я. Хлопец з вёскі Рачканы / Якуб Міско // Маё маўклівае сэрца : з літаратурнай спадчыны / Якуб Міско. Мінск, 1983. С. 451–455.
  7. Чабор Янка // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 667.
  8. Чабор Янка // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 644.
  9. Чабор Янка / У. А. Калеснік // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 170.
  10. Міско, Я. Хлопец з вёскі Рачканы / Якуб Міско // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 178–179.
  11. Літаратурны фронт сялянска-рабочых пісьменнікаў / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 278.
  12. «Літаратурная старонка» / Н. А. Ляшковіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 275.
  13. «Беларуская газета» / У. А. Калеснік // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 336.
  14. История белорусской советской литературы. – Минск : Наука и техника, 1977. – 775 с. – Из содерж.: Янка Чабор. С. 114–116.
  15. Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 1. – Мінск : Навука і тэхніка, 1965. – 634 с. – Са зместу: Янка Чабор. С. 145–150.
  16. Ляшук, В. Я. Літаратура Берасцейшчыны / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. – Брэст : С. Лаўроў, 1999. – 372 с. – Са зместу: Янка Чабор. С. 240.
  17. Каваленка, І. Тут жыў Чабор : [Янка Чабор — публіцыст, паэт, грамадскі дзеяч з в. Рачканы] / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2017. 16 верасня. С. 9.
  18. Снітко, Г. Заслугоўвае таго, каб... ведалі і памяталі : [да 90-годдзя паэта і публіцыста, рэвалюцыянера Янкі Чабора] / Г. Снітко, І. Філімон // Краязнаўчая газета. 2006. Верасень (№ 35).
  19. Снітко, Г. «Заспяваю песню люду…» : да 95-годдзя з дня нараджэння Янкі Чабора / Г. Снітко, І. Філімон // Ляхавіцкі веснік. 2006. 12 ліпеня. С. 3.
  20. Пятрова, В. Таленты i паклоннiкi : [пра вечарыну ў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, прысвечаную лiтаратарам раёна, 90-годдзю з дня нараджэння Янкi Чабора] / В. Пятрова // Ляхавіцкі веснік. 2001. 12 снежня.
  21. Патаповіч, А. Наш зямляк Янка Чабор : [успаміны стрыечнага брата Янкі Чабора] / Антон Іосіфавіч Патаповіч // Ляхавіцкі веснік. 1991. 11 чэрвеня. С. 2.
  22. Місько, Я. Хлопец з вёскі Рачканы / Якуб Міско // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1989. 3 верасня. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 951 разоў