Пятніца, 18 Чэрвень 2021 09:18

13 ліпеня 2021 г. — 155 гадоў з дня нараджэння Напалеона Казіміравіча Чарноцкага (1866–1937), публіцыста, перакладчыка

Напалеон Казіміравіч Чарноцкі нарадзіўся 13 ліпеня 1866 г. у маёнтку Нача Брынздоўская Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Нача Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Малодшы брат уладара маёнтка Нача Міхала Чарноцкага.

 

Вучыўся ў Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1887 г. У час вучобы ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі і цікавіўся беларускім фальклорам. Напалеон Чарноцкі ўваходзіў у групу, якая займалася перакладамі на беларускую мову. Удзельнічаў у перакладзе на беларускую мову і выданні на гектографе першага варыянта рэвалюцыйнай брашуры «Дзядзька Антон» (1885).

Напалеон Чарноцкі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, увайшоў у інтэрнацыянальную студэнцкую арганізацыю. У 1890 г. быў выключаны за ўдзел у падпольных гуртках і студэнцкіх хваляваннях. Быў прыгавораны да хатняга арышту пад наглядам паліцыі ў бацькоўскай сядзібе Нача. Праз год аднавіўся на факультэце, скончыў яго ў 1894 г., пачаў працаваць урачом.

Перапісваўся з рускім пісьменнікам Уладзімірам Караленкам. Пераклаў на польскую мову яго апавяданне «У дрэннай кампаніі» (каля 1887). На беларускую мову — п’есы А. Чэхава «Сватанне» і М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі» (1902), «Пашыліся ў дурні» (1908). У перакладзе вадэвіля Антона Чэхава рускія прозвішчы набылі беларускі каларыт: Сцяпан Сцяпанавіч Чубукоў стаў Сцяпанам Чыбухам, Іван Васільевіч Ломаў — Іванам Ламакам, Наталля Сцяпанаўна — Наталкай.

У 1904 г. Напалеон Чарноцкі быў мабілізаваны ў Рускую армію і адпраўлены ў якасці ўрача на руска-японскую вайну, трапіў на Маньчжурскі фронт. Пасля вяртання з вайны ў 1905 г. прадаў сваю частку спадчыны і ў 1908 г. пераехаў у Канаду, дзе набыў надзел зямлі і працаваў фермерам. Ён застаўся амаль без грошай і ў 1912 г. вяртаецца на радзіму. У час Першай сусветнай вайны зноў прызываецца ў Рускую армію.

З 1919 па 1920 г. Н. К. Чарноцкі прызначаны старшым рэферэнтам санітарнага аддзела Вільні ва ўрадзе Пілсудскага. Пасля Рыжскага мірнага дагавору (1921) займаўся ўрачэбнай практыкай і вывучэннем народнай медыцыны. У 1922 г. уступіў у Польскую сацыялістычную партыю.

Н. К. Чарноцкі працаваў урачом у Вільні, Іўі, Гродне, Навагрудку. У 1931–1936 гг. жыў і працаваў у Лідзе. Непадалёку ад в. Лебяда Вялікая Лідскага павета ў 1934 г. заклаў плантацыю лекавых раслін. Пасля Вялікай Айчыннай вайны калгас в. Мажэйкава Лідскага раёна падтрымаў справу гадавання лекавых раслін.

У захаванні здароўя і лячэння хворых Н. К. Чарноцкі надаваў вялікае значэнне сілам прыроды. Неаднаразова на з’ездах урачоў і ў друку выдвігаў ідэі аб неабходнасці будаўніцтва на камерцыйнай аснове санаторыяў у сасновых барах для малазабяспечаных хворых. Аднак здзейсніць гэтыя праекты з-за матэрыяльных цяжкасцей не ўдалося.

З’яўляўся аўтарам брашуры «Як будзе з зямлёй?» (Санкт-Пецярбург, 1907), дзе прапагандаваў погляды на рашэнне пытання з зямельнымі надзеламі. У артыкуле «Да пытання пра беларускую народную школу» (Минский курьер. 1908. 10 апр.) абгрунтоўваў права беларускага народа на развіццё сваёй нацыянальнай культуры і школы, з прыязню пісаў пра творчасць Якуба Коласа, паказаў добрае веданне беларускага фальклору, выказаў думку, што прыйшла пара заснаваць легальнае «Таварыства сяброў беларускай школы». Аўтар нарыса «Аб адбудове гістарычнай Літвы», шэрага публікацый з успамінамі пра рэвалюцыйны рух, пра М. Абрамовіча ў газетах «Наша ніва» і «Вольная Беларусь». У «Нашай ніве» 21 чэрвеня 1912 г. з’явіўся допіс Н. К. Чарноцкага «З Канады». У 1928 г. напісаны артыкул «Батлейкі з ваколіц Начы», дзе ён распавядае пра свае дзіцячыя гады і апісвае батлеечнае прадстаўленне.

Напалеон Казіміравіч быў чалавекам вялікіх здольнасцей, кіпучай энергіі, з шырокім колам грамадскіх інтарэсаў. Доктар па прафесіі, ён меў, несумненна, здольнасці літаратара, акцёра, рэжысёра. Быў пастаноўшчыкам і рэжысёрам асобных аматарскіх спектакляў. Перакладзеныя творы Марка Крапіўніцкага доўгі час былі ўкрасай і беларускай савецкай сцэны. Напалеон Чарноцкі ўнёс пэўны ўклад у развіццё не толькі беларускага тэатра, але і беларускай нацыянальнай асветы, выступаў і як літаратурны крытык.

Пасля 1934 г. Напалеон Казіміравіч сыходзіць з медыцынскай працы і пераязджае ў свой маёнтак Вялікая Лебяда каля станцыі Скрыбаўцы Лідскага павета Віленскага ваяводства (цяпер Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці). Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку, вырошчваў зёлкі, даследаваў наваколле.

Н. К. Чарноцкі памёр 14 лютага 1937 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы.
Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

  1. Чарноцкі Напалеон Казіміровіч / В. У. Скалабан // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 238–239.
  2. Черноцкий Наполеон Казимирович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 458.
  3. Напалеон Чарноцкі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд., уклад. А. М. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 362–364.
  4. Чарноцкі Напалеон / І. Э. Багдановіч, В. У. Скалабан // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 6. С. 254–255.
  5. Чарноцкі Напалеон Казіміравіч / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 513.
  6. «Дзядзька Антон» / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 303–304.
  7. «Пераклаў Н. Чарноцкі…» ; З ліста Н. Чарноцкага ў рэдакцыю газеты «Наша Ніва», напісанага з Канады // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 116.
  8. Скалабан, В. Напалеон Чарноцкі (1866–1937) / Віталь Скалабан // Славутыя імёны Бацькаўшчыны : зборнік. Мінск, 2003. Вып. 2. С. 227–294.
  9. Чарноцкі, Н. Батлейкі з ваколіц Начы / Напалеон Чарноцкі // Народны тэатр.  2-е выд., выпр. і дапрац. / уклад. і камент. М. А. Каладзінскага. Мінск, 2004. С. 354–357.
  10. Карлюкевіч, А. Сады Флер’янова / Алесь Карлюкевіч // Радзімазнаўства / Алесь Карлюкевіч. Мінск, 2010. С. 103–106.
  11. Ліхадзедаў, У. Знічкі Айчыны : [гісторыя гарадоў Беларусі ў старых паштоўках, знакамітыя ўраджэнцы, узгадваецца Н. Чарноцкі] / Уладзімір Ліхадзедаў, Алесь Карлюкевіч. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – С. 262.
  12. Каханоўскі, Т. А. Рэвалюцыйны дзеяч, публіцыст, краязнавец, лекар : [Напалеон Чарноцкі] / Генадзь Каханоўскі // Навагрудскія чытанні. Мінск, 1993. Вып. 1. С. 34–35.
  13. Александровіч, С. Х. Пуцявіны роднага слова : праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХIХ – пачатку ХХ ст. / С. Х. Александровіч. – Мінск : БДУ, 1971. – Са зместу: Н. Чарноцкі. C. 152, 160, 182–183.
  14. Кабржыцкая, Т. В. Карані дружбы : беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку ХХ ст. / Т. В. Кабржыцкая, В. П. Рагойша. – Мінск : Выдавецтва БДУ імя У. І. Леніна, 1976. – 256 с. – Са зместу: Перакладчык Н. Чарноцкі. C. 186–190.
  15. Барадзіна, В. Напалеон Чарноцкі жадаў бы пазнаёміцца... / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2018. 1 верасня. С. 4.
  16. Жыгамонт, Ю. Чарноцкі Напалеон (публіцыст; 1866–1937). Кірмашы і сядзібы Берасцейшчыны : [Нача (Ляхавіцкі раён)] / Юрый Жыгамонт // Літаратура і мастацтва. 2017. 21 ліпеня (№ 29). С. 4.
  17. Дзямідчык, С. У кожнага свой лёс : [ёсць звесткі пра Н. Чарноцкага] / Сяргей Дзямідчык // Полымя. 2013. № 3. С. 185–186.
  18. Казакевіч, М. У знак павагі да Чэхава : [пра Н. Чарноцкага, які жыў у Лідзе ў 1932–1934 гг.] / М. Казакевіч // Лідская газета. 2009. 24 верасня.
  19. Снежка, А. Жыў у Лідзе свой Напалеон : [140 год з дня нараджэння Н. Чарноцкага] ; Доктар Напалеон Чарноцкі / Аляксандр Снежка // Лiдскi летапiсец. 2006. № 3. C. 14–16.
  20. Карнялюк, С. Нашы знакамітыя землякі : [Н. З. Чарноцкі] / С. Карнялюк // Ляхавіцкі веснік. 1997. 13 снежня. С. 2.
  21. Скалабан, В. Працяг гісторыі з «Дзядзькам Антонам» / Віталь Скалабан // Голас Радзімы. 1983. 18 жніўня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1129 разоў