Ужо 23 чэрвеня 1941 г. Камянец, раённы цэнтр Брэсцкай вобласці, аказаўся занятым немцамі. Велізарны лес, які быў у баку ад асноўных шляхоў гітлераўскіх войск, стаў укрыццём для савецкіх людзей. Многія групы чырвонармейцаў апынуліся ў тыле ворага, але аказвалі гераічнае супраціўленне, уступалі ў баявыя сутычкі з захопнікамі.
Прыкрываючы адыход 222-га стралковага палка (камандзір палкоўнік Іван Міхайлавіч Яшын), 27 чэрвеня ў 612-м квартале ўступілі ў няроўны бой кулямётчыкі Жакен Бейсамбекаў, Акцюбакбар Махмудаў і Ілья Ганчароў. Яны адкрылі агонь са станковага кулямёта «максим» па аўтамашынах праціўніка, якія рухаліся па лясной дарозе Белавежа – Камянюкі, за 7 км ад Камянюк. Адна машына загарэлася і перакрыла шлях іншым. Гітлераўцы выскачылі з машын і пачалі адстрэльвацца. Бой стаў зацяжным.
У выніку вораг страціў каля двух дзясяткаў салдат, рух на дарозе быў спынены на некалькі гадзін. Загінулі Ж. Бейсамбекаў і А. Махмудаў. Ілья Ганчароў быў цяжка паранены, але працягваў страляць пакуль не выйшаў са строю кулямёт. На другі дзень мясцовыя жыхары знайшлі параненага І. Ганчарова, аказалі дапамогу.
Пра гэты бой сярод жыхароў пушчанскіх вёсак хадзілі легенды, адну з іх запісаў С. С. Смірноў, даследчык гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці. Гэты бой — толькі адзін з многіх падобных, калі ў першыя дні вайны змагаліся маленькія атрады прыкрыцця, якія цаной свайго жыцця здабывалі для таварышаў магчымасць адысці і замацавацца на новых пазіцыях. Невядомыя героі гінулі ў няроўных, трагічных баях.
49-я стралковая Чырванасцяжная дывізія (камандзір палкоўнік Канстанцін Фёдаравіч Васільеў) не здолела прарвацца да Пружан, была акружана і разгромлена ў пачатку ліпеня 1941 г. Афіцыйна расфарміравана 19 верасня 1941 г. Яе штабны архіў у асноўным страчаны, таму складана аднавіць звесткі аб асабовым складзе палкоў і батальёнаў, аб дзеяннях першых дзён вайны.
Толькі праз сорак гадоў удалося знайсці біяграфічныя няпоўныя звесткі пра герояў Белавежскай пушчы. Жакен Бейсамбекаў (1916–1941), ураджэнец Акцюбінскай вобласці (Казахстан), працаваў у калгасе ў Вішнёўскім раёне (цяпер Аршалынскі раён Акмолінскай вобласці), у 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. Ілья Васільевіч Ганчароў (1915–1989), ураджэнец Стаўрапольскага краю (Расія), трапіў у палон, вызвалены ў 1945 г., пасля вайны жыў у Душанбэ (Таджыкістан).
Пасля вайны на месцы бою быў устаноўлены абеліск з чырвонай зоркай. Па афіцыйнай версіі два кулямётчыкі былі пахаваны ці перапахаваны ля ўезду ў Белавежскую пушчу — у брацкую магілу (уліковая картка № 226 Рэспубліканскага рэестра воінскіх пахаванняў).
У 1976 г. на ўездзе ў Белавежскую пушчу з боку в. Камянюкі быў устаноўлены помнік кулямётчыкам. Скульптурная кампазіцыя ўяўляе сабой аголеную паясную фігуру воіна, у напружанні прыпаўшага да кулямёта, пастаўленага на невысокім прамавугольным пастаменце. Скульптар Валянцін Паўлавіч Занковіч, лаўрэат Ленінскай прэміі (1970), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967). Надпіс на пастаменце: «Товарищ! Обнажи голову и поклонись почтенно этому месту памяти трех советских солдат, павших в бою с фашистами 27 июня 1941 г. в 612-м квартале Беловежской пущи».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Мужны разлік // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 192.
- Козловская, М. Н. Могила советских воинов : [д. Каменюки] / М. Н. Козловская, Л. Г. Лапцевич // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 228.
- Казлоўская, М. М. Магіла кулямётчыкаў : [в. Камянюкі] / М. М. Казлоўская, Л. Г. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 208.
- Смирнов, С. С. Брестская крепость / С. С. Смирнов. – Москва : КоЛибри, 2010. – 480 с. : ил. – Из содерж.: В Беловежской пуще... С. 262–264.
- Беловежская пуща. Дыхание природы : легенды и были, памятники природы, удивительное и замечательное / авт. концепции и текста А. М. Суворов ; фото: Д. И. Бернацкий [и др.] ; под общ. ред. Н. Н. Бамбизы. – Минск : Поликрафт, 2008. – 67 с. : ил.
- Трибулева, Е. Встревоженная память : [о демонтаже и возвращении памятника погибшим воинам в д. Каменюки Каменецкого района] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2009. 18 ноября. С. 1–2.