Першае ўпамінанне пра Дзівін у летапісных крыніцах адносіцца да 1466 г. Шмат трагічных старонак перажыло гэта мястэчка. У XV ст. Дзівін неаднаразова падвяргаўся набегам крымскіх татар, аб чым сведчаць назвы урочышчаў, напрыклад, Татарская парасля.
У 1546 г. — мястэчка, цэнтр Дзівінскай воласці Брэсцкага (Берасцейскага) павета ВКЛ. З 1566 г. — цэнтр Дзівінскага войтаўства і Палескай воласці. 28 ліпеня 1634 г. кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў мястэчку Магдэбургскае права, аднак права прызначаць войта з ліку шляхты засталося за каралём і вялікім князем. У 1642 г. Магдэбургскае права Дзівіна пацвердзіў кароль і вялікі князь Ян Казімір, у 1749 г. — кароль і вялікі князь Аўгуст Сас. У 1668 г. Дзівін упамінаецца як горад у складзе Палескага ключа Берасцейскай эканоміі.
3 верасня 1794 г. каля Дзівіна адбыўся бой паміж войскамі А. В. Суворава і польскімі паўстанцамі. З 1795 г. Дзівін у складзе Расійскай імперыі. У 1797 г. мястэчка падаравана нашчадкам графа П. А. Румянцава-Задунайскага. У 1819 г. жыхары мястэчка патрабавалі разгляду справы аб іх вольнасці. У неўраджайныя 1853–1855 гг. дзівінцаў напаткаў вялікі голад. У 1858 г. у мястэчку адбыўся моцны пажар: згарэлі народнае вучылішча, бальніца і яўрэйскі квартал. У ХIХ ст. маёнтак Дзівін ва ўласнасці памешчыка А. Ягміна. У 1896 г. гаспадаром маёнтка стаў Іван Шэвіч, які ў 1899 г. прадаў маёнтак шляхціцу Арлоўскай губерні Івану Цяплову.
У 1915 г. Дзівін акупіраваны германскімі войскамі, з 1919 г. — польскімі войскамі. З 1921 г. — у складзе Польшчы, цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У мястэчку 373 дамы, 2299 жыхароў. У 1931 г. Дзівінская гміна налічвала 8326 жыхароў, 84 населеныя пункты. Працавалі яўрэйская бібліятэка, тэатральны і харавы гурткі.
З 1939 г. — у складзе БССР. 15 студзеня 1940 г. вёска Дзівін стала цэнтрам сельсавета і Дзівінскага раёна Брэсцкай вобласці. У Дзівіне было больш за 1000 двароў, 4187 жыхароў, працавалі сямігадовая школа (400 вучняў), бальніца, магазіны, маслазавод, МТС. Дзівінскі раён налічваў 138 населеных пунктаў, 11 сельсаветаў, 26 тыс. жыхароў.
24 чэрвеня 1941 г. Дзівін акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў раёне і вёсцы 2819 жыхароў. На тэрыторыі завода металавырабаў знаходзіцца абеліск, які ўстаноўлены на магіле 1450 жыхароў, расстраляных у 1942 г. У час акупацыі ў наваколлях дзейнічалі партызанскія атрады імя Чкалава, Шчорса, Калініна, Катоўскага, Чапаеўскі, Фёдарава, 44-ы баявы і брыгада Флегантава. Вызвалены 21 ліпеня 1944 г. часцямі 61-й арміі 1-га Беларускага фронту. У цэнтры вёскі пахаваны 74 воіны 212-й стралковай дывізіі і 2 партызаны, якія загінулі ў баях пры яе вызваленні.
Паступова Дзівін пачаў адраджацца. У 1945 г. адноўлена МТС, пачала друкавацца раённая газета «Ленінскі прызыў». У 1947 г. будавалася няпоўная сярэдняя школа, працавалі раённы клуб і бібліятэка. У 1949 г. створаны калгас «Зара». 8 жніўня 1959 г. Дзівінскі раён быў скасаваны, яго тэрыторыя ў асноўным далучана да Кобрынскага раёна. На той час ў Дзівіне было 3489 жыхароў. У 1970 г. — цэнтр калгаса «Новае жыццё», 4677 жыхароў.
У 2008 г. Дзівін атрымаў статус аграгарадка.На пачатак 2021 г. колькасць насельніцтва — 2742 жыхары. Вёска захавала старажытную лінейную планіроўку. Асноўныя кампазіцыйныя восі — вуліцы Савецкая і Леніна, на іх скрыжаванні сфарміраваўся грамадскі цэнтр. Помнікі драўлянай архітэктуры — цэрквы Параскевы Пятніцы (1740) і Прачысценская (пач. ХХ ст.) — занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
За 3 км ад вёскі — Сувораўскі дуб, батанічны помнік рэспубліканскага значэння (узрост больш за 450 гадоў). Для захавання рэдкіх відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, створаны біялагічны заказнік мясцовага значэння «Дзівін – Вялікі Лес» (1997). Славіцца Дзівін высокамастацкімі вырабамі народнай творчасці (народны дзівінскі касцюм, фартухі, дзівінскія кажушкі), дзейнічае Дом рамёстваў (2008). У Дзівіне прайшло абласное свята «Дажынкі-2020», да якога сур’ёзна абнавілі інфраструктуру, сацыяльныя аб’екты.
На дзівінскай зямлі нарадзіліся многія выдатныя людзі, жыццё і дзейнасць якіх з’яўляюцца прыкладам самаадданай працы: Віталій Уладзіміравіч Курашык,беларускі і ўкраінскі палітычны дзеяч, беларускі дыпламат; СяргейФёдаравіч Любчук, беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, кампазітар, заслужаны работнік культуры Беларусі; Мікалай Аляксандравіч Свідуновіч, доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, прэзідэнт Расійска-Беларускай навукова-тэхнічнай асацыяцыі «Сумесныя праекты»; протаіерэй Сергій (Сяргей Аляксеевіч Гардун), прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, член Беларускай Біблейскай камісіі; Мікалай Уладзіміравіч Смяховіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Аляксандр Уладзіміравіч Сінкавец, кандыдат біялагічных навук, дацэнт і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Дзівін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 111.
- Дзівін // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2.
C. 139–141. - Дзівін // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 394.
- Дивин // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1.
С. 322–323. - Дивин // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Мінск, 2006. Т. 3. C. 373–374.
- Дзівін / Уладзімір Пярвышын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 229.
- Дзівін / С. М. Амяльчук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 291–292.
- Дзівін // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 200.
- Агрогородок «Дивинский» // Агрогородки Брестчины. Брест, 2010. С. 159.
- Гапанович, А. Н. Дивин ― древний и молодой / Афанасий Гапанович. – Брест : Брестская типография, 2017. – 79 с. : цв. ил.
- Гапанович, А. Н. Хронологические мемуары : из истории и быта местечка Дивин Кобринского района / А. Н. Гапанович. – Дивин : [б. и.], 2015. – 79 с.
- Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2016. – 92 с. : каляр. фат. – (Па вёсках нашага краю).
- Бодак, А. Ю. Проблемы восстановления советской власти на Полесье в первые месяцы после освобождения от немецко-фашистских захватчиков (на примере Дивинского района Брестской области) / А. Ю. Бодак // Брестская крепость: историко-культурный контекст : сборник материалов Междунар. форума преподавателей рус. яз. и лит. стран СНГ и Европы, Брест, 6–10 окт. 2014 г. Брест, 2015. С. 9–12.
- Барысюк, Ю. А. Захаванне габрэйскай спадчыны ў палескіх мястэчках на прыкладзе мястэчка Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці / Юрый Барысюк // Станоўчыя практыкі захавання і папулярызацыі габрэйскай спадчыны. Варшава, 2012. С. 63–65.
- Габрусь, Т. В. Дзівінская царква Параскевы Пятніцы / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 292.
- Дзівінская царква Параскевы Пятніцы. Дзівінская царква Раства Багародзіцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 3. С. 394–395.
- Дивинское опытно-производственное лесничество // Кобринский опытный лесхоз. 70 лет. Минск, 2011. C. 113–118.
- Илларионова, Л. Удивляй, Дивин! / Л. Илларионова // Брэстчына вачамі журналістаў. Брэст, 2005. С. 146–153.
- Князева, В. М. Дзівін / В. М. Князева // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 576–578.
- Ткачова, С. Дзівін : аповед пра родную вёску / С. Ткачова // Берасцейскія карані ’98 : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1998. С. 121–123.
- Савчук, М. Новый облик агрогородка Дивина / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2020. 17 сентября (№ 38). С. 6.
- Курец, А. Этот удивительный Дивин / Александр Курец ; фото Елены Бакун // Рэспубліка. 2020. 12 сентября. С. 9.
- Лешкевич, М. Добро пожаловать в Дивин! : [об областном празднике тружеников села «Дожинки-2020» в Кобринском районе] / Марина Лешкевич // Заря. 2020. 12 сентября. С. 2–3.
- Мощик, С. Дивин будет удивлять! : [аг. Дивин Кобринского района примет областной фестиваль-ярмарку тружеников села «Дажынкі»] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2020. 11 сентября (№ 37). С. 2.
- Елизарова, Ж. Дивин к празднику готов : [о подготовке аг. Дивин к проведению областного фестиваля-ярмарки тружеников села «Дожинки»] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2020. 29 жніўня. С. 2.
- Капустина, К. Готовь Дивин летом : [в аг. Дивин Кобринского района идёт подготовка к областному фестивалю-ярмарке тружеников села «Дажынкі»] / Ксения Капустина // Сельская газета. 2020. 25 июня. С. 12.
- Дзівінскі шлях : [тэматычная старонка] // Кобрынскі веснік. 2019. 23 кастрычніка. С. 4.
- Бялоў, Д. Зямля, дзе віруе жыццё : [Дзівін — перспектыўная вёска для жыцця і працы] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскі веснік. 2016. 24 верасня. С. 4.
- Савчук, М. Дивину — 550 лет! / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2016. 1 сентября (№ 35). С. 4