Пятніца, 23 Ліпень 2021 11:51

15 ліпеня 2021 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Серафіма Жыровіцкага (Раман Раманавіч Шахмуць; 1901–1946), рэлігійнага дзеяча, новапакутніка Беларускай праваслаўнай царквы

Раман Раманавіч Шахмуць нарадзіўся 15 ліпеня 1901 г. у сяле Падлессе Ляхавіцкай воласці Мінскай губерні (цяпер вёска Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Нягледзячы на вялікую беднасць, Раману ўдалося скончыць двухгадовае народнае вучылішча ў Ляхавічах. З дзяцінства хлопчыка цягнула да царквы, дзе ён многа і старанна маліўся. Свята-Духаўская царква в. Падлессе пабудавана з дрэва ў другой палове ХVIII ст., вядома цудатворнай іконай Божай Маці «Падлеская».

 

У 1916 г. Раман Шахмуць паступае паслушнікам у Мінскі Свята-Духаў мужчынскі манастыр, але праз год вымушаны быў вярнуцца ў роднае Падлессе, каб дапамагаць аўдавелай маці. У 1921 г. здаў экзамен на псаломшчыка і нейкі час служыў у царкве Нараджэння Багародзіцы ў в. Вяляцічы каля Пінска.

1 красавіка 1923 г. у Жыровіцкім Свята-Успенскім манастыры адбыўся чын пастрыжэння Рамана Шахмуця ў манаства з імем Серафім. Ён вызначаўся цудоўным голасам і музычным слыхам, некалькі гадоў нёс паслушанне рэгента і ўстаўшчыка ў манастыры. У 1926 г. Серафіма рукапалажылі ў іерадыякана. У гэтым сане ён пэўны час кіраваў манастырскім хорам, выконваў абавязкі эканома. У 1935 г. узведзены ў сан іераманаха і накіраваны ў в. Курашава, што каля Гайнаўкі (цяпер Польшча), дзе праваслаўны прыход апынуўся ў цяжкім становішчы ў сувязі з актывізацыяй уніятаў. За два гады падзвіжніцкай і малітоўнай працы іераманах Серафім дамогся значнага паляпшэння стану храма і прыхода, умацаваў дух праваслаўных вернікаў.

У 1930-я гг. айцец Серафім знаёміцца з архіепіскапам Панцеляіманам (Ражноўскім), які ў той час пражываў на спакоі ў Жыровіцкім манастыры. Менавіта пад уплывам уладыкі Панцеляімана айцец Серафім паступова сфарміраваўся як манах высокага духоўнага жыцця. Разам з іерэем Рыгорам (Кударэнкам) айцец Серафім удзельнічаў у місіянерскіх хрэсных хадах з Жыровіцкай іконай Божай Маці па заходнебеларускіх гарадах і вёсках, дзе асабліва адчуваўся ўплыў рымакаталіцызму. У канцы 1939 г. уладыка Панцеляіман узвёў айца Серафіма ў сан ігумена, крыху пазней — у сан архімандрыта.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, архімандрыт Серафім і іерэй Рыгор (Кударэнка) з блаславення архіепіскапа Панцеляімана ў жніўні 1941 г. пакінулі Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр і выехалі ў напрамку Мінска. Ім было даручана заняцца арганізацыяй царкоўнапрыходскага жыцця Усходняй Беларусі, дзе ў даваенны час яно было цалкам разбурана. У кожным паселішчы місіянеры збіралі сярод вернікаў прашэнні на імя ўладыкі Панцеляімана з просьбай аб адкрыцці прыходскіх цэркваў; усюды адпраўлялі богаслужэнні, аглядалі храмы, якія захаваліся, выбіралі будаўнічыя камітэты для іх рамонту, хрысцілі дзяцей, адпявалі нябожчыкаў, нястомна прапаведавалі.

Прыбыўшы ў Мінск, архімандрыт Серафім і айцец Рыгор нядоўгі час служылі ў Спаса-Праабражэнскай царкве былога жаночага манастыра. Ужо ў студзені 1942 г. адправіліся на Віцебшчыну з той жа мэтай місіянерскай пропаведзі. Затым яны наведалі Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск і Гомель. У мясцовасці Чонкі непадалёку ад Гомеля аднавілі жаночы манастыр, у якім пасяліліся 30 сясцёр. Вярнуўшыся ў Мінск, місіянеры некаторы час служылі ў кафедральным саборы Святога Духа. З набліжэннем лініі фронту ў чэрвені 1944 г. яны выехалі ў Гродна, дзе знайшлі прытулак у манастыры Нараджэння Багародзіцы, хадзілі па лазарэтах, прапаведавалі, прычашчалі.

28 ліпеня 1944 г. Беларусь была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 6 верасня 1944 г. прапаведнікаў і місіянераў арыштавалі. Іх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з акупацыйнымі карнымі органамі СД і іншых злачынствах. Арыштаваных пратрымалі пад следствам дзесяць месяцаў. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы сваіх поглядаў і перакананняў. 7 ліпеня 1945 г. «за изменническое поведение во время пребывания на оккупированной территории» ім вынеслі прысуд аб пазбаўленні волі тэрмінам на пяць гадоў з адбыванням пакарання ў папраўча-працоўным лагеры. Адбывалі пакаранне ў розных месцах Горкаўскай вобласці.

Архімандрыт Серафім памёр ад хваробы сэрца ў лагеры 5 сакавіка 1946 г. Па іншых звестках загінуў пры невядомых абставінах.

Айцец Рыгор (Кударэнка), адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся ў Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр, праз нейкі час прыняў пострыг з імем Ігнацій. Ва ўзросце 89 гадоў у сане архімандрыта ён мірна адышоў да Госпада. Незадоўга да смерці ён сведчыў, што ў час місіянерскага падарожжа 1941–1944 гг. па Усходняй Беларусі ім разам з айцом Серафімам былі адчынены 74 храмы.

Архімандрыт Серафім быў рэабілітаваны ў 1989 г. Кананізаваны Свяшчэнным Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы 28 кастрычніка 1999 г. як адзін з 23 навамучанікаў Мінскай епархіі. Яму вызначаны асобны дзень памяці — 6 верасня, дзень яго арышту, які стаў пачаткам мучаніцкага подзвігу. У імя прападобнамучаніка Серафіма дзейнічае прыходскі храм у г. Слоніме Гродзенскай вобласці (пабудаваны ў 2001–2003 гг.). Іконы святога Серафіма радуюць сэрцы вернікаў у многіх храмах Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

  1. Серафим (Шахмуть) // Православные святые земли Белорусской. Минск, 2015. С. 59.
  2. Серафім (Шахмуць Раман Раманавіч) // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 227–228.
  3. Кривонос, Ф. Незабвенный пастырь. Преподобномученик Серафим Жировицкий / протоиерей Феодор Кривонос. – Минск : ВРАТА, 2016. – 52 с.
  4. Кривонос, Ф. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина ХХ века) / протоиерей Феодор Кривонос. – Минск : [б. и.], 2002. – 148 с.
  5. Святадухаўская царква (в. Падлессе) // Ляхавіцкі край вачамі патэнцыяльнага турыста : [буклет-даведнік] / складзены і падрыхтаваны да друку ўстановай «Рэдакцыя раённай газеты „Ляхавіцкі веснік“» ; фота Сяргея Варановіча ; тэкст Святланы Стыкуць. [Брэст], 2007. С. 9.
  6. Царква ў імя прападобнага Серафіма Жыровіцкага / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 371.
  7. Каско, Д. Пакутнікі нашага часу. Хто такія навамучанікі? / Д. Каско // Звязда. 2017. 28 лютага. С. 8.
  8. Жытко, С. Наш заступнік, наш зямляк : [ушанаванне памяці Серафіма Жыровіцкага — аўтапрабег і святочная літургія] / Серафім Жытко // Ляхавіцкі веснік. 2017. 12 ліпеня. С. 6.
  9. Слесарев, А. В. Новооткрытые сведения о миссионерском служении преподобномученика Серафима (Шахмутя), архимандрита Жировичского / А. В. Слесарев // Ведомости Минской митрополии. 2017. № 5. С. 71–74.
  10. Слесарев, А. В. Новооткрытые сведения о миссионерском служении преподобномученика Серафима (Шахмутя), архимандрита Жировичского / А. В. Слесарев // Хронос. 2017. № 4. С. 113–122.
  11. Гордун, С.Ценное свидетельство о пастырском служении преподобномученика Серафима, архимандрита Жировичского / протоиерей Сергий Гордун // Ведомости Минской митрополии. 2016. № 10. С. 54–60.
  12. Святлова, В. Малітоўна да Серафіма : [ушанаванне 115-годдзя з дня нараджэння і 70-годдзя з дня пакутніцкай смерці святога Серафіма Жыровіцкага адбылося ў в. Вялікае Падлессе і ў г. Ляхавічы] / Вольга Святлова // Ляхавіцкі веснік. 2016. 20 ліпеня. С. 4.
  13. Барадзіна, В. Быць чалавекам : [праваслаўе раёна; Падлеская царква; Серафім Жыровіцкі] / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2016. 3 верасня. С. 5.
  14. Глеб, Л. У памяць святога Серафіма : [дзень памяці Серафіма Жыровіцкага ў в. Падлессе] / Ларыса Глеб // Ляхавіцкі веснік. 2016. 10 верасня. С. 3.
  15. Канько, Г. Наш святы [Серафім Жыровіцкі] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2014. 6 верасня. С. 4.
  16. Преподобномученик Серафим Жировицкий : [в миру Роман Романович Шахмуть; 1901–1946)] // Гродненские епархиальные ведомости. 2014. № 9. С. 9–10.
  17. Жытко, С. Наш зямляк — святы Серафім / Серафім Жытко // Ляхавіцкі веснік. 2013. 4 верасня. С. 3.
  18. Канько, Г. Святло святога Серафіма : [ляхавічане ўшаноўваюць памяць прападобнага святога Серафіма Жыровіцкага] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2010. 8 верасня. С. 1.
  19. Канько, Г. Благаславеннае месца : [6 верасня ў Ляхавіцкай Крыжаўздзвіжанскай царкве праводзілася літургія ў гонар святога ўгодніка прападобнамучаніка Серафіма Жыровіцкага] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2009. 9 верасня. С. 2.
  20. Наш Серафім [Жыровіцкі] // Ляхавіцкі веснік. 2008. 6 верасня. С. 4.
  21. Святая памяць : [6 верасня — малебен да Дня свяшчэннамучаніка Серафіма Жыровіцкага] // Народная трыбуна. 2008. 6 верасня. С. 3.
  22. Зарэчная, Г. Званы веры, надзеі, любові : [пра ўрачыстасць, прысвечаную святому ўгодніку прападобнамучаніку Серафіму, архімандрыту Жыровіцкаму] / Г. Зарэчная // Ляхавіцкі веснік. 2007. 12 чэрвеня. С. 2.
  23. Жытко, С. Заступнік зямлі Ляхавіцкай : [Серафім Жыровіцкі] / Серафім Жытко // Ляхавіцкі веснік. 2007. 5 верасня. С. 3.
  24. Канько, Г. Серафім — значыць палымянны / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2006. 9 верасня. С. 1.
  25. 24 августа / 6 сентября — день памяти преподобномученика Серафима, архимандрита Жировицкого (1901–1946) // Новогрудские епархиальные ведомости. 2005. № 9. С. 12.
  26. Літургія ў гонар святога Серафіма // Ляхавіцкі веснік. 2002. 11 верасня.
  27. Священномученик Серафим, архимандрит Жировицкий (Шахмуть Р. Р., 1901–1946) // Православный вестник. 2000. № 7/9. С. 4–8.
  28. Кавалеўскі, А. Пакутнік Серафім Жыровіцкі / А. Кавалеўскі / Літаратура і мастацтва. 2000. 13 кастрычніка. С. 12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 632 разоў