Аўторак, 03 Жнівень 2021 09:41

9 верасня 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Васіля Антонавіча Плаўчанкі (1951), генерал-маёра танкавых войск

Васіль Антонавіч Плаўчанка нарадзіўся 9 верасня 1951 г. у г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Антон Антонавіч Плаўчанка (1913–1979), былы партызан брыгады «Савецкая Беларусь», першы рэдактар раённай газеты «Чырвоны сцяг» (1944–1953), старшыня Давыд-Гарадоцкага райвыканкама (1953–1958), настаўнік працоўнага навучання СШ № 2 (1958–1975). Маці, Вольга Сцяпанаўна (1923–2012), настаўніца пачатковых класаў СШ № 1.

 

У 1968 г. Васіль Плаўчанка закончыў сярэднюю школу № 2 г. Давыд-Гарадка, паступіў у Кіеўскае вышэйшае танкавае вучылішча. Служыў у Харкаве, Групе савецкіх войск у Германіі, Грузіі, Хабараўску. Заключны этап службы звязаны з Прыволжскай ваеннай акругай, дзе ў 1993–1995 гг. быў намеснікам камандуючага войскамі акругі па бронетанкавых войсках, займаў іншыя адказныя пасады. Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 6 мая 1994 г. В. А. Плаўчанку прысвоена званне генерал-маёра.

У 2001 г. В. А. Плаўчанка быў дэмабілізаваны, жыве ў г. Самары. Займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю: кіраваў Самарскай абласной грамадскай спартыўна-аздараўленчай установай «Лотос». Затым працаваў намеснікам главы адміністрацыі Ленінскага раёна г. Самары. З’яўляўся членам рэгіянальнай рабочай групы па справах казацтва Самарскай вобласці.

Генерал-маёр запаса В. А. Плаўчанка ў 2009 г. быў запрошаны на працу ў сістэму ДТСААФ Расіі. 28 лістапада 2009 г. з грамадскай арганізацыі «Расійская абаронна-спартыўная арганізацыя», якая працавала з 1991 г., была створана грамадска-дзяржаўная арганізацыя ДТСААФ Расіі. З 15 снежня 2009 г. да сярэдзіны 2016 г. В. А. Плаўчанка з’яўляўся старшынёй рэгіянальнага аддзялення ДТСААФ Расіі па Самарскай вобласці. Пад кіраўніцтвам В. А. Плаўчанкі былі адроджаны лепшыя традыцыі ДТСААФ па ваенна-патрыятычным выхаванні, падрыхтоўцы ваенных кадраў.

Васіль Антонавіч прыклаў шмат намаганняў для наладжвання работы ўстаноў ДТСААФ у рэгіёне. У Самары дзейнічае дзіцяча-юнацкая спартыўна-тэхнічная школа ДТСААФ Расіі па ваенна-прыкладным мнагабор’і. Працуе комплексны вучэбны цэнтр, які ўключае чатыры аўтадромы: аўтаматызаваны для навучэння вадзіцеляў катэгорыі В, ваенны — для грузавых аўтамабіляў, кранадром, дзе рыхтуюць аўтакранаўшчыкоў, і бронедром для падрыхтоўкі вадзіцеляў гусенічных машын. Выпушчаны сотні спецыялістаў для Узброеных Сіл Расіі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Плаўчанка Васіль Антонавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 501.
  2. Генералы белорусы и уроженцы Беларуси (послевоенное поколение) : Плавченко Василий Антонович // Военачальники земли белорусской : энцикл. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 236.
  3. Самарская оборонная организация : 85 лет на службе Отечеству / ДОСААФ России, Регион. отд-ние Самар. обл. ; под общ. ред В. А. Плавченко. – Самара : Самарский университет, 2012. – 175 с. : ил.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 629 разоў