Закончыўшы школу, Арсеній Цецярук пачаў працаваць у школе лабарантам. У 1960–1963 гг. служыў у Савецкай арміі. У 1963–1968 гг. вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Пасля заканчэння інстытута працаваў выкладчыкам чарчэння, малявання і працы ў СШ № 19 г. Брэста.
З 1969 па 1987 г. Арсеній Мікалаевіч быў кіраўніком будаўнічага сектара ў Брэсцкім аддзеле праектнага інстытута «Белкааппраект». У 1969 г. пераведзены на пасаду старшага архітэктара групы генплана і вертыкальнай планіроўкі; з 1973 г. — выконваючы абавязкі кіраўніка групы архітэктараў; з 1975 г. — кіраўнік групы архітэктараў. Прыняты ў Саюз архітэктараў БССР (1987).
У 1987 г. А. М. Цецярук перайшоў на працу ў Брэсцкую дзіцячую мастацкую школу (з 2015 г. — дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў імя А. А. Алонцава) педагогам па малюнку, жывапісе і кампазіцыі. У 1991 г. яму была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Шмат сіл аддаваў эстэтычнаму выхаванню дзяцей. Мастак пісаў у тэхніцы акварэлі, удзельнічаў у выставах, у Брэсце правёў свае дзве персанальныя выставы (2001, 2007). На пенсію выйшаў у 2011 г.
З 1990 г. Арсеній Мікалаевіч актыўна ўключыўся ў работу ўкраінскіх грамадскіх арганізацый «Просвіта» на Брэстчыне: першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Просвіта Берестейщини», член украінскага педагагічнага саюза «Берегиня», член праўлення Украінскага грамадска-культурнага аб’яднання Брэсцкай вобласці.
У той жа час Арсеній Цецярук вядзе творчую дзейнасць па зборы і музычнай апрацоўцы народных песень сваёй малой радзімы. У 2003 г. выйшаў яго зборнік песень на ўкраінскай мове «Пісні мого села», у які ўвайшлі больш за 40 аўтарскіх і 50 народных песень, якія спяваюць у родным сяле на ўкраінскай мове.
Наступны зборнік «Поліські передзвони» (2016) уключыў больш 40 песень про «найміліше, найдоріжше, кохання до рідного краю», у яго ўвайшлі ўкраінскія народныя песні, запісаныя на Берасцейшчыне, і аўтарскія творы на словы ўкраінскіх і берасцейскіх паэтаў пра жыццё, каханне да жанчыны, любоў да палескага краю. У 2020 г. у рамках ІІІ Міжнароднай наукова-практычнай канферэнцыі «Берасцейскі мір у кантэксце гісторыі і культуры Усходняй Еўропы» ў намінацыі «Папулярызацыя мастацкай творчасці» за выданне кнігі «Поліські передзвони» Арсеній Цецярук атрымаў літаратурную прэмію імя Васіля Дмытрыюка, якая штогод уручаецца аўтарам з Беларусі, што пішуць на ўкраінскай мове.
Арсеній Мікалаевіч з’яўляўся ўдзельнікам хору «Галасы Палесся», які быў створаны ў 1994 г. Ігарам Чэрнікам. З 1996 г. хорам кіравала Людміла Чаберкус. Сабраныя і напісаныя А. М. Цецеруком песні з яго зборніка «Пісні мого села» ўпрыгожылі рэпертуар калектыву. Таксама фалькларыст папулярызаваў украінскую народную песню на сторонках газеты «Голос Берестейщини».
Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Дзяржбуда БССР (1979), БКС і БРК прафсаюза (1980), дыпломам першай ступені Дзяржаўнага камітэта БССР па справах будаўніцтва (1986), Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Брэсцкага гарвыканкама (2001, 2006), граматай Міністэрства культуры Беларусі, Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры (2004), граматамі Генеральнага консульства Украіны ў г. Брэсце (2006, 2007), граматай цэнтральнага праўлення Усеўкраінскага таварыства «Просвіта» імя Т. Шаўчэнкі (1999), граматай Украінскай сусветнай каардынацыйнай рады (1992), падзякай Генеральнага консульства Украіны ў г. Брэсце (2010), падзякай старшыні Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (2011) і інш.
У 2018 г. на вечары-памяці «Пясняр Палесся», прысвечаным 120-годдзю з дня нараджэння паэта, нашага земляка Дзмітрыя Фалькоўскага, які праводзіла Кобрынская цэнтральная раённая бібліятэкасумесна з грамадскім аб’яднаннем «Украінскі навукова-педагагічны саюз „Берагіня“», А. М. Цецярук выступаў з музычнымі нумарамі і падараваў кобрынскім чытачам сваю кнігу «Поліські передзвони».
А. М. Цецярук памёр 31 ліпеня 2020 г., завяшчаў пахаваць сябе ў родным Павіцці побач з бацькам і маці.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
Творы А. М. Цецерука
- Поліські передзвони [Ноты] : [для голасу, хору без суправаджэння] / Арсень Тетерук. – 2-е выд., перапрацаванае і дапоўненае. – Мінск : Смэлтак, 2019. – 243 с. – (Голоси з Берестейщини).
- Поліські передзвони [Ноты] : аўтарскія песні : [для хору без суправаджэння] / Арсень Цецярук ; [музычны рэдактар, аўтар прадмовы Фёдар Мазоль]. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 95 с.
- Ноктюрн Полісся : [песня на словы А. Тетерука, Т. Сергійчука] / Арсень Тетерук // Справа. Мінск, 2015. Вып. 2. С. 232.
- Пісні мого села [Ноты] : украïнські народні пісні, записані на Берестейщині, та сучасні авторські твори : [для народнага хору без суправаджэння] / упорядник Арсень Тетерук. – Луцьк : Твердиня, 2010. –138, [1] c.
Аб жыцці і дзейнасці А. М. Цецерука
- Тетерук Арсентий Николаевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Архитекторы Беларуси. Минск, 2014.
- 30 лет ДХШ, 1976–2006 : альбом-каталог : [посвящён юбилею Брестской детской художественной школы; среди персоналий — А. Тетерук / сост.: В. Д. Тулупов, А. А. Кондратюк]. – Брест : [б. и.], 2006. – 18 с. : ил.
- 80 гадоў з дня нараджэння А. М. Цецерука (1941–2020)//Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 25.
- Вовк, Ю. Память о сыне двух народов : [к 120-летию со дня рождения Д. Фальковского в Кобринской центральной районной библиотеке прошёл литературный вечер «Пясняр Палесся», в котором принял участие А. Тетерук] / Юлия Вовк // Кобрин-информ. 2018. 8 ноября. С. 3.
- Ногач, Г. Рукапісы не гараць : [да 120-годдзя Д. Фалькоўскага супрацоўнікамі Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі арганізавана літаратурная вечарына «Пясняр Палесся», у якой прымаў удзел А. Цецярук] / Ганна Ногач // Кобрынскі веснік. 2018. 10 лістапада. С. 4.
- Тетерук, А. Песни дружбы звучали за Бугом : [об участии ансамбля народной песни «Голосы Полiсся» из Бреста в празднике «Ноц Купалы» в гмине Наревка Хойновского повета (Польша, 12–13 июля 2014 г.) / Арсений Тетерук // Брестский курьер. 2014. 31 июля (№ 31). С. 5.
- Павлова, Л. Песняры полесского края : [о хоре «Голосы Полiсся» под руководством Людмилы Юрьевны Чеберкус] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 3 февраля (№ 5). С. 32.
- Павлова, Л. Привела меня доля в рай : [о преподавателе Брестской детской художественной школы, фольклористе А. Тетеруке (к его 70-летию)] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 6 января (№ 1). С. 9.
- Павлова, Л. Песнями повитое село приветило своего земляка-композитора : [о презентации книги А. Тетерука «Пісні мого села» в селе Повитье Кобринского района] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 14 октября (№ 42). С. 10.
- Альшова, И. Художник — это состояние души : [о выставке акварелей А. Н. Тетерука в детской художественной школе] / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2007. 13 сентября. С. 16.
- Цвыд, А. Веснавыя акварэлi : [пра выставу твораў А. Цецерука ў музеi «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці»] / А. Цвыд // Народная трыбуна. 2001. 20 студзеня.