Серада, 18 Жнівень 2021 10:31

19 жніўня 2021 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Адама Асманавіча Мурзіча (1941), педагога па вакале, заслужанага работніка культуры Беларусі

Адам Асманавіч Мурзіч нарадзіўся 19 жніўня 1941 г. у г. Ляхавічы Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. З дзяцінства любіў музыку, слухаў оперу на пласцінках і па радыё, спяваў у самадзейнасці. Першым з прафесіяналаў яго вакальны талент заўважыў Леў Палікарпавіч Лях, які тады працаваў у Ляхавіцкім доме культуры. Адам Мурзіч не збіраўся займацца музыкай, ён працаваў і вучыўся ў вячэрней школе.

 

Па закліку камсамола ў 1958 г. юнак паехаў на будоўлі Карагандзінскай вобласці (Казахстан). Там Адам Мурзіч захапіўся футболам, а аднойчы пабачыў музычны тэатр, які прыехаў на гастролі, і вырашыў вучыцца музыцы. Паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча, займаўся ў выдатнага педагога па вакале Меліціны Іванаўны Арэнскай. Пасля службы ў Савецкай арміі вярнуўся ў Брэст і закончыў вучылішча (1964).

Адам Мурзіч вырашыў працягнуць адукацыю — паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага. Вучыўся ў Вікторыі Мазавай, Валерыя Кучынскага, Барыса Шамякова. У 1969 г. скончыў кансерваторыю па спецыяльнасці «сольны спеў».

Трыдцаць два гады Адам Асманавіч працаваў выкладчыкам, педагогам па вакале, узначальваў аддзяленне сольных спеваў у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М. І. Глінкі. Больш за дзесяць гадоў працаваў выкладчыкам у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Адам Асманавіч ніколі не быў артыстам, хоць прырода падаравала яму багаты голас, а лёс — добрую вакальную школу. Яшчэ ў студэнцкія гады, задумаўшыся пра сольную кар’еру, бескампрамісны і самакрытычны юнак пачаў сумнявацца, таму выбраў шлях педагога.

А. А. Мурзіч — адзін з найлепшых педагогаў па вакале. Больш за сорак гадоў ён прысвяціў вакальнай педагогіцы і выхаваў за гэты час дзясяткі маладых спевакоў. Яго вучні (больш за 120) з’яўляюцца пераможцамі прэстыжных міжнародных конкурсаў і фестываляў, спяваюць у вядучых музычных калектывах краіны, а таксама за мяжой — у Расіі, Германіі, Францыі. Школу Адама Асманавіча прайшлі вядучыя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: Алег Мельнікаў, Ілья Сільчукоў, Станіслаў Трыфанаў, Дзмітрый Капілаў, Аляксандр Жукаў; Беларускага музычнага тэатра: Антон Заянчкоўскі, Алег Прохараў.

Ганаровае званне «Заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь» было прысвоена педагогу ў 1992 г. за заслугі ў развіцці беларускай вакальнай школы і падрыхтоўцы музыкантаў-выканаўцаў. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2017), «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі» (2016), нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2001), Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2009), Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2016) і інш.

Адам Мурзіч выступаў у якасці кансультанта Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, працаваў у складзе журы розных рэспубліканскіх вакальных конкурсаў, сярод якіх «Новыя галасы Беларусі» (2009), «Зорка ўзышла над Беларуссю» (2010).

З чэрвеня 2010 г. працуе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, з’яўляецца яго мастацкім кіраўніком. У красавіку 2011 г. А. А. Мурзіч падрыхтаваў аўтарскі праект «Барытоны Беларусі спяваюць пра каханне». У гэтай канцэртнай праграме прынялі ўдзел вядучыя салісты Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, сярод іх былі вучні Адама Асманавіча.

Пад кіраўніцтвам А. А. Мурзіча ў чэрвені 2011 г. Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр прадставіў два маштабныя openair праекты: «Чароўная ноч класікі ў музеі пад адкрытым небам» (сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту) і «Вечар старадаўняга раманса» ў рамках «Музычных вечароў у Мірскім замку» (сумесна з тэлеканалам ОНТ).

24 кастрычніка 2011 г. у Брэсцкім музычным каледжы імя Р. Шырмы адбылася творчая сустрэча з Адамам Асманавічам, былым выпускніком. Педагог правёў майстар-клас з навучэнцамі каледжа. У лютым 2012 г. ён выступіў аўтарам праекта і мастацкім кіраўніком тэатралізаванага канцэрта з твораў С. Рахманінава «Полымя кахання».

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр працуе напружана і творча. Нягледзячы на абставіны пандэміі каронавіруснай інфекцыі ў тэатры ў 2020 г. выпусцілі пяць прэм’ер. У 2021 г. падрыхтавалі новую версію рок-оперы А. Рыбнікава «„Юнона“ и „Авось“», дзіцячы балет С. Пракоф’ева «Петя и волк», казку «Чиполлино», запланаваны іншыя пастаноўкі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

Працы А. А. Мурзіча

  1. Сольныя спевы : праграма для муз. вуч-шчаў па спец. Г. 11. 20. «Спевы» / Беларус. ін-т прабл. культуры ; [уклад.: Л. П. Івашкоў, А. А. Мурзіч]. – Мінск : БелІПК, 1995. – 27 с.
  2. Практические рекомендации по работе с начинающими вокалистами : метод. рекомендации / А. О. Мурзич ; ред. С. М. Рыбарева ; М-во культуры БССР, Респ. метод. каб. по учеб. заведениям искусств и культуры. – Минск, 1988. – 11 с.
  3. Учебные задания [Ноты] : для учащихся вокальных отделений музыкальных училищ на материале белорусских композиторов / [сост.: А. О. Мурзич, В. В. Фомиченко] ; Министерство культуры БССР, Респ. метод. кабинет по учеб. заведениям искусств ; [в обработке для голоса (вокального ансамбля) в сопровождении фортепиано]. Минск, 1982. – 89 с.

 

Аб жыцціі творчасціА. А. Мурзіча

  1. Мурзич Адам Асманович // Брестский музыкальный коледж : история и современность / Р. А. Жабинский. Брест, 2011. С. 87, 147.
  2. Школьников, Л. Е. Минское музыкальное училище им. М. И. Глинки / Л. Е. Школьников. – Минск : Полымя, 1984. – 16 с. : ил.
  3. Мурзич, А. О. «Голос красив, если с душой» / Адам Мурзич ; [беседовала] Елена Басикирская // Сельская газета. 2021. 30 января. С. 29.
  4. Мурзич, А. О. Адам Мурзич, художественный руководитель музыкального театра: «Наш театр сегодня живет насыщенной творческой жизнью, но не в отрыве от происходящего вокруг. У каждого есть свое мнение. И мы разделяем все беды, радости и успехи нашего народа» / Адам Мурзич ; [беседовал] Валентин Пепеляев // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 28 декабря. С. 14.
  5. Барадзіна, В. Адам і Соф’я. Мурзіч і Гальшанская / Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 2016. 8 кастрычніка. С. 9.
  6. Барадзіна, В. Адам і Соф’я. Мурзіч і Гальшанская : таленты зямлі берасцейскай / Вольга Барадзіна // Народная трыбуна. 2016. 21 кастрычніка (№ 43). С. 10.
  7. Степуро, Н.От Скорины до Купалы : [о новом театральном сезоне в театрах Минска; о 75-летии А. О. Мурзича ] / Наталья Степуро // СБ. Беларусь сегодня. 2016. 17 августа.
  8. Овсепьян, И. Споёмте, друзья : [беседа с художественным руководителем Белорусского академического музыкального театра А. О. Мурзичем / беседовала Ирина Овсепьян] // СБ. Беларусь сегодня. 2016. 17 августа. С. 12.
  9. Попова, В. Вот это да, вот это голоса! : [беседа с художественным руководителем Белорусского академического музыкального театра А. О. Мурзичем / беседовала Виктория Попова] // СБ. Беларусь сегодня. 2013. 9 февраля. С. 7.
  10. Коктыш, М. Бизнесмен отдал 45 тысяч долларов на оперетту : в Белорусском музыкальном театре — премьера оперетты «Граф Люксембург» : [о постановке рассказывает А. Мурзич] / Марина Коктыш // Народная воля. 2012. 19 сакавіка.
  11. Малушенко, А. «Пламя любви» разгорелось в столице : [автор идеи вечера романсов — художественный руководитель Белорусского музыкального театра А. Мурзич] / Анна Малушенко // Белорусская военная газета. 2012. 18 февраля. С. 13.
  12. Бунцэвіч, Н. Тайна дзевяці прэм’ер : [гутарка з мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра А. А. Мурзічам] / гутарыла Надзея Бунцэвіч // Культура. 2011. 20 жніўня (№ 34). С. 9.
  13. Берасцень, С. Сезон Адама Мурзіча / Святлана Берасцень // Літаратура і мастацтва. 2011. 19 жніўня (№ 33). С. 1.
  14. Лысенко, З. Уважение традиций плюс смелость эксперимента : 40-летие БГАМТ и его новый художественный руководитель — А. О. Мурзич / Зоя Лысенко // Беларуская думка. 2011. № 5. С. 86–95.
  15. Бунцэвіч, Н. Аднойчы ў Музычным : [гутарка з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Аляксандрам Пятровічам, мастацкім кіраўніком Адамам Мурзічам і галоўным балетмайстрам Уладзімірам Івановым] / гутарыла Надзея Бунцэвіч // Культура. 2010. 4–10 снежня (№ 49). С. 13.
  16. Габышава, К. Адам Мурзіч: «Усе жанры добрыя, акрамя сумнага» : [гутарка з мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра А. А. Мурзічам] / Кацярына Габышава // Народная газета. 2010. 13 ліпеня. С. 6.
  17. Пепеляев, В. Человек жанра : [Адам Османович Мурзич] / Валентин Пепеляев // Советская Белоруссия. 2010. 7 июля. С. 20.
  18. Белохвостик, Н. В музыкальном театре новый худрук : на эту должность назначили Адама Мурзича / Надежда Белохвостик // Комсомольская правда в Белоруссии. 2010. 2 июля. С. 4.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1023 разоў