{gcontent}Абвешчаны пастановамі Савета Міністраў БССР ад 18.11.1968 г. № 342 і Савета Мiнiстраў Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 1833 у мэтах захавання возера Выганашчанскае і ўнікальных лесабалотных экалагічных сістэм, якія прылягаюць да возера, жывёл і раслін, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь і ахоўваюцца ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі, якія дзейнічаюць для Рэспублікі Беларусь, а таксама месцаў іх росту і пражывання. З 1968 па 2007 гады функцыянаваў рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Выганашчанскае”.
Агульная плошча 55 047,4 га. Заказнік ўключае буйныя балотныя масівы Выганашчанскае, Пагоня, Алешня, а таксама ўрочышчы Мох, Заканалье і іншыя.
Заказнік “Выганашчанскае” ўяўляе сабой ўнікальную непаўторную тэрыторыю для Беларусі і Еўропы ў цэлым. Гэты найбуйнейшы балотны масіў, які захаваўся на водападзеле рэк Чарнаморскага і Балтыйскага басейнаў. У заказніку знаходзіцца зона актыўнай разгрузкі грунтавых вод, якая мае важнае значэнне ў харчаванні рэк, азёр, падтрыманні кліматычных характарыстык.
У раслінным покрыве дамінуюць лясныя супольнасці, якія займаюць больш за 70% агульнай плошчы. Асаблівую цікавасць уяўляюць павышаныя ўчасткі рэльефу – груды плошчай 0,5–10 га на дзярнова-глееватых карбанатных глебах. На карбанатных грудах выяўлены лугавой мергель магутнасцю 10–60 см. У такіх месцах растуць шыракалістыя лясы з дамінаваннем дуба і пры ўдзеле ясеня, клёна, ліпы, граба, вяза.
У заказніку маюцца буйныя запасы лекавай сыравіны: ландыша травеньскага, купены лекавай, каліны звычайнай, маліны, святаянніка прадзіраўленага, ажыны, мучаны звычайнай, чабора звычайнага, крываўніка звычайнага, валяр’яны лекавай.
Найбольш прадуктыўныя журавіннікі сканцэнтраваны ў асакова-сфагнавых бярэзніках. Тут растуць рэдкія для тэрыторыі Беларусі віды: вярба лапландская, бяроза нізкая, мірт балотны, смалёўка літоўская, пячоначніца звычайная і інш Сярод відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваныя: зубніца клубняносная, вярба чарнічная, галубок сібірскі, каўлінія малая, цыбуля мядзведжая (чарамша), лілея кудраватая і інш.
Насяляюць заказнік лось, казуля, дзік, сустракаюцца еўрапейскі алень, зайцы русак і бяляк, ліса, янотападобны сабака, андатра, амерыканская норка, лясная куніца, бабёр, кулікі, рабчык, цецярук. З відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, насяляюць: млекакормячыя – барсук, еўрапейская рысь, арэшнікавая соня, паўночны кожанок, соня-палчок, сажалкавая начніца; птушкі – белавокая чэрнець, вялікі і малы падворлік, арлан-белахвост, пугач, барадатая няясыць, вялікая і малая бугая, чорны бусел, драч і іншыя; амфібіі, рэптыліі, балотная чарапаха, мядзянка, медыцынская п'яўка.
На тэрыторыі заказніка захаваўся старажытны промысел – бортніцтва, выяўленыя сляды матэрыяльнай культуры каменнага стагоддзя (крэмневыя скрабкі).
“Выганашчанскае” – аб’ект экалагічнага турызму.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Ганцавiцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай iмя В. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бiблiёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання i iнфармацыi
{/gcontent}
- Выгонощанское // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т . 2. С. 838–839.
- Выгонощанское // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. Минск, 2008. С. 104–109: фот.
- Выгонощанское // Туристические регионы Беларуси / редкол. : Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника ; худож. : В. И. Терентьев, Ю. А. Тореев. Минск , 2008. С. 54.
- Выганашчанскае // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 302.
- Выганашчанскае // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ганцавіцкага раёна / [рэдкал. : Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш. ; уклад. К. К. Мохар]. Мінск, 1999. С. 451.
- Гидрологический заказник республиканского значения «Выгонощанское» // Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест, 1997. С. 34–38.
- Заказник «Выгонощанское» // Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешенко. Брест, 2012. С. 41.
- Леса-балотны комплекс “Выганашчанскі” // Скарбы прыроды Беларусі : Тэрыторыі, якія маюць міжнарнае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці. Treasures of Belarusian nature : Areas of International Significance for Conservation of Biological Diversity / пад. агул. рэд. А. В. Казуліна. Мінск, 2002. С. 88–93, фот.
- Федотов, В. Ландшафтный заказник “Выгонощанское” / Владимир Федотов // Родная прырода. 2008. № 3.С. 17: фот.