Аўторак, 21 Снежань 2021 11:22

2 студзеня 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Антона Рыгоравіча Навумаўца (1936), доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Украіны (1997)

Антон Рыгоравіч Навумавец нарадзіўся 2 студзеня 1936 г. у в. Рудск Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). У 1945–1952 гг. вучыўся ў Іванаўскай сярэдняй школе. Паступіў на радыёфізічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай у 1957 г. Тады ж пачаў працаваць у Інстытуце фізікі Акадэміі навук Украінскай ССР.

 

Прайшоў шлях ад інжынера да загадчыка аддзелам. Паралельна займаўся навукова-арганізацыйнай работай у Прэзідыуме АН УССР. У 1983–1998 гг. А. Р. Навумавец — намеснік сакратара аддзялення фізікі і астраноміі, у 1998–2004 гг. — акадэмік-сакратар. У 2004–2015 гг. — віцэ-прэзідэнт, з 2015 г. — першы віцэ-прэзідэнт НАН Украіны. Адначасова ў 1977–1978 і 1988–2002 гг. — прафесар Кіеўскага ўніверсітэта.

А. Р. Навумаўцу належаць навуковыя працы ў галіне фізікі паверхняў цвёрдых цел, фізічнай электронікі, даследавання з’яў у звыштонкіх плёнках таўшчынёй у адзін слой атамаў. Адкрыў з’явы дрэйфу адсарбіраваных атамаў і малекул у неаднародным электрычным полі ў паверхні, двухмернай кандэнсацыі ў адсарбіраваных пластах з дыполь-дыпольным узаемадзеяннем, электронна-стымуляванай паверхневай дыфузіі, стабільнай нізкапольнай электроннай эмісіі з п’езаэлектрыкаў. З’яўляецца аўтарам і суаўтарам больш за 200 навуковых публікацый, у т. л. некалькіх манаграфій.

Плённая навуковая, навукова-арганізацыйная і педагагічная дзейнасць А. Г. Навумаўца адзначана высокімі міжнароднымі, дзяржаўнымі і акадэмічнымі ўзнагародамі: ордэны князя Яраслава Мудрага III ступені (2014), князя Яраслава Мудрага IV ступені (2007), князя Яраслава Мудрага V ступені (2003), юбілейны медаль «25 гадоў незалежнасці Украіны», афіцэр ордэна Акадэмічных пальмаў (Францыя, 2012), залаты медаль Еўрапейскай навукова-прамысловай палаты за выдатныя дасягненні ў галіне электронікі і матэрыялазнаўства (Бельгія, 2013).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1988), Дзяржаўнай прэміі Украіны ў галіне навукі і тэхнікі (1997), прэміі імя У. І. Вярнадскага фонду «Украіна – 21 стагоддзе» (2003), прэміі НАН Украіны імя М. М. Багалюбава (2004). Ганаровы доктар Нацыянальнага ўніверсітэта імя Т. Шаўчэнкі (2009), ганаровы доктар Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В. Н. Каразіна (2014), ганаровы прафесар Інстытута нізкіх тэмператур і структурных даследаванняў Польскай акадэміі навук (Вроцлаў, Польшча, 2015). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны (1995).

Адзначаны медалём ЮНЕСКА «За выбітны ўклад у развіццё нананавукі і нанатэхналогій» (2016), ганаровым знакам «За стварэнне касмічных тэхналогій» (канструктарскае бюро «Паўднёвае», 2016). У снежні 2018 г. за вялікія заслугі ў развіцці беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва наш суайчыннік узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а за вялікі ўклад у развіццё навукі — залатым медалём Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы А. Р. Навумаўца

  1. Б. Є. Патон : 50 років на чолі Академії = Б. Е. Патон : 50 лет во главе Академии / [редколегія: А. Г. Наумовець та ін.]. Київ, 2012.
  2. Люксатов, И. Ф. Двумерные кристаллы / И. Ф. Люксатов, А. Г. Наумовец, В. Л. Покровский ; АН СССР, Ин-т теорет. физики им. Л. Д. Ландау, АН УССР, Ин-т физики. – Киев : Наукова думка, 1988. – 218 с.
  3. Взаимодействие быстрых частиц с поверхностью твердого тела : физ. процессы в субмонослойн. пленках : учебное пособие / А. Г. Наумовец ; под ред. М. И. Рязанова. – Москва : МИФИ, 1979. – 34 с.
  4. Электронно-адсорбционные свойства и атомная структура пленок электроположительных элементов на металлических монокристаллах : автореферат диссертации ... доктора физико-математических наук : (01.04.04) / Наумовец Антон Григорьевич ; АН УССР, Ин-т физики. – Киев, 1973. – 29 с.
  5. Структура и работа выхода металлопленочной системы цезий-грань (011) вольфрама / А. Г. Наумовец. – [Препринт]. – Киев, 1970. – 19 с. – (АН УССР. Ин-т физики ; ИФ-70-6).
  6. Исследование адсорбционных процессов в сильных электрических полях : автореферат диссертации ... кандидата физико-математических наук / Наумовец Антон Григорьевич ; Объедин. учен. совет ин-тов физики, металлофизики и полупроводников АН УССР. – Киев, 1964. – 8 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. Р. Навумаўца

  1. Навумавец Антон Рыгоравіч / М. П. Савік // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 111.
  2. Наумавец Антон Рыгоравіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 523.
  3. Антон Григорович Наумовець : [до 80-річчя] / Національна академія наук України, Інститут фізики НАН України ; [вступна стаття Б. Є. Патона]. – Київ : Академперіодика, 2016. – 157, [2] с., [9] л. портр., кольор. портр., факсим. – (Біобібліографія вчених України).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 629 разоў