Панядзелак, 03 Студзень 2022 14:41

2021 г. — 300 гадоў з часу пабудовы храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в. Арэпічы (Жабінкаўскі р-н; 1721), помніка традыцыйнага драўлянага дойлідства

Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы размешчана ў цэнтры вёскі Арэпічы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Датай узвядзення лічыцца 1721 г. Раней на месцы Свята-Пакроўскай царквы знаходзіўся драўляны храм, збудаваны па ўніяцкіх канонах, які згадваецца ў крыніцах за 1620-я гг.

 

Іерэй Міхаіл Калінін пакінуў нашчадкам дакумент пра ўзрост Свята-Пакроўскай царквы ў паселішчы Арэпічы: «Асвячэнне месца пад будаўніцтва храма здзейснена 6 жніўня 1721 г. у дзень святкавання памяці святых дабраверных князёў Барыса і Глеба. Першым святаром храма быў прызначаны іерэй Іпаліт Кескевіч. У 1724 г. храм быў асвечаны ў імя Пакрова Багародзіцы».

Па версіі іншай пісьмовай крыніцы за 1846 г. хрысціянскі храм у в. Арэпічы будаваўся ў 1761 г. стараннасцю настаяцеля храма Аляксандра Кяскевіча і прыхаджан. Мецэнатамі з’яўляліся буйныя землеўладальнікі: Насаржэўскі, Цялятвіцкі, Нетлер, Дарошка, Цярпілоўскі, Верашчака і інш. Добраахвотныя ахвяраваннірабілі багатыя грамадзяне і прыхаджане, вылучаліся сродкі з казны.

Будавалі царкву па праваслаўных канонах. У 1912 г. для павелічэння плошчы царквы мясцовы свяшчэннік Платон Іпалітавіч Кяскевіч з дапамогай архітэктара Херсонскага паклапаціўся пра прыбудову бабінца з двух’яруснай званіцай.

Храм складаецца з двух зрубаў: асноўнага аб’ёму і званіцы, аб’яднаных адзінай бэлькай карніза, якую падтрымліваюць простыя па форме кранштэйны. Карніз праходзіць па першым ярусе званіцы і па ўсім перыметры храма. Асноўны аб’ём мае форму выцягнутага прамавугольніка, да якога прыбудавана двух’ярусная званіца. Царква накрыта двухсхільным дахам, на каньку якой узвышаецца невысокая галоўка: нізкая шыйка завяршаецца шатром з цыбульнай макаўкай і крыжам. Сцены храма прарэзаны невысокімі вокнамі, паміж праёмамі — вертыкальныя сцяжкі. Да паўночнай сцяны храма прымыкае невялікая прыбудова.

Алтарная частка ўваходзіць у асноўны аб’ём храма. На алтарнай сцяне — два вузкія аконныя праёмы. Першы ярус званіцы з’яўляецца бабінцам і знешне аддзелены ад другога бэлькай карніза. Другі ярус завяршаецца чатырохсхільным каўпаком, грані гэтага яруса прарэзаны спаранымі вокнамі.Знешне царква пазбаўлена якіх-небудзь дэкаратыўных элементаў, ролю дэкору выконвае абшыўка з шалёўкі, зробленая «ялінкай». Царква пабудавана ў выглядзе карабля, аднапрастольная, унутры і звонку афарбаваная, падлога драўляная.

У інтэр’еры двух’ярусны драўляны, разьбяны іканастас, царскія вароты якога вылучаюцца скразной драўлянай разьбой. Над царскімі варотамі размешчана ікона авальнай формы «Тайная вячэра». Па абодва бакі царскіх варот знаходзяцца дзве галоўныя іконы: «Маці Божая Адзігітрыя» і «Спас Пантакратар». Іканастас уяўляе сабой твор прыкладнога мастацтва, а іконы адносяцца да твораў старажытнабеларускага жывапісу.

Да 1884 г. у Арэпіцкайцаркве служыла дынастыя Кяскевічаў: Аляксандр, Пётр Аляксандравіч, Ян Пятровіч, Іпаліт Іаанавіч, Платон Іпалітавіч. Іпаліт Кяскевіч у «Кнізе ведамасцяў за 1844–1854 гг.», апісваючы Арэпіцкую царкву па стане на 1844 г., адзначае яе трухлявасць. Але ўжо ў 1846 г. царква была адрамантавана. У 1851 г. дыяканам Арэпіцкай Свята-Пакроўскай царквы прызначаецца Апалінарый Тышынскі, які праслужыў у ёй да глыбокай старасці.

У канцы ХІХ ст. у прыход Свята-Пакроўскай царквы ўваходзілі жыхары 8 вёсак: Арэпічаў, Вярхоў, Грабаўцоў, Пелішчаў, Рэчыцы, Сасноў, Стралей і Якубовічаў. Пры храме меліся дзве прыпісныя царквы. Адна з іх — Жыцінская Раства Прасвятой Багародзіцы — пабудавана ўладальнікам маёнтка Жыцін Фамой Каншэўскім. У 1836 г. па ўказанні епіскапа Літоўскага Іосіфа (Сямашкі) гэтая царква прылічана да Арэпіцкай Пакроўскай як прыпісная. Другой прыпісной з 1852 г. была царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў паселішчы Індычы і знаходзілася ў гэтым статусе да яе закрыцця ў
1960-х
 гг.

З 1890 да 1915 г. настаяцелем Арэпіцкага прыхода служыў протаіерэй Іосіф Ліванаў. Падзеі Першай сусветнай вайны спынілі мірнае жыццё паселішча. Па загадзе ўладаў вялася масавая эвакуацыя царкоўных каштоўнасцей, у т. л. і метрычных кніг, у цэнтральную Расію, дзе яны захоўваліся ў манастырах і цэрквах. Іосіф Ліванаў з’яўляўся эвакуатарам царкоўнай маёмасці і сам быў у бежанцах, назад не вярнуўся.

Па ўсёй верагоднасці, з 1916 па 1921 г. настаяцелем храма быў айцец Якім Пісканоўскі, які па невядомых прычынах не паехаў у бежанства. У 1921 г. епіскапам Гродзенскім Уладзімірам (Ціханіцкім) на прыход прызначаецца Міхаіл Калінін, які ў 1924 г. піша рапарт, паказваючы, што Арэпіцкая царква знаходзілася пад абстрэлам ворага і моцна пацярпела ад ваенных дзеянняў. 30 мая 1933 г. протаіерэй Міхаіл Калінін раптоўна памёр. У 1933 г. на прыход прызначаны свяшчэннік Дзмітрый Бай-Ігнацюк, які служыў да 1971 г. З пачатку 1970-х гг. свяшчэннаслужыцелі Арэпіцкай царквы часта мяняліся.

З 1990 г. настаяцелем храма стаў протаіерэй Андрэй Уладзіміравіч Тачылін. Пасля ўзвядзенняў 1997 г. новай царквы ў в. Індычы Камянецкага раёна распараджэннем епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Канстанціна Хоміча Арэпіцкая Свята-Пакроўская царква становіцца прыпісной да Індычскай царквы Раства Багародзіцы. 13 жніўня 2012 г. айцец Андрэй вызвалены ад займаемай пасады па стане здароўя. З 2012 г. здзяйсняе набажэнствы ў вёсках Індычы і Арэпічы айцец Васіль Ішчанка.

Арэпіцкая царква — помнік традыцыйнага драўлянага дойлідства ХVIII ст., уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай. У цяперашні час Арэпіцкая царква з’яўляецца адным з 12 храмаў Жабінкаўскага благачыння. Асноўныя святы храма — дні закладу і асвячэння царквы: прастольнае свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы праходзіць 14 кастрычніка і саборнае богаслужэнне ў памяць святых пакутнікаў Барыса і Глеба — 6 жніўня.

У дні юбілейных богаслужэнняў у 2011 і 2019 гг. храм наведаў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. 6 жніўня 2019 г. у дзень памяці святых пакутнікаў Барыса і Глеба і з нагоды 295-годдзя з дня асвячэння храма праходзіла служба з удзелам сакратара Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, благачыннага цэркваў Жабінкаўскай акругі протаіерэя Сергія Петрусевіча ў саслужэнні архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана.

6 жніўня 2021 г. у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы адбылося саборнае богаслужэнне да 300-годдзя з часу пабудовы храма.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

 

  1. Арэпіцкая Пакроўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 261.
  2. Орепичская Покровская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 167.
  3. Пакроўская царква в. Арэпічы // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ; [склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. Мінск, 2009. С. 37.
  4. Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы : [в. Арэпічы] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 19.
  5. Свята-Пакроўская царква : [в. Арэпічы] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 11.
  6. Чарняўская, Т. І. Спаса-Пакроўская царква : (в. Арэпічы) / Т. І. Чарняўская // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 452.
  7. Чернявская, Т. И. Покровская церковь : [д. Орепичи] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 183.
  8. Чарняўская, Т. І. Пакроўская царква : [в. Арэпічы] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 160.
  9. Арэпічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 317.
  10. Мароз, В. 1761, Арэпічы / В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцешчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. Мароз. Мінск, 2018. С. 228.
  11. Храму ў Арэпічах 300 гадоў // Сельская праўда. Жабінка, 2021. 14 жніўня. С. 2.
  12. Кузич, М. Звенят колокола в Покровском храме : [история церкви в д. Орепичи] / Михаил Кузич // Сельская праўда. Жабінка, 2019. 16 кастрычніка. С. 5.
  13. Бензярук, А. Арэпіцкая даўніна / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка,2018. 25 ліпеня. С. 4.
  14. Бензярук, А. Продкі толькі зямлю аралі? : з цікавасцю да спадчыны / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 17 чэрвеня. С. 3.
  15. Бензярук, А. Званы адлічылі гады, а гісторыя — вякі : [святкаванне 290-годдзя Свята-Пакроўскага храма ў в. Арэпічы] / Анатоль Бензярук. // Сельская праўда. Жабінка, 2011. 19 кастрычніка. С. 1.
  16. Бензярук, Р. Там, дзе аралі і пеклі хлеб : малая радзіма: праблемы адраджэння / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2005. 9 лістапада.
  17. Бензярук, А. Вытокі : хроніка вёсак / Анатоль Бензярук. // Сельская праўда. Жабінка,1993. 10 красавіка.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 781 разоў Апошняя змена Панядзелак, 03 Студзень 2022 14:45