Аўторак, 25 Студзень 2022 10:16

6 студзеня 2022 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Сяргеевіча Талмачова (1922–1998), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, мастака, педагога, заслужанага настаўніка БССР

Міхаіл Сяргеевіч Талмачоў нарадзіўся 6 студзеня 1922 г. у Алтайскім краі ў вялікай сям’і праваслаўнага святара, быў адзінаццатым дзіцём. Сям’я жыла ў Навасібірску, Ленінградзе. У дзяцінстве ўдзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, майстраваў авіямадэлі. Разам са старэйшай сястрой, якая і прывіла яму любоў да жывапісу, падоўгу маляваў віды Пецяргофа, Петрадварца, скульптуры Летняга сада. У школе вучыўся добра, ахвотна, сярэднюю школу закончыў з залатым медалём.

 

У 1940 г. Міхаіл Талмачоў паступіў у Ленінградскі марскі інстытут інжынераў воднага транспарту, але адначасова займаўся на мастацкіх курсах, тады ж упершыню прыняў удзел у мастацкай выставе.

Вучобу спыніла Вялікая Айчынная вайна. Ужо 23 чэрвеня 1941 г. Міхаіл Талмачоў пайшоў дабраахвотнікам на фронт. Быў накіраваны ў асобную парашутна-дэсантную брыгаду пры штабе Ленінградскага, а затым Карэльскага фронту. Ваяваў у Запаляр’і, у 1944 г. быў цяжка паранены. Пасля выхаду са шпiталя закончыў курсы малодшых лейтэнантаў, быў камандзіраваны на Далёкі Усход. На вайне страціў двух братоў. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі. На фронце маляваў сваіх таварышаў па зброі, але ні адзін блакнот таго часу не захаваўся.

Пасля вайны М. С. Талмачоў у званні капітана працягваў службу ў Савецкай арміі, у 1952 г. пераведзены ў Брэст, займаў пасаду начальніка штаба батальёна, штаба танкавага палка. Давялося прыняць удзел у выпрабаваннях атамнай зброі на Тоцкім палігоне Арэнбургскай вобласці (1954). Па стану здароўя звольнены з арміі ў 1955 г., застаўся жыць і працаваць ў Брэсце.

У 1955–1976 гг. Міхаіл Талмачоў вёў студыю выяўленчага мастацтва ў Брэсцкім гарадскім Доме піянераў і школьнікаў. У 1966 г. з чырвоным дыпломам завочна закончыў мастацка-графічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута. У 1971 г. Міхаілу Сяргеевічу было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР».

У 1976–1982 гг. выкладаў жывапіс і малюнак у Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, меў пасаду дацэнта кафедры малюнка і гісторыі мастацтва. Адначасова выкладаў у дзіцячай мастацкай школе, якой кіраваў Аляксандр Алонцаў. Сябраваў з Мікалаем Чураба, Пятром Данелія, Валерыем Кескевічам. Разам з імі быў ініцыятарам надання новай сярэдняй школе № 10 г. Брэста архітэктурна-мастацкага ўхілу (адкрылася ў 1979 г.).

Міхаіл Сяргеевіч заўжды з павагай адносіўся да навучэнцаў, да сваіх калег, цаніў у людзях дабрыню і шчырасць. Ён заўсёды быў стрыманым, меў здольнасць прыняць адзіна правільнае рашэнне ў любых абставінах.

Галоўнай сваёй задачай мастак-педагог бачыў найперш за ўсё выхаванне самастойнасці ў дзяцей і студэнтаў, развіццё творчай індывідуальнасці. Быў добрым дарадцам сваім студэнтам, былым студыйцам і ўсім, хто звяртаўся за дапамогай.

У 1982 г. М. С. Талмачоў стварыў дзіцячую студыю выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пры Брэсцкім абласным палацы культуры прафсаюзаў. Накірункі дзейнасці студыі: малюнак, графіка, жывапіс, лепка. Навучэнцы шмат разоў удзельнічалі ў міжнародных конкурсах дзіцячага выяўленчага мастацтва (Польшча, Германія, Японія). У 1984 г. студыі было прысвоена званне «ўзорная».

У Міхаіла Сяргеевіча была асаблівая манера работы з дзецьмі, цэлая сістэма. Найперш у кожным дзіцяці ён бачыў уласнае «я», паважаў яго годнасць і тварэнні. Не прызнаваў адмоўных ацэнак і працаваў вельмі карэктна, адчуваючы душу кожнага свайго вучня, імкнуўся навучыць думаць і самастойна прымаць рашэнні.

Сярод выпускнікоў студыі ёсць архітэктары, афарміцелі, настаўнікі малявання, а таксама прафесійныя мастакі: Мiкалай Нерадзюк, Леў Алімаў, Мiкалай Кулакоў, Георгiй Нiчыпарук, Аляксандр Сяргееў, Уладзімір Тулупаў, Леанід Валасюк і інш. 7 мая – 30 чэрвеня 1996 г. у «Музейнай гасцёўні», філіяле Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, працавала выстава «Майстар і вучні», прысвечаная 40-годдзю педагагічнай дзейнасці М. С. Талмачова.

Пасля 1997 г. кіраваць студыяй стала дачка — Галіна Міхайлаўна Талмачова, архітэктар па адукацыі. У свой час яна на агульных падставах займалася ў студіі свайго бацькі.

Міхаіл Сяргеевіч — адметны майстар нацюрморта. Шмат працаваў акварэллю, але з усіх фарбаў прыярытэт аддаваў пастэлі. Аўтар малюнкаў архітэктурных помнікаў старажытных гарадоў Сярэдняй Азіі, зрабіў шмат замалёвак аб’ектаў Брэсцкай крэпасці. Адметныя работы: «Хлеб» (1980), «Вечерний чай» (1988), «Осенний букет» (1990), «Ворота в крепость» (1992) і інш. Творы мастака захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, прыватных калекцыях.

Рэгулярна ўдзельнічаў у абласных i рэспубліканскіх выставах. У 1977 г. у інжынерна-будаўнічым інстытуце адкрылася першая персанальная выстава М. С. Талмачова, на якой дэманстраваліся 30 твораў. Затым персанальныя выставы былі ў Брэсце (1982, 1987, 1992), Мінску (1987), Любліне (1989). 3 чэрвеня 1994 г. у брэсцкай мастацкай галерэі «БелАрт» была адкрыта чарговая выстава Міхаіла Талмачова.

М. С. Талмачоў памёр 24 лістапада 1998 г., пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска» (сектар 48А).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Валасюк, Л. Ф. Мастак-педагог Талмачоў Міхаіл Сяргеевіч : [рэпрадукцыя «Палявыя кветкі»] / Лявон Валасюк // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры i дойлiды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. С. 12–13.
  2. Волосюк, Л. Ф. «В завесе времени и сна...» : памяти М. С. Толмачева : [стихи] // Под знаком Стрельца : стихи / Леонид Фёдорович Волосюк. Брест, 2001. С. 20.
  3. Студыя выяўленчага і дэкаратыўна прыкладнога мастацтва Палаца культуры прафсаюзаў : [кiраўнiкi: М. Талмачоў, Г. Талмачова] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 593.
  4. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусі. 1971. М. С. Талмачоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 552.
  5. Шляжко, Н. Сотни полотен и учеников : [беседа с дочерью М. С. Толмачёва Галиной Михайловной] / Наталья Шляжко ; фото автора // Брестский вестник. 2022. 6 января (№ 1). С. 20 : фот.
  6. Курниц, Т. Я рисую солнце... : [о работе изостудии Дворца культуры профсоюзов под руководством Галины Толмачёвой] / Т. Курниц // Брестский курьер. 2000. № 48. С. 12.
  7. Толмачев Михаил Сергеевич : [некролог] // Вечерний Брест. 1998. 27 ноября. С. 4.
  8. Логашева, Ю. Рисуйте, вы талантливы! : [об участии в различных международных конкурсах рисунка народной детской изостудии Брестского ДК профсоюзов. Руководитель М. С. Толмачёв] / Юлия Логашева // Вечерний Брест. 1998. 13 ноября. С. 2.
  9. Зырко, Н. Юные художники из Бреста покоряют мир : [о детской изостудии Брестского ДК профсоюзов. Руководитель М. С. Толмачёв] / Н. Зырко // Брестский круьер. 1995. 7–13 сентября. С. 5.
  10. В изостудии М. Толмачёва : [информация о награждении учащихся изостудии, победивших на конкурсе в Германии] // Вечерний Брест. 1995. 24 февраля. С. 1.
  11. Глущенко, Т. Полигон – не палитра, а средство испытания : [о художнике М. С. Толмачёве, участнике испытания атомной бомбы на Тоцком полигоне в 1954 г.] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 1994. 26 августа. С. 2.
  12. Архипова, А. Быль о золотом яблочке : [об успехах учеников изостудии М. С. Толмачёва] / А. Архипова // Заря. 1994. 13 августа.
  13. Беркут, О. За мольбертом – Михаил Сергеевич : [о выставке М. С. Толмачёва в брестской художественной галерее «БелАрт»] / Ольга Беркут // Вечерний Брест. 1994. 3 июня. С. 1.
  14. Міхаил Толмачев. Аква вита : [информация об открытии выставки в брестской галерее «БелАрт»] // Брестский курьер. 1994. 2 июня. С. 1.
  15. Толмачев, М. С. Увидеть свой мир : [руководитель детской изостудии Бресткого ДК профсоюзов о своей работе с детьми] / М. С. Толмачев ; беседовала Светлана Яскевич // Заря. 1993. 22 мая.
  16. Толмачев, М. С. «Научить ничему нельзя, можно только научиться» : [творческие и педагогические взгляды брестского художника-педагога] / М. С. Толмачев ; подготовила Валентина Козлович // Брестский курьер. 1993. 14–20 мая. С. 6.
  17. Максимовский, Г. Позвольте поднять Вашу кисть… : [о выставке М. С. Толмачёва] / Г. Максимовский // Заря. 1992. 24 марта.
  18. Светленькая, Н. Здесь без экзаменов берут : [о детской изостудии М. С. Толмачёва] / Н. Светленькая // Размова. 1992. № 2.
  19. Лисичек, Т. Талант, рождённый в тишине : [об изостудии Брестского ДК профсоюзов] / Т. Лисичек // Знамя юности. 1991. 27 декабря.
  20. Чабанюк, А. «Песня Белоруссии» – в Токио : [о победительнице международной выставки детского рисунка в Японии брестчанке Наталье Саляманович и руководителе изостудии М. С. Толмачёве] / А. Чабанюк // Заря. 1991. 3 сентября.
  21. Мир прекрасного… : [о брестской изостудии под руководством М. С. Толмачёва] // Народная трыбуна. 1991. 4–10 сакавiка. С. 6.
  22. Ткачук, Ж. Рисуют дети : [о детской изостудии Брестского ДК профсоюзов. Руководитель М. С. Толмачёв] / Ж. Ткачук // Заря. 1990. 25 октября.
  23. Васілеўскі, П. Дзеці больш чым ста краiн… : [юныя мастакі студыі Брэсцкага ПК прафсаюзаў упершыню бралi ўдзел у Сусветным конкурсе дзіцячых малюнкаў у Токіа (Японія). Малюнкi І. Клімовіч, У. Бяляева і У. Абрамава адзначаны залатымі медалямі, яшчэ 6 работ удастоены сярэбраных і бронзавых узнагарод] / П. Васілеўскі // Мастацтва Беларусі. 1989. № 11. С. 77.
  24. Мир глазами юных : [о детской изостудии Брестского Дворца культуры профсоюзов] // Заря. 1987. 12 марта.
  25. Толмачев, М. Прекрасное есть жизнь : [о брестском художнике Н. Д. Чурабо] / М. Толмачев // Заря. 1982. 10 августа.
  26. Голицин, В. Через всю жизнь : [о брестском художнике М. С. Толмачёве] / В. Голицин // Заря. 1980. 12 июля.

/p>

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 569 разоў