Чацвер, 17 Люты 2022 15:03

20 студзеня 2022 г. – 220 гадоў з дня нараджэння Ігнація Жалязоўскага (свец. Якаў Лявонцьевіч, 1802–1872), рэлігійнага праваслаўнага дзеяча, епіскапа Брэсцкага, вікарыя Літоўскага

Якаў Лявонцьевіч Жалязоўскі нарадзіўся 20 студзеня 1802 г. у в. Вялікія Сяхновічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара. У 1812–1821 гг. Якаў вучыўся ў Брэсцкім дваранскім вучылішчы.

 

У 1824 г. Якаў Жалязоўскі стаў паслушнікам у базыльянскім Тараканскім Богаяўленскім манастыры (цяпер Драгічынскі раён), 26 кастрычніка таго ж года пастрыжаны ў манаства. У 1825 г. паступіў у Галоўную ўніяцкую духоўную семінарыю пры Віленскім універсітэце, якую скончыў са ступенню кандыдата багаслоўя (1829), у далейшым стаў магістрам багаслоўя.

Падчас вучобы 27 мая 1826 г. пасвечаны на дыякана, 30 мая – на іерэя. У 1829 г. прызначаны выкладчыкам у вучылішча пры Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры (Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць). Праз чатыры месяцы пераведзены ў Кобрынскае павятовае духоўнае вучылішча, у 1832 г. прызначаны яго наглядчыкам. Першым наглядчыкам Кобрынскага вучылішча быў Іаан Лявонцьевіч Жалязоўскі (1800–1831) – старэйшы брат Якава Жалязоўскага. Напрыканцы 1833 г. Ігнацій накіраваны ў той жа пасадзе ў Супрасльскае духоўнае вучылішча (цяпер Беластоцкі павет Падляскага ваяводства, Польшча).

У 1836–1839 гг. Якаў Жалязоўскі – інспектар Літоўскай семінарыі ў Жыровіцах, стаўшай пры садзейнічанні ўніяцкага Літоўскага епіскапа Іосіфа (Сямашка, з 1852 г. праваслаўны мітрапаліт) цэнтрам падрыхтоўкі ўніятаў да ўз’яднання з праваслаўнай царквой. У 1839 г. Якаў Жалязоўскі прыняты ў праваслаўе на Полацкім саборы ўніяцкага духавенства, 12 лютага таго ж года у час Полацкага царкоўнага сабору падпісаў сярод іншых святароў «Саборны акт аб уз’яднанні» ўніяцкай царквы з праваслаўнай.

20 снежня 1839 г. узведзены ў сан архімандрыта і прызначаны настаяцелем праваслаўнага гродзенскага Каложскага ў імя пакутнікаў Барыса і Глеба мужчынскага манастыра, клапаціўся аб захаванні Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы – помніка мураванага старажытнага праваслаўнага дойлідства XII ст. ў Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропе. Якаў Жалязоўскі арганізаваў збор сродкаў на рамонт храма і ахвяраваў частку грошай з уласных зберажэнняў. З 1843 г. ажыццяўляў апеку над гродзенскім у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы жаночым манастыром.

У Віленскім кафедральным саборы 20 мая 1848 г. быў рукапаложаны ў епіскапа Брэсцкага з прыняццем імя Ігнація. У 1848–1870 гг. кіраваў Брэсцкай епархіяй, адначасова назначаны другім вікарыем Літоўскай епархіі, быў дзейсным памочнікам мітрапаліта Іосіфа Сямашкі. У 1852 г. Ігнацій Жалязоўскі набыў у Гродне будынак для архірэйскага дома, які стаў яго рэзідэнцыяй і наступных Брэсцкіх епіскапаў. Пры Ігнаціі амаль усе паверхі дома займала павятовае духоўнае вучылішча і кватэры выкладчыкаў.

Усё сваё жыццё Ігнацій прысвяціў Царкве і Літоўскай епархіі. Ён мэтанакіравана адстойваў ідэю канчатковага ўсталявання праваслаўя, меў дастаткова аўтарытэту, каб адстойваць яе перад вельмі значнымі асобамі. Уладыка ўмацоўваў у праваслаўі былых уніятаў, асабіста праводзіў рэвізіі цэркваў, уключаных у межы епархіі, пры гэтым уласнаручна асвяціў 16 праваслаўных храмаў, большасць з якіх была ператворана з каталіцкіх ці ўніяцкіх.

З асаблівай ахвотай епіскап Ігнацій ехаў на радзіму. Калі летам 1852 г. уладыка аглядаў 65 храмаў Кобрынскага павета, ён не мог абмінуць Вялікія Сяхновічы. Нямала сіл епіскап ахвяраваў на тое, каб навучыць мясцовых святароў правільнаму выкананню сваіх абавязкаў, змагаўся за чысціню маральнага аблічча святара. 19 кастрычніка (па стар. стылі) 1857 г. епіскап Брэсцкі Ігнацій асвяціў прастол храма ў гонар свяціцеля Мікалаяў роднай вёсцы, дзе ён быў некалі ахрышчаны.Святарская радзіна Жалязоўскіх з ХVIII ст. правіла службу ў Сяхновіцкай царкве.

Епіскап Ігнацій прыклаў шмат намаганняў да рамонту старых і ўзвядзення новых храмаў, ахвяраваў на гэта асабістыя сродкі. У 1860–1870 гг. у Гродзенскай губерні было пабудавана 59 новых, адрамантавана 29 прыхадскіх і пяць прыпісных храмаў. На асабістыя сродкі перабудаваў царкву праведнай Марфы на могілках у Гродне (1868), царкву святога Мікалая на радзіме (1860).

У Брэст-Літоўску ў 1862 г. быў закладзены Свята-Сімяонаўскі сабор. 7 лістапада 1865 г. са Свята-Мікалаеўскага сабора з Брэст-Літоўскай крэпасці ў новы храм перанеслі мошчы прападобнага мучаніка Афанасія Філіповіча (Афанасій Брэсцкі, 1597–1648), ігумена Брэсцкага. 26 ліпеня 1868 г. сабор асвяціў епіскап Брэсцкі Ігнацій.

У час польскага паўстання 1863–1864 гг. епіскап Брэсцкі Ігнацій аказваў духоўную і матэрыяльную падтрымку мясцоваму праваслаўнаму насельніцтву, якое цярпела ад набегаў паўстанцаў, штодня здзяйсняў паніхіды.

27 чэрвеня 1870 г. Ігнацій Жалязоўскі з-за хваробы (у 1866 і 1869 гг. перанёс інсульты) пакінуў епіскапскую кафедру, пасяліўшыся ў Барысаглебскім манастыры ў Гродне. У верасні гэтага ж года ён здзейсніў паломніцтва ў Кіева-Пячэрскую лаўру, дзе адслужыў апошнюю ў жыцці службу. За заслугі перад царквой яму была прызначана штогадовая пенсія. Узнагароджаны ордэнамі святой Анны І ступені і святога Уладзіміра ІІ ступені.

Па ўспамінах сучаснікаў, айцец Ігнацій вылучаўся сумленнасцю, сціпласцю і адданасцю свяшчэннаму служэнню, у зносінах з людзьмі быў непрадузяты, вытрыманы,спакойны. У асабістым жыцці гэта быў строгі манах-аскет. Дзверы яго дома былі адчыненыя для ўсіх у любы час дня. Нярэдка вечарамі ладзіў спеўкі кліраса, сам акампанаваў на скрыпцы, быў знаўцам царкоўных спеваў. Сабраў вялікую бібліятэку, цікавіўся рускай літаратурай.

Ігнація Жалязоўскага не стала 13 красавіка 1872 г. На пахаванне прыехалі архіепіскап Мінскі Міхаіл (Галубовіч), ад якога ў 1848 г. уладыка Ігнацій прыняў брэсцкую кафедру, і Яўгеній (Шэршылаў), якому яе перадаў, зыходзячы на пакой. У знак глыбокага шанавання пахаваны ў падземным склепе гродзенскай могілкавай царквы праведнай Марфы, справа ад уваходу. Грабніца была збудавана па просьбе архірэя незадоўга да яго смерці.

Усё сваё жыццё Ігнацій дапамагаў дзецям свайго памерлага брата Іаана і быў сапраўдным апекуном сямейства Ануфрыя Катовіча, які быў жанаты з Марыяй Лявонцьеўнай Жалязоўскай, сястрой епіскапа Брэсцкага. Усе сыны-сіроты рана памерлага пляменніка ўладыкі – святара Васіля Ануфрыевіча Катовіча – скончылі Літоўскую духоўную семінарыю.

З 1875 г. у Віленскім духоўным вучылішчы была ўстаноўлена імянная стыпендыя епіскапа Ігнація для дзяцей-сірот, якія праяўлялі выдатныя здольнасці ў авалоданні навукамі і прыкладыных у сваіх паводзінах. Фундатарамі стыпендыі сталі протаіерэй Антоній Катовіч (бацька Ніканора Катовіча, які пазней вёў службу ў Крупчыцкай царкве на Жабінкаўшчыне), святары Іаан Лявіцкі, Васіль Макавецкі (былі жанатыя на сёстрах Ігнація),Пётр Катовіч і Еўдакія Катовіч (па мужу Ляскоўская).

У 1889 г. у Расійскай імперыі шырока святкаваліся 50-я ўгодкі ўз’яднання ўніяцкай царквы з праваслаўем. Выйшла праца ўраджэнца вёскі Азяты (цяпер Жабінкаўскі раён) Юльяна Фаміча Крачкоўскага «50-летие воссоединения». Ва ўсіх храмах служылася літургія ў памяць падзеі. Сярод імёнаў стваральнікаў гэтага факта неаднаразова гучала імя і пеліся царкоўныя гімны ў светлую памяць уладыкі Ігнація Жалязоўскага.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Жалязоўскі Ігнацій / Анатоль Бензярук // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 364.
  2. Жалязоўскі Ігнацій (1802–1872) / А. Р. Бензярук // Асветнікі зямлі Беларускай. Х – пачатак ХХ ст. : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 164.
  3. Бензярук, А. Ігнацій Жалязоўскі, Якаў Лявонцьевіч епіскап Брэсцкі (1802–1872) / Анатоль Бензярук // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа : зб. навуковых артыкулаў : у 2 ч. Гродна :ГрДУ, 2009. Ч. 1. С. 329–333.
  4. Жалязоўскі Ігнацій // Памяць. Жабінкаўскі раён : : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С. 131–133, 492, 502.
  5. Орловский, Е. Судьбы православия в связи с историею латинства и унии в Гродненской губернии в ХІХ столетии (1794–1900) / Е. Орловский. – Гродно : [б. и.], 1903. – Из содерж.: Игнатий Железовский. – С. 83–85, 133–136, 142–160, 215–217, 238–252, 259–261, 282–284, 297–298.
  6. Бензярук, Р. Шлях і турботы ўладыкі : Ігнацій // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст : Альтернатива, 2007. С. 122–124.
  7. Мароз, В. Свята-Мікалаеўская царква (ХVII ст.) у Вялікіх Сяхновічах : [у т. л. пра Ігнація Жалязоўскага] / Валерый Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцешчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. Мінск, 2018. С. 197–199.
  8. Черепица, В. Н. Сподвижники митрополита Литовского и Виленского Иосифа Семашко / В. Н. Черепица // Христианство в Беларуси: история и современность : сб. науч. ст. Минск, 2014. С. 127–135.
  9. Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края. – Минск : Издат. центр БГУ, 2004. – 407 с. : ил. – Из содерж.: Игнатий Железовский. C. 324.
  10. Черепица, В. Н. Не потерять связующую нить : история Гродненщины ХIХ–ХХ столетий в событиях и лицах : исследования, документы, комментарии / Валерий Черепица. – Гродно : [ГрГУ], 2003. – 420 с. – Из содерж.: Игнатий Железовский. С. 96–97.
  11. Черепица, В. Н. «На своем посту он был не только полезен, но и необходим...» : [епископ Игнатий Железовский] / В. Н. Черепица // Гродненский православный некрополь (с древнейших времен до начала XX века) / В. Н. Черепица. Гродно : ГрГУ, 2001. C. 104–107.
  12. Дорош, Н. Епископ Игнатий (Железовский) / Н. Дорош // Православный Гродно : сб. очерков, фотографий, воспоминаний, духовного наслендия, архивных документов об истории Гродненской епархии / автор и составитель Н. Дорош. Гродно, 2000. C. 718.
  13. Брестская епархия = Brest Dioceze : [история 1019–2001 гг.] // Наследие православной Беларуси = The Orthodox Heritage of Belarus / сост. С. Р. Бегиян. Минск : Харвест , 2011. С. 4–33.
  14. Носко, М. М. История строительства Свято-Симеоновского собора в г. Бресте / М. М. Носко // Канфесіі на Беларусі: гісторыя, сучаснасць : зб. матэрыялаў міжнар. навук.-практ. канф., 7–8 кастр. 2004 г. Брэст : БрДУ, 2005. C. 197–200.
  15. Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор : [г. Брэст] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагiн. Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 2001. С. 27.
  16. Ролич, О. Епископ Игнатий (Железовский) / Ольга Ролич // Заря. 2022. 12 января. С. 19.
  17. Бензярук, А. Жалязоўскія і Катовічы ў Сяхновічах / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 5 лютага. С. 6.
  18. Ростаў, А. Жалязоўскі і Лявіцкі / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2019. 14 жніўня. С. 5.
  19. Жыццё прысвяціў справам веры : [пра Якава Лявонцьевіча Жалязоўскага] // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 21 студзеня. С. 1.
  20. Ролич, О. Епископ Игнатий (Железовский) / Ольга Ролич // Заря. 2015. 15 января. С. 17.
  21. Носко, М. Епископ Игнатий (Желязовский) / Михаил Носко // Брестские епархиальные ведомости. 2005. № 2. С. 42–46.
  22. Бензярук, А. Дзве гістарычныя даты : [пра Ігнація Жалязоўскага] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1997. 29 сакавіка.
  23. Бензярук, А. Ігнацій, епіскап Брэсцкі / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1992. 11 красавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 533 разоў