Серада, 23 Люты 2022 08:32

3 лютага 2022 г. – 95 гадоў з дня расстрэлу палітычнай дэманстрацыі працоўных у г. Косава (Івацэвіцкі р-н; 1927), злачынства польскай улады

Пасля ўсталявання на тэрыторыі Заходняй Беларусі польскай улады (1921) разгарнулася актыўная барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне, аб’яднанне з Беларускай ССР. У 1923 г. была ўтворана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая стала авангардам барацьбы народных мас.

 

У Косаўскім павеце Палескага ваяводства (цяпер Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці) камуністычныя гурткі дзейнічалі з 1922 г. Цэнтрам іх аб’яднання была вёска Яглевічы, жыхары якой Антон Клютко, Рыгор Бахур, Мікалай Перавалоцкі, Максім Муца арганізавалі ячэйкі КПЗБ у Борка-Гічыцкай і Косаўскай гмінах. У сярэдзіне 1924 г. на канферэнцыі ў Яглевічах быў выбраны Косаўскі райкам КПЗБ, адным з найбольш актыўных членаў райкама быў Аляксандр Свяргун.

У 1925 г. была арганізавана Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ). Гэтая арганізацыя прымала найбольш актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных кампаніях і акцыях КПЗБ. У лістападзе 1926 г. была падрыхтавана дэманстрацыя, прысвечаная Кастрычніцкай рэвалюцыі. Жыхаркі Яглевіч Кацярына і Алена Клютко і Вольга Бахур вышылі сцяг, але былі арыштаваны, а сцяг канфіскаваны.

Грамада хутка расла. Яе актыўная дзейнасць выклікала адпаведную рэакцыю польскіх уладаў. Юзаф Пілсудскі заявіў аб устанаўленні санацыйнага рэжыму на беларускіх землях. У ноч з 14 на 15 студзеня 1927 г. адначасова па ўсёй Заходняй Беларусі пачаліся вобыскі і арышты. Усяго на працягу некалькіх дзён было арыштавана каля 400 чалавек. У адказ на арышты былі арганізаваныя дэманстрацыі і пратэсты. У канцы студзеня – лютым у Заходняй Беларусі адбылося 17 буйных дэманстрацый, у якіх удзельнічалі больш за 20 тысяч чалавек.

3 лютага 1927 г. працоўныя мястэчка Косава і сяляне навакольных вёсак з’ехаліся на буйную дэманстрацыю пратэсту, арганізаваную КПЗБ і БСРГ. У мітынгу на рыначнай плошчы прынялі ўдзел больш за 1500 чалавек. Пратэст быў накіраваны супраць разгрому польскімі ўладамі Грамады, арышту яе кіраўнікоў (у тым ліку дэпутатаў польскага сейма Браніслава Тарашкевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага, Паўла Валошына) і актывістаў.

Атрады самаабароны дэманстрантаў прагналі паліцыю, якая спрабавала разагнаць мітынг. Калі пасля мітынгу дэманстранты зноў рушылі па вуліцах мястэчка, паліцыя пачала страляць. У той час кіраўніком адміністрацыі Косава быў Уладзіслаў Станішэўскі, ён і аддаў распараджэнне адкрыць агонь па дэманстрантах. Было забіта 6 чалавек: Міхаіл Еўтух (в. Аўсто), Ілья Ракевіч (в. Бусяж), семнаццацігадовы Пётр Гаўрус (в. Галік), Мікалай Таптала (в. Верашкі), Іван Кучук (в. Альшаніца), Сяргей Верабей (в. Ёдчыкі), 35 паранены. Паліцэйскія вярхом на конях з плёткамі і шаблямі ганяліся за людзьмі, білі іх па галовах, тапталі коньмі, многія былі арыштаваны.

Пахаванне забітых дэманстрантаў адбылося на наступны дзень і вылілася ў сапраўдную маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і ненавіснага рэжыму Пілсудскага.

Гэтыя падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю як «Косаўскі расстрэл 1927 г.», ускалыхнулі Польшчу і Беларусь. Косаўскіх рабочых і сялян падтрымалі па ўсёй Заходняй Беларусі. Аператыўна з’явіўся зварот ЦК КПЗБ з заклікам змагацца з дыктатурай Пілсудскага. Злачынства рэжыму каштавала Станішэўскаму пасады. Аднак больш справядлівае пакаранне яго чакала наперадзе: напярэдадні 1939 г. ён вярнуўся з Варшавы ў Косава і, як лічаць сваякі, пазней быў расстраляны ў Катынскім лесе.

Удзельнікаў дэманстрацыі судзілі ў 1929 г. Абаронцамі выступалі адвакаты з Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам Дурач і Венавер, але ўсе былі асуджаныя на некалькі гадоў турэмнага зняволення.

Адным з арганізатараў косаўскай дэманстрацыі быў актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі пісьменнік Піліп Сямёнавіч Пестрак (1903–1978). Амаль 11 гадоў сядзеў у турмах буржуазнай Польшчы. 17 верасня 1939 г. узначаліў паўстанне зняволеных гродзенскай турмы. Дэпутат Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку (1939), дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1940–1946). У гады Вялікай Айчыннай вайны – удзельнік партызанскага руху на Беларусі. Імем П. С. Пестрака названа Івацэвіцкая раённая бібліятэка.

Наш народ змог здзейсніць свае мары 17 верасня 1939 г. Уз’яднанне Беларусі ў складзе адзінай дзяржавы было актам гістарычнай справядлівасці. Яно паклала канец падзелу Беларусі, аднавіла яе тэрытарыяльную цэласнасць, аб’яднала беларускі народ.

На былой рыначнай плошчы г. Косава ў 1966 г. у памяць аб удзельніках дэманстрацыі, якія змагаліся за права людзьмі звацца, пастаўлены абеліск. Адна з цэнтральных вуліц горада названа «Вуліца 3 лютага». Кожны год 3 лютага прадстаўнiкi грамадскасцi, прадпрыемстваў i арганiзацый ускладваюць кветкі да помніка. 17 верасня 2021 г. ля помніка адбыўся мітынг у гонар Дня народнага адзінства.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Хаўратовіч, І. П. Косаўскі расстрэл 1927 / І. П. Хаўрутовіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 429.
  2. Коссовский расстрел 1927 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 501.
  3. Коссовский расстрел 1927 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 238.
  4. Хаўрутовіч, І. Косаўскі расстрэл 1927 / Іосіф Хаўрутовіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 243.
  5. Ховратович, И. П. Коссовский расстрел 1927 / И. П. Ховратович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 329.
  6. Хаўратовіч, І. П. Косаўскі расстрэл 1927 / І. П. Хаўрутовіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 82.
  7. За сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне : [Косава] // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 96–99.
  8. Поссе, В. С. Памятник в честь демонстрации 1927 г. : [Коссово] / В. С. Поссе, А. А. Факторович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 209–210.
  9. Пасэ, У. С. Помнік у памяць дэманстрацыі 1927 года : [Косава] / У. С. Пасэ, А. А. Фактаровіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобалсць. Мінск, 1984. С. 188.
  10. Зайка А. Косава // Зайка, А. Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. С. 186–187.
  11. Міжваенны перыяд (1921–1939 гг.) // Гарады і раёны Берасцейшчыны: гісторыя і сучаснасць. Івацэвіцкі раён / У. В. Здановіч, С. П. Жлоба, А. І. Пашковіч і інш. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2009. С. 55–88.
  12. Очерки истории Брестской областной парторганизации. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: [Коссовская демонстрация]. С. 56.
  13. Игнатенко, И. М. Дорогой борьбы и созидания : к 40-летию воссоединения Западной Белоруссии с БССР / И. М. Игнатенко, А. Н. Мацко. – Минск : Беларусь, 1979. – 174 с. : ил. – Из содерж.: [Коссовская политическая демонстрация 1927 г.]. С. 51–52.
  14. Яскевіч, С. За права людзьмі звацца : [аб трагічных падзеях у 1927 г. у г. Косава Івацэвіцкага раёна – расстрэле мірных дэманстрантаў польскай паліцыяй] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2021. 14 верасня. С. 11.
  15. Стралец, М. Косаўскі расстрэл / Міхаіл Стралец // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 25 жніўня. С. 3.
  16. Мароз, В. Памятная дата : [пра Косаўскую палітычную дэманстрацыю 1927 г.] / В. Мароз // Івацэвіцкі веснік. 2005. 1 лютага. С. 1.
  17. Колтун, М. Верылі, змагаліся, перамаглі : [успаміны ўдзельніка Косаўскай палітычнай дэманстрацыі 1927 г.] / М. Колтун // Кастрычнік. Івацэвічы, 1989. 2 лютага.
  18. Міско, І. Чаму стралялі ў нас паны? / І. Міско // Кастрычнік. Івацэвічы, 1987. 31 студзеня.
  19. Колтун, М. Застануцца назаўсёды : [успаміны ўдзельніка Косаўскай дэманстрацыі 1927 г.] / М. Колтун // Кастрычнік. 1987. 31 студзеня.
  20. Разумейчык, П. Памяць стукае ў сэрцы : [да 60-годдзя з дня Косаўскай палітычнай дэманстрацыі] / П. Разумейчык // Кастрычнік. Івацэвічы, 1987. 31 студзеня.
  21. Рымач, М. Адозвы палымянае слова : [аб Косаўскай дэманстрацыі ў 1927 г.] / М. Рымач // Кастрычнік. Івацэвічы, 1983. 3 лютага.
  22. Дегтярик, Н. Кровавый четверг : [воспоминания участника Коссовской политической демонстрации 1927 г.] / Н. Дегтярик // Заря. 1982. 6 февраля.
  23. Пад чырвонымі сцягамі : 3 лютага спаўняецца 55 год з дня правядзення Косаўскай палітычнай дэманстрацыі // Кастрычнік. Івацэвічы, 1982. 2 лютага.
  24. Колтун, М. Незабыўны дзень : [3 лютага 1927 г.] / М. Колтун // Кастрычнік. Івацэвічы, 1978. 2 лютага.
  25. Колтун, М. Адвазе храбрых пяём мы славу : сёння – 45 гадоў з дня правядзення Косаўскай палітычнай дэманстрацыі / М. Колтун // Кастрычнік. Івацэвічы, 1972. 3 лютага.
  26. Власовец, П. Демонстрация в Коссове : [1927 г.] / П. Власовец // Заря. 1967. 5 февраля.
  27. Мацко, А. Залунаў у Косаве чырвоны сцяг : [1927 г.] / А. Мацко // Звязда. 1967. 4 лютага.
  28. Куратнік, В. М. Сорак год назад... : [пра Косаўскую палітычную дэманстрацыю 1927 г.] / В. М. Куратнік // Кастрычнік. Івацэвічы, 1967. 2 лютага.
  29. Колтун, М. Х. За што мы змагаліся : [успаміны ўдзельніка Косаўскай палітычнай дэманстрацыі 1927 г.] / Мікалай Харытонавіч Колтун // Кастрычнік. Івацэвічы, 1967. 2 лютага.
  30. Здановіч, Р. Мы не дарма сваю кроў пралівалі : [успаміны ўдзельніка Косаўскай палітычнай дэманстрацыі 1927 г.] / Р. Здановіч // Кастрычнік. Івацэвічы, 1967. 2 лютага.
  31. Колтун, М. Незабыўнае : [пра Косаўскую палітычную дэманстрацыю 1927 г.] / М. Колтун, М. Дзягцярык // Кастрычнік. Івацэвічы, 1966. 3 лютага.
Чытаць 544 разоў