Серада, 02 Сакавік 2022 15:29

7 красавіка 2022 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Антона Васільевіча Букача (1937–2016), заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь (2000)

Антон Васільевіч Букач нарадзіўся 7 красавіка 1937 г. у в. Гайкоўка Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. У 1949 г. быў залічаны ў першы клас Гайкоўскай пачатковай школы, дзе скончыў чатыры класы. У 1953 г. паступіў у 5 клас Бараноўскай сямігадовай школы рабочай моладзі Жабінкаўскага раёна.

 

Час быў цяжкі, пасляваенны, сям’я шматдзетная, і таму дзеці рана далучыліся да фізічнай працы на сялянскім падворку і ў калгасе, каб дапамагчы бацькам, Васілію Іосіфавічу і Ганне Андрэеўне, інваліду 2-й групы.Ужо ў тыя гады ў Антона выявілася цікавасць да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – пляцення кошыкаў. Кожны выраблены хлопчыкам кошык быў варты захаплення.

Працоўную біяграфію Антон Букач пачаў у 15 гадоў памочнікам каваля ў калгасе «Зара» (цяпер СВК «Узыходзячая зара») і адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1956–1959 гг. служыў у пагранічных войсках. Пасля звальнення ў запас і да 1961 г. быў супрацоўнікам аддзела міліцыі. Узнагароджаны медалём «За выдатную службу па ахове грамадскага парадку» (1967).З 1961 г. па 1968 г. працаваў акумулятаршчыкам, машыністам па рамонту электраабсталявання, аператарам Кобрынскага раённага ўпраўлення магістральных газаправодаў. З 1968 г. па 1971 г. – інструктар Кобрынскага гаркама КПБ.

У 1964 г. Антон Букач скончыў Кобрынскую завочную сярэднюю школу рабочай моладзі. У 1965 г. паступіў на завочны факультэт Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі, які скончыў у 1971 г. па спецыяльнасці «электрыфікацыя сельскай гаспадаркі».

У сістэме прафтэхадукацыі А. В. Букач пачаў працаваць з кастрычніка 1971 г. на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Кобрынскага прафэсійна-тэхнічнага вучылішча № 102 будаўнікоў, з ліпеня 1976 г. – дырэктара вучылішча.

У 1982 г. Антон Васільевіч узначаліў створанае з нуля Кобрынскае тэхнічнае вучылішча № 156 народных мастацкіх промыслаў, у развіццё якога ўкладваў свой талент і энергію ў якасці дырэктара да 2003 г. За гэтыя гады ўстанова прайшла шлях ад вучылішча да мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Навучэнцы пачалі атрымліваць не толькі прэстыжную рабочую спецыяльнасць, але і сярэднюю спецыяльную адукацыю. У 1984 г. вучылішча было рэарганізавана ў СПТВ № 105 народных мастацкіх промыслаў, у 1989 г. – у ПТВ № 105 народных мастацкіх промыслаў.

Антон Васільевіч здолеў падняць статус навучальнай установы на прэстыжную вышыню, па ўсёй Беларусі загаварылі аб мастацкім вучылішчы, паступіць у якое можна было толькі па конкурсе. Выдатныя карціны, мэбля, вырабы з саломкі, макрамэ стваралі навучэнцы, і слава аб іх майстэрстве грымела не толькі на Брэстчыне. Дэлегацыі з Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Галандыі, ЗША, Аргенціны, Афганістана, Швейцарыі сталі наведвацца ў Кобрын. Па ініцыятыве і пры асабістым удзеле Антона Васільевіча ў навучальнай установе створаны музей народнай творчасці, у якім сабрана больш за 5 тысяч экспанатаў.

Пад кіраўніцтвам А. В. Букача ў вучылішчы праводзілася вялікая праца па стварэнні матэрыяльнай базы, падбору і падрыхтоўцы таленавітых і ініцыятыўных кадраў, арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, стварэнні ўмоў для плённай, творчай працы, жыцця і побыту навучэнцаў, адраджэнню і развіццю традыцый народнай творчасці. У 1985 г. установе прысвоена званне «Вучылішча высокай культуры». У 1996 г. ПТВ № 105 пераўтворана ў вышэйшае прафесійнае вучылішча выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. З 2001 г. – прафесійна-тэхнічны каледж выяўленчага мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. З 2003 г. – дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж.

З 2003 г. па 2007 г., працуючы на пасадзе намесніка дырэктара па вытворчаму навучанню, Антон Васільевіч працягваў перадаваць свой педагагічны вопыт маладым калегам, а талент народнага майстра – навучэнцам. Ініцыятар і натхняльнік стварэння ў Брэсцкай вобласці прафесійнай установы для падрыхтоўкі маладых рабочых, якія валодаюць асновамі народных мастацкіх промыслаў.

Прафесійную дзейнасць А. В. Букач спалучаў з актыўным грамадскім жыццём: чатыры разы выбіраўся дэпутатам Кобрынскага Савета народных дэпутатаў, быў членам райвыканкама, прымаў удзел у рабоце XVI з’езда прафсаюзаў, быў дэлегатам I з’езда настаўнікаў Беларусі.

За высокія дасягненні ў педагагічнай дзейнасці А. В. Букач удастоены ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь» (2000). Узнагароджаны медалямі «Ветэран працы» (1987), Францыска Скарыны (2000), юбілейным медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна» (1970);значком «Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў» (1976); ганаровымі граматамі Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў СССР па прафтэхадукацыі (1976), Міністэрства народнай адукацыі БССР (1990); нагруднымі значкамі «Выдатнік прафтэхадукацыі СССР» (1987), «Выдатнік прафтэхадукацыі БССР» (1990). Імя А. В. Букача занесена ў даведнік «Кто есть Кто в Республике Беларусь» (2005), які выдадзены да 60-годдзя Перамогі, і «Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ» (2006).

Антон Васільевіч Букач памёр 9 сакавіка 2016 г. Пакінуў яркую старонку ў развіцці і станаўленні сістэмы прафесійнай адукацыі, адраджэнні нацыянальнай беларускай культуры і народнага мастацтва ў Брэсцкай вобласці і ў рэспубліцы. Жыццёвы шлях А. В. Букача, яго асаблівая адданасць справе выклікаюць бясконцую павагу і падзяку землякоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Букач Антон Васильевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Деловой мир СНГ. 2006. Минск, 2006. С. 53.
  2. Букач Антон Васильевич // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2005 : к 60-летию Победы в Великой Отечественной войне : [в 2 т.]. Минск, 2005. Т. 2. С. 48.
  3. Букач, А. Учёба и творчество / А. Букач // АПК: курсом ускорения / Е. Е. Соколов [и др.]. Минск, 1988. С. 191–193.
  4. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Букач Антон Васільевіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 105. (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
  5. 85 гадоў з дня нараджэння А. В. Букача (1937) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 45.
  6. Антон Васильевич Букач : [некролог] // Кобрынскі веснік. 2016. 16 сакавіка. С. 3.
  7. Памяти коллеги : [некролог] // Заря. 2016. 12 марта. С. 14.
  8. Елизарова, Ж. Если молод душой человек… : [о первом директоре Кобринского художественного училища А. В. Букаче] / Жанна Елизарова // Кобрин информ. 2010. 22 июля. С. 30.
  9. Пятроўская, М. Талентам межы не перашкода : [дырэктар каледжа выяўленчага мастацтва і народных промыслаў А. Букач і яго намеснік В. Дземідовіч пабывалі ў Чэхіі, дзе вялася размова аб арганізацыі там выставы работ навучэнцаў] / Марыя Пятроўская // Кобрынскі веснік. 2002. 16 кастрычніка. С. 2.
  10. Букач Антон Васільевіч : [аб кандыдаце ў дэпутаты абласнога Савета А. В. Букачы, яго прадвыбарчая праграма] // Кобрынскі веснік. 1995. 31 мая. С. 2.
  11. «Прыгажосць патрэбна заўсёды» – лічыць дырэктар ПТВ-105 А. В. Букач // Кобрынскі веснік. 1992. 26 кастрычніка. С. 2.
  12. Букач, А. Перспектывы далёкія і блізкія : [ПТВ № 105] / А. Букач // Кобрынскі веснік. 1990. 1 лістапада. С. 2.
  13. Букач, А. Няхай правіць прыгажосць / Антон Букач // Настаўніцкая газета. 1989. 7 лістапада.
Чытаць 582 разоў