Чацвер, 10 Сакавік 2022 15:53

2 сакавіка 2022 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іванавіча Станкевіча (1937–1999), паэта, майстра па вырабах з дрэва

Анатоль Іванавіч Станкевіч нарадзіўся 2 сакавіка 1937 г. у в. Жарабковічы Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Жыццё паэта складвалася не надта шчасліва. Ад цяжкай працы заўчасна памерла маці, Вера Іванаўна, а пры нямецкіх акупантах у 1942 г. загінуў і бацька, Іван Восіпавіч.

 

Цяжка жылося малому, але з дапамогай мачахі Хрысціны і старэйшых сясцёр Анатоль скончыў сямігодку ў Жарабковічах і паступіў вучыцца ў Слонімскае рамеснае вучылішча № 5. Тут паміж навучэнцамі панавалі надзвычай жорсткія адносіны, ад якіх хлопчык вельмі пакутаваў. Сістэматычнае недаяданне, холад ды здзекі старэйшых адбіліся на яго здароўі. Кіраўніцтва вучылішча накіравала падлетка на лячэнне ў Падмаскоўе. Падлячыўшыся, Анатоль Станкевіч здужаў у 1955 г. скончыць вучылішча, атрымаў спецыяльнасць чырванадрэўшчыка. Два гады працаваў у далёкай Архангельскай вобласці на лесапільным заводзе станцыі Пярмілава, за 100 км ад Архангельска. Яшчэ больш загартаваўся малады чалавек падчас службы ў Савецкай арміі (1957–1959).

Пасля дэмабілізацыі сяржант Анатоль Станкевіч вярнуўся ў родную Беларусь, жыў і працаваў у Баранавічах. Спачатку займаўся самаадукацыяй, затым паспяхова скончыў універсітэт рабселькараў пры гарадской газеце «Знамя коммунизма». Працаваў рабочым, сталяром на баваўняным камбінаце. З 1994 г. – сталяром на станкабудаўнічым заводзе «Атлант».

Першы свой верш Анатоль Станкевіч напісаў у шостым класе. Тады ён знайшоў падтрымку ў свайго настаўніка Яўгена Ігнатавіча Булата. З таго часу з паэзіяй не развітваўся. 15 мая 1968 г. газета «Знамя коммунизма» надрукавала першы верш пачынаючага паэта «Весенняя зарисовка». Свае вершы пісаў у асноўным на рускай мове, толькі апошнія дзесяць гадоў яны загучалі па-беларуску. Вершы друкаваліся ў альманаху «Дзень паэзіі» (1987), зборніках «Паўлюк Багрым» (1994), «Дзядзінец» (1999), «Святліца» (2000), у шэрагу рэспубліканскіх, абласных і мясцовых перыядычных выданняў.

Першая кніга паэзіі А. І. Станкевіча «Билет до станции “Счастье» была надрукавана ў 1983 г. у калектыўным зборніку «Добрыми глазами». Другая – «Верю в трудное счастье» увайшла ў зборнік «Годы как реки» (1988). Першы асобны зборнік вершаў Анатоля Станкевіча «На крыльях страдающей совести» (1996) быў выдадзены пры спонсарскай падтрымцы станкабудаўнічага завода «Атлант».

Для вершаў Анатоля Станкевіча характэрны грамадзянскі пафас, тонкі лірызм, вялікая сыноўняя любоў да роднай зямлі і яе працавітых людзей. Суровы сірочы лёс не зрабіў жорсткім яго сэрца – яно чуйнае, улюблённае ў прыроду, людзей, чалавечнае. Яго вершы немагчыма чытаць раўнадушна, яны выклікаюць усю гаму пачуццяў, клічуць да роздуму, хвалююць. Анатоль Станкевіч – пранікнёны лірык, аб гэтым сведчыць большая колькасць ягоных твораў. Высока ацанілі творчасць баранавіцкага паэта літаратуразнаўца У. А. Калеснік, народны паэт Беларусі Максім Танк.

У 1972–1980 гг. А. І. Станкевіч узначальваў літаратурнае аб’яднанне «Плынь», у 1989–1993 гг. – літаб’яднанне «Ліра» на баваўняным камбінаце, а ў 1994 г. стварыў на станкабудаўнічым заводзе літаратурнае аб’яднанне «Жнівень» і ўзначальваў яго. Прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі ў маi 1999 г.

Нельга не сказаць і аб дзівосным майстэрстве Анатоля Станкевіча – лясных скульптурах і драўляных карцінах, дзе асновай сюжэтаў служылі дзіўныя галінкі і карані дрэў. За свой самабытны талент Анатоль Іванавіч меў шмат узнагарод, у тым ліку і Міністэрства культуры. Яго творы ўпрыгожваюць школы, установы і прадпрыемствы горада.

А. І. Станкевіч трагічна загінуў 21 кастрычніка 1999 г. – па дарозе на працу яго збіла аўтамашына. Пахаваны на могілках у Жарабковічах. Ён быў творцам у трох вымярэннях: у працы – ён адметнейшы чырванадрэўшчык; у мастацтве – таленавіты майстар лясных скульптур і непаўторных карцін на дрэве; у паэзіі меў свой адметны, самабытны голас.

У 2010 г. была адкрыта мемарыяльная дошка на доме, дзе жыў паэт (вул. Касманаўтаў, 3). Грамадскай арганізацыяй «Творчае аб’яднанне “Святліца”» выдадзены зборнік беларускамоўных вершаў Анатоля Станкевіча «Скрыжалі дабрыні» (2010).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

Творы А. І. Станкевіча

  1. Скрыжалі дабрыні / Анатоль Станкевіч ; [прадмова А. Бакача ; рэдактар І. Лагвіновіч]. – Баранавічы : Грамадская арганізацыя «Творчае згуртаванне “Святліца”», 2010. – 80 с. : іл.
  2. На крыльях страдающей совести : [стихи] / А. И. Станкевич. – Брест : Редакция газеты «Шлях», 1996. – 66 с.
  3. Билет до станции «Счастье» : [cтихи] / Анатолий Станкевич // Добрыми глазами : стихи. Минск, 1983. С. 80–86.
  4. «Иные живут, а вот мне не пожить…» ; «Стою у родимого дома…» ; «Хочу, чтоб в глазах твоих грусти не было…» : [стихи] / Анатолий Станкевіч // Ёсць край такі… : гістарычна-літаратурная хроніка. Баранавічы : РУПП «Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня», 2003. С. 332–333.
  5. На обломках отчего дома ; «У даліне дзьмухаўцоў жыву…» ; «Ещё перед войной…» ; Жизнь ; «По деревне то клекот, то скрежет…» ; Расскажи ; Совесть ; «Спавіты сад студзёнай белізной…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Прыналежнасць = Сопричастность : зборнік вершаў / склад. А. Мяльгуй. Мінск, 2002. С. 86–93.
  6. Жаўрукі Багрыма : [верш] / Анатоль Станкевіч // Агледзіны : вершы беларускіх паэтаў / склад. А. Бакач. Мінск, 1998. С. 177.
  7. Верю в трудное счастье : [стихи] / Анатолий Станкевич // Годы, как реки / сост. Ф. Жичка. Минск, 1988. С. 149–159.
  8. «Окутан сад январской белизною…» ; «Ты богат? – спросил я художника» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Дзень паэзіі – 87. Мінск, 1987. С. 109.
  9. «Я судьбой безучастною мечен…» ; «Девочке, решающей задачу ; «Я – столяр…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Intex-press. Барановичи, 1999. 28 октября.
  10. «Иные живут, а вот мне не пожить…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Наш край. Барановичи, 1999. 22 июня.
  11. «Я сегодня проснулся рано…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Наш край. Барановичи, 1999. 27 мая.
  12. Лясны пажар : [верш] / Анатоль Станкевіч // Наш край. Барановичи, 1998. 31 снежня.
  13. «Вновь постичь эту тайну берусь я…» ; Жарабковічы : [стихи] / Анатолий Станкевич // Наш край. Барановичи, 1998. 1 декабря.
  14. «В природу иду, где трава…» ; «На Радзіме мне да скону жыці…» ; «В небе лазурном спрятались тучи…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Наш край. Барановичи, 1998. 31 июля.
  15. Цяпло радзімае зямліцы ; У бібліятэцы : [вершы] / Анатоль Станкевіч // Ляхавіцкі веснік. 1997. 4 сакавiка. С. 4.
  16. «Жанчына з палявымі кветкамі…» ; Жарабя ; Разговор с собакой ; «Выпить, чтобы сердцем не видеть…» ; Воспоминание о проводах ; У портрета матери ; «Стало стыдно выйти в город…» : [вершы] / Анатолий Станкевіч // Наш край. Барановичи, 1997. 1 сакавiка.
  17. «Золотая стоит тишина…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Наш край. Барановичи, 1996. 22 октября.
  18. «Выпить, чтобы сердцем не видеть…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Заря. 1995. 14 ноября.
  19. «По деревне то клёкот, то скрежет…» ; «Я судьбой безучастною мечен…» ; «Долго зреют, не дозреют росы…» ; «Тысячи лет среди поля…»; «Гениально подсолнух цвёл в огороде…» : [стихи] / Анатолий Станкевич // Заря. 1995. 27 июня.
  20. Набалелае : «Чакалі паўгода дзяўчынку арэлі…» ; «Калі б смерць хоць раз…» : [вершы] / Анатоль Станкевіч // Літаратура i мастацтва. 1995. 24 лютага. С. 2.
  21. Самотна рыпяць арэлі ; «Хворыя ногі адпачываюць…» ; «Ёсць людзі, якія…» : [вершы] / Анатоль Станкевіч // Народная трыбуна. 1995. 18 лютага.

 

Аб жыцці і творчасці А. І. Станкевіча

  1. Анатоль Станкевіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 375–376.
  2. Жуковіч, В. На крыльях страдающей совести / Васіль Жуковіч // Ёсць край такі… : гістарычна-літаратурная хроніка. Баранавічы : РУПП «Баранавіцкая ўзбуйненая друкарня», 2003. С. 332–333.
  3. Кіпель, Н. Летуценнік з Жарабковіч / Надзея Кіпель // Ляхавіцкі веснік. 2012. 7 сакавіка. С. 5.
  4. ЛеГАЛ. «Калі твой боль загаворыць вершамі» : [пасмяротна выдадзены зборнік вершаў А. Станкевіча «Скрыжалі дабрыні»] / ЛеГАЛ // Літаратура і мастацтва. 2010. 4 чэрвеня (№ 22). С. 14.
  5. Юркевич, Е. В память о поэте и балетмайстере : [об открытии мемориальных досок поэту А. Станкевичу, хореографу А. Лихман] / Е. Юркевич // Заря. 2008. 11 октября. С. 5.
  6. Маліноўскі, М. «…Распяты лёсам на крыжы…» / Міхась Маліноўскі // Літаратура і мастацтва. 2004. 27 жніўня. С. 6.
  7. Анатоль Станкевіч : [некралог] // Наш край. Барановичи, 1999. 26 кастрычніка.
  8. Анатоль Станкевіч – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў // Наш край. Барановичи, 1999. 20 мая.
  9. Жуковіч, В. Паэзія ствараецца з любові : [пра зборнік вершаў А. Станкевіча «На крыльях страдающей совести»] / Васіль Жуковіч // Народная воля. 1998. 24 кастрычніка.
  10. Маліноўскі, М. Сумленныя музы Анатоля Станкевіча / Міхась Маліноўскі // Заря. 1997. 4 марта. С. 3.
  11. Станкевич, А. «Верю в трудное счастье»/ Анатолий Станкевич ; беседовала Анжелика Белуш // Intex-press. Барановичи, 1997. 27 февраля. С. 18.
  12. Маліноўскі, М. І будзе песні зноў складаць / Міхась Маліноўскі // Ляхавіцкі веснік. 1995. 10 лютага. С. 3.
  13. Шурин, В. Выставка А. Станкевича : [о выставке деревянных скульптур Анатолия Станкевича] / В. Шурин // Знамя коммунизма. Барановичи, 1988. 1 января.
  14. Райкина, С. И след в душе оставит лира / С. Райкина // Знамя юности. 1983. 2 сентября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 569 разоў