Чацвер, 10 Сакавік 2022 15:56

12 лютага 2022 г. – 60 гадоў з дня стварэння народнага драматычнага тэатра «Вестуны» Столінскага гарадскога Дома культуры (1962), самадзейнага мастацкага калектыву

У 1960-я гг. была папулярнай форма самадзейнай мастацкай творчасцi – агітацыйна-мастацкія брыгады, якія сцэнічнымі сродкамі ажыццяўлялі выхаваўчую, агітацыйную і прапагандысцкую работу. На Беларусі яны ўзніклі ў 1919 г., у 1920–1930-я гг. пашырыліся на будоўлях і прадпрыемствах, у Вялікую Айчынную вайну былі ў партызанскіх атрадах. Найбольшага росквіту агітбрыгады дасягнулі ў 1970-я гг.

 

12 лютага 1962 г. у Столінскім раённым Доме культуры была створана агітацыйна-мастацкая брыгада «Вестуны» («Вестники»). У яе склад увайшлі: Ф. Галуза, Е. Аўсянік, Н. Матвейчук, Р. Дзенішчык, Г. Хазановіч – выканаўцы песен, танцаў, мастацкага слова, акампаніятары Н. Мельнік і Г. Кахно. Узначаліў гэты творчы калектыў дырэктар РДК А. Г. Зінчанка. Крыху пазней ў калектыў уліліся В. Барэйка (салістка), А. Цымбаліст (вакаліст), А. Клачко і А. Цыцэрскі (выканаўцы гумарэсак і сатыры), О. Прылуцкая (мастацкае чытанне) і інш.

Выступленне агітбрыгады было пабудавана па вызначанаму тэматычнаму сцэнарыю, у ім прысутнічала пэўная драматургія. Нараўне з канцэртнымі нумарамі выбудоўвалася сюжэтная лінія, у якой – нумары іншых жанраў: прыпеўкі, песні, танцы і г. д. З кожным годам выканальніцкае майстэрства ўдзельнікаў расло, з’яўляліся новыя элементы дэкарацый, сцэнічныя касцюмы, палепшалася якасць сцэнарнага матэрыялу, яго распрацоўваў Валянцін Аляксандравіч Іўковіч, які з 1963 г. стаў кіраўніком творчай групы.

З літаратурна-мастацкай кампазіцыяй «Хвала рукам, что пахнут хлебом» занялі першае месца на абласным конкурсе. Больш за дзесяць гадоў агітбрыгада выступала на сцэнах Столінскага раёна, бліжэйшых населеных пунктаў Украіны. Галоўнай тэмай калектыву была прапаганда перадавога вопыту работнікаў сельскай гаспадаркі. Сцэнарыі «Здравствуй, земля колхозная, здравствуйте, люди с утром встающие!» і «Наши маяки» выклікалі ў гледачоў захапленне.

Змяняўся склад удзельнікаў, прыходзіла новая моладзь. У 1973 г. у раён прыбылі маладыя спецыялісты О. Свірыдава, З. Цітова, В. Аргонава, В. П’янаў і Н. Дубінін. Затым ў брагыду прыйшлі браты Дабрынцы, В. Сідорчык, браты Луцкія, стажор-практыкант В. Нагорны.

Рашэннем калегіі Міністэрства культуры БССР ад 24 ліпеня 1974 г. агітбрыгадзе «Вестуны» Столінскага РДК было прысвоена званне «Народны калектыў». На абласных і рэспубліканскіх конкурсах «Вестники» займалі першыя месцы, гастралявалі па вобласці і Беларусі, ездзілі на завод «Гомсельмаш», у Маскву, дзе атрымалі сярэбраны медаль ВДНГ СССР (1978), Башкірыю, у складзе агітцягніка ЦК УЛКСМ на будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС выступалі на Браншчыне.

Агітбрыгада «Вестуны» пад кіраўніцтвам рэжысёра В. А. Іўковіча пастаянна аднаўляла свае праграмы. Самадзейныя артысты адлюстроўвалі поспехі ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, інфармацыю бралі з раённый і абласной газет. Сярод найбольш значных праграм: «Дзень добры, зямля калгасная!», «Пра час і пра сяло», «Я грамадзянін Савецкага Саюза» і інш. Была асобная рубрыка «Рога и копыта», у якой крытыкавалі недахопы. У калектыве заўсёды былі захопленыя творчасцю людзі, не болей за 12 чалавек. За год праводзілі каля 50 канцэртаў-выступленняў.

Ужо ў 1990-я гг. народная агітбрыгада перарасла ў агіттэатр, тэатр эстрадных мініяцюр, а з 2006 г. – народны драматычны тэатр «Пагарынне», але з 2016 г. вярнулі ранейшую назву – «Вестуны». Дыпламант ІІ ступені ІІІ Рэспубліканскага фестывалю аматарскіх тэатраў «Тэатральныя скрыжаванні» (2004). Артысты тэатра прымаюць удзел ва ўсіх маштабных святах і акцыях раёна, што ладзяцца аддзелам культуры. Пяцьдзясят гадоў В. А. Іўковіч быў мастацкім кіраўніком калектыву, з 2012 г. яго замяніла Іна Уладзіміраўна Філановіч.

Асноўную трупу тэатра складаюць работнікі аддзела культуры, бібліятэчнай сістэмы, дзіцячага дома творчасці і неабыякавыя да мастацтва. У асноўным складзе акцёры: В. Калаур, Д. Цярлецкі, Е. Волкава, І. Ляшкевіч, А. Марушка, Т. Кулак, І. Філановіч, А. Гудная, В. Яхнавец, Ю. Бабіч і В. Булгакаў. Рэжысёрамі выступаюць І. У. Філановіч і Е. К. Сакалова.

У рэпертуары тэатра «Вестуны» не толькі спектаклі, але і тэатралізаваныя прадстаўленні, літаратурна-музычныя кампазіцыі. Тэатр бярэ ўдзел у раённых святах «Дажынкі», давыд-гарадоцкім калядным абрадзе «Конікі», дабрачынных акцыях і іншых мерапрыемствах. Прыняў ўдзел у абласным фестывалі «Тэатральнае Палессе-2017», дзе атрымаў дыплом ІІІ ступені, а дыплом за лепшую жаночую ролю – Іна Філановіч. У снежні 2018 г. «Вестуны» прымалі ўдзел у фестывалях «Зубр сваёй справы» і «Огни зимы» ў НП «Белавежская пушча». 24 сакавіка 2019 г. адбылася прэм’ера новай пастаноўкі – камедыі «Бестолочь» паводле п’есы М. Камалецці «Ох, уж эта Анна».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Дубойская, А. М. Народныя і ўзорныя калектывы : народны тэатр «Веснікі» / А. М. Дубойская // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 588–589.
  2. Бязвуглы, А. М. Столінская народная агітбрыгада «Вестуны» / А. М. Бязвуглы // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 128.
  3. Курыла, Т. М. Агітбрыгада / Т. М. Курыла // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 29.
  4. Касперович, Л. Вся жизнь – сцена : [к 80-летию В. А. Ивковича] / Людмила Касперович // Навіны Палесся. Столін, 2022. 1 лютага. С. 6.
  5. Мiрановiч, В. Свята тэатра : [пра юбiлейны вечар народнага драматычнага тэатра «Пагарынне»]/ Валянцiна Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 2010. 26 студзеня. С. 8.
  6. Iўковiч, В. «Пагарыння» творчы шлях / Валянцiн Iўковiч // Навiны Палесся. Столiн, 2010. 22 студзеня. С. 14.
  7. Iўковiч, В. Тэатр захоўвае традыцыi : [пра народны драматычны тэатр «Пагарынне» Столiнскага ГДК] / Валянцiн Iўковiч // Навiны Палесся. Столiн, 2009. 26 мая. С. 5.
  8. Мiрановiч, В. Не такi, як усе : [пра спектакль «Пазнаёмiмся» народнага драматычнага тэатра «Пагарынне» Столiнскага ГДК. Рэжысёр. В. Iўковiч] / Валянцiна Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 2007. 23 студзеня. С. 4.
  9. Вярэнiч, А. З дэбютам, «Пагарынне»! : [пра прэм’еру спектакля «Пазнаёмiмся, цi Не такi, як усе» народнага драматычнага тэатра «Пагарынне». Рэжысёр В. Iўковiч] / Аляксей Вярэнiч // Навiны Палесся. Столiн, 2006. 29 снежня. С. 6.
  10. Ивкович, В. Накануне : [о 45-летии народного драматического театра Столинского ГДК] / Валентин Ивкович // Навiны Палесся. Столiн, 2006. 19 снежня. С. 5.
  11. Гашчук, Г. «Вестникам» 30 : [пра вечар да 30-годдзя народнага агiттэатра «Вестники» ГДК. Кiраўнiк В. Iўковiч] / Галiна Гашчук // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 10 снежня. С. 10.
  12. Гашчук, Г. «Вестники» – з добрай весткай : [пра ўдзел народнага агiттэатра «Вестуны» Столiнскага ГДК у III Рэспублiканскiм фестывалi аматарскiх тэатраў «Тэатральныя скрыжаваннi»] / Галiна Гашчук // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 5 лiстапада.
  13. Зiновiч, В. Дабравесце ад «Вестуноў» : [пра тэатр «Вестуны» Столiнскага ГДК i яго кiраўнiка В. Iўковiча] / В. Зiновiч // Лiтаратура i мастацтва. 2002. 26 лiпеня. С. 11.
  14. Сеген, Т. Два высокiя юбiлеi : [пра юбiлейны вечар народнага тэатра «Вестуны» ГДК да 40-годдзя стварэння калектыву i 60-годдзя яго кiраўнiка В. Iўковiча] / Таццяна Сеген // Навiны Палесся. Столiн, 2002. 26 студзеня.
  15. Iўковiч, В. Творчасць – бязмежная : [пра народны эстрадны тэатр «Вестуны» Столiнскага ГДК] / Валянцін Iўковiч // Навiны Палесся. Столiн, 1999. 17 красавіка.
  16. Гашчук, Г. «Вестунам» – 35! : [пра свята да 35-годдзя народнага агіттэатра «Вестуны» ў Столінскім ГДК] / Г. Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 1997. 8 мая.
  17. Сямёнаў, Ю. На Брэстчыне : [аб творчай паездцы агітбрыгады «Вестники» Столінскага РДК] / Ю. Сямёнаў // Навіны Палесся. Столін, 1987. 16 красавіка.
  18. Юркевіч, Ю. На вастрыні сучаснасці : [пра агітбрыгаду «Вестуны» Столінскага РДК] / Ю. Юркевіч // Навіны Палесся. Столін, 1986. 8 ліпеня.
  19. Саевіч, С. На сцэне – «Вестуны» : [аб народнай агітбрыгадзе Столінскага РДК] / С. Саевіч // Навіны Палесся. Столін, 1985. 4 красавіка. С. 4.
  20. Гришкевич, В. Как наше слово отзовется... : [о народной агитбригаде «Вестники» Столинского РДК] / В. Гришкевич // Заря. 1981. 14 января. С. 3.

Чытаць 453 разоў