Панядзелак, 21 Сакавік 2022 16:36

2022 г. – 20 гадоў з часу пабудовы Свята-Міхайлаўскай царквы ў аг. Расна (Камянецкі р-н; 2002)

Свята-Міхайлаўская царква аг. Расна Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці была заснавана ў лютым 1991 г. Але праваслаўнае жыцце прыхода пачало сваё існаванне нашмат раней і мае сваю гісторыю. З скупых архіўных матэрыялаў правамерна выказаць здагадку, што Раснянскі праваслаўны прыход існаваў з моманту першай згадкі пра Расна (1466).

 

Пасля прыняцця Брэсцкай уніі (1596) у Вялікім Княстве Літоўскім стала ўзмоцнена ўкараняцца ўніяцтва. Сын новага ўладальніка Расны Марцін Матушэвіч у 1765 г. пабудаваў уніяцкую драўляную царкву. У 1839 г. унія была адменена, людзі пачалі вяртацца ва ўлонне Праваслаўнай царквы.

У 1842 г. быў зроблены капітальны рамонт Раснянскай царквы. У тым жа годзе царква асвечана ў праваслаўную ў імя Архістратыга Архангела Міхаіла. Да Раснянскага прыходу прыпісалі: Расну, Новую Расну, Мыкшыцы, Ваўковічы, Лясок, Чапялі, Міневічы, Вярхі, Чарнёва, усяго 9 населеных пунктаў.

У 1871 г. адкрываецца тры царкоўна-прыхадскія школы ў Ляску, Расне, Ваўковічах. Па стане на 1 студзеня 1894 г. у прыходзе налічвалася 2406 вернікаў, з іх 1216 мужчын і 1190 жанчын.

У 1945 г. Раснянская Свята-Міхайлаўская царква была зарэгістраваная. У 1960-я гг. узмацніўся дзяржаўны ціск на рэлігію, для вернікаў надыйшлі цяжкія часы. Храмы зачыняліся і многія нават разбураліся. 11 лістапада 1962 г. Свята-Міхайлаўская царква была зачынена з рэкамендацыяй перадачы яе пад клуб, а ў 1964 г. проста разбурана.

У 1991 г. было вырашана пачаць будаўніцтва новага праваслаўнага храма ў Расне. Настаяцелем стаў протаіерэй Яўген Іванавіч Лукашэвіч (1951–2010), благачынны Камянецкага раёна. Першы камень у аснову царквы быў закладзены 9 красавіка 1991 г. Будаўніцтва мураванага храма вялося за кошт ахвяраванняў прыхаджан, калгаса «Савецкая Беларусь» (старшыня – двойчы Герой Сацыялістычнай Працы У. Л. Бядуля) і саўгаса-камбіната «Белавежскі». З 1994 г. настаяцелем храма быў іерэй Мікалай Мікалаевіч Лукашык, менавіты пры ім вяліся асноўныя будаўнічыя работы.

Свята-Міхайлаўская царква па традыцыі пабудавана ў выглядзе карабля, архітэктура вырашана ў неарускім стылі. Над асноўным аб’ёмам будынка двусхільны дах з барабанам у цэнтры з цыбулепадобнай макаўкай, па вуглах – 4 макаўкі. Над прытворам узведзена 2-ярусная 8-гранная званіца з шатровым дахам і макаўкай. Да алтарнай сцяны далучаны 3 паўкруглыя апсіды са сферычнымі пакрыццямі. Бакавыя фасады падзелены на 3 праслы з закамарамі, прарэзанымі вузкімі і высокімі арочнымі ваконнымі праёмамі.

Храм двухузроўневы. У ніжнім храме, які асвечаны ў 1993 г. у гонар Святога Іаана Прадцечы, праводзяцца богаслужэнні зімой, а ў верхнім – у летнюю пару года. Сцены верхняга храма Свята-Міхайлаўскай царквы распісвалі іканапісцы з Паўночнай Букавіны (Украіна).

Верхні храм быў асвячоны 8 жніўня 2002 г. мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам Усяе Беларусі Філарэтам у саслужэнні шматлікага духавенства і пры вялікім сцячэнні народа. За актыўны ўдзел у будаўніцтве царквы многія прыхаджане і кіраўнікі калгасаў удастоены ганаровых грамат. Настаяцель Свята-Міхайлаўскай царквы іерэй Мікалай Лукашык узнагароджаны нагрудным крыжам, У. Л. Бядуля – ордэнам Сергiя Раданежскага.

На тэрыторыі прыхода ў в. Тумін ёсць асвячоная крыніца і купель. Ваду з крыніцы бяруць жыхары з навакольных вёсак і з г. Высокае. Цяпер настаяцелем Свята-Міхайлаўскага храма з’яўляецца протаіерэй Стэфан Рыгоравіч Агіевіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Царква ў імя святога архангела Міхаіла : [в. Новая Расна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 299.
  2. Свята-Міхайлаўская царква, в. Расна // Праваслаўныя храмы Камянеччыны / Ю. Сахарчук, А. Карпішук, Л. Бішчук. Брэст, 2013. С. 86–88.
  3. Страчаная спадчына : царква : [в. Расна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедыяны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 572. Страчаная спадчына.
  4. Страчаная спадчына : царква : [в. Расна] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 287.
  5. Шарков, А. В. Родник в честь Святого целителя Пантелеймона (Тумин) : [Каменецкий район, д. Тумин] / А. В. Шарков, Е. И. Хорошевич // Святые родники Белой Руси / А. В. Шарков, Е. И. Хорошевич. Минск, 2017. С. 59–60.
  6. К мирским наградам – церковная : [В. Л. Бедуля удостоин высокой награды православной церкви – ордена преподобного Сергия Радонежского] // Брестский курьер. 2002. 15–21 августа. С. 23.
  7. Кукса, И. К мирским наградам добавилась церковная : [В. Л. Бедуле – орден преподобного Сергия Радонежского] / И. Кукса // Белорусская нива. 2002. 14 августа.
  8. Новік, Г. Усе дарогі вялі да храма : падзея ў Расне : [аб асвячэнні Свята-Міхайлаўскай царквы] / Галіна Новік // Навіны Камянеччны. 2002. 14 жніўня. С. 1, 3.
  9. Мусевіч, Г. Уваскрэсенне царквы : [аб гісторыі праваслаўнага прыхода ў в. Расна і будаўніцтве Свята-Міхайлаўскай царквы] / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2002. 3 жніўня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 483 разоў