Чацвер, 24 Сакавік 2022 13:54

15 студзеня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Валерыя Паўлавіча Асташонка (1922–1980), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёра міліцыі

Валерый Паўлавіч Асташонак нарадзіўся 15 студзеня 1922 г. у в. Слабада Сіроцінскага (з 1961 г. Шумілінскага) раёна Віцебскай вобласці. У школе яму найлепш давалася гісторыя, збіраўся ў 1941 г. паступаць на гістфак педагагічнага інстытута, але перашкодзіла вайна.

 

Адразу пасля акупацыі родных мясцін камсамолец Валерый Асташонак падаўся ў партызаны. Яго баявая біяграфія звязана з брыгадай «За Радзіму» імя А. К. Флегантава. Вясной 1942 г. стаў камандзірам узвода. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

Па загаду Беларускага штаба партызанскага руху ў верасні – снежні 1943 г. брыгада здзейсніла марш у Брэсцкую вобласць і ўвайшла ў склад Брэсцкага партызанскага злучэння. Пасля перабазіравання з узводаў брыгады 3 кастрычніка 1943 г. быў створаны атрад, які ў канцы лістапада атрымаў імя геройскі загінуўшага Пятра Лявонцьевіча Валькова. Атрад ваяваў у Дзівінскім і Маларыцкім раёнах, рабіў дыверсіі на чыгунцы Брэст – Ковель. Са студзеня 1944 г. дзейнічаў самастойна. Камандзір атрада – Міхаіл Ільіч Чацвярыкоў, начальнік штаба – Кірыл Аляксандравiч Шлыкоўскі, камісар – Валерый Асташонак. 12 ліпеня 1944 г. атрад злучыўся з Чырвонай арміяй. На гэты час атрад налічваў 215 чалавек.

За праяўлены гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі Валерый Асташонак быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За боевые заслуги» (двойчы), «За отвагу», «Партизану Отечественной войны» І ступені, «За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг», ордэнам ПНР «Virtuti Militari».

Пасля вызвалення Беларусі Валерый Асташонак працаваў сакратаром Свірскага райвыканкама Маладзечанскай вобласці. Са студзеня 1945 г. – у міліцыі. Пасляваеннае жыццё прысвяціў службе ў міліцыі. У першыя мірныя гады давялося ваяваць з бандамі, якія заселі ў лясах паблізу мяжы з Літоўскай ССР. Гэта былі небяспечныя аперацыі, такія ж як у ваенны час.

Валерый Паўлавіч прайшоў шлях ад радавога міліцыянера, оперупаўнаважанага да генерала. У 1950 г. скончыў Мінскую школу міліцыі, у 1963 г. – Вышэйшую школу МУС РСФСР. З 1953 г. на розных пасадах у абласным упраўленні МУС Гомельскай вобласці. У 1956–1961 гг. –  начальнік аддзела барацьбы з крадзяжом сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыяй БССР, намеснік начальніка ўпраўлення міліцыі МУС БССР.

Брэсцкае абласное ўпраўленне ўнутраных спраў В. П. Асташонак узначаліў у 1961 г. і кіраваў ім чатырнаццаць гадоў. За гэты час у вобласці карэнным чынам палепшылася крымінагенная сітуацыі. Па раскрыцці значынстваў вобласць займала лідарскія пазіцыі ў БССР. Асаблівую ўвагу ўдзяляў начальнік пытанням падбору і расстаноўкі кадраў. Адным з галоўных дасягненняў Валерый Паўлавіч лічыў павышэнне аўтарытэту міліцыі ў насельніцтва.

За ўзорнае выкананне службовага доўгу, умацаванне правапарадку 9 лістапада 1962 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Быў узнагароджаны ордэнамі «Знак Почёта» і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Заслужаны работнік МУС СССР. 25 лістапада 1966 г. яму было прысвоена званне камісара міліцыі 3-га рангу, 23 кастрычніка 1973 г. – генерал-маёра.

Пастановай Савета Міністраў СССР з 1 студзеня 1976 г. была створана Мінская вышэйшая школа МУС СССР. Начальнікам школы ў 1976–1987 гг. быў генерал-маёр Міхаіл Іванавіч Зырын. У ліпені 1976 г. В. П. Асташонак быў прызначаны намеснікам начальніка школы па агульных пытаннях. У школе рыхтавалі спецыялістаў для падраздзяленняў крымінальнага вышуку, следчых і ўчастковых інспектараў міліцыі для органаў МУС Беларускай, Латвійскай, Літоўскай, Азербайджанскай і Армянскай ССР, некаторых абласцей РСФСР.

В. П. Асташонак заўчасна памёр у шпіталі пасля сардэчнага прыступу 3 лютага 1980 г. На здароўі не маглі не адбіцца і партызанская маладосць, і міліцэйская работа. Пахаваны на Усходнiх могiлках г. Мiнска (участак 26).

У Брэсце на доме, дзе ён жыў (вул. Леніна, 35), размяшчаецца мемарыяльная дошка. 27 лістапада 2013 г. у будынку Брэсцкага ўпраўлення ўнутраных спраў адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам В. П. Асташонка (скульптары Павел Герасіменка і Алеся Гуршчанкова). У музеі брэсцкай міліцыі, які адкрыты ў 2007 г., аформлена экспазіцыя, прысвечаная В. П. Асташонку. Кіраўніцтва Брэсцкага УУС увяло ганаровы пераходны прыз імя В. П. Асташонка, які прысуджаюць штогод найлепшым вартавым парадку.

У партызанах Валерый Асташонак сустрэў Анастасію Пятроўну Лосеву (1925–1999), якая стала яго жонкай, згулялі партызанскае вяселле. У атрадзе Насця была разведчыцай, загадвала друкарняй, хадзіла на баявыя заданні. Узнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За боевые заслуги», «За Победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» і інш. Выгадавалi дзвюх дачок. Старэйшая, Лілія Валер’еўна (1945), стала філолагам-беларусазнаўцам, дацэнтам (1995), выкладала ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. Малодшая, Тамара Валер’ена, пасля заканчэння тэхнічнай ВНУ пайшла служыць у міліцыю, даслужылася да падпалкоўніка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Асташенок Валерий Павлович // Комиссары и генералы органов внутренних дел и внутренних войск Беларуси : биографический справочник / сост. В. А. Гриняк. Минск, 2014. С. 29–30.
  2. Брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 259.
  3. Асобны атрад імя П. Л. Валькова // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 260.
  4. Партызанская брыгада «За Радзіму» імя А. К. Флегантава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 424.
  5. Рейдовая в походе : воспоминания партизан-флегонтовцев / [составитель Ф. Ф. Тараненко ; лит. обработка А. Миронова]. – Минск : Беларусь, 1984. – 190, [2] c., [8] л. портр.
  6. Яскевіч, С. Дзеля міру і спакою людзей : [аб жыцці і дзейнасці В. П. Асташонка] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2022. 18 сакавіка. С. 19.
  7. Стрелец, М. Любил жизнь и всегда защищал её : (к 100-летию со дня рождения В. П. Асташенка, партизанского комиссара, генерала милиции) / Михаил Стрелец // Милиция Беларуси. 2021. № 5. С. 3739.
  8. Ростаў, А. «Гэты поспех – агульная справа» : [Жабінкаўскі РАУС узнагароджан кубкам імя В. П. Асташонка і Дыпломам I ступені] / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 31 студзеня. С. 1.
  9. Захарова, А. Генерал, к которому шли люди : [об открытии мемориальной доски В. П. Асташёнку] / Александра Захарова // Брестский вестник. 2013. 5 декабря. С. 12.
  10. Захарова, А. С именем генерала живут и служат сотрудники милиции : [об открытии мемориальной доски В. П. Асташёнку] / Александра Захарова // Брестский курьер. 2013. 5 декабря (№ 49). С. 4.
  11. Курикова, О. И это всё о нём. Седая легенда : [о судьбе В. П. Асташёнка, бывшего начальника УВД Брестского облисполкома, воспоминания родных и близких] / О. Курикова // На страже. 2007. 11 мая. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 666 разоў