Чацвер, 31 Сакавік 2022 12:02

8 мая 2022 г. – 90 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Тарасюка (1932–2015), народнага майстра Беларусі, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва

Мікалай Васільевіч Тарасюк нарадзіўся 8 мая 1932 г. у в. Стойлы Пружанскага павета Палескага ваяводства (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў чатыры класы Галасяцінскай пачатковай школы. З малых гадоў Мікола пачаў працаваць на гаспадарцы. У дзевяць гадоў ён разам з бацькам хадзіў за плугам, у дванаццаць – ужо самастойна абрабляў зямлю. У 1951 г., калі ў Стойлах і суседніх вёсках ствараўся калгас, ён быў ужо сталым сялянскім гаспадаром, усё астатняе жыццё працаваў у калгасе.

 

Разьбярствам Мікалай Тарасюк зацікавіўся ў дзяцінстве: рабіў лыжкі, фігуркі жывёл. У 1980-я гг. пачаў выразаць з дрэва і расфарбоўваць фігуркі, складаць з іх разнастайныя сюжэтныя кампазіцыі аб сялянскім жыцці і працы. Кампазіцыі майстра прысвечаны беларускай сялянскай працы («Сялянскі дворык», «Апрацоўка льну», «Жніво» і г. д.), беларускім народным абрадам («Вяселле», «Каляды», «Вячоркі» і г. д.). У працах творца высмейваў п’янства, разлад у сям’і, паказваў усё жыццё чалавека – ад нараджэння да смерці. Значнае месца ў яго творчасці займала тэма вяселля, што паводле аўтара, з’яўляецца галоўнай кропкай адліку ў лёсе селяніна.

Мастацтва, да якога належыць творчасць М. В. Тарасюка, называюць інсітным, або прымітыўным, наіўным, яно сфарміравалася натуральна і самабытна, без уселякага ўплыву і навучання. Асаблівасцямі работ з’яўляюцца дакладнасць этнаграфічных дэталяў вясковага жыцця, эмацыянальнасць, духоўная шчырасць, філасафічнасць. Амаль усе кампазіцыі расфарбаваны і ўмацаваны на падстаўках. Усяго, паводле некаторых падлікаў, Мікалай Тарасюк выразаў каля 30 тысяч фігурак.

Зорным часам стаў для яго 1987 г., калі быў праведзены Усесаюзны фестываль народнай творчасці, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Творы Мікалая Тарасюка тады ўпершыню пакінулі Стойлы і пачалі сваё турнэ па выстаўках. Іх убачылі спачатку ў раёне і абласным цэнтры, а потым – у Мінску і Маскве. З Масквы прыйшлі адразу дзве высокія ўзнагароды – Залаты медаль ВДНГ і медаль лаўрэата ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці. Мікалай Васільевіч не здымаў са свайго выхаднога касцюма гэтыя дарагія яму медалі.

У канцы 1980-х гг. у Стойлы пацягнуліся журналісты, каб запісаць з гаваркім вясковым самавукам інтэрв’ю і сфатаграфаваць яго незвычайныя творы. Усё часцей сталі запрашаць Мікалая Васільевіча на выстаўкі, а на яго хутар завітвалі госці з Брэста, Мінска, Масквы. Да майстра пачалі прывозіць на экскурсію вучняў з суседніх вёсак і раённага цэнтра. Кожны раз Мікалай Васільевіч цярпліва выносіў свае працы з хаты на падворак, старанна расстаўляў іх у належнай паслядоўнасці і як сапраўдны экскурсавод распавядаў пра сваю сялянскую энцыклапедыю.

З цягам часу работ станавілася ўсё больш, а госці прыязджалі да майстра ўсё часцей. У 19931994 гг. ён пабудаваў на сваім падворку дом-музей «Успаміны Бацькаўшчыны», напоўнены любоўю да малой радзімы.

З’яўляецца лаўрэатам I Рэспубліканскага свята-конкурсу разьбярства «Дрэва жыцця» (1999, г. п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці), II Нацыянальнай выстаўкі народнага мастацтва «Жывыя крыніцы» (2007, Мінск). У 2002 г. атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «Народная творчасць». У 2003 г. удастоены звання «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

Кампазіцыі разьбяра захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Мотальскім музеі народнай творчасці (Іванаўскі раён), Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры, музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» і інш. Быў выдадзены альбом-манаграфія «Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка» (2008). Пра творчасць і асобу творцы былі зняты дакументальныя фільмы: «Гаспадар» (2008, Польшча) і «Драўляны народ» (2011, «Беларусьфільм», рэжысёр Віктар Аслюк).

Па ініцыятыве ДзУК «Брэсцкі АГКЦ» былі праведзены персанальныя выставы: «Страчаны рай» у Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску (2008) і «Драўляны народ» у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык». У 2009 г. па ініцыятыве ДзУК «Брэсцкі АГКЦ» была праведзена выстава «Драўляны люд» у Музеі Малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (г. Бельск-Падляскі, Польшча).

У 2014 г. аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама быў рэалізаваны праект «Вясковы рэнесанс» (аўтар і каардынатар праекта – загадчык аддзела традыцыйнай культуры ДзУК «Брэсцкі АГКЦ» Л. М. Быцко). Праект фінансаваўся нямецкім прадстаўніцтвам народных універсітэтаў. Мэтамі праекта былі: апрацоўка твораў Мікалая Тарасюка ад шашаля, выраб і ўстаноўка паклоннага драўлянага крыжа з прозвішчамі жыхароў вёскі, распрацоўка і ўстаноўка гісторыка-этнаграфічнай карты в. Стойлы, правядзенне свята вёскі «Я родам са Стойлаў».

Мікалай Васільевіч Тарасюк памёр 14 студзеня 2015 г. Пахавалі майстра ў в. Вяжное побач з жонкай Надзеяй Васільеўнай.

Творчасць самабытнага разьбяра атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. У Стойлах побач з домам майстра ў маі 2015 г. у час мастацкага пленэру «Сцежкамі Міколы Тарасюкка» ўсталявана яго драўляная скульптура (аўтар Анатоль Туркоў). Ларыса і Аляксандр Быцко, якія прымалі актыўны ўдзел у лёсе майстра, адкрылі ў Стойлах аграсядзібу «Стулы» з тэатрам-батлейкай, у рэпертуары якога ёсць спектакль «Прытулак памяці» – пра славутага майстра Мікалая Тарасюка, яго драўляны люд і знікаючую беларускую вёску.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААіІ

 

  1. Тарасюк Николай Васильевич / Е. М. Сахута // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 397.
  2. Тарасюк Мікалай Васільевіч / А. В. Кляшчук // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : [у 2 т.]. Мінск, 2006. Т. 2. С. 604–605.
  3. Тарасюк Мікалай Васільевіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 387.
  4. Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка : [альбом-манаграфія / аўтар тэксту і ўкладальнік В. А. Лабачэўская ; фотамасгак Е. Ліхтаровіч]. – Мінск, 2008. – 175 с. : каляр. іл., фат.
  5. 8 мая – 90 гадоў з дня нараджэння М. В. Тарасюка (1932–2015), самадзейнага разьбяра, мастака, народнага майстра Беларусі / [складальнікі В. Я. Асаёнак і інш.] // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2022. № 2. С. 11–12. (дадатак: Даты беларускага календара).
  6. Сысаляціна, А. Чалавек – зямля – дрэва : [аб аднайменнай выставе майстра М. В. Тарасюка ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Арына Сысаляціна // Краязнаўчая газета. 2021. № 43. С. 3 : фат.
  7. Марчук, Р. Драўляны люд : [пра самадзейнага разьбяра Міколу Тарасюка] / Раіса Марчук // Літаратура і мастацтва. 2019. № 6. С. 16.
  8. Каляда, Г. У памяці не толькі драўлянага люду… : у в. Стойлы адбыўся вечар успамінаў «Драўляны люд не забудзе свайго майстра» прысвечаны М. В. Тарасюку / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2016. 20 ліпеня. С. 3.
  9. Сядова, І. Тарасюковы мемарыял : [пра пленэр «Сцежкамі Міколы Тарасюка»] / Ірына Сядова // Раённыя будні. Пружаны, 2015. 16 мая. С. 1, 15.
  10. Хоміч, І. Пасядзець з дзедам Тарасюком : [пра пленэр «Сцежкамі Міколы Тарасюка» ў в. Стойлы Пружанскага раёна] / Іна Хоміч // Брестский курьер. 2015. 14 мая (№ 20). С. 10.
  11. Трибулева, Е. «Ён сумуе па свайму драўлянаму народу» : деревянная скульптура Николая Тарасюка установлена в Стойлах : [о художественном пленэре «Сцежкамі Міколы Тарасюка»] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2015. 13 мая. С. 8.
  12. Ляшкевіч, А. Пакуль скульптуры ў Пружанах... : ці застанецца музей Мікалая Тарасюка ў Стойлах? / Алена Ляшкевіч// Культура. 2015. 28 лютага (№ 9). С. 12.
  13. Сумленне за ўвесь народ : [памяці майстра разьбы па дрэве М. В. Тарасюка] / Брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў у г. Мінску // Царкоўнае слова. 2015. 23 студзеня (№ 4). С. 15.
  14. Бунеева, Л. Сляза на шчацэ Каляды : [памяці М. В. Тарасюка] / Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2015. 23 января. С. 8.
  15. Яскевіч, С. Душа народа : драўляны народ Мікалая Тарасюка застаўся без майстра / Святлана Яскевіч // Звязда. 2015. 23 студзеня. С. 13.
  16. Каваленка, А. Уладар драўлянага народа : [аб выставе М. Тарасюка «Страчаны рай» у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва] / Алена Каваленка // Мастацтва. 2012. № 9. С. 2–3.
  17. Марчук, Р. Знойдзены «Страчаны рай» : [аб выставе твораў Мікалая Тарасюка] / Раіса Марчук // Літаратура і мастацтва. 2012. 14 верасня (№ 37). С. 24.
  18. Мядзведская, К. Вобразны свет Мікалая Тарасюка / Кацярына Мядзведская // Голас Радзімы. 2012. 30 жніўня (№ 32). С. 4.
  19. Чэмер, М. Драўляны народ у гарадскім інтэр'еры : [аб выстаўцы Мікалая Тарасюка «Страчаны рай»] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. 2012. 11 жніўня. С. 8–9.
  20. Бунеева, Л. Сярмяжная праўда драўлянага мужыка : [аб выстаўцы работ Мікалая Тарасюка «Страчаны рай» у Мінску] / Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2012. 10 августа. С. 4.
  21. Бунеева, Л. За мяжу – з драўлянымі аднавяскоўцамі : [аб выстаўцы «Драўляны свет Мікалая Тарасюка» ў Бельску-Падляскім, Польшча] / Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 14 мая. С. 7.
  22. Яскевіч, С. Успаміны Бацькаўшчыны майстра са Стойлаў / Святлана Яскевіч // Звязда. 2008. 12 лістапада.
  23. Карлюкевіч, А. Падарожжа ў бацькоўскія вёскі : [аб жыцці і творчасці М. В. Тарасюка] / Алесь Карлюкевіч // Беларуская думка. 2008. № 7. С. 112–113.
  24. Карлюкевіч, А.Драўлянага народа энергетыка : [рэсцэнзія на кнігу: Сялянская энцыклапедыя ў творах Мікалая Тарасюка : альбом-манаграфія / аўтар і ўкладальнік В. А. Лабачэўская. Мінск, 2008. 176 с.] / Алесь Карлюкевіч // Маладосць. 2008. № 6. С. 115–117.
  25. Бунеева, Л. «Я застаўся з драўляным народам» / Людміла Бунеева // Літаратура і мастацтва. 2008. 4 красавіка (№ 14). С. 5.
  26. Строцкая, Г. «Мой деревянный народ» : [75-летний юбилей народного мастера Н. В. Тарасюка из д. Стойлы Пружанского района] / Галина Строцкая // Беларускі час. 2007. 17 августа (№ 33). С. 19.
  27. Лабачэўская, В. «Займаюся Бацькаўшчынай...» : [пра народнага майстра Беларусі М. В. Тарасюка з Пружанскага раёна] / Вольга Лабачэўская // Культура. 2007. 10–16 лютага (№ 6). С. 12.
  28. Пракаповіч, М. Філосаф драўлянага народа : [аб выстаўцы майстра інсітнага мастацтва Міколы Тарасюка ў Брэсце] / Мікола Пракаповіч // Вечерний Брест. 2006. 3 ноября. С. 8.
  29. Быцко, Л. Мікалай Тарасюк і яго драўляны люд / Ларыса Быцко // Культура. 2003. № 3. С. 16.
  30. Лабачэўская, В. Успомніць, каб зрабіць, – зрабіць, каб успомніць : у гасцях у народнага майстра М. Тарасюка : [аб сядзібным музеі «Успаміны Бацькаўшчыны» у в. Стойлы Пружанскага раёна] / Вольга Лабачэўская // Мастацтва. 2003. № 8. С. 49–52.
  31. Быцко, Л. Майстра і яго драўляны люд / Ларыса Быцко // Заря. 2002. 13 июня.
  32. Кобяк, Р. Народный умелец / Роман Кобяк // Заря. 1993. 4 декабря.
  33. Каляда, Г. Майстру нельга без вучняў : [М. В. Тарасюк – майстар разьбы па дрэве, пляценню з лазы] / Г. Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 1992. 30 кастрычніка.
  34. Гурин, А. «Дар напрасный, дар случайный?» : [о творчестве самодеятельного скульптора Н. В. Тарасюка из д. Стойлы Пружанского района] / А. Гурин // Заря. 1989. 18 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 756 разоў Апошняя змена Чацвер, 31 Сакавік 2022 12:08