Пасля заканчэння ВНУ Аляксандр Руцкі працаваў урачом Парфіянаўскай участковай бальніцы, у 1955–1956 гг. – інспектарам ЦК Таварыства Чырвонага Крыжа, адначасова – ардынатарам, а затым загадчыкам артапедатраўматалагічнага аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы. У 1961 г. абраны на пасаду асістэнта кафедры траўматалогіі і артапедыі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў.
А. У. Руцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю «Пераломы верхняга канца плечавай косткі і іх лячэнне» (1964). Дацэнт (1966). У 1966 г. прызначаны на пасаду рэктара Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў, у якім прапрацаваў да 1998 г. Абараніў доктарскую дысертацыю «Асаблівасці клінікі і лячэння цяжкіх хворых і ўскладненых пераломаў вобласці локцевага сустава ў дзяцей» (1975). Прафесар (1977). З 1978 г. кіраваў кафедрай траўматалогіі і артапедыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. з 2004 г. – прафесар кафедры. Абраны членам-карэспандэнтам (1991), акадэмікам НАН Беларусі (2003). З 1999 г. – акадэмік Беларускай медыцынскай акадэміі.
Выканаў фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, накіраваныя на зніжэнне траўматызму, скарачэнне тэрмінаў лячэння, памяншэнне інваліднасці і смяротнасці. Прапанаваў шэраг метадаў лячэння траўматалагічных хворых. Вынікі работ, звязаных з даследаваннем тканкавага крывацёку і абменных працэсаў, адкрываюць новыя перспектывы і магчымасці ў дыягностыцы і лячэнні траўматычных пашкоджанняў і захворванняў апорна-рухальнага апарата. Распрацаваў двухполюсны эндапратэз тазасцегнавага сустава, на які атрыманы Еўраазіяцкі патэнт. На вытворчасць эндапратэза атрыманы міжнародны сертыфікат якасці SGS ISO 9001:2000, у 2003 г. праведзены міжнародны аўдыт з станоўчым рашэннем па выдачы на эндапратэз сертыфіката «СЕ».
Навукова-даследчая дзейнасць А. У. Руцкага заўсёды была звязана з вывучэннем паталогіі сістэмы апоры і руху. Ім укаранёны шматлікія арыгінальныя метады эфектыўнага лячэння пашкоджанняў апорна-рухальнага апарата. У прыватнасці, прапанаваная ім клінічная класіфікацыя пашкоджанняў вобласці локцевага сустава дазваляе вызначыць ступень цяжкасці пералому і метад яго рацыянальнага лячэння. Пад кіраўніцтвам прафесара А. У. Руцкага вывучаліся пытанні прафілактыкі гнойна-сэптычных ускладненняў пры пашкоджаннях канечнасцяў ў хворых з цяжкай саматычнай паталогіяй, апёкамі.
У апошнія гады асаблівае месца сярод навуковых інтарэсаў А. У. Руцкага займалі пытанні эндапратэзавання буйных суставаў. Вынікам шматгадовых даследаванняў у гэтай складанай вобласці з’явілася стварэнне і практычнае ўкараненне татальнага эндапратэза тазасцегнавага сустава, а таксама набору інструментаў для правядзення аперацыі эндапратэзавання, што дазволіла палепшыць якасць жыцця многіх хворых і паспяхова вырашыць праблему імпартазамяшчэння. У цяперашні час пад кіраўніцтвам навукоўца распрацоўваецца айчынны эндапратэз каленнага сустава.
Вынікі навуковай дзейнасці А. У. Руцкага выкладзены больш чым у 275 друкаваных працах, 8 манаграфіях. Ён з’яўляецца аўтарам 15 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы, кіраўніком распрацовак эндапратэза тазасцегнавага сустава. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 3 доктарскіх і 17 кандыдацкіх дысертацый.
А. У. Руцкім напісаны навучальныя дапаможнікі «Техника исполнения хирургических операций» (1985), «Топографичная анатомия и оперативная хирургия верхних конечностей» (1987), «Оперативная хирургия и топографичная анатомия нижних конечностей и позвоночника» (1987, 1993), падрыхтаваны раздзелы «Заболевания и повреждения опорно-двигательного аппарата», «Справочник по детской хирургии» (1980), «Справочник врача общей практики» (1995).
З’яўляўся Прэзідэнтам Асацыяцыі траўматолагаў і артапедаў Рэспублікі Беларусь, старшынёй Савета па абароне дысертацый па хірургіі і уралогіі, членам савета па абароне дысертацый пры Беларускім навукова-даследчым інстытуце траўматалогіі і артапедыі, членам рэдакцыйнага савета часопіса «Здравоохранение».
У 1982 г. А. У. Руцкаму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР». За цыкл работ па распрацоўцы і ўкараненю ў практыку хірургіі новых метадаў дыягностыкі і лячэння была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1992).Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), Дружбы народаў (1981), пяццю медалямі, значком «Отличник здравоохранения».
А. У. Руцкі памёр 17 сакавіка 2015 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф
Работы А. У. Руцкога
- Нейроортопедические и ортопедоневрологические синдромы у детей и подростков / А. В. Руцкий, Г. Г. Шанько. – Минск : Харвест, 1998. – 330 с.
- Рентгенодиагностический атлас / А. В. Руцкий, А. Н. Михайлов. – Минск : Высшая школа, 1987. – 320 с.
- Повреждения магистральных кровеносных сосудов / A. B. Руцкий, И. Н. Гриши. – Минск : Беларусь, 1985. – 143 с.
- Постоянное вытяжение в травматологии и ортопедии : монография / А. В. Руцкий ; под ред. В. О. Маркса. – Минск : Беларусь, 1970. – 147, [2] с.: ил.
- Исследование структуры биометаллического композита «костная ткань – губчатый титан» методами металлографического анализа : реферат / А. В. Руцкий [и др.] // Журнал Гродненского государственного медицинского университета. 2010. № 2. С. 97–99.
- Предоперационное планирование при тазобедренного сустава / А. В. Руцкий, А. П. Маслов // Здравоохранение. 2009. № 4. С. 23–30.
- Лечение травматических дефектов мягких тканей конечностей с использованием лекарственных форм на основе гидрогеля / А. В. Руцкий [и др.] // Здравоохранение. 2007. № 12. С. 63–70.
- Остеоинтеграция бесцементного эндопротеза тазобедренного сустава / А. В. Руцкий, А. П. Маслов // Медицина. 2006. № 2. С. 24–26.
- Электродный потенциал эндопротеза тазобедренного сустава в модельной биологической жидкости / А. В. Руцкий, А. И. Кулак, А. П. Маслов // Медицинские новости. 2006. № 1. С. 116–120.
- К проблеме эндопротезирования крупных суставов / А. В. Руцкий, А. П. Маслов // Медицинские новости. 2005. № 12. С. 73–76.
- К проблеме инфекционных осложнений при эндопротезировании крупных суставов / А. В. Руцкий, А. П. Маслов // Медицина. 2005. № 3. С. 27–30.
- К проблеме реабилитации больных с дегеративно-дистрофическими заболеваниями крупных суставов / А. В. Руцкий, В. И. Трусило // Рецепт : научно-практический журнал для фармацевтов и врачей. 2005. № 1. С. 121–122.
- Современные проблемы врожденного вывиха бедра / А. В. Руцкий // Здравоохранение. 2005. № 1. С. 31–34.
- Тотальное эндопротезирование тазобедренного сустава эндопротезом собственной конструкции / А. В. Руцкий // Вестник травматологии и ортопедии. 2000. № 4. С. 34–38.
Аб жыццi i дзейнасцi А. У. Руцкага
- Руцкi Аляксандр Уладзiмiравiч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 477.
- Руцкий Александр Владимирович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 323.
- Руцкий Александр Владимирович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2009. Минск : Энциклопедикс, 2009. С. 197.
- Руцкий Александр Владимирович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 6. С. 536.
- Руцкий Александр Владимирович // Кто есть Кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск : Энциклопедикс, 1999. С. 195.
- Строцкая, Г. Академик из Бартников : [о докторе медицинских наук Александре Руцком] / Галина Строцкая // Беларускі час. 2022. 25 марта (№ 12). С. 18.