Чацвер, 14 Красавік 2022 16:04

2022 г. — 100 гадоў з часу адкрыцця камунальнай бальніцы ў г. Косава Палескага ваяводства (сучас. Івацэвіцкі р-н; 1922)

Пры польскай уладзе (1920–1939) кіраўніцтва аховай здароўя ажыццяўляў павятовы ўрач, які працаваў ў органе мясцовай ўлады. Косаўскі павет Палескага ваяводства быў раздзелены на 4 урачэбныя раёны з цэнтрамі ў Святой Волі, Косаве, Івацэвічах і Целяханах, дзе знаходзіліся амбулаторыі. Раённыя ўрачы вялі барацьбу з інфекцыйнымі захворваннямі, ажыццяўлялі санітарны наглад за школамі, вялі прыём хворых у амбулаторыях.

 

Мястэчка (з 1921 г. горад) Косава было цэнтрам гміны і павета. Тут размяшчаліся павятовае староства і аддзелы (займалі памяшканні ў палацы Пуслоўскіх у Мерачоўшчыне), міравы суд і паліцэйская камендатура, школьны інспектарат. Насельніцтва горада на 1921 г. складала каля 2400 чалавек, на 1938 г. — каля 3700.

У 1922 г. у Косава камітэтам па барацьбе з эпідэміямі была пабудавана бальніца — аднапавярховы драўляны будынак. Паводле дадзеных Баранавіцкага архіва, бальніца была разлічана на 30 сумежных ложкаў, з якіх 16 тэрапеўтычных, 7 — хірургічных, 2 — радзільных і 5 — інфекцыйных.Апошнія размяшчаліся ў старым будынку. Нягледзячы на наяўнасць хірургічных і радзільных ложкаў, аперацыйная, перавязачная і радавая адсутнічалі.

З медперсаналу працавалі адзін урач, ён жа загадчык, дзве медсёстры, адна з якіх выконвала абавязкі акушэркі, адзін фельчар, ён жа дэзінфектар. Лячэнне было платным. Адзін дзень знаходжання ў бальніцы хірургічнага хворага каштаваў 8–10 злотых, тэрапеўтычнага — 6–8, інфекцыйнага — 3–5, парадзіхі — 8–10 злотых. Кошт харчавання аднаго хворага ў суткі складаў 45 грошаў.

Лекі каштавалі дорага, таму насельніцтва шырока карысталася народнымі метадамі лячэння, прыбягала да замоў. Урачы скардзіліся на недахоп сродкаў, адпушчаных на ўтрыманне бальніц і амбулаторый. У 1923 г. у Косаўскай бальніцы пралячыліся 338 чалавек, 1924 г. — 340, 1925 г. — 662, 1926 г. — 813, 1927 г. — 864, 1928 г. — 463.

Са слоў старажылаў у Косаўскай бальніцы ў 1939 г. працавалі 4 урача: Складзень — загадчык, Ярашынскі — хірург, Хіраманскі — тэрапеўт і Грудзенчык — акушэр-гінеколаг.

Пры бальніцы не было аперацыйных пакояў і хірургічных інструментаў, не было патрэбнага абсталявання. У 1936 г. для Косаўскай бальніцы быў упершыню куплены мікраскоп за 909 злотых, на яго пакупку было дадзена дзяржаўная датацыя ў 800 злотых.

На ўтрыманне бальніц дзяржаўных датацый не выдзялялася. Лячэнне і ўтрыманне лячэбных устаноў праводзілася за кошт насельніцтва. У 1936 г. утрыманне павятовай бальніцы ў Косаве абыходзілася ў 25 334 злотых, а ад хворых, якія плацілі за лячэнне, паступіла 18 908 злотых.

У канцы 1939 г. Заходняя Беларусь уз’ядналася з Беларускай ССР, усталявалася Савецкая ўлада. Прыбыў новы медперсанал, лячэнне стала бясплатным. Бальніца размясцілася ў старым прыстасаваным будынку, які пры Польшчы служыў прыватным радзільным домам.

Нямецка-фашысцкая акупацыя нанесла непамерна цяжкі ўдар па медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва. Былі знішчаны бальніцы і фельчарска-акушэрскія пункты. Будынак Косаўскай бальніцы, пабудаваны ў 1922 г., быў спалены падчас бою партызан з нямецкім гарнізонам 2 жніўня 1942 г. Партызанскія атрады імя Варашылава, імя Дзімітрава, імя Шчорса знішчылі гарнізон акупантаў і на працягу месяца ўтрымлівалі горад. У гонар гэтай баявой аперацыі ў 1955 г. пастаўлены абеліск.

Адразу пасля вызвалення органы ўлады і грамадскасць узяліся за аднаўленне сеткі медыцынскіх устаноў. За станаўленне раённай медыцыны ўключыўся партызанскі ўрач Уладзімір Міхайлавіч Талкачоў, які з ліпеня 1944 г. працаваў санітарным урачом, загадчыкам амбулаторыі. Загадваў раённым аддзелам аховы здароўя Андрэй Якаўлевіч Грынгаўс. На 1 студзеня 1947 г. у Косаўскім раёне працавалі 2 бальніцы, амбулаторыя, 6 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, у якіх было занята 25 медработнікаў. Галоўным ўрачом Косаўскай бальніцы ў 1949–1973 гг. быў заслужаны ўрач БССР (1968) У. М. Талкачоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Стан аховы здароўя : [Косава] // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 92–93.
  2. Зайка А. Косава / Алесь Зайка // Населеныя пункты Івацэвіччыны / Алесь Зайка. Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2012. С. 186–187.
  3. Косава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 483–487.
  4. Талкачоў Міхаіл Уладзіміравіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск : БЕЛТА, 1997. С. 446.
  5. Уладзімір Міхайлавіч Талкачоў : [некралог] // Івацэвіцкі веснік. 2012. 14 снежня. С. 3.
  6. Толкачев, В. О становлении медицины района / В. Толкачев // Івацэвіцкі веснік. 2010. 18 чэрвеня.
  7. Толкачев, В. М. С 90-летием, Владимир Михайлович / В. М. Толкачев ; беседовал В. Мороз // Івацэвіцкі веснік. 2008. 14 сакавіка. С. 2.
  8. Мароз, В. Доктар Талкачоў : [пра заслужанага ўрача БССР У. М. Талкачова] / В. Мароз // Івацэвіцкі веснік. 2003. 16 верасня. С. 2.
  9. Толкачев, В. Здравоохранение района начиналось с Коссовской больницы : [об истории Коссовской больницы пишет её бывший главный врач В. М. Толкачёв] / В. Толкачев // Івацэвіцкі веснік. 1998. 14 студзеня.
  10. Бакіевіч, Р. Цана жыцця : [пра галоўнага ўрача Косаўскай бальніцы У. М. Талкачова] / Р. Бакіевіч // Звязда. 1971. 11 сакавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 430 разоў