Пасля заканчэння тэхнікума ў 1932 г. Івана Мілаяніна накіравалі заатэхнікам у жывёлагадоўчы саўгас. У 1934 г. быў прызваны ў Чырвоную армію. Закончыў школу малодшых камандзіраў і быў прызначаны памочнікам камандзіра ўзвода школы. Адслужыўшы два гады, працаваў у раённым зямельным аддзеле, але праз тры гады яго зноў прызвалі. У верасні 1939 г. на пасадзе камандзіра ўзвода артылерыйскага палка Іван Мілаянін прымаў удзел у вызваленні заходніх абласцей Украіны.
Пасля дэмабілізацыі ў канцы 1940 г. застаўся працаваць у г. Перамышляны Львоўскай вобласці, дзе і сустрэў пачатак Вялікай Айчыннай вайны, якую прайшоў да канца і закончыў у Берліне.
На фронце Іван Мілаянін з ліпеня 1941 г. Спачатку быў камандзірам роты сапёрнага батальёна. Пачынаў вайну ў званні малодшага лейтэнанта, закончыў маёрам на пасадзе намесніка камандзіра стралковага палка па артылерыі. Не злічыць тых кіламетраў, якія прайшоў франтавымі дарогамі разам са сваімі байцамі. У канцы 1941 г. ля Таганрога вялі нялёгкія баі з танкавай арміяй генерала Клейста.
Ваяваў на Сталінградскім фронце, у Сальскіх стэпах (Растоўская вобласць). Пасля заканчэння Сталінградскай бітвы 3 лютага 1943 г. быў прыняты ў члены партыі. У складзе стралковага палка ўдзельнічаў у вызваленні Данбаса, Нікалаева, Нікапаля, Баранавічаў, Брэста, Кобрына. Прымаў удзел у разгроме варожай групоўкі ва Усходняй Прусіі, узяцці Кёнігсберга. Удзельнік штурму Берліна.
Службу ў Чырвонай арміі І. Ф. Мілаянін працягваў да 1946 г. Пасля дэмабілізацыі лёс закінуў яго ў Беларусь. З 1946 г. па 1955 г. Іван Фёдаравіч працаваў у апараце Брэсцкага абкама КПБ. У 1952 г. завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС.
У чэрвені 1955 г. І. Ф. Мілаянін у ліку «трыццацітысячнікаў» накіраваны на пад’ём сельскай гаспадаркі, быў абраны старшынёй калгаса «Перамога» ў в. Корчыцы Дзівінскага (з 1959 г. — Кобрынскага) раёна. Сельскай гаспадарцы аддаў восем гадоў напружанай працы — гэта быў час станаўлення калектыўнай формы гаспадарання. З 1963 г. узначаліў кобрынскую будаўнічую арганізацыю «Міжкалгасбуд», якая ўзводзіла аб’екты ў сельскай мясцовасці, запатрабаваныя пры развіцці калектыўных гаспадарак: фермы, склады, жылыя дамы, дарогі.
З 1972 г. Іван Фёдаравіч — персанальны пенсіянер рэспубліканскага значэння.Гэты энергічны чалавек і на пенсіі не мог сядзець без спраў. Неаднаразова выбіраўся членам абкама КПБ, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. З 1973 г. па 1990 г. працаваў памочнікам начальніка аддзела рабочага забеспячэння «Галоўпалессевадбуд» па кадрах.З 1990 г. з’яўляўся старшынёй Савета ветэранаў вайны і працы Кобрынскага раёна, а потым г. Кобрына. Яго добра ведалі і паважалі як чалавека высокіх пачуццяў і годнасці, чулага і ўважлівага да людзей і іх патрэб, заўсёды гатовага дапамагчы.
За баявыя і працоўныя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За взятие Кёнигсберга», «За взятие Берлина», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «За трудовое отличие», «За доблестный труд», «Ветеран труда» (1977), Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Рашэннем Кобрынскага гарадскога Савета народных дэпутатаў № 237 ад 15 верасня 1987 г. І. Ф. Мілаяніну было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Кобрына». На свяце горада 19 верасня 1987 г. удзельнічаў у адкрыцці памятнага знака «Кобрыну — 700».
Іван Фёдаравіч Мілаянін памёр 1 чэрвеня 1994 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Милоянин Иван Федорович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 31.
- Мілаянін Іван Фёдаравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 244. (Крутымі дарогамі вайны).
- Ганаровыя грамадзяне горада Кобрына : Мілаянін Іван Фёдаравіч //Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. 2-е выд., дап. Кобрын, 2020. С. 23–24.
- Курачук, С. История кобринского края в лицах. Почетный гражданин города Кобрина : В. Н. Кирманович, И. Ф. Милоянин, П. Д. Селюк, А. М. Мартынов/ страницу подготовила Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2021. 29 апреля (№ 17). С. 4.
- Курашова, Л. Двести огненных дней : [Милоянин И. Ф. – участник Сталинградской битвы] / Лидия Курашова // Кобрин-информ. 2018. 1 февраля. С. 4.
- Кобрына Ганаровыя грамадзяне : Іван Фёдаравіч Мілаянін // Кобрынскі веснік. 2002. 20 ліпеня. С. 6.
- Мілаянін Іван Фёдаравіч : [некралог] // Кобрынскі веснік. 1994. 4 чэрвеня. С. 4.
- [Суровымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны прайшлі Іван Фёдаравіч Мілаянін, Стэфан Аляксандравіч Камяндант і Мікалай Віктаравіч Барашкаў] / фота Э. Кобяка // Камуністычная праца. Кобрын, 1987. 12 верасня. С. 2.
- Бялова, Н. Не ціхне крок наш пераможны : [аб адкрыцці ў Кобрыне абеліска воінскім часцям, вызваляўшым горад, і партызанам раёна; узгадваецца І. Ф. Мілаянін] / Н. Бялова // Камуністычная праца. Кобрын, 1985. 12 мая.
- Зінкевіч, І. Неўміручая памяць : [пра франтавіка І. Ф. Мілаяніна] / Іван Зінкевіч // Камуністычная праца. Кобрын, 1970. 21 лютага. С. 2.
- О присвоении звания Почетных граждан города Кобрина Милоянину И. Ф., Кирмановичу В. Н., Селюку П. Д. : решениеКобринского городского Совета народных депутатов, 15.09.1987 г., № 237 // Кобринский зональный государственный архив. Ф. 186. Oп. 4. Д. 149. Л. 14.
- О награждении Почетной грамотой и Грамотой Верховного Совета Белорусской ССР ветеранов гражданской и Великой Отечественной войн, активных участников социалистического строительства. Милоянина Ивана Федоровича : Указ Президиума Верховного Совета БССР // Зональный государственный архив в г. Кобрине. Ф. 186. Oп. 1. Д. 675. Л. 102.
- О награждении медалью «Ветеран труда» Милоянина Ивана Федоровича : решение исполнительного комитета Брестского областного Совета народных депутатов, 26.10.1977 г., № 691 // Зональный государственный архив в г. Кобрине. Ф. 186. Oп. 1. Д. 617. Лл. 49, 50.